Межава́ць ’пракладваць межы’, ’быць сумежным’, ’чаргавацца’ (ТСБМ; малар., Выг. дыс.), докш. межава́цца, тураў. межова́цца ’мець агульную мяжу, суседнічаць’ (Сл. ПЗБ, ТС), укр. межува́ти(ся), рус. межева́ть, ст.-рус. межевати ’тс’, в.-луж. mjezować, чэш. старое mezovati ’гранічыць’, балг. межо̀вам ’працую ў талацэ’. Відаць, старое паўн.-слав. утварэнне з суфіксам ‑ova‑ ад мяжа́ (гл.). Сюды ж межавік ’каморнік’ (Бяльк.), якое з рус. межевик ’тс’.
Межаву́ха ’балотнае дрэва’, ’кручаная драўніна з ускрайку леса, якая дрэнна колецца’ (Сцяц., Інстр. II). Балтызм. Параўн. усх.-літ. mẽdžias ’лес’, лат. mežs ’лес’, ’дрэва’ — у балт. мовах лексемы з і.-е. коранем *medhi̯o ’сярэдні’ азначаюць ’тое, што служыла граніцай, размяжоўваннем чаго-небудзь’. Семантычна бел. лексема ўваходзіць у лік тых, якія маюць звязаныя семемы ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой, Геогр., 244). Параўн. ме́жань 2, а таксама бел. ку́дра ’ставок, азярцо, балота’ — ’лясок сярод поля’ і літ. kūdra ’ставок’, лат. kūdra ’торф’.
Ме́жань 1, ме́жань, межані́на ’ўзровень вады ў рэчцы’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады’ (ТСБМ; вілен., Яшк.). Укр. ме́жень, ме́жінь, рус. меже́нь ’сярэдзіна лета’. Да мяжа́ (гл.). (Фасмер, 2, 592).
Ме́жань 2, ме́жынь ’веснавы рух сокаў у дрэвах’ (Бяльк.). Роднаснае да балтыйскіх лексем: усх.-літ. mẽdžias ’лес’, літ. mẽdė, лат. mežs ’тс’. Параўн. яшчэ і рус. смал., арл., калуж. меженя ’нізкія мясціны, дзе расце асіннік, — там дзяруць кару і лыка’ (КЭС). Гл. таксама і межаву́ха.
Ме́жды ’паміж’ (Жд. 1, Ян.; смарг., Сл. ПЗБ), ме́жду, мі̂е́жду, мі́жду ’тс’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), мі́жды (кліч., Жыв. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ушац., Нар. лекс.), мі́жда ’тс’ (Ян., Нар. Гом., Бяльк.). Укр. міждо, міжда ’тс’ рус. между, пск. межды, смал., арл., перм. ме́жда, межда́, ст.-рус. между (междю) і междо, межды, межди. Запазычаны з ц.-слав. междоу, якое са ст.-слав. междоу ’тс’ — старая форма меснага склону парнага ліку (medju) лексемы medja > мяжа́ (гл.). Параўн. таксама меж (Карскі 2-3, 431; Бернекер, 2, 31; Фасмер, 2, 592; ESSJ SG, 1, 108–110). Мена канчаткаў абумоўлена, відаць, рознымі прычынамі: пераразлажэннем прыназоўніка на меж і да, кантамінацыяй форм міжы і между ці ўспрыманнем канчаткаў ‑да, ‑ды як даўніх часціц прыслоўяў і прыназоўнікаў прасл. da/de/du/dy. Сюды ж мікратапонімы міждарожжа, (па)міждурэчча, паміждарэчча (слаўг., Яшк.).
Ме́жнік ’знак для размежавання ворнай зямлі’ (паўн.-усх., КЭС), рус. зах. і паўн. ме́жник і мяжни́к ’мяжа’, ’баразна’, ’слуп на мяжы’. Да мяжа́ (гл.).
Межс́об, межсо́бку ’паміж сабой’ (паўн.-усх., Нас., Рам. 3; віл., Мат.). Толькі беларускае. Карскі (2, 70 і 193) гаворыць аб незвычайным утварэнні. Лексемы можна лічыць калькай з літ. tarpùsavyje ’паміж сабой’, да якой далучаўся прыслоўны суфікс ‑ку (магчыма, па аналогіі да прыслоўя паасобку). Параўн. і н.-луж. mjazsobnje ’паміж сабой’.
Межу, ст.-бел. межю́ (1405 г.), межоу (XVI ст.) ’паміж’ (Кар. 1) — беларускі рэфлекс запазычанага ц.-слав. междоу, якое са ст.-слав. междоу ’тс’. Параўн. межды. Да мяжа́ (гл.).
Межытока ’мокрая дарога паміж двума азёрамі ці балотамі; дарога, якая злучае два возеры ці балоты’ (ТСБМ), ’рукаў, які злучае два возеры’ (смал., КЭС), рус. арханг. межито́к ’тс’. Бел.-паўн.-рус. ізалекса. Да ток і меж (гл.). Параўн. таксама паўн.-рус. межу́ток ’прамежак’, ’суткі паміж пабудовамі’, ’мяжа’, іркуц. ’прастора паміж двума азёрамі’.
Мезані́н ’няпоўны паверх, пабудаваны над сярэдзінай дома’ (ТСБМ). З рус. мезанин, мезонин, якое праз франц. mezzanine з італ. mezzanino ’тс’ < mezzano ’сярэдні’ (Мацэнаўэр, LF, 10, 322; Фасмер, 2, 593 і 594; Крукоўскі, Уплыў, 79).
Мездрану́ць ’выцяць па твары да крыві’, ’моцна ўдарыць’ (Нас., Юрч.). Да мяздра́ (гл.), мяздры́ць ’ачышчаць ад падскурнай клятчаткі’ (Нас., ТСБМ).