Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Крэж1 ’дрэва, у якім асяродак не ў цэнтры’ (Шатал., Клім.), ’унутраная амярцвелая частка дрэва’ (Жыв. сл.), ’хвоя з крохкай і цвёрдай драўнінай’ (ТС). Рус. кряж ’вялікае моцнае дрэва’, ’калодны вулей’, ст.-рус. кряжь ’брус’. Першапачаткова ’круглы брус’ да прасл. kr^gъ ’круг’ з іншай ступенню аблаўта (прасл. kręg‑jь) (Фасмер, 2, 391).

Крэж2 ’прыбярэжная мель на возеры’ (Нар. лекс.). Укр. кряж ’бугор’. Да * kręg‑jь ’акруглы’. Гл. крэж©.

Крэж3 ’абрыў на дне возера; паглыбленне, яма’ (Яшк.). Гл. крэж2.

Крэ́йга ’канец страхі, які звісае над сцяною’ (Сцяшк. Сл.). Іншы варыянт крайка ’верх страхі’ (гл.). Польск. krejga ’вільчык, верх страхі’. Запазычанне з балтыйскіх дыялектаў. Параўн. літ. kraigas ’тс’ (Урбуціс, Baltistica, 5 (1), 64; Непакупны, Kalbotyra, 25 (2), 73–74; Грынавецкене і інш. LKK, 16, 179–180; Лаўчутэ, Балтизмы, 46–47).

Крэ́йда ’мел’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Яшк., Касп., Грыг.). Укр. крейда, рус. (паўдн.-зах.) крейда ’тс’. Запазычанне праз польск. krejda, kreda з лац. crēta ’тс’. Форма krejda запазычана з с.-в.-ням. kride (ням. Kreide) (Слаўскі, 3, 82).

Крэ́йзаць ’крэмзаць’ (Жыв. сл., Нар. лекс., Нар. словатв.). Кантамінацыя крэмзаць (гл.) і кроіць (гл.).

Крэ́йка ’верх страхі, дзе сходзяцца скаты’ (Сцяшк., Мат. АС). Гл. крэйга.

Крэ́йсер ’тып ваеннага карабля’ (ТСБМ). Праз рускую мову з гал. kruiser ’тс’ (Шанскі, 2, 8, 379).

Крэ́касць ’топкае балота’ (Сцяшк., Яшк., Сл. паўн.-зах., Федар., Шатал.), кракаць, гл. кратавінне. Параўн. кракталі.

Крэкта́ць1 ’пра жаб’ (ДАБМ). Гл. крактаць. Параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 143.

Крэкта́ць2 ’гусцець’. Разглядаецца як балтызм. Параўн. літ. krekti ’тс’ (Грынавецкене і інш., LKK, 16, 180; Лаўчутэ, Балтизмы, 143).

Крэм1 ’кандытарскі выраб’ (ТСБМ). Праз рус. крем запазычана з франц. creme ’смятанка, крэм’ (Шанскі, 2, 8, 380).

Крэм2 ’дрэва, прыгоднае для вырабу пчаліных борцяў або ўжо прыстасаванае для пчол’ (Яшк.), ’соты ў вулеі, дзве вымерлі пчолы’ (Гарб.). Параўн. рус. крем‑деревцо ’асобнае моцнае разгалінаванае дрэва’, кремь ’моцная будаўнічая сасна, будаўнічы лес’. Да прасл. kromъ (гл. кром1).

Крэ́мень ’цвёрды мінерал, які выкарыстоўвалі для высякання агню’ (ТСБМ, Маш., Яруш.). Укр. кремінь, рус. кремень ’тс’, ст.-слав. кремы, кремене, балг. кремен, макед. кремен, серб.-харв. кре̏мен, славен. krémen ’тс’, польск. krzemień, чэш. křemen, славац. kremeň, в.-луж. křemjeń, н.-луж. kśeḿeń, палаб. kremin ’тс’. Прасл. kremy, kremene. У якасці адпаведніка ў балтыйскіх мовах толькі лат. kręms ’тс’. Да kremъ/kromъ (параўн. кашуб. křem ’крэмень’ і кром1). Гл. кром1. Калі зыходнай формай з’яўляецца kremъ, тады трэба пагадзіцца з тымі, хто тлумачыць марфалогію прасл. kremy, kremene як кантамінацыйную: kremъ пад уплывам kamy, kamene (крэмень — цвёрды камень) (Траўтман, 141; Атрэмбскі, LP, 1, 136–138). Параўн. яшчэ Тапароў, K–L, 176–177; Махэк, LF, 72. 75.