Бу́хал ’бусел’ (палес., КЭС). Магчыма, змена першапачатковага бу́сел пад уплывам дзеяслова бу́хаць. Але больш верагодным здаецца ўтварэнне непасрэдна ад бу́хаць (параўн. характэрны для бусла шум, стук, які ён робіць дзюбай). Параўн. ням. Klapperstorch ’бусел’ (klappern ’стукаць; ляскаць’). Параўн. яшчэ назву птушкі, таксама ўтвораную ад бу́хацьбу́хала ’бугай’ (па крыку; Інстр. II), рус. бу́ха́ла, бу́хало ’бугай’, бу́хало ’пугач’ (да гэтага параўн. Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, VII, 99; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 240). Бел. слову па марфалогіі дакладна адпавядае балг. бу́хал ’пугач’ (Strix bubo), таксама гукапераймальнае, гл. БЕР, II, 93; Будзішэўска, Słown., 121. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67–68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)