Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бусурма́н. Гл. басурма́н1.

Бу́сы ’пацеркі’ (Інстр. I, Сакал., Бяльк.). Рус. бу́сы, укр. бу́си. Слова, пашыранае пераважна на рускай моўнай тэрыторыі. У бел. мове, здаецца, з рус. Паходжанне слова няяснае. ёсць версія пра сувязь з *biserъ ’бісер’ (гл.); так Праабражэнскі, 1, 55; Шанскі, 1, Б, 237; Гараеў, 17. Супраць Фасмер, 1, 252; Бернекер, 58; Рудніцкі, 270. Сабалеўскі (РФВ, 67, 214) звязаў слова з бу́са ’лодка, карабель’ (< сканд. моў), па падабенству ракавін, з якіх рабіліся пацеркі, з лодкамі.

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Бут ’яма, траншэя з каменнем; каменны падмурак печы ў хаце’ (Яшкін). Параўн. рус. бут ’дробнае каменне, шчэбень’, бути́ть ’напаўняць яму цэментным растворам і шчэбнем’. Паходжанне слоў няяснае. Гл. Фасмер, 1, 252 (там некаторыя меркаванні).

Бу́таль. Гл. бу́тля, бутэ́лька.

Бутара́ж, бутара́жыць. Гл. будара́жыць.

Бутары́сіца ’завіруха’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. дыял. буто́ра ’тс’, бутори́ть ’месці (аб мяцеліцы)’; далей з бутара́жыць, будара́жыць (гл.). Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 212–213.

Бу́тлы. Гл. батва́.

Бу́тля, бу́таль. Укр. бу́тля, бо́тля, бу́тель. Запазычанне з польск. butla, butel ’тс’ (< франц. bouteille, с.-лац. buticula, гл. Варш. сл., 1, 241; Брукнер, 51). Рыхардт, Poln., 38; Рудніцкі, 274. Параўн. бутэ́лька. Рус. буты́лка, буты́ль таксама з польскай мовы (гл. Праабражэнскі, 1, 56; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 238–239). Губшмід (Schläuche, 42) думае пра запазычанне рус. буты́ль прама з франц. мовы (падрабязна аб гісторыі ўсёй групы слоў там жа, 38 і далей). Гл. яшчэ Гарабец, Мовознавство, 1972, № 4, 82–83.

Буто́н. Рус. буто́н, укр. буто́н. Запазычанне з франц. мовы: франц. bouton ’тс’ (да bouter ’расці, набракаць’). Фасмер, 1, 253; Шанскі, 1, Б, 238.