Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Майдом ’агароджанае месца для скаціны ля хаты ці ў полі, пастаўнік’ (Зн.). Да майда́н1 (гл.).

Ма́йка1 ’будан на барцы’ (паўн.-усх., КЭС). Паходзіць з лат. māja ’дом’. Запазычана плытагонамі Зах. Дзвіны.

Ма́йка2 ’маёмасць’ (драг., З нар. сл.) утворана ад таго ж кораня, што і ўкр. майно ’маёмасць’ пры дапамозе суф. ‑к‑а (як жы́тка ’жыццё’).

Ма́йка3 ’трыкатажная сарочка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ). Утварэнне з суф. ‑к‑a ад фр. maillot ’трыко акрабата, танцоўшчыка’ < фр. mailler ’рабіць петлі, вязаць’ (Цыганенка, 253). Запазычана з рус. мовы.

Майкапорэ ’абыякава’ (ТС). Да капо́рэ (гл.).

Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус. чарнаморск. ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат. maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур. mayna ’апускай ветразі!’ < італ. (am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.

Ма́йна2 ’палонка, шырокая расколіна ў лёдзе’ (ТСБМ), лельч. майна́ ’луг, затоплены вадой’ (Мат. Гом.). Рус. арханг., алан., вяцк., ленінгр. ма́йна ’палонка’. Паводле Кілімы (160) — уграфінізм, параўн. фін. mainas, водск. maina ’вялікая палонка’. Параўн. таксама рус. майда ’тс’ (Фасмер, 2, 559).

Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр. манна ’тс’, рус. манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).

Майна́1 ’трызненне’, майна́чыць ’трызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц. майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ. mainaĩ ’абмен, мена’, лат. maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ. mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).

Майна́2 ’водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).

Майна́чыць ’мяняць’ (воран., ашм.), змайна́чыць ’схлусіць’ — балтызм; параўн. літ. mainýti ’мяняць’ (Грынавяцкене, LKK, 16, 177 і 182).

Ма́йнік ’майнік, Majanthemum bifolium Wiggers’ (ТСБМ, Кіс.). Запазычанне з рус. майник ’тс’. Названа паводле таго, што цвіце ў маі. Аналагічна польск. majownik, majówka ’тс’.

Ма́йнуць ’кінуцца’ (Ян.). Да май3 (гл.).

Майня́ ’сярэдняя частка невада ў выглядзе мяшка’ (Яшкін, З жыцця) — у выніку распадабнення зычных ‑тн‑ > ‑йн‑. Да матня́ (гл.). Укр. палт., рус. матня́ ’тс’ (< мата́цца). (Фасмер, 2, 582).

Майран ’маяран сталовы, Majorana hortensis Moench.’ (брэсц., Кіс.) складае адзіны арэал з укр. майран ’тс’, Origanum majorana’ (колішняя лац. назва). Асобна в.-луж. majron ’тс’. У іншых слав. мовах поўная форма: рус. майора́н, майера́н, польск. majeranek, чэш., славац. majorán(a), славен., серб.-харв. majoran. Усе — з новав.-ням. Majoran < ст.-в.-ням. maiolan (XV ст.) < с.-лац. maiorana < magorana, margerona і amaracus < грэч. ἀμάρακος (Махэк₂, 348; Фасмер, 2, 560; Васэрцыэр, 145). Гл. таксама літаратурную бел. назву маяран.