Заба́ва ’пацеха’. Рус., укр. заба́ва ’тс’, польск. zabawa ’тс’, ’таварыскі сход з мэтай забавы’, в.-луж. zabawa ’пацеха’, чэш., славац. zábava ’пацеха, сход’, славен. zabava ’перашкода’, ’забава’, серб.-харв. за́бава, за̑бава ’забава; прадмет, які дае пацеху’, уст. ’цяжкасць’, балг. заба́ва ’спазненне; пацеха’, макед. забава ’пацеха’. Ст.-рус. забава ’затрымка; справа; пацеха’ (XVII ст.). Прасл. імя zabava ўтворана ад дзеяслова zabaviti(sę) з дапамогай тэматычнага (асноваўтвараючага) ‑а‑, якое потым ператварылася ў канчатак. Дзеяслоў узнік у выніку прэфіксацыіі *za‑ + baviti + sę; гл. бавіцца 1. Параўн. Мельнічук, Этимология, 1967, 62–63.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)