Бусава́ць ’п’янстваваць, дэбашырыць’, буса́ць ’бурна весяліцца, п’янстваваць’ (Бяльк., Нас.). Сюды ж і буса́йла ’дзёрзкі гарэза; гуляка’ (Гарэц., Нас.). Рус. бу́са́ть ’піць, п’янстваваць’, бусо́й, бу́сый ’п’яны’; слова з мовы афеней (СРНГ, 3, 301). Лічыцца запазычаннем з с.-н.-ням. būsen ’тс’, с.-в.-ням. bûsen. Фасмер, 1, 251.
Буса́к ’бугор’ (Касп., БРС), ’пажарны крук’ (КЭС, лаг.). З *босак. Запазычанне з польск. мовы (bosak ’тс’ < ням. Bootshacken, Bootshacke; Варш. сл., 1, 193; Брукнер, 37). Параўн. і баса́к ’тс’. Гл. і літ. bùsokas, якое запазычана з ням. (усх.-прус.) bôshaken (Фрэнкель, 67). З фанетычных меркаванняў не пераконвае вывядзенне (Міхневіч, БЛ, 1972, 1, 72) бел. буса́к з ст.-цюрк. bašag ’наканечнік, вастрыё стралы ці кап’я’.
Бу́сел. Рус. бу́сел, бу́сель, бу́сол, укр. бу́сел, бу́сол, бу́сько, бусь і г. д., польск. busieł, buśko, buś, busek ’тс’. Лічаць, што гэтыя назвы звязаны з рус. прыметнікам бу́сый ’шэры’ (аб гэтым слове гл. Фасмер, 1, 252). Брукнер, 33 (польск. словы з усх.-слав.); Бернекер, 104; Корш, AfslPh, 9, 492; Фасмер, 1, 251; Рудніцкі, 1, 269–270. Вельмі падрабязна пра геаграфію слова і дыялектныя формы Клепікава, ВСЯ, 5, 158–160. Неверагодна. Якабсон, Word, 7, 190. Гл. яшчэ Нідэрман, Balto-Sl., 29.
Бу́сельнік ’расліна Erodium’ (Кіс.). Рус. а́истник, укр. бузьочник, бусьочник, буськи, журавліниє носики (Макавецкі, Sł. botan., 141–142), чэш. čapí nos, čápínůsek (Махэк, Jména rostl., 135), серб.-харв. ча̏пља, чапљика, чапљина, англ. storkʼs bill, ням. Reiherschnabel, франц. bec de grue, bec de cigogne (Сіманавіч, 186). Ад бу́сел: плады расліны вельмі падобныя да галавы з дзюбай бусла, параўн. апісанне расліны: «Іншы раз бусельнік росце по полю, з такімі дзюбамі зелле» (Арх. ГУ). Гл. Нейштадт, Определитель, 363–364; Сіманавіч, там жа.
Бусе́ць: жыта бусе́е ’псуецца, пакрываецца іржой’ (Запіскі, т. 2, кн. 9, 112). Параўн. рус. дыял. бу́се́ть ’плеснець, цвісці’. Усё ад *busъ ’шэры’, слова, пашыранага на рускай моўнай тэрыторыі, але ад якога ў бел. мове ёсць вытворнае — бу́сел (гл.).
Бу́сі, бу́ські ’пацалуначкі’, бу́ся. Гл. бу́сяць.
Бусла́й (Нас.), тое ж, што буса́йла (гл. пад бусава́ць). Але не выключаецца, што бел. бусла́й, як і рус. бусла́й, іншага паходжання (Фасмер, 1, 251). Гл. яшчэ буслік.
Буслік ’сто грамаў гарэлкі’ (Інстр. III). Няясна. Можа, ёсць сувязь з бусава́ць, буса́ць ’п’янстваваць’ (гл.). Параўн. яшчэ рус. бусла́й ’чалавек, які любіць пагуляць, павесяліцца, гуляка’ (гэта, аднак, можа быць і іншага паходжання, гл. Фасмер, 1, 251). Не выключаецца і сувязь з бу́сел, але якая тут матывацыя?
Бу́снява жы́та ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (зах.-палес., Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што назва абумоўлена тым, што, як і Claviceps purpurea, буслу ў народных паданнях адводзіцца значнае месца (бусел ведае, які будзе ўраджай і г. д.) і прыводзіць серб.-харв. назву расліны — ро́дац. Але серб.-харв. ро́дац — гэта і ’бусел’ і тутавае дрэва’ (плады якога фіялетавыя, як і рожкі спарынні). Сувязь з буслам (што такая можа быць, сведчыць ням. назва для Claviceps purp. — Storchkorn, літаральна ’буслава зерне’; гл. Марцэль, Pflanzennam., 5 (4), 551) можа быць і іншай: па колеру дзюбы або ног бусла. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.