Буту́з. Відавочна, запазычанне з рус. буту́з, буту́с ’тоўсты малы чалавек, карапуз’, якое лічаць вытворным ад дзеяслова буте́ть таўсцець’ (Гараеў, 25; Сабалеўскі, РФВ, 66, 333; Фасмер, 1, 253; Шанскі, 1, Б, 238). Іншыя думаюць, што рус. слова — цюркізм (так Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 44; супраць Шанскі, там жа).
Буты́лка ’бутэлька’ (Бяльк., Сцяшк. МГ). Мабыць, з рус. буты́лка ’тс’.
Бутэ́лька, таксама бутэ́ль (Нас.), бутэ́лка (Бяльк.). Укр. буте́лька. Запазычанне з польск. butelka ’тс’ (а гэта з франц. bouteille). Гл. Варш. сл., 1, 241; Брукнер, 51; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47; Рудніцкі, 1, 274. Гл. яшчэ бу́тля. Падрабязна аб усёй групе слоў гл. Губшмід, Schläuche, 38 і наст.
Бутэрбро́д. Рус. бутербро́д, укр. бутербро́д. Запазычанне з ням. Butterbrod (Butterbrot) ’хлеб з маслам’. Брандт, РФВ, 18, 33; Фасмер, 1, 252; Шанскі, 1, Б, 238.
Бу́фер. Рус. бу́фер, укр. бу́фер. Запазычанне (можа, праз рус. мову) з англ. buffer. Гл. Шанскі, 1, Б, 239.
Буфе́т. Рус. буфе́т, укр. буфе́т. Фасмер (1, 254) лічыць, што слова запазычана праз ням. Büfett з франц. buffet або італ. buffetto. Шанскі (1, Б, 239) думае пра франц. крыніцу.
Буха́й ’бугай’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. buhaj (у польск. мове звычайнае вымаўленне ‑ch‑ замест h‑). Гл. яшчэ буга́й 1. Параўн. бахун.
Бу́хал ’бусел’ (палес., КЭС). Магчыма, змена першапачатковага бу́сел пад уплывам дзеяслова бу́хаць. Але больш верагодным здаецца ўтварэнне непасрэдна ад бу́хаць (параўн. характэрны для бусла шум, стук, які ён робіць дзюбай). Параўн. ням. Klapperstorch ’бусел’ (klappern ’стукаць; ляскаць’). Параўн. яшчэ назву птушкі, таксама ўтвораную ад бу́хаць — бу́хала ’бугай’ (па крыку; Інстр. II), рус. бу́ха́ла, бу́хало ’бугай’, бу́хало ’пугач’ (да гэтага параўн. Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, VII, 99; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 240). Бел. слову па марфалогіі дакладна адпавядае балг. бу́хал ’пугач’ (Strix bubo), таксама гукапераймальнае, гл. БЕР, II, 93; Будзішэўска, Słown., 121. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67–68.
Бу́хаць ’удараць; кідаць; стукаць; падаць; крычаць (пра птушак) і г. д.’ Рус. бу́хать, укр. бу́хати, польск. buchać, чэш. bouchati, серб.-харв. бухнути, балг. бу́хам і г. д. Прасл. *buxati (ад выклічніка *bux!; гукапераймальнае). Гл. Бернекер, 97; Праабражэнскі, 1, 56; Фасмер, 1, 255; Слаўскі, 1, 48; Рудніцкі, 276; БЕР, II, 93; падрабязна Смаль-Стоцкі, Приміт., 142–143. Наўрад ці трэба лічыць самастойнымі ўтварэннямі (як гэта ў Бернекера, 97) *buxati ’крычаць’ і *buxati ’біць, удараць’. Таксама, паколькі тут гукапераймальныя асновы, не трэба шукаць і.-е. роднасныя сувязі (як гэта ў Фасмера, 1, 255). Няпэўна Махэк₂, 62, які зыходным лічыць *bukati, а *buxati — гэта «інтэнсіўная» форма (*buk‑s‑ati). Параўн. бухцець, бухто́рыць (гл. пад бухцець).