Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Не́едзь ’ежа’: Ена умрэ без нееді (Ян.). Незвычайнае тлумачэнне слова удакладняецца прыведзенай ілюстрацыяй, з якой вынікае, што першаснае значэнне яго павінна быць вядзенне’, што дакладна адпавядае засведчанаму ў іншых гаворках неедзь ’голад, недаяданне’ (Янк. 2), да есці.

Не́жань ’эпілепсія, прыпадак’ (Ян.). Няясна, магчыма, звязана з нёжань ’нежанаты, марцовы кавалер’ (Некр.), што, відаць, тлумачыцца тым, што пры эпілепсіі не жаніліся з-за дрэннай спадчыннасці, ці табуізаваная назва хваробы ад гнаць (гл.).

Нежыве́ць ’траціць прытомнасць’: Як былі прыступы, яна нежывела (Сл. ПЗБ). Відаць, мясцовае новаўтварэнне на базе спалучэння як нежывы ’непрытомны’.

Не́жыт ’насмарк’ (драг., Жыв. сл.), нэ́жыць, ныжы́д ’тс’ (брэсц., Сіг.; Мат. Брэст.), нёжыт ’высыпка на целе ў дзіцяці’ (петрык., Шатал.), нежы́тоўка ’вялікая скула’ (лунін., Шатал.); ’скула, скулка’ (ТС), укр. не́жит, не́жить, не́жид ’насмарк’, рус. не́жить ’сукравіца’, не́жид ’насмарк; сукравіца ў нябожчыкаў’, польск. nieżyt ’катар; боль; нарыў’, чэш. nežit, neżid ’фурункул’, серб.-харв. neżit, neżid ’абсцэс у вуху’, neżić ’тс’, балг. нежит ’запаленне дзёснаў’, не́жет ’рана на дзёснах, рана на вымені’ (радоп.). Шырокае распаўсюджанне сведчыць аб праславянскім паходжанні слова; звычайна разглядаецца як вытворнае ад *žiti ’жыць’, параўн. Махэк2, 393, які на падставе чаргавання ži‑/goi‑ (параўн. зажыцьзагаі́цца, аб ране) выводзіць зыходнае значэнне ’язва, якая не гоіцца’; формы з -d тлумачацца ад’ідэацыяй да žid (жыд); Скок, 3, 682 лічыць слова аднаго паходжання з фальклорным nežitak ’чорт, злы дух, які пасяляецца ў галаве’, адкуль і назва хваробы; параўн. таксама паўночнарускую агульную назву нячыстай сілы — не́жить (гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 67). Прынцыповую магчымасць такіх утварэнняў дэманструе не́жыцё ’ліхая доля, кепскае жыццё’ (слонім., Нар. словатв.), серб.-харв. nežitak ’неспакой, хваляванне, сварка’ і пад. Разам з тым нельга не звярнуць увагу на блізкасць да разглядаемых слоў літ. niežas ’сверб’, niežai ’кароста’, niẽžė́ti ’cвярбець, часацца’, man nosi niẽzė́ti ’ў мяне свярбіць нос’ і г. д., параўн. балг. радоп. нежети са ’загнойвацца (пра рану)’, тлумачэнне Герава да назвы хваробы нежит: «дзёсны зубоў робяцца чырвонымі і свярбяць» (Гераў, 6, 228, 314). З улікам гэтага збліжэнне з *živeti можа мець народнаэтымалагічны і другасны характар. На гэтым фоне спроба вывесці ст.-бел. нежитъ ’катар, фурункул’ (з 1517 г.) са ст.-польск. nieżyt ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 130) здаецца непераканальнай.

Незаба́вам ’адразу, хутка, без затрымкі’ (Др., Пятк. 2), незаба́ўна ’неадкладна, хутка’ (Нас., Гарэц., ТС), незаба́ўка ’нядоўга, хапае часу’ (Нас.). Ад заба́віцца ’затрымацца’, заба́ва ’затрымка’ (гл.).

Незаба́рам ’хутка, без затрымкі’ (Растарг.), незаба́ром ’хутка, неўзабаве’ (ТС), укр. незаба́ром ’тс’. Ад заба́рыцца ’затрымацца’ (да бары́цца ’марудзіць’, гл.).

Незабу́дка ’расліна Myosotis palustris Lam., незабудка’ (Кіс., Яруш., міёр., Жыв. сл.), незабу́дзька ’тс’ (карэл., Шатал.), невзабу́дка ’тс’ (пін., Шатал.), незабудкі мн. ’расліна Myosotis silvatica (Ehrh.) hoffm., незабудка лясная’ (Бейл.), укр. незабудь ’расліна Myosotis palustris’, рус. незабудка ’істод, дубраўка, валоўнік, чарнакорань, фіялка, гваздзік-травянка і інш.’ Ад не забудзься, гл. забыць; калька з ням. Vergissmeinnicht ’тс’ (з XV ст.), франц. le ne mʼoubliez pas ’тс’, англ. forgetmenot ’тс’, польск. niezapominajka ’тс’ і інш. (Фасмер, 3, 59). Параўн. незапамінайка ’тс’ (гл.).

Незада́лы ’няўдачы’ (Нік., Оч.). Магчыма, да задацца (да даць) ’удацца’, параўн. незадина ’няўдача’ (гл.). Паводле Карскага (2–3, 331), мн. л. назоўніка «для абазначэння псіхічнага стану» мае архаічны характар.

Незада́ча ’няўдача’ (Юрч.), рус. незада́ча ’тс’. Да зада́цца ’ўдацца’ (ад даць).

Незале́жнасць ’самастойнасць, аўтаномнасць’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), укр. незалежність ’самастойнасць, непадпарадкаванасць’. Запазычана з польск. niezależność ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе ад зале́жны, зале́жнасць ’несамастойнасць’, якое ў сваю чаргу, відаць, запазычана з польск. zależny, zależność ’тс’, ад zależeć ’быць залежным, несамастойным’ (< za‑leżeć, гл. ляжа́ць). На базе гэтай жа мадэлі прыназоўнік *za + дзеяслоў стану (спакою), аднак з іншым лексічным напаўненнем, утвораны рус. незави́симость (ад за‑висеть ’залежаць’), чэш. nezávislost, славен. nezavisnost, серб.-харв. неза́висност, балг. незави́симост, макед. независност і г. д.