Тру́бес ‘галашэнне, моцны плач’ (ТС). Гл. труб.
Трубе́ц экспр. ‘канец, капцы’ (ТС). Утворана на базе труба 1 ‘гібель, пагібель’ пры дапамозе размоўнага “зневажальнага” суф. ‑ец, магчыма, па ўзоры канец, капец ‘тс’.
Трубёлка ‘трубка, скрутак’ (сен., Бел. дыял. 1). Да труба 1, трубель (гл.); аналагічныя па паходжанні і фармальна блізкія в.-луж. trubjalka ‘трубачка, дудачка; сцябло’, гл. Шустэр-Шэўц, 1535; славац. trúbeľka ‘сфарміраваная ў форме трубкі’, гл. Кралік, 630; харв. trubèljika, славен. trobelíka ‘расліна Cicuta virosa’ (гл. Сной₂, 785).
Тру́біца 1 ‘калодка ў коле’ (беш., Нар. сл.; кругл., Яшк. Мясц.), тру́быца ‘тс’ (пін., ЛА, 2). Узніклі ў выніку кантамінацыі слоў тру́бка з тым жа значэннем (гл. труба 1) і ступі́ца (для віцебскага арэала), аналагічна трубка і зах.-палес. калодзіца (для пінскага арэала). Параўн. з тым жа этымонам фармальна ідэнтычнае рус. дыял. тру́бица ‘колас, які наліваецца’.
Тру́біца 2 ‘рыбалоўная прылада’ (воран., Сл. ПЗБ). Відаць, дэфармаванае трыгу́біца (гл.).
Трубі́ць 1 ‘гудзець, раўсці, крычаць, плакаць, голасна распавядаць’ (Янк. 2, Сл. ПЗБ, Кольб.): жабы тру́бяць (ДАБМ, камент.). Пераносна да трубі́ць, дэнамінатыва ад труба 1 (гл.).
Трубі́ць 2 экспр. ‘трушчыць, грызці’ (Тур.): нехай кужэль мушы трубяць (ТС), экспр. ‘піць, ссаць’ (ТС): ст.-бел. зъ великого кубка трубитъ (XVIII ст., “Прамова Мялешкі”). Параўн. укр. тру́би́ти ‘многа есці’, польск. trǫbić ‘прагна піць’, в.-луж. trubić ‘хлябтаць’. Рэгіянальнае семантычнае развіццё дэнамінатыва трубіць, першапачаткова, відаць, — ‘гучна піць, есць’ (ЕСУМ, 5, 654; Шустар-Шэўц, 1535; Тувім, Słownik, 2009, 19), гл. труба 1. Сюды, магчыма, з супрацьлеглым значэннем u kułak trubić ‘галадаць’ (Федар. 4).
Трубло́ ‘пражорлівы конь ці карова’ (Яўс.), ‘пражора’ (астрав., Сл. рэг. лекс.; полац., Нар. лекс.; лаг., Гіл., Барад.), ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1, Шатал., Нік., Оч., Юрч. Мудр.), трубла́ты ‘чалавек з тоўстым жыватом’ (Касп., Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.). Утворана ад трубі́ць 2 < труба 1 (гл.), параўн. трубі́ла ‘пра абжорлівага’ (Каўрус, Словаклад), пры ад’ідэацыі трыбу́х (гл.). Гл. таксама трабло, трыбло.
Тру́бнік (лугавы) ‘сон лугавы, Pulsatilla Adans. pratensis Mill.’ (Бейл.). Названы паводле трубкападобнага сцябла; адносна народнай сімволікі расліны гл. Коласава, Лексика, 32.
Трубніца (тру́бныця) ‘частка спіны ніжэй паясніцы’ (драг., Бел. дыял. 3). Іран., вытворнае ад трубі́ць 1, гл. Параўн. рус. дыял. тру́бка, тру́бля ‘частка цела ніжэй за спіну, ягадзіцы’.
Трубня́ ‘парахно (для абкурвання пчол)’ (Мат. Гом.). Слова няяснага паходжання (недакладнае прачытанне рукапіснага запісу *трухня?). Гл. таксама трухля ‘тс’ (Мат. Гом.).
Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба 1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).