Ку́бкі ’ямкі на прыпечку’ (Хар.). Да кубак (гл.).
Кубла́чыць ’збіваць, скручваць, камячыць (пра пасцель)’ (ТС). Ці не кантамінацыя кубліць (гл.) і кудлацець (гл.)
Ку́бліцца ’марудна рабіць, таптацца на адным месцы, рабіць логава’ (Жыв. сл., Янк. III, Нар. словатв., Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.). Да кубло 1 (гл.).
Ку́бліць ’збіваць, скручваць, камячыць’ (ТС). Да кубло 1 (гл.).
Кубло́ 1 ’гняздо’ (Мат. Маг., Янк. Мат., Некр., Сл. паўн.-зах., Ян., Мат. Гом., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., Янк. I, Шн., Выг., Хрэст. дыял., Нар. лекс., Нар. словатв., Жд. 2, ТС, Шатал.), ’бярлога’ (Шн.). Укр. кубло, рус. кубло ’тс’, в.-луж. kubło ’сялянская сядзіба’. Параўн. польск. kęblać ’выкармліваць, выгадоўваць’, н.-луж. kubłaś, в.-луж. kubłać ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія адпаведнікі лац. ac‑cumbere ’легчы’, саб. cumba ’лектыка (насілкі)’, лац. cubare ’ляжаць’, cubīle ’логава’ (Бернекер, 598; Слаўскі, 2, 124–125).
Кубло́ 2 ’ямка на пасевах, у пяску, зробленая курамі’ (Яшк.). Параўн. рус. кублышка ’тс’. Гл. кубло 1.
Ку́блык ’від жаночай прычоскі’. Магчыма, ад клуб ’скрутак’ пад другасным уплывам кубло 1 (гл.).
Кубра́к 1 ’чалавек, які просіць міластыню на царкоўныя патрэбы’ (Нас., Нар. сл.). Укр. кубрак ’тс’, польск. kubrak ’тс’. Да кубрак 2, не выключана кантамінацыя з жабрак (гл.).
Кубра́к 2 ’мужчынскае суконнае верхняе адзенне (кароткае, вышэй калена)’ (Нар. сл., З нар. сл.). Польск. kubrak ’куртка, халат з простага сукна’. Калі лічыць, што кубрак узыходзіць да *кубур‑ак, можна меркаваць аб запазычанні з тур. kubur ’пакрывала, футляр’. На карысць гэтай гіпотэзы сведчаць такія турцызмы, як рум. cubur ’род адзення’ і інш. (Слаўскі, 3, 299).
Ку́брык ’жыллёвае памяшканне на караблі для каманды’ (ТСБМ). Запазычанне праз рус. кубрик з гал. koebrug ’ніжняя палуба’ (Фасмер, 2, 396–397).
Кубырко́м ’кулём’ (ТС). Да рус. кувырком ’тс’.
Кува́дла ’кавадла’ (Нас., Мядзв., Грыг.). Гл. кавадла.