налі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; пр. наліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. наліся; зак.

1. Нацячы, пранікнуць куды‑н. Налілася вада ў пограб.

2. Напоўніцца якой‑н. вадкасцю. Лодка налілася вадой.

3. перан. Змяніць колер, афарбоўку. Хмара налілася густою сінню. □ Залацістай чырванню налілася неба за Свіслаччу. Новікаў.

4. Напоўніцца сокамі (пра плады, зерне і пад.). Яблыкі наліліся. □ Наліліся сокам Спелыя брусніцы, І абапал сцежак Выраслі грыбы. Грахоўскі. Жыта стала ўжо бурае, і нават адсюль відаць, што колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.

5. перан. Напоўніцца якой‑н. якасцю (здароўем, сілай, злосцю і пад.). Зноў наліліся сілаю мускулы, выпрасталася спіна, перасталі ныць ногі, рассеяўся дакучлівы тлум у галаве. С. Александровіч. Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем. Быкаў.

•••

Наліцца кроўю — пачырванець ад прыліву крыві. Абраза і гнеў запоўнілі сэрца хлопчыка. Яго вочы наліліся крывёю, сціснуліся кулачкі. Шамякін.

Наліцца слязамі — напоўніцца слязамі (пра вочы). Міця адчуў, што вочы наліліся слязамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Муда́к ’павольны, нерашучы’ (Касп.), ’дурань’ (брасл., швянч., дзятл., Сл. ПЗБ). Да прасл. mǫditi, якое ў выніку дэназалізацыі, (што Фасмер (2, 669) лічыць малаімаверным) змянілася ў muditi: рус. му́дить ’марудзіць, спазняцца’, польск. mudzić ’мітрэнжыць, мардаваць, марудзіць, адцягваць, спазняцца’, mudzić się ’нудзіцца, доўжыцца’, чэш. апаўск. zmuditi ’сарваць, перашкодзіць’, zmuditi se ’вагацца’, н.-, в.-луж. komuda ’затрымка’, н.-луж. komuźiś, в.-луж. komudzić ’затрымацца’, komudny ’гультаяваты, павольны’, komudzić ’марудзіць’, славен. mudíti ’тс’, балг. муден ’павольны, вялы, непаваротлівы’, макед. мадро, мадру ’спакойна, смірна’, ст.-слав. моудити ’адкладваць’, прѣмоудити ’спазніцца’. Махэк₂ (382) звязвае прасл. muditi са ст.-інд. manda‑ ’гультаяваты, нерашучы, марудны’. Скок (2, 475) лічыць, што ‑u‑ аснова ўзыходзіць да і.-е. ‑ou‑, і параўноўвае з літ. maudà ’клопат’, maudúotiныць, сумаваць, смуткаваць’, ст.-інд. mauda‑ ’павольны, гультай’. Блесэ (SB, 5, 15–16) генетычна суадносіць рус. мудить ’марудзіць, спазняцца’ з лат. mūdities ’цягнуцца, сунуцца’, што Лаўчутэ (Балтизмы, 146) лічыць недастаткова аргументаваным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.), мн. л. пялёсткі перан. ’губы’: пялёсткі развесіць іран.ныць, румзаць’ (Даніл. Сл.). Няясна. Магчыма, метатэза з рус. лепесто́к ’асобны лісток з вяночка кветкі’; аднак не выключана сувязь з пе́лесць ’вуха (канец) у ночвах або карыце; пласт’ (Нас.), з унутранай формай ’пластоў перыферыйная плоская частка прадмета’, сюды ж, магчыма, польск. мазав. pieleść ’хвост бабра’ (1472), якое Банькоўскі (2, 551) ідэнтыфікуе з бел. пелесць (пра “хвост” ночваў) і чэш. дыял. pelest (пра “хвост” ложка, печы, карыта), якія разглядаюцца як “рэліктавыя” словы няяснага паходжання (гл. таксама Махэк₂, 443). Борысь (SFPS, 23, 106) з далучэннем паўднёваславянскіх фактаў, параўн. балг. радопск. пе́лест, пелестьо́ ’выступаючая частка хаты, дзе сушаць адзенне, плады і інш.’ рэканструюе *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’, якое абагульняецца як ’выступаючая ці прыпаднятая частка чаго-небудзь’ (БЕР, 5, 139). Параўн. і пе́лясць ’біла ложка’ (Сцяшк. Сл.), пе́лішчы (piéliščy) ’папярочныя канцы начовак, карытаў і чаўноў’, пе́люшцы ’закраіны ў начоўках’ (ТСБМ, Варл.). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1991–1993, 32–45. Гл. пялюстка, пелюсць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчыме́ць, ‑міць; незак.

1. Востра балець, пячы ад драпін, раздражнення і пад. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч. На першай галіне хлопчык парашыў адпачыць, бо балюча шчымелі запэцканыя ў смалу рукі. С. Александровіч. На руках шчымелі расціснутыя мазалі. Місько. / у безас. ужыв. Ад .. [дыму] душыла ў грудзях і шчымела ў горле. Казека.

2. Ныць, балець тупым болем. Успомніўшы пра хворасць сэрца, якое часта шчымела раней, у Адэсе да дактароў звярнуўся Калачынскі. Бялевіч. Шчымяць яго старыя раны, Нібыта чуе посвіст куль. Свірка. Пілі з парога ваду нагбом, Аж зубы шчымелі. Грачанікаў. // перан. Пра душэўныя пакуты, перажыванні. Сэрца .. [Марыі] шчымела ад нейкага незразумелага, трывожнага прадчування. Марціновіч. Тры месяцы .. [Шэлег] у лесе, а ўсё адно не перастае шчымець душа. Навуменка. / у безас. ужыв. У душы .. [Адама] шчымела, усё гняло яго. Чорны. // Хваляваць, турбаваць каго‑н., пастаянна напамінаць пра сябе. Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. Мележ.

3. Выклікаць адчуванне прыгнечанасці, суму, нуды і пад. Крыўда болькай шчымела ў Іванавых грудзях. Мыслівец. Так, гора сціхае, і боль атухае, і роспач перастае шчымець. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліпе́ць1 ’ледзь трымацца’, ’жыць, не падаючы надзей на сілу, на працяглае жыццё’ (Нас., Грыг., Янк. БП, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Янк. I, ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; бялын., докш., Янк. Мат., КЭС, лаг., Яўс.) і ліпецца ’тс’. Шальч. ’балець, ныць’, віл., паст. ’вельмі хварэць, ледзь жыць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ніжнегар., ярасл., уладз., бран., смал., ульян., сарат. липеть ’ледзь трымацца’. Генетычна роднасным да іх з’яўляецца літ. klibė́ti ’хістацца’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 230). Параўн. таксама хліпе́ць, хлі́пкі (гл.). Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 658) параўноўвае бел. лексему з літ. lypė́ti ’выжыць’, léipėti ’млець’.

Ліпе́ць2 ’гарнуцца, хіліцца’ (Нас., Касп.). Рус. липеть ’тс’, ’прылягаць’, ст.-рус. льпѣти, лпѣти ’прыліпаць, ляпіцца’, польск. lpieć ’быць прылепленым, моцна трымацца’, падгальск. ’быць цярплівым’, чэш. lpíti, lpěti ’моцна трымацца чаго-небудзь’, ’ліпнуць’, ’быць прывязаным’, ст.-чэш. lpieti ’гарнуцца, ляпіцца’, славац. lpieť, славен. lępę́ti ’тс’, ст.-слав. при‑льпѣти ’гарнуцца’, ’прыстаць, прыліпнуць’. Прасл. lьpěti ’прылягаць, быць прылепленым’ > усх.-слав. лі‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. lipyáte ’лепіцца, прылягае’, літ. lìpti ’ліпнуць, прыліпаць’ (Слаўскі, 4, 342; там жа і літаратура).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Млець ’траціць прытомнасць, свядомасць’, ’абміраць’, ’слабнуць, нямець’, ’вянуць’, ’баяцца’, ’доўга парыцца ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Шат., Гарэц., Растарг., ТС; тураў., КЭС; КЭС, лаг.; смарг., Сл. ПЗБ). Укр. млі́ти, рус. млеть, ст.-рус. мьдлити, польск. mdleć, чэш. omdlíti, ст.-чэш. mdléti, славац. mdlieť, славен. medléti, medȅl, medlȇn ’слабы, худы’, харв. mlȇdan ’худы’, ст.-ц.-слав. мъдлъ. Не зусім яснае слова. Паводле Скока (2, 442), харв.-славен. прыметнікі — самастойныя ўтварэнні з blijed ’бледны, цьмяны’. Бязлай (2, 175) супастаўляе славен. medléti з рус. модеть ’слабець’ (гл. бел. мадзе́ць) і з медленный (як Бернекер, 2, 64 і Фасмер, 2, 632), але і з літ. maũstiныць, сумаваць, быць прыгнечаным’, выводзячы прасл. форму mъdъlъ — другую ступень рэдукцыі да muditi, аднак дапускаючы таксама і кантамінацыю розных блізкіх лексем: maleti, mleti, mlahav. Махэк₂ (356–357) апрача рус. медлить дадае яшчэ меледа́ ’прамаруджванне’, выводзячы прасл. форму mьdъ, а паводле меледи́тьmeld‑. Сюды ж бел. мля́вы ’пазбаўлены бадзёрасці, вялы, слабы, стомлены, павольны’ (ТСБМ) < мляўкі ’тс’, ’парны, гарачы, які даводзіць да млявасці’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.), млевота ’стомленасць’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjan ’прыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йка1 ’садавіна накшталт яблыкаў’, ’дрэва з пладамі накшталт яблыкаў’ (Мат. Гом., Юрч.). Вытворнае ад рай1 (гл.) > райскі яблычак, што вынікае з біблейскай фразеалогіі, і з’яўляецца сцяжэннем гэтага выразу. Не з’яўляецца пераносам ад назвы дрэва да назвы плоду, а наадварот, спачатку азначала назву плоду, перанос на назву дрэва пазнейшы. У іншых славянскіх мовах падобная назва можа азначаць ’памідор’, а не ’яблык’. Параўн. чэш. rajské jablíčko > rajče ’памідор’, rajský ’таматны’, пры гэтым чэш. rajka ’райская птушка’. Адначасова развіваецца паралельная да форм з каранёвым рай‑ асобная назва з іншым коранем як, напрыклад, у харв. rajčica і paradajz ’памідор’ ці славен. paradižnik ’тс’, што з’яўляецца сцяжэннем выразу, калькаванага з ням. Paradiesapfel ’памідор’ (Глухак, 516).

Ра́йка2 ’дарадца’ (Бяльк.), ра́дзька ’тс’ (Гарэц.), райко́ ’жанаты ўдзельнік вяселля з боку маладога, маршалак’ (бельск., Зяленін, Описание, 1). Форма ад раіць, азначае даслоўна ’той, хто раіць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑к(а), прадуктыўнага ў бел. народнай мове, які стварае асабовыя формы па дзеянні, агульнага роду, часта з экспрэсіяй непахвальнасці, параўн. стыдзька ад стыдзіцца, марудзька ад марудзіць, ныцька ад ныць, будзька ад будзіць, проська ад прасіць і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 46, 47), адпаведна, райка ад раіць, як і радзька ад радзіць. Гл. ра́йца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)