Незале́жнасць ’самастойнасць, аўтаномнасць’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), укр. незалежність ’самастойнасць, непадпарадкаванасць’. Запазычана з польск. niezależność ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе ад зале́жны, зале́жнасць ’несамастойнасць’, якое ў сваю чаргу, відаць, запазычана з польск. zależny, zależność ’тс’, ад zależeć ’быць залежным, несамастойным’ (< za‑leżeć, гл. ляжа́ць). На базе гэтай жа мадэлі прыназоўнік *za + дзеяслоў стану (спакою), аднак з іншым лексічным напаўненнем, утвораны рус. незави́симость (ад за‑висеть ’залежаць’), чэш. nezávislost, славен. nezavisnost, серб.-харв. неза́висност, балг. незави́симост, макед. независност і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)