адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак.ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.
Літ.:
Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;
Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЭ́ЙКАВАЯ ВАЙНА́»,
умоўная назва аперацый сав. партызан па адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый на акупіраванай гітлераўцамі тэр. Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны і Арлоўскай, Бранскай, Калінінскай, Ленінградскай, Смаленскай абл. Расіі ў Вял.Айч. вайну. Аперацыі «Р.в.» планаваліся ЦШПР і праводзіліся звычайна напярэдадні ці ў час наступлення Чырв. Арміі на франтах. На Беларусі ў 1943—44 «Р.в.» праходзіла ў 3 этапы. 1-ы этап пачаўся ў ноч на 3.8.1943, калі каля 74 тыс. партызан нанеслі ўдар па чыг. камунікацыях акупантаў у час контрнаступлення сав. войск пад Курскам, і працягваўся да сярэдзіны вер. 1943. За перыяд з 16 ліп. да 5 жн. 1943 сав. лётчыкі за 90 вылетаў даставілі бел. партызанам 144 т грузаў (тол, міны, бікфордаў і дэтануючы шнуры і інш. сродкі баявога забеспячэння). Было ўзарвана больш за 121 тыс. рэек, поўнасцю выведзены са строю чыгункі Бабруйск — Старушкі, Жлобін — Калінкавічы, Цімкавічы — Асіповічы, не дзейнічалі ўчасткі Полацк — Маладзечна 15 дзён, Мінск — Маладзечна 10 дзён, на чыг. Магілёў — Крычаў, Полацк — Даўгаўпілс, Магілёў — Жлобін рух быў спынены на працягу жніўня, таму перавозкі для групы ням. армій «Цэнтр» скараціліся на 40%. 2-і этап, пад умоўнай назвай «Канцэрт», праводзіўся з 19 вер. да пач.ліст. 1943. 3-і этап пачаўся ў ноч на 20.6.1944 і працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі. Самалётамі партызанам было дастаўлена 52 т толу, каля 200 тыс. капсуляў-дэтанатараў, шмат зброі і боепрыпасаў. Падарвана 61 тыс. рэек, знішчана 8 чыг. мастоў, чым поўнасцю выведзены са строю найб. важныя чыг. лініі. Упершыню ў гісторыі вайны партызаны правялі аперацыю такога маштабу і з такімі вынікамі ў цесным аператыўна-тактычным узаемадзеянні з Чырв. Арміяй, што мела аператыўна-стратэгічнае значэнне ў ходзе яе наступлення.
Літ.:
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 2—3. Мн., 1984—85;
Пономаренко П.К. Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков, 1941—1944 М., 1986. С. 223—264;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 547.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНУА́Р ((Renoir) П’ер Агюст) (25.2.1841, г. Лімож, Францыя — 17.12.1919),
французскі жывапісец, графік, скульптар; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. З 1845 жыў у Парыжы. У 1854—58 працаваў у майстэрні па размалёўцы фарфору і адначасова займаўся ў Школе малюнка і дэкар. мастацтваў. У 1862—64 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у майстэрні Ш.Глейра, дзе зблізіўся з К.Манэ, А.Сіслеем. У ранніх творах зазнаў уплыў Г.Курбэ («Карчма матухны Антоні», 1866; «Дыяна», 1877). На мяжы 1860—70-х г. перайшоў да жывапісу на пленэры, апрабоўваў метад перадачы вібрыруемай святло-паветранай прасторы ў пейзажы; выпрацаваныя прынцыпы перанёс і на выявы людзей («Купанне на Сене», 1869). Паступова яго пісьмо станавілася празрыстым, палітра больш светлай, каларыт насычаўся тонкімі рэфлексамі, мяккімі кантрастамі цёплых па тоне ценяў і багатых серабрыста-жамчужнымі адценнямі асветленых зон («Ложа», 1874). Пры выяўленні бытавых, нібыта выпадковых эпізодаў і жыццёвых сітуацый, Р. аддаваў перавагу святочным сцэнам гар. жыцця — балям, танцам, прагулкам («Мулен дэ ла Галет», 1876; «Танец у Бужэвалі», 1883). Асаблівае месца ў яго творчасці займаюць паэт. і абаяльныя вобразы жанчын («Пасля абеду», «Парасонікі», 1879; «Мадэмуазель Грымпель з блакітнай стужкай», 1880; партрэт актрысы Жанны Самары, 1877). У выяўленні аголенай натуры ён дасягнуў рэдкай вытанчанасці карнацый, пабудаваных на спалучэнні цёплых цялесных тонаў з лёгкімі зеленаватымі і шэра-блакітнымі рэфлексамі, што надаюць гладкасць і матавасць паверхні палатна («Аголеная жанчына сядзіць на кушэтцы», 1876). Як выдатны каларыст часта дасягаў. уяўлення манахромнасці жывапісу з дапамогай найтанчэйшых спалучэнняў блізкіх па колеры тонаў («Дзяўчаты ў чорным», 1883). З 1880-х г. усё больш імкнуўся да класічнай яскравасці і абагульненасці форм, жывапісу ўласцівы рысы дэкаратыўнасці і ідылічнасці («Вялікія купальшчыцы», 1884—87). Лаканізм, лёгкасць і паветранасць штрыха ўласцівы шматлікім малюнкам і афортам. Аўтар скульптур «Венера-пераможца», «Суд Парыса» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Імпрэсіянізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФО́РМА ДЗЯРЖА́ЎНАЙ ВЁСКІ 1830—50-х ГАДО́Ў,
сістэма мер у Рас. імперыі, накіраваных на ўздым прыбытковасці дзярж. маёнткаў, прыпыненне працэсу абеззямельвання і збяднення дзяржаўных сялян, змяншэння сац. напружання ў вёсцы. Аўтар і распрацоўшчык рэформы граф П.Дз.Кісялёў. Рэформа праводзілася па 3 асн. кірунках: перабудова кіравання, арганізацыя «апякунства» і люстрацыя 1840—50-х г. У выніку перабудовы кіравання дзяржаўнай вёскай агульнакіраўнічыя функцыі, раней сканцэнтраваныя ў дэпартаменце дзярж. маёмасцей мін-ва фінансаў, з 1.1.1838 перадаваліся новаму мін-ву дзярж. маёмасцей (міністр Кісялёў). Ніжэйшыя ступені кіравання фарміраваліся паводле «Устанаўлення аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях» і «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці» ад 28.12.1839, якое ўлічвала мясц. асаблівасці. На Беларусі ўстанаўліваліся 3 адм. ярусы кіравання дзярж. вёскай: губерня — акруга — сельскае ўпраўленне. Функцыі валасной адміністрацыі ў бел. губернях былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сял. выбарнымі. Новы адм. апарат пачаў дзейнічаць з крас. 1840. У кампетэнцыю губ. органаў — палат дзярж. маёмасцей уваходзілі выбар форм кіравання дзярж. маёнткамі, правядзенне рэвізій, люстрацый, ахова грамадскага парадку, пытанні харч. і мед. дапамогі і інш. Акруговая адміністрацыя займалася непасрэднай арганізацыяй сельскіх грамад. Органы сельскіх упраўленняў (сельскія сход, управа, стараста) займаліся землеўладкаваннем, раскладкай падаткаў і збораў паміж сялянамі і інш.Абшчына, адроджаная ў дзярж. маёнтках Беларусі пасля далучэння да Расіі, у выніку рэформы была максімальна набліжана да агульнарас. ўзору. На Беларусі ўзнікла арэнда сялянамі зямельных угоддзяў. Палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі заключалася ў арганізацыі харч. дапамогі сялянам праз спец. хлебазапасныя магазіны. Для арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзярж. сялян у сельскіх грамадах адчыняліся прыходскія школы. Дзярж. маёнткі забяспечваліся фельчарамі, павітухамі, сялянам пачалі рабіць прышчэпкі. Люстрацыя 1840—50-х г. — асн. частка рэформы — мела на мэце правядзенне дакладнага ўліку сял. даходаў, раўнамернае надзяленне дзярж. сялян зямлёй, рэгламентацыю павіннасцей (перавод з паншчыны на грашовы аброк і інш.). Гал. вынік рэформы — адмова ад прыгоннай сістэмы і пераход на аброк. Адбыліся перамены і ў прававым становішчы дзярж. сялян (прызнаваліся грамадз. свабоды, што адрознівала іх ад памешчыцкіх падданых).
Літ.:
Конюхова Т.А. Государственная деревня Литвы и реформа ПД.Киселева, 1840—1857 гг.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́ЎСКІ (Анатоль Вікенцьевіч) (н. 27.5.1932, в. Андрыеўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. тэатразнавец, крытык, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1974), праф. (1975). Ганаровы д-р навук Ташкенцкага ін-та мастацтваў імя М.Уйгура (1998). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (у 1990—93 заг. аддзела міжнар.культ. працэсаў). З 1961 выкладае ў Бел.АМ (у 1972—90 заг. кафедры, у 1984—89 рэктар), з 1993 у Бел. ун-це культуры (у 1993—2000 заг кафедры), адначасова ў 1992—98 гал. рэдактар час. «Тэатральная Беларусь» («Тэатральная творчасць»), Даследуе пытанні гісторыі тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, драматургіі, узаемасувязей бел.тэатр. мастацтва з культурамі інш. народаў, творчасць дзеячаў сцэны. Укладальнік, рэдактар тэкстаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да кн. «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—2, 1975; 2-е выд.т. 1—3, 1997—2000), аўтар раздзелаў да кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983); складальнік, рэдактар і аўтар артыкулаў да кн. «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—98), рэдактар і аўтар уступных артыкулаў у кн. «Беларуская драматургія» (кн. 1—4, 1994—97), аўтар раздзела «Беларускі тэатр» у кн. «Савецкае акцёрскае мастацтва, 50—70-я гг.» (1982), аповесці «Жылі-былі хлопцы...» (1961), апавяданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ЕЎРО́ПЫ (СЕ; англ. Council of Europe, франц. Conseil de l’Europe),
найстарэйшая міжпарламенцкая і міжурадавая кансультатыўная паліт.арг-цыяеўрап. дзяржаў, утвораная ў 1949 для садзейнічання інтэграцыйным працэсам у галіне правоў чалавека. Статут арг-цыі падпісаны 5.5.1949 (набыў сілу 3.8.1949) у Лондане на канферэнцыі 10 дзяржаў-заснавальніц (Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, Ірландыя, Італія, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Францыя, Швецыя). Пазней у СЕ уступілі Грэцыя і Турцыя (1949), Ісландыя (1950), ФРГ (1951), Аўстрыя (1956), Кіпр (1961), Швейцарыя (1963), Мальта (1965), Партугалія (1976), Іспанія (1977), Ліхтэнштэйн (1978), Сан-Марына (1988), Фінляндыя (1989), Венгрыя (1990), Польшча (1991), Чэшская і Славацкая Федэратыўная Рэспубліка (1991, з 1993 асобна Чэшская і Славацкая Рэспублікі), Балгарыя (1992), Эстонія, Літва, Славенія, Румынія (усе ў 1993), Андора (1994), Албанія, Латвія, Македонія, Малдова, Украіна (усе ў 1995), Расія і Харватыя (1996), Грузія (1999); усяго 41 дзяржава (1999). Статус назіральніка маюць Ізраіль (з 1961) і ЗША (з 1996). Займаецца шырокім колам пытанняў чалавечага вымярэння: ад абароны правоў чалавека, умацавання дэмакр. шматпарт. рэжымаў, выпрацоўкі захадаў для вырашэння агульных праблем грамадскага жыцця, фарміравання агульнаеўрап. культ. супольніцтва да барацьбы з тэрарызмам. Спрыяе уніфікацыі заканадаўства розных краін у галіне правоў чалавека. Праводзіць экспертызу ўзроўню абароны правоў асобы ў канкрэтнай краіне, у яе заканадаўстве і на практыцы. Органамі СЕ, рашэнні якіх маюць рэкамендацыйны характар, з’яўляюцца: К-т міністраў (уваходзяць міністры замежных спраў краін-членаў), Парламенцкая асамблея (уваходзяць прадстаўнікі нац. парламентаў дзяржаў-членаў), Ген. сакратарыят, Кангрэс абшчын і рэгіёнаў Еўропы. Пры СЕ функцыянуе шэраг спецыялізаваных устаноў — Еўрап. суд па правах чалавека, Еўрап. камісія па правах чалавека, Савет культ. супрацоўніцтва. Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Страсбур (Францыя) у Палацы Еўропы. Сімвал СЕ — зацверджаны 8.12.1955 еўрап. флаг (12 залатых зорак, размешчаных па крузе на блакітным фоне).
У 1993 упершыню адбыўся афіц. візіт ген. сакратара СЕ К.Лалюм’ер у Рэспубліку Беларусь. У 1993 Беларусь накіравала афіц. заяву з просьбай аб уступленні ў СЕ, у 1997 статус рэспублікі ў гэтай арг-цыі як «спецыяльна запрошанай» прыпынены.
Літ.:
Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі. Пер. з англ.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДА́РНАСЦЬ,
сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.А.Бакунін, П.А.Крапоткін, П.Л.Лаўроў, Л.І.Мечнікаў, М.К.Міхайлоўскі і інш). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.
Літ.:
Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв.Т. 2. М., 1965;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
старэйшы рус. харавы прафес. калектыў. Бярэ пачатак ад заснавання ў 1479 у Маскве мужчынскага хору (т. зв. гасударавых пеўчых дзякаў, з 17 ст. ў ім спявалі і хлопчыкі), з 1703 у Пецярбургу, з 1763 — імператарская Прыдворная пеўчая капэла, з 1918 — Нар. акадэмія, з 1922 — Дзярж.акад. капэла, з 1954 — Ленінградская акад. капэла імя Глінкі, з 1992 — сучасная назва. У 1740—1844 пры капэле перыядычна працавалі інстр., з 1846 — дырыжорскія (рэгенцкія) класы, з 1858 — муз. школа, з 1922 — харавы тэхнікум, з 1945 — харавое вучылішча, з 1955 самаст. ўстанова. Як цэнтр рус. харавой культуры ўздзейнічала на фарміраванне традыцый хар. выканальніцтва і на стыль хар. пісьма без суправаджэння (a capella). У канцы 19 ст. — замкнуты царкоўны хор. З 1920 у складзе хору і жаночыя галасы. Акрамя культавай музыкі ў яе рэпертуары лепшыя творы кантатна-аратарыяльнага жанру кампазітараў 17—19 ст., класічныя і сучасныя хоры a capella, апрацоўкі нар. песень, кантаты, араторыі. Капэлай кіравалі: М.Палтарацкі (1763—95), Дз.Бартнянскі (1796—1825), Ф.П.Львоў (1825—36), А.Ф.Львоў (1837—61), М.Бахмецеў (1861—83), М.Балакіраў (1883—94), А.Арэнскі (1895—90), С.Смаленскі (1901—03), А.Шарамецеў (1904—17). У 1837—39 у ёй працаваў Глінка, у 1883—94 — М.Рымскі-Корсакаў. Вядучую ролю ў яе перабудове адыграў дырыжор М.Клімаў (1917—35). Сярод інш. дырыжораў М.Данілін (1936—37), А.Свешнікаў (1937—41), Л.Кудраўцава (1941—43), А.Анісімаў (1955—65), У.Мінін (1965—67), Ф.Казлоў (1967—72), А.Міхайлаў (1972—74), У.Чарнушэнка (з 1974). У праграме капэлы класіка і творы рус. кампазітараў (20 ст.), у т. л. Г.Свірыдава, В.Салманава, Р.Шчадрына, А.Фляркоўскага, С.Сланімскага і інш. У 1981 капэлай праведзены фестываль «Неўскія асамблеі», які складаўся з цыкла гіст. канцэртаў «Пяць вякоў рускай харавой музыкі».
Літ.:
Ершов А. Старейший русский хор Ленинградской государственной академической капеллы им. М.И.Глинки, 1703—1978. Л., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІН ((Sorokin) Піцірым Аляксандравіч) (21.1.1889, г.п. Жэшарт, Комі, Расія — 10.2.1968),
руска-амерыканскі сацыёлаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Лідэр правага крыла эсэраў. З 1917 гал. рэдактар газ. «Воля народа», сакратар А.Ф.Керанскага. З 1920 праф. Петраградскага ун-та. У 1922 эмігрыраваў у Прагу. З 1923 у ЗША. З 1924 праф. Мінесоцкага, у 1930—59 — Гарвардскага ун-таў. З 1964 старшыня Амер. сацыялагічнай асацыяцыі. Сацыялагічная канцэпцыя С. фарміравалася пад уплывам Я.В.Раберці, М.М.Кавалеўскага, Л.І.Петражыцкага, Э.Дзюркгейма і інш. Характарызаваў сістэму сваіх сацыялагічных поглядаў як «разнавіднасць эмпірычнага неапазітывізму ці крытычнага рэалізму». Сацыялогію як навуку прадстаўляў у выглядзе 4 раздзелаў: агульнае вучэнне пра грамадства; сац. механіка (вывучэнне заканамернасцей і механізмаў грамадскага жыцця); сац. генетыка (даследаванне паходжання і развіцця грамадства і грамадскіх ін-таў); сац. палітыка (канцэпцыі прагрэсу грамадства і прапановы пэўных сродкаў для паляпшэння грамадскага жыцця). У анталагічным аспекце разглядаў грамадства як «сац. душу», «свет каштоўнасцей». Гіст. працэс уяўляў як цыклічную флуктуацыю пэўных тыпаў культур. Сярод асн. тыпаў культур вылучаў пачуццёвы (характарызуецца перабольшваннем значэння пачуццёвага ўспрымання свету); ідэацыянальны (вызначаецца дамінантай рацыянальнага мыслення); ідэалістычны (звязаны з інтуітыўным пазнаннем рэчаіснасці). Крызісны стан зах. грамадства 20 ст., на думку С., абумоўлены набліжэннем да пачуццёвага тыпу культуры. Выхад з крызісу бачыў у адмове ад спажывецкай псіхалогіі і імкненні да ідэацыянальнага тыпу культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі мабільнасці сацыяльнай і сацыяльнай стратыфікацыі. Адзін з заснавальнікаў канвергенцыі тэорыі. Будучыню цывілізацыі звязваў з інтэгральным тыпам грамадскага ладу, які пераадолее негатыўныя і аб’яднае лепшыя бакі капіталізму і сацыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Дальняя дорога: Автобиогр. М., 1992;
Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Система социологии. Т. 1—2. М., 1993;
Общедоступный учебник социологии;
Статьи разных лет. М., 1994;
Главные тенденции нашего времени. М., 1997;
Преступление и кара, подвиг и награда: Социол. этюд об основных формах обществ. поведения и морали. СПб., 1999.
Літ.:
Канев С.Н. Путь Питирима Сорокина. Сыктывкар, 1990;