Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лука́вец ’ліслівец, хітрун’ (ТС), лука́ву ’ліслівы, хітры’ (ТС), лука́вы ’д’ябал’ (Нас.), смарг., шчуч., чэрв. лукава́ты ’звілісты’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукавый ’хітры’, ’падманны’, ’несправядлівы’, ’злы’ (Булахаў, Гіст. 115). Укр. лука́вий, рус. лука́вый, ст.-рус. лукавецъ ’каварны, вераломны, хітрун’, лукавный ’тс’, ’звілісты’, ’дрэнны’, лукавый ’тс’, ’грэшны’, ’д’ябал’, славен. lokȁv, серб.-харв. лу̀кав, лу̀кавац, макед., балг. лукав, лука́вец, ст.-слав. лѫкавъ ’благі, сапсаваны, клапатлівы, несумленны’. Утворана ад ст.-слав. лѫка ’падман, хітрасць’ — семантычны пераход ’гнуць’ > ’падманваць’ з’яўляецца нармальным (Міклашыч, 165; Бернекер, 739; Фасмер, 2, 532; Скок, 2, 328–329; Бязлай, 2, 148; БЕР, 3, 498).

Лу́кавіна ’цыбуліна’ (Нас.). Да лук2.

Лу́карава ’звіліста’ (Дразд., Гарэц.), ст.-рус. лукарево (лукоряво) ’тс’. Да прасл. lǫkъ > лук1, лука́ (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑arъ або ‑orъ (параўн. socharъ, sochorъ (< soxa) ’шост, раздвоены зверху’), да якіх пазней далучыўся суфікс ‑ěv‑o.

Лу́катачак у выразе: у лу́катачку ’скруціўшыся (пра змяю)’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́катка ’лукавіна’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’зігзаг’ (Шат.; КЭС, лаг.), ’няроўнасць’ і лу́каткай ’няроўна, зігзагамі’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ісці (адрэзаць) у лу́каткі ’крыва, віляючы з боку ў бок’ (лях., Янк. Мат.). Рус. наўг., цвяр., калін. лу́ко́ть ’задняя частка сахі ў выглядзе прагнутага раздвоенага бруса’, ст.-рус. лукоть ’гак’, ’пятля’, ц.-слав. лѫкоть ’тс’, ’вобад кола’, польск. łąkoć ’выгнутасць, крывізна’, паўд. ’звяно вобада’, н.-луж. łukuś ’бабінец’ < ’паўкруглая выгнутасць дзвярэй’, ’лёд, з-пад якога выцекла вада’, чэш. loukoť ’звяно’, мар. lúkoť ’тс’, ’выгнутае дрэва’, славац. lúkoť ’звяно’. Дададзім яшчэ польск. łąkotka, серб.-харв. лукоћа ’папярочнае рабро ў лодцы’. Прасл. lǫkotьka, якое з lǫkotь ’выгнутасць, крывізна, лук, выгнуты прадмет’, утворанай з lǫkъ > лук1 (гл.) і суфікса ‑otь (Слаўскі, 5, 86 і 87; Фасмер, 2, 533; Шустар-Шэўц, 11, 788–789).

Лукно ’кошык’ (Гарб.). Зах.-укр. лу́кно ’калонія баброў’; рус. ніжнегар., наўг., пск., прыбалт. лукно́ ’кошык’, ’кошык з кары, бяросты’, ’лубок’, ’бочачка’, ’мера зерня, мукі’, ст.-рус. лукъно, лукно ’кадка’, ’ліпаўка’, ’мера сыпучых і вільготных прадуктаў’, польск. łukno ’пасудзіна’, ’мера мёду’, каш. Lukno — назва возера; н.-луж. łuknaško ’века ў прыскрынку’, в.-луж. łuknješko ’акно ў сельскім гаспадарчым будынку’, ст.-чэш. lukno ’пасудзіна для мёду і сыпучых цел’, славац. lukno ’кошык з бяросты’, ’даўняя мера для збожжа’; славен. lukno і lǫ̑kno ’ахвяраванне для ксяндза’, серб.-харв. лу̏кно ’тс’, ’мера для збожжа’, ц.-слав. лукно ’пэўная мера’. Прасл. lǫk(ъ)no ’пасудзіна з бяросты, лубу’ ’мера для збожжа, мёду’ (Слаўскі, 5, 307–308). Да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць’, lǫčiti ’лучыць, злучаць’ (Фасмер, 2, 532; Махэк₂, 343; Шустар- Шэўц, 11, 788; Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лук1. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 164), заўвага Махэка аб няяснасці паходжання слова з’яўляецца недарэчнай.

Лукошка ’кош, лубянка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’міса’ (Анік., Грыг.). Прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, параўн. рус. лукошко ’кошык з бяросты, лубянка’, ’кошык з лазы’, іркуцк. ’глыбокая міса’. Паводле Фасмера (2, 532), роднаснае да лукно (гл.). Словаўтваральная мадэль лук‑ошка: лукно, як рус. око‑шко: окно.

Лукшт ’белы і жоўты гарлачык, Nuphar Smith і Nymphaea alba L.’ (брасл., Сл. ПЗБ). Літуанізм. З літ. lūkšta, lùkštas ’лотаць, Caltha palustris L.’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 682).

Лу́кшты ’высеўкі’ (воран., Сл. ПЗБ). Літуанізм, параўн. літ. lukštaĩ ’тс’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 682).

Лукшчы́ць ’лушчыць (боб, гарох)’ (астр., Сл. ПЗБ). Літуанізм. Параўн. літ. lùkštyti ’тс’. Гл. таксама звонкі варыянт лужджы́ць.

Лу́мбы ’сцяблы’, ’адросткі пёраў у час лінькі птушак’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Літуанізм. Да ла́мбы, ламбу́к (гл.). Мена ‑а‑ : ‑u‑ з’яўляецца характэрнай для літ. гаворак (напр., lãkatas: lùkutas ’транты, лахманы’).