Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мамы́ліць ’надуваць губы ад незадавальнення’, мамы́ль ’сярдзіты, з надутымі губамі’ (Нас.). Рус. смал. мамы́лить ’тс’, ’злаваць, крыўдзіцца’, серб.-харв. маму̀љати ’жаваць, есці з закрытым ротам’, чак. му̏мати; му̀млати ’мармытаць’, ’бурчаць’, балг. мамо́ля ’няясна гаварыць’, славен. momljáti ’тс’, ’бурчаць’, чэш. mumlati ’тс’. Гукапераймальнае (Бернекер, 2, 75; Фасмер, 3, 30; Скок, 2, 366–367; БЕР, 3, 633).

Мамыря ’надзьмутая, замкнутая, капрызная асоба’ (Юрч. Фраз. 3). Да мамы́ліць, мамры́ла (гл.). Параўн. таксама мумраць, мы́мря.

Мамычнік ’аўсяніца, мурожніца авечая, Festuca ovina L.’ (маг., Кіс.). З ⁺намычнік, якое да мы́чка1 (гл.), ’звязка льновалакна, падрыхтаваная для пражы’: з аўсяніцы маглі рабіць шчоткі, якімі часалі лён і рыхтавалі мыйку. Параўн. таксама укр. мичка ’аўсяніца’.

Мана́ ’прыемны пах’ (раг., Сл. ПЗБ; драг., КЭС; Клім.), ’закваска, смак і пах хлеба, якія залежаць ад дзяжы і закваскі’ (зэльв., карэліц., дзятл., лях., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’нектар’ (лях., Сл. ПЗБ), лельч. мона́ ’сок з кветак’ (Нар. лекс.), мана́ ’ўзмах’, ’подых, павеў’ (Нас.), мані́ць ’патыхаць’ (ТС), бяроз., драг., стол. мані́ты, мані́тэ ’прыемна пахнуць’ (Нар. лекс., Шатал., КЭС), драг., кобр. манюшчы ’духмяны’ (Нар. лекс., КЭС). Рус. тамб. мана́, калуж. манна́ст, манна́стый ’прыемны пах’, ’тонкі (пах, густ)’. Бел.-паўд.-рус. ізалекса. Узнікла ў выніку пераносу значэння ’прынада’ > ’прыемны пах’ > ’прыемны смак, нектар’. Укр. бойк. ма́на ’застылы сок некаторых раслін’, балг. мана́ ’падзь’ можна лічыць семантычным варыянтам лексемы ма́нна (гл.).

Манаполька ’дзяржаўная крама (ў Расіі), у якой прадавалі гарэлку’ (ТСБМ, Яруш.). З рус. монополия ’дзяржаўны продаж гарэлкі’ (якое з новав.-ням. Monopolia < с.-лац. monopolium < ст.-грэч. μονοπώλιον ’індывідуальнае права на продаж’: μόνος ’адзін’ + πωλεῖν ’прадаваць’) пры дапамозе суфікса ‑к‑a, як ла́ўка. У рус., польск., чэш. мовах гэта лексема азначае ’дзяржаўная гарэлка’. Ст.-бел. монополия (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. monopolija ’тс’.

Мана́рка1 ’вопратка кароткага памеру з тканага сукна’ (Сцяшк.), ’пінжак’ (шчуч., З нар. сл.; лід., шчуч., гродз., Сл. ПЗБ). Рус. куйбыш. мона́рка ’кароткая кофта з аборкамі’, бран., пенз., ульян., урал. мана́рка ’жаночае паўпаліто на ваце, жакетка з плюшу; сукна, аксаміту’. З польск. marynarka ’пінжак’. Склад ‑ry‑ выпаў у выніку дысіміляцыі з ‑r‑.

Мана́рка2 (фалькл.) ’музыкальны інструмент’ (Ян.). Няясна.

Мана́рх ’асоба, якая ўзначальвае манархію’ (ТСБМ). З рус. мовы. Аднак ст.-бел. монарха ’тс’ (XVI ст.) — са ст.-польск. monarcha ’тс’, якое з с.-лац. monarcha < ст.-грэч. μονάρχης ці μόναρχος ’адзінаўладны’. Ст.-бел. монархия са ст.-польск. monarchija (Булыка, Лекс. запазыч., 23 і 32). Крукоўскі (Уплыў, 81) мяркуе, што бел. манархія было запазычана з рус. мовы.

Манасты́р ’абшчына манахаў, якая ўтварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю’, ’царква, жылыя памяшканні і тэрыторыя, якія належаць такой абшчыне’ (Шн. 2, Яруш., ТСБМ). Укр. монастирь, манастирь, рус. монастырь, ст.-рус. монастырь — усе са ст.-слав. манастырь, монастырь, якія з с.-грэч. μοναστήρι(ον) μαναστήρι(ον) ’адасобленае жыллё’ (Фасмер, 2, 649).

Мана́ткі ’невялікая маёмасць, рэчы, пажыткі, хатні скарб’ (іран.), ’убранне’ (ТСБМ, Янк. БП, Сцяшк., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., ТС; КЭС, лаг.), манатье ’анучы, рызманы, лахманы’ (Нікан.), манацье ’манаткі’ (ТС), манацце ’лахманы’ (Ян.); арго: маг., слуц., чарніг., Падолле мана́тка ’кашуля’ (Рам. 9), ст.-рус. манатья, монатия ’мантыя’, запазычаныя з с.-грэч. μαντύας < лац. mantum ’тс’ (Бандалетаў, Этимология–80, 69).

Мана́х1 ’член царкоўнай абшчыны, які жыве ў манастыры’, (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк.), укр., рус. монах, рус. ц.-слав. монахъ, якое з с.-грэч. μοναχός ’адзінокі’ (Бернекер, 2, 75; Фасмер, 2, 649).

Мана́х2 ’бутля’ (Ян.), рус. карэл. монах ’доўгая бутэлька з чырвоным віном’, тул. монах с рясой ’чацвяртная бутля з віном’. У выніку семантычнага пераносу паводле падабенства з мана́х1 (гл.).