Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Мары́кацца, моры́кацца ’марцаваць (пра катоў)’ (ТС). Да бару́кацца (гл.). Пачатковае б‑ > м‑ пад уплывам марац, марцава́ць.

Мары́лка ’прыстасаванне, пры дапамозе якога мораць насякомых’, ’пратрава’, марыльня ’тс’ (ТСБМ). З рус. мори́лка ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 110).

Марымонцкі, марімонскі (хлеб, мука) ’пшанічная мука вышэйшага гатунку і хлеб з яе’ (Маш.; лун., стол., ЛАПП; калінк., З нар. сл.; жытк., Нар. словатв.). Ад назвы мястэчка Marymont ля Варшавы. Гл. малімончык. Сюды ж марымоны ’смачныя рэчы, далікатэсы’ (ТС).

Мары́на ’карціна з марскім краявідам’ (ТСБМ). Праз рус. мову з франц. marine ’тс’ (Фасмер, 2, 573). Сюды ж марыніст ’мастак, які малюе такія краявіды’.

Марынава́ць ’кансерваваць, гатаваць харчовыя прадукты ў марынадзе’, (перан.) ’знарок прытрымліваць у адным стане, званні’ (ТСБМ). З рус. мариновать ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79–80), якое з франц. mariner або з ням. marinieren < лац. marināre ’класці ў салёную ваду’ (Фасмер, 2, 573).

Марына́д ’вадкасць з воцатам, соллю і рознымі прыправамі, якой заліваюць прадукты для кансервавання’ (ТСБМ). З рус. маринад ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якое з франц. marinade < mariner ’марынаваць’.

Марына́рка ’цёплае, кароткае паліто’ (Сцяшк.), ’світка, якая апранаецца на кажух’ (Жд. 1), ’пінжак’ (Касп., Яруш.), ’пінжак, каптан з даматканага сукна’ (Сл. ПЗБ; навагр., Нар. сл.; Сл. Брэс.). З польск. marynarka ’тс’ < marynara ’кароткая куртка без таліі’ < marynarz ’матрос’ (Варш. сл., 2, 891; Кюнэ, 76).

Мары́ны ’насілкі, на якіх носяць нябожчыка’ (Вяржбоўскі, дыс.), польск. moriny. Балтызм. Параўн. літ. morỹnos ’тс’ (яго ж, 877; Лаўчутэ, Балтизмы, 145).

Марынэс, марынэсік ’поле ў кнізе ці на аркушы паперы’ (Нас.). З лац. margo (Р. скл. marginis) ’край’ праз польск. margines ва ўскосным склоне na marginesie ’на палях’.

Ма́рыцца ’ўяўляцца, здавацца ў думках’, ма́рыць ’аддавацца марам’, ’спадзявацца’ (КЭС, лаг.; ТСБМ). Укр. маритися, марити. Да ма́ра (гл.).