Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мазу́т, мазу́та ’астатак ад нафты пасля адгонкі бензіну, газы і газаліну’ (ТСБМ, Мат. Гом.). Запазычана з рус. мазут ’тс’, якое, паводле Ушакова (Толк. сл., 2, 118), — з араб. makhzulāt ’адыходы’ > тур. mazut, mazot (Фасмер, 2, 558; Лёхін, 417).

Мазу́ха ’суп, запраўлены льняной макухай’ (акц., Мат. Гом.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад ма́заць ’брудзіць’ (гл.) і суф. зніжаючай ацэнкі ‑уха, як і маку́ха (гл.) (ільняная макуха мае цёмна-карычневы колер).

Мазы́ ’бруд, плямы на кашулі’ (Нас.). Беларускае. Да мазаць (гл.).

Мазы́рка ’бочка для дабра, збожжа’ (браг., Мат. Гом.). Відавочна, ад назвы горада Мазыр. Гэта бочка павінна была чымсьці адрознівацца ад немазырскіх.

Мазь ’сумесь тлушчу з лекавымі сродкамі’, ’густое тлустае рэчыва для замазкі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., ТС). Укр. мазь, рус. мазь, ст.-рус., ц.-слав. мазь, польск. maź, н.-луж., в.-луж. maz ’тс’, чэш. maz ’машыннае масла’, славац. maz ’мазь’, славен. máz ’мазь, памада’, серб.-харв. ма̑з ’мазь, падмазка’, балг. маз. Прасл. mazь утворана ад асновы дзеяслова mazati > ма́заць (гл.) і суф. ‑ь.

Мазю́ка ’плаксун’, ’капрызніца, песта’ (слонім., Жыв. сл.) — да ма́заць (гл.). Аб суфіксе ‑юка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 78.

Ма́зя ’размазня, плаксун’ (пін., Нар. лекс., драг. КЭС), укр. мазя́ (н. р.), Р. скл. мазя́ти ’бруднае, неакуратнае дзіцё’. Бел.-укр. ізалекса, утвораная ад ма́заць (гл.) і суф. ‑я (параўн. соня). Гл. ма́за2.

Ма́іць1 ’мабыць’ (чачэр., Мат. Гом., краснап., Бяльк.). Скарачэнне і зліццё слоў мае быць. Да ма́быць (гл.).

Ма́іць2 ’хіліць на сон’ (смарг., Сл. ПЗБ), рус. маять, балг. мая. Роднаснымі да іх з’яўляюцца ст.-в.-ням. muoen ’працаваць, старацца’, с.-в.-ням. müen, muowen ’тс’, ст.-в.-ням. muohi ’праца’, muodi, гоц. af‑mauþs ’стомлены’, ням. müde, ст.-грэч. μῶλος ’цяжар’, μῶλυς ’вычарпаны, аслаблены’, лац. mōlēs ’цяжар, маса’ (Шміт, KZ, 26, 5; Бернекер, 2, 7; Фасмер, 2, 587; БЕР, 3, 701–702).

Май1 ’пяты месяц каляндарнага года’ (ТС, Бес., Гарэц., Ян., Шат., Касп., Бяльк., драг. КЭС). Укр. май, польск. maj, ст.-рус., ст.-слав. маи ’тс’. Запазычана з лац. māius праз с.-грэч. (μάϊος) і ст.-слав. Магло ўспрымацца непасрэдна праз навучанне ў школах, пашыраючыся сярод простага люду (Фасмер, 2, 559; Бернекер, 2, 8; Брукнер, 317; Махэк₂, 348, БЕР, 3, 615). Сюды ж майскі (ТСБМ), майскі жук (Бяльк.).

Май2 ’першая зелень ліставых дрэў, якой прыбіраюць хаты на сёмуху’ (Нас., ТСБМ, Сержп. Прымхі, Фалют., Янк. 3.. Ян., Шн., Рам. 8, Мядзв., Жд. 1, Шат., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; пух., Бел. дыял.; в.-дзв., Шатал., ТС), ’адзначэнне дзядоў на сёмуху’ (Кліх), ’зялёны аір, які раскідваюць па падлозе і дарожках у дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас.), ’бярозавае галлё, якое падсцілаюць пад стог’ (круп., Нар. сл.), віц. маінка ’галінка, якую ўтыкалі на капусную градку пасля таго, як «развівалі» бярозу на сёмуху’ (Сакалова, Обряды, 190). Укр. зах. май ’зелень’, ’маладое дрэва, прыбранае стужкамі, ці галіны, якімі прыбіраюць хату, падвор’е’, польск. maj ’зялёныя галіны, зелень’, majowy ’зялёны’, majówka (фалькл.) ’май, дрэўца на сёмуху’; н.-луж. maja, в.-луж. meja, mejka ’ўрачыста азлобленае маладое дрэва’, чэш. máje, máj, мар. mája ’высокае стройнае дрэва, якое ставіцца на 1 Мая або ў іншыя святы’, ’перыяд росквіту, свежасці ў прыродзе’, славац. máj ’вясна’, ’сімвал вясны — высокая азлобленая яліна, якую хлопец ставіць перад 1 Мая ля вакна сваёй каханай’, славен. máj, mláj ’аздобленая яліна, пастаўленая з выпадку якой-небудзь урачыстасці’. Хаця вяснова-летні абрад, звязаны з культам зялёнага дрэва, вядомы ўсім славянам, аднак лексема май і вытворныя пашыраны толькі на захадзе слав. тэрыторыі, на Беларусі і Украіне. Можна меркаваць, што лексема запазычана з ням. Mei (тое ж Махэк₂, 348). У бел. і ўкр. гаворкі — з польск. мовы. На Беларусі май2 злілося з май1.

Май3 у выразе буў — і як май змаеў ’раптоўна прапаў’ (саліг., Нар. словатв.; ТС), укр. май‑май‑май ’аб хуткіх рухах, калі махаюць, або што-небудзь уецца’, маяти ’махаць, рухацца туды-сюды’, майдати ’віляць хвастом’, рус. ма́ять ’махаць’ (і інш.: мая́к, мая́чить, маятник); польск. majaczyć ’быць ледзь бачным’, ’кружыцца’, н.-луж. mawaś ’махаць’, в.-луж. majkać ’гладзіць, песціць’, чэш. mávati ’махаць’, славац. mávať ’тс’, славен. májati ’рухацца туды-сюды’, прасл. корань ma‑. Мае балт. адпаведнікі: літ. móti, лат. māt ’махаць’ (Махэк₂, 355; Фасмер, 2, 587). Гл. таксама махаць.

Майдак ’майдан, падворак, дзядзінец’ (Федар. 7). Да майда́н1 (гл.).