слі́мень

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. слі́мень слі́мені
Р. слі́меня слі́меняў
Д. слі́меню слі́меням
В. слі́меня слі́меняў
Т. слі́менем слі́менямі
М. слі́мені слі́менях

Крыніцы: nazounik2008, piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Слім, слым ‘вераценніца’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл.). Гл. слімень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́зень ‘слізняк, смоўж’ (Ян., ТС), слі́зянь ‘вераценца’ (віл., Сл. ПЗБ), параўн. укр. сли́зень ‘тс’. Да слізкі (гл.) па тыпу слівень, слімень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́вень ‘род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі’ (ТСБМ), ‘род злой, гавораць сляпой, змяі’ (Нас.), ‘мядзянка (змяя)’ (Байк. і Некр.), ‘род змяі’ (Касп.), сьлі́веньслімень, медзяніца-гадзюка’ (Бяльк., Сцяшк.), слі́вянь, слі́вень ‘вераценніца, якую лічаць ядавітай змяёй’ (Сл. ПЗБ). Рус. зах. сли́вень ‘тс’, польск. дыял. śliwień ‘ядавітая змяя’. Паводле Фасмера (3, 670), табуістычнае пераўтварэнне з сле́пень (гл. сляпень, як другую назву вераценніцы, Сл. ПЗБ) пад уплывам сліва, таму што змяя мае свінцова-шэрую афарбоўку; мала верагодным ён лічыць запазычанне з літ. slibinas, slykỹnas ‘казачны злы змей’, як гэта мяркуе Карскі (РФВ, 49, 21); прыводзіцца сярод слоў, балтыйскае паходжанне якіх цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 148). Параўн. слімень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРАЦЕ́ННІЦА ЛО́МКАЯ

(Anguis fragilis),

яшчарка сям. вераценніцавых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на Каўказе, у паўн. Іране, Зах. Сібіры. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах, на ўзлесках, палянах, высечках, абочынах дарог. На Беларусі трапляецца ўсюды, найчасцей на З і ПдЗ; нар. назвы слімень, слівень, мядзянка, мядзяніца.

Даўж. цела да 26,5 см (з хвастом да 60 см). Бязногая. Маладыя веранніцы ломкія афарбаваны ў серабрыста-белы і бледна-крэмавы (з залатым адлівам) колер, бакі і бруха чорна-бурыя або чорныя. Дарослыя вераценніцы ломкія маюць ярка-карычневую або цёмна-шэрую афарбоўку з медным або бронзавым адценнем. Луска цвёрдая, гладкая. Характэрна аўтатамія хваста. Корміцца дажджавымі чарвямі, наземнымі малюскамі, лічынкамі насякомых, мнаганожкамі і інш. Яйцажывародная.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скле́зень ‘малы, малеча’ (Нас., Касп., Бяльк.), ‘пра слабую, худую (звычайна маладую) істоту’ (Янк. Маг., Барад.), ‘хілае, капрызнае дзіця’ (Юрч., Яўс.), ‘худы чалавек, няўдаліца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘слізень’ (Бяльк.), склязнёнак ‘фізічна слабая істота’ (Мядзв.), ‘нованароджанае недаразвітае дзіця’ (Мат. Маг.). Панюціч (Лексіка, 86) выводзіцца ад скліць ‘скуліць, ныць’ (гл.), параўн. скліза ‘кволае, хваравітае дзіця’ (Юрч.), што ў далейшым было набліжана да склізкі (гл.), параўн. склізня́ ‘смоўж’, ‘капрызная дзяўчынка’, ‘слізота, галалёд’ (Яўс.), склі́зень ‘слізняк’, ‘нікчэмны чалавек’ (Нар. Гом.). Не выключаны, як пачатковая аснова, дзеяслоў склець ‘чэзнуць’ (гл.). Аб суф. ‑з(а), ‑ень, ‑інь, якія ўтвараюць экспрэсіўныя назвы асоб, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38, 41, параўн. слімаза, слімень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)