Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Брытва́н ’бляшаны посуд для выпечкі мяса ці цеста’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. мовы (параўн. польск. brytwana, brytfana, brutfana, brotfana < ням. Bratpfanne ’скаварада, патэльня’, гл. Брукнер, 43). Слова запазычана ў XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 49).

Бры́ца ’расліна Echinochloa L.’ (Кіс.), ’пустазелле з чорнымі зярнятамі’ (палес.; Выг. дыс.), ’пырнік’ (Яўс.). Рус. бри́ца ’Panicum Crus Galli, курынае проса’, укр. бри́ця ’Setaria glauca’, балг. дыял. бри́ца ’від белай пшаніцы’. З слав. *bъrica (вытворнае ад *bъrъ ’проса’). Фасмер, 1, 215; падрабязна БЕР, 1, 79; Геаргіеў, Въпроси, 27.

Брыць ’брыць’ (БРС, Юрч.). Рус. брить, укр. бри́ти, чэш. břiti, серб.-харв. брѝјати, балг. дыял. брѝя, славен. bríti. Аснова *bhrēi̯‑. Параўн. ст.-інд. bhrīṇā́ti ’раніць’, ст.-іран. pairibrīnaiti ’разрэзвае’ і г. д. Бернекер, 94; Праабражэнскі, 1, 45–46; Фасмер, 1, 213; БЕР, 1, 79.

Бры́чка1 ’павозка, выязная павозка, экіпаж’ (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар.). Рус. бри́чка ’тс’ (з укр. мовы; Шанскі, 1, Б, 198), укр. бри́чка, бри́ка. З польск. bryczka < ням. Birutsche ’лёгкая павозка’ < італ. biroccio, baroccia ’двухколка’. Праабражэнскі, 1, 46; Бернекер, 93; Фасмер, 1, 215; Слаўскі, 1, 45. Іншыя (менш пераканаўчыя) версіі гл. Фасмер, там жа.

Бры́чка2 ’бручка’ (ДАБМ, 859), бры́ква, бры́кса, брыку́ха (аб распаўсюджанні гл. ДАБМ, № 276). Усе гэтыя назвы (з ‑ы‑ замест ‑у‑) сустракаюцца галоўным чынам на поўдзень ад Бабруйска. Відавочна, нейкая нерэгулярная фанетычная змена (замест бру́чка, бру́ква, бру́кса і г. д.). Экспрэсіўная? Параўн., напр., блутацьблытаць у дзеясловах. Таксама і ў рус. гаворках (смал.) бры́кса ’бручка’.

Бры́ючы (б. палёт). Відавочнае запазычанне з рус. тэрміналагічнага словазлучэння бре́ющий полёт. Таксама ўкр. бри́ючый, гл. Рудніцкі, 211.

Брэд1 ’вастрыё нажа’ (Касп.). Мабыць, з брыд. Тое ж самае, што і брыд ’рабро дошкі’, брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.). Да слав. *bridъ (гл. бры́дкі) у яго першасным значэнні ’востры’. Але параўн. у рус. гаворках бре́дко праціўна’ (перм., валаг.), бре́дкий ’востры’ (алан., перм.): сабля бредкая, нож бредкый. Разам з бел. брэд, відаць, нейкія гіперкарэктныя формы (да *bridъ).

Брэд2, брэднік ’вярба, Salix L.’ (Кіс., Інстр. II, КЭС, лаг.), брадзі́ніна ’тс’ (Касп.). Рус. бред, бреди́на ’тс’. Укр. дыял. (аколіцы Адэсы) бредына ’Salix Caprea L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 323; няпэўна, бо ў іншых месцах, здаецца, няма). Фасмер, 1, 210 (услед за Бернекерам, 83), бачыць сувязь з *bresii *bredǫ ’брадзіць’, таму што вярба расце на вільготных месцах (Фасмер прыводзіць і паралель: укр. бредуле́ць ’багульнік, багна, Ledum palustre L.’; але гэта памылка: укр. слова з рум. brăduleţ, гл. падрабязна Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 128; раней аб гэтым і Крынжалэ). Іншыя версіі: 1) роднаснасць з алб. breth, bredhi ’ель’; 2) *brědъ (такая праформа ў Сабалеўскага, Slavia, 5, 440) мае сувязь з чэш. jabřadek, польск. jabrząd (параўн. да гэтага Траўтман, 36); 3) Машынскі (Pierw., 240) зыходзіць з назвы колеру прасл. *bred‑: *brod‑ (*bronъ ’бялявы, светлы’, параўн. ст.-інд. bradhnáḥ). Параўн. яшчэ бро́днік ’вярба’ (гл.).

Брэ́дзень ’браднік’ (Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. бре́день, укр. бре́день. Утварэнне ад дзеяслова *bresti *bredǫ ’ісці’ (гл. брадзі́ць). Параўн. брадні́к (гл.).

Брэ́дзіць ’хлусіць, узводзіць паклёп’ (Нас.), брэдня́ ’хлусня, брахня, лухта’ (Нас.), брэ́дзіць ’трызніць’, брэд трызненне’ (Сцяшк. МГ). Рус. бре́дить, бред, укр. бредня́ ’лухта, хлусня’. Этымалогія гэтай групы слоў не вельмі ясная. Параўноўваюць з дзеясловам *bresti *bredǫ ’ісці’, а таксама з с.-н.-ням. praten ’балбатаць’, ст.-англ. breodian ’крычаць, клікаць’. Гл. Фасмер, 1, 210. Ст.-бел. брэ́дня ’глупства’. Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам (польск. brednia). Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 1, 41–42.

Брэзгуль ’прыпрэжка ці ворчык’ (Дразд.). Як і брызґу́ль ’палачка для вязкі снапоў’ (гл.), запазычанне з літ. bruzgùlis ’дубінка’ (ці іншага літ. слова гэтай групы; да літ. сямейства слоў гл. Фрэнкель, 1, 60).

Брэк ’спакой’ (Шат.). Няясна.