Бязь ’гатунак тканіны’. Рус. бязь, укр. бязь. Запазычанне з тур.-араб. bäzz, азерб. bäz. Міклашыч, Türk. El., 1, 263, Nachtr., 1, 14; Міклашыч, 415; Фасмер, 1, 261; Шанскі, 1, Б, 248.
Бязэ́нніца ’бездань’ (Сцяц.), бязэ́ніца ’тс’, бязэ́нны ’бяздонны’ (Сцяшк. МГ). Утварэнне ад бе́зна (< бе́здна).
Бяле́йкі ’кросны для кужалю, тонкага палатна’ (Бяльк.). Да бі́ла (< *bi‑dlo).
Бялі́зна. Укр. біли́зна ’тс’. Слав. *bělizna (ад *bělъ ’белы’) — гэта спачатку ’белы колер’ (параўн. рус. белизна́). Такія словы лёгка паддаюцца канкрэтызацыі («рэчы, звязаныя з белым»). Адсюль і перанясенне націску. Можна ставіць пытанне і аб запазычанні з польск. bielizna ’тс’, але для гэтага не хапае даных. Параўн. Слаўскі, 1, 33.
Бялу́га, рус. белу́га, укр. білу́га. Ад *bёlъ ’белы’ + суфікс *‑ǫga. Гл. Трубачоў, Дополн., 1, 149.
Бяльмо́. Рус. бельмо́, укр. більмо́, польск. bielmo, чэш. bělmo і г. д. Прасл. *bělьmo, утварэнне суфіксам ‑ьmo ад *běl‑ ’белы’. Слаўскі, 1, 33. Сюды як метафара бе́льма ’вочы’ (Сцяц., Сцяшк. МГ), таксама бе́льмы (Нас., Сцяшк. МГ, Бяльк., Шат.), бельмачы́ (Сцяц.), більмакі́ (Бяльк.).
Бяля́сы ’белаваты, з белымі плямамі’ (Нас.). Вытворнае ад бе́лы. Параўн. рус. беле́сый, польск. białasy, славац. belasý. Гл. Трубачоў, Дополн., 1, 148.
Бянёха ’нянька, якая балуе дзіця; дзіця, якое любіць сядзець на руках’ (Нас.). Рус. бенёха ’любімчык’. З яўр.-ням. benjochid. Вінэр, ЖСт., 1895, № 1, 59; Фасмер, 1, 150.
Бянтэ́жыць. Укр. бенте́жити ’тс’. Слова вельмі няяснага паходжання. Рудніцкі (104) хоча бачыць сувязь з укр. бенте́г ’паслушнік’ (слова, якое таксама не мае этымалогіі). Шэрэх (ZfslPh, 23 (1), 1954, 160) бачыў тут вытворнае ад зах.-укр. бете́г(а) ’хвароба; ні на што няздатны чалавек’ (< венг.) з арго-інфіксам ‑н‑. Вельмі няпэўна.
Бярда́нка ’від стрэльбы’. Рус. берда́нка, укр. берда́нка. Бел. і ўкр. словы, мабыць, з рус. Ад імя канструктара гэтай стрэльбы — Бярдана. Фасмер, 1, 152; Шанскі, 1, Б, 92.