Бы́стры (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. бы́стрый, укр. би́стрий, польск. bystry, чэш. bystrý, ст.-слав. быстръ і г. д. Прасл. *bystrъ ’хуткі, быстры, ясны, бадзёры і да т. п.’ Этымалогія слова няясная, ёсць шмат версій. Хутчэй за ўсё слав. *bystrъ звязана з герм. словамі: ст.-ісл. bysia ’імкліва выцякаць’, швед. busa ’кідацца ўперад’, фрыз. bûsen ’бушаваць, шумець’, būsterig ’бурны і г. д.’ Агляд гл. у Фасмера, 1, 259–260.
Бытапі́сец. Запазычанне ў дакастрычніцкі перыяд з рус. бытопи́сец. Гл. Крамко, Гіст. мовы, II, 142.
Бы́ццам, таксама бу́ццым, бу́цца, бы́дта, бы́дтам, бы́тта і інш. Укр. буцім, будьсім і г. д., рус. будто і да т. п. У бел. мове шмат розных форм. Усе яны тлумачацца вытворнымі ад дзеяслова быць у камбінацыі з рознымі часткамі. Падрабязна агляд бел. і ўсх.-слав. форм і магчымыя этымалогіі гл. Копечны, Slavia, 39 (3), 1970, 330–333.
Быць. Рус. быть, укр. бу́ти (дыял. зах. би́ти), польск. być, чэш. býti, в.-луж. być, н.-луж. byś, ст.-слав. быти, серб.-харв. би̏ти, славен. bíti. Прасл. *byti ’быць’. Параўн. літ. bū́ti ’быць’, лац. fuī ’я быў’, ст.-інд. bhūtíṣ ’быццё’, грэч. φύομαι раблюся’, гоц. bauan ’жыць’ і г. д. (агляд і.-е. форм і слав. вытворных гл. Траўтман, 41–42). Бернекер, 114; Праабражэнскі, 1, 58–59; Фасмер, 1, 260; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78–79; Брукнер, 51–52. І.‑е. *bheu̯ā‑ (цяжкая двухскладовая база, гл. Гірт, Gram., 2, 135–136; Гірт, Ablaut, 105; Бругман, 139 і наст.). Параўн. аблаутную форму *baviti (гл. ба́віцца 1). Лічаць, што першапачатковае значэнне дзеяслова ’расці, узнікаць’. Параўн. яшчэ Айцэтмюлер, AfslPh, 22, 363–372. Іначай Ондруш (JČ, 14, 107), які зыходзіць з першапачатковага рухацца, бегчы’ (параўн. грэч. φεύγω ’бягу’). Сюды прасл. *bуtъ, *bytьje ’быццё’ (агляд форм гл. Бернекер, 113–115).
Бычкі́, бэ́чке, бічайкі ’завязкі ў адзежы’ (Сакал.). Адбыць, да бічо́ўка, бічэ́йка ’вяровачка’ (гл.).
Бычовны́к ’бераг (канавы, сажалкі і інш.)’ (Клім.). Відавочна, палеская форма (з фанетычным развіццём *ě > ы пасля губных) слова бічаўні́к ’бераг, берагавая паласа’ (Яшкін), гл.
Бэ́бахі ’ўнутранасці, жывот, вантробы, кішкі’, пераносна ’рознае адзенне, бялізна, падушкі і г. д.’ (БРС, Байк. і Некр., Бір. Дзярж., Янк. БП, Мат. Гродз., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Бесар.). Таксама ў форме бэ́бухі (Нас., Касп., Бяльк.) і ў адз. ліку бэ́бах, бэбух. Мабыць, гукапераймальнае, як і бабухі́ (гл.). Параўн. укр. бе́бехи ’тс’, рус. дыял. бе́бехи, польск. bebechy, укр. бебе́хнути ’ўпасці (з шумам)’ і г. д. Гл. Ільінскі, РФВ, 62, 237; Слаўскі, 1, 29; Рудніцкі, 95. Сюды ж, здаецца, і дзеяслоў бэ́бушыць (Нас.) ’моцна біць’. Кюнэ (Poln., 44) думае пра запазычанне ўсх.-слав. слоў з польскай мовы.
Бэ́блах ’недаразвіты плод’; перан. ’дзіця’ (Клім.). Мабыць, з польск. (параўн. bębełuch > bąbel, bębel, bąbelek і г. д. ’бурбалка; бубен; дзіця’; Варш. сл., 1, 108, 140).
Бэ́бухі ’ўнутранасці і да т. п.’ Гл. бэ́бахі.