Крэ́чат ’буйная драпежная птушка сямейства сакаліных’ (ТСБМ, Гарб.). Укр. кречет, рус. кречет, ст.-рус. кречетъ ’тс’. Усходнеславянскае вытворнае на ‑etъ > ад krekati. Гукапераймальнае (Трубачоў, Эт. сл., 12, 111).
Ксень ’страўнік у шчупака’ (ТС). Бліжэйшая паралель: ст.-чэш. ksenci (< *kъš‑en‑ьcь) ’вывадак земнаводных, малькі’. Параўн. кішэць (гл.). Семантычныя суадносіны беларускага і чэшскага слоў не зусім выразныя.
Ксёндз ’каталіцкі свяшчэннік’ (ТСБМ). З польск. ksiądz ’тс’ (Слаўскі, 3, 264).
Ксё-ксё ’выгукі, якімі падклікаюць жарабя’ (ТС). Параўн. кося ’ласкавая назва каня’ (гл.).
Ксціць ’хрысціць’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Яруш., Гарэц., Мал., Сл. паўн.-зах.). З польск. chrzcić ’тс’ (Кюнэ, Poln., 69).
Куб 1 ’геаметрычнае цела’ (ТСБМ). Запазычанне праз рускую мову з нямецкай або непасрэдна з лацінскай (ням. Kubus, лац. cubus) (Шанскі, 2, 8, 427).
Куб 2 ’пасудзіна цыліндрычнай формы’ (ТСБМ). Укр. куб, рус. куб ’тс’, ст.-рус. кубъ ’кубак’, н.-луж. kub ’кубак’. Фактычна, апрача ніжнелужыцкіх форм, толькі ўсходнеславянскае. Індаеўрапейскія паралелі: ст.-грэч. κύμβος ’келіх, кубак’, ст.-інд. kumbháḥ ’гаршчок, збанок’. Формы сведчаць аб насавым гуку ў корані. Таму, калі лічыць славянскія лексемы спрадвечнымі, трэба рэканструяваць прасл. kǫbъ. Альтэрнацыя ǫ/u ў даным выпадку малаверагодная (параўн. Слаўскі, SO, 18, 261). Гл. Махэк₂, 243–244.
Ку́ба 1 ’род шаблі’ (Гарб.). Няясна. Ці не запазычана з цюрк. (параўн. тур. kubur ’футляр, калчан’)? Тады першаснае значэнне для куба — ’род ножан’.
Ку́ба 2 ’матэрыял бурачковага колеру’ (Нар. сл.). Скарочаная форма да кубавы (гл.).
Ку́бавы ’фіялетавы’ (Касп., ЭШ, Бяльк.). Да назвы адпаведнай формы, якая ў сваю чаргу ад назвы чана. Гл. куб 2.
Ку́бак ’невялікая пасудзіна для піцця’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сцяц. Нар., Сержп. Грам., Сцяшк., Дразд., КЭС, лаг., Бяльк., Р. В., З нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Укр. кубок, рус. кубок ’тс’, польск. kubek, н.-луж. kubk ’тс’ да куб (гл.). Рэканструкцыя kǫbъ дазваляе думаць аб запазычанні польск. kubek з беларускай або ўкраінскай мовы. Увогуле надзвычай слабая зафіксаванасць гэтай лексемы выклікае сумненні ў яе спрадвечным характары, хаця эвентуальная крыніца запазычання не знойдзена (параўн. Слаўскі, 3, 295).
Куба́р 1 ’плеценая невялікая карзінка’ (Сцяшк. Сл., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Параўн. кубар 2. Тут наглядаецца семантычная сувязь назваў глінянай пасуды і пляцення. Гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 244.
Куба́р 2 ’гліняны збан’ (Касп.). Да кубар 1 (гл.) і куб 2.
Куба́р 3 ’хабар’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Да кубар 2. Паралелізм у значэннях ’збан’ і ’хабар’ відавочны таксама ў іншых прыкладах. Параўн. польск. kuban ’хабар’ і рус. кубан ’збан’. У кубар не выключана кантамінацыя *кубан і хабар. Гл. Слаўскі, 3, 294.