Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Бы, б. Рус. бы, б, укр. би, б, польск. by, чэш. by (1‑я ас. bych, 2‑я ас. bys) і г. д. Па паходжанню гэта 3‑я ас. адз. л. аорыстнай формы ад *byti (гл. быць). Бернекер, 115; Фасмер, 1, 257; Слаўскі, 1, 52; параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 243.

Быга́нка ’панос’ (палес., Клім.). Палеская фанетычная форма з зыходнага *бѣганъка (да бегаць). У параўнанні з ст.-бел. бегунка, укр. бігунка, рус. бегунка ’тс’ (да апошняга гл. Кохман, Kontakty, 103), якія, здаецца, з’яўляюцца запазычаннем з польскай мовы, палескае слова — утварэнне на беларускай глебе (адпаведнасці ў польск. мове няма: польск. bieganka азначае ’род дзіцячай гульні’, гл. Варш. сл., 1, 149).

Бы́дла (засведчана з XV ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. би́дло (з XV ст.), рус. дыял. бы́дло. Запазычанне з польск. bydło ’тс’ (*by‑dlo, да *byti ’быць’, гл. Слаўскі, 1, 52). Слаўскі, там жа; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Рудніцкі, 121; Фасмер, 1, 258. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 243.

Бык. Рус. бык, укр. бик, польск. byk, чэш. býk, в.-луж., н.-луж. byk, ст.-слав. быкъ, балг. бик, серб.-харв. би̑к, славен. bìk. Прасл. *bykъ (форма *bъкъ, якая заснавана на серб.-харв. ба̏к ’бык’ і якую вылучаюць Бернекер, 112; Машынкі, Pierw., 227, здаецца, памылковая, бо серб.-харв. би̑к, мабыць, запазычанне з далм. bu̯ák < лац. vacca ’карова’ і з *bукъ сувязі не мае, гл. Фасмер, RS, 4, 169; Фасмер, 1, 258). Звязана з слав. *bukati, *bučati ’мукаць, раўці, шумець і г. д.’ (параўн. ст.-рус. бучати, рус. бучать, чэш. býkati, boukati, bučeti, польск. bykać, buczeć і да т. п.). У аснове ляжыць і.-е. гукапераймальнае *b(e)u̯‑, *bh(e)u̯‑. Параўн. літ. bukti ’мукаць’, лат. bucêt і г. д. Міклашыч, 27; Бернекер, 112; Праабражэнскі, 1, 57; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78; Фасмер, 1, 258; Рудніцкі, 1, 121–122; БЕР, 1, 47; падрабязна Трубачоў, Происх., 41–42. Вельмі няпэўнай з’яўляецца версія пра запазычанне з цюрк. buka ’тс’ (так Корш, AfslPh, 9, 493; Фасмер, RS, 3, 263 і інш.; гл. Фасмер, 1, 258). Вельмі няпэўна Шахматаў, AfslPh, 33, 87 і наст. (запазычанне з кельт. boukkô ’карова’). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 243–244. Параўн. яшчэ Грыбл, Linguistics, 1973, № 113, 53–61 (сувязь з *by‑ti).

Быкі́ ’буякі, Vaccinium uliginosum’ (карэліц., Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 82: дыял. форма быке́). Як думае Арашонкава і інш., там жа, гэта вытворнае ад буякі́ ’тс’. Няпэўна, ёсць і іншыя назвы з падобнай семантыкай. Параўн. бугаі́ ’буякі’, буякі́ (там і матывацыя). Не выключаецца, што і быкі ’буякі’, як і бугаі ’тс’, толькі «пераклад» слова буякі, якое пры пашырэнні з дыялекту ў дыялект «асэнсавалася» як вытворнае ад буяк ’бык’.

Бы́кус ’перарослы’ (Нас.). Жартаўлівае ўтварэнне (паводле лацінскіх слоў на ‑ус) ад бык.

Быллё, бы́лле, былі́на, бы́льнік і г. д. Усё да прасл. *bylь ’расліна’, *bylьje, якое звязана з дзеясловам *byti (першапачаткова ’расці’). Гл. Айцэтмюлер, ZfslPh, 22, 363–372; Мяркулава, Очерки, 122; Фасмер, 1, 259. Параўн. яшчэ буліна́.

Бы́ля ’абы (быля́-што)’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.). Ст.-бел. быле ’абы’ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. byle ’тс’ (< *by‑le, да дзеяслова *byti і частка ‑le, гл. Брукнер, 51; Слаўскі, 1, 53). Сюды і былі́ б ’толькі б’ (Нас.). Арашонкава (Бел.-польск. ізал., 11) лічыць, што бел. быле‑што́ запазычана прама з польск. byle co.

Бына́ймней, бына́мней ’калі б; ледзь’ (Нас.). Запазычанне з польск. bynajmniej. Кюнэ, Poln., 47.