Важда́цца ’займацца чым-небудзь, корпацца’ (БРС, Мядзв.), важгацца ’тс’ (Шат.), важданіна ’корпанне’ (КТС). Рус. возжаться, вожжаться ’вазіцца, быць у любоўнай сувязі’, важдаться ’тс’, важдать ’вадзіць, абняслаўліваць’, важдение ’хлусня’, важда ’марока, насланнё’, вожданина ’непатрэбная затрымка ў працы’, укр. ваджува́тися ’прывязвацца, прычэплівацца да каго-небудзь’. Варыянты са ‑жд‑, ‑жж‑, ‑зж‑, ‑зг‑ з’яўляюцца, відаць, вынікам экспрэсіўнага ўжывання дзеяслова і кантамінацый з ва́дзіць, прынаджваць, вазіцца і іншымі словамі. Слова важдацца таго ж паходжання, што і бел. вожка, рус. вожжи, польск. wodze, славен. vȏjka, г. зн. да *vodi̯a (Фасмер, 1, 332).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вало́тка ’пладовая частка проса’ (КЭС); ’галінка’ (Булг.). Рус. смал. волоть ’верхняя частка снапа’, укр. волот ’мяцёлка’, польск. włoć prosiana ’сумнік’, н.-луж. (w)łoś ’колас, катах’, чэш. (v)lat ’мяцёлка’, валаш. vlať ’колас аўса’, славац. lata ’гронкавае суквецце’, серб.-харв. вла̑т, славен. vlat ’мяцёлка, колас’, vlatka, vlatína ’мяцёлка’. Прасл. *voltъ/*voltь. І.‑е. паралелі: літ. váltis ’колас аўса, мяцёлка’, ст.-ірл. folt ’волас’, ст.-в.-ням. wald ’лес’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 64–70; Фасмер, 1, 344–345; Рудніцкі, 1, 470; Скок, 3, 609–610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ваўкала́к ’пярэварацень’ (Касп., Нас., БРС, Інстр. II, Гарэц., Мал.), ваўкала́ка (Янк. III, Інстр. II), вавкула́к (Грыг.), вовкула́к (Клім.), воўколака (Шн.). Рус. волкола́к, волкодла́к, вурдала́к, дыял. таксама волкола́ка, укр. вовкула́к, вовкула́ка, польск. wilkołak, чэш. vlkodlak (кніжнага паходжання; у дыял. захавалася вельмі слаба і ў пераносным значэнні ’скнара’), серб.-ц.-слав. влькодлакъ, балг. въркола́к, вълкодла́к, серб. вуко̀длак, ву̏кодлак. Прасл. *vьlkodlakъ ’ваўкалак, чалавек-пярэварацень’. Першая частка слова да *vьlkъ ’воўк’, другая да ц.-слав. длака ’валасы, футра’, серб. дла̏ка ’валасы, шэрсць’, славен. dláka (Фасмер, 1, 338–339).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Воз (БРС, Бяльк., Касп., Грыг., Дзмітр., Маш., Інстр. I), ву͡оз, ’воз; сузор’е’ (Бес.). Рус. воз, укр. віз, род. скл. во́зу, ст.-слав. возъ, балг. воз, серб.-харв. во̑з, славен. vȏz, чэш. vůz, славац. voz, польск. wóz, в.-луж. woz. Прасл. vozъ (Махэк₂, 704). Іншая ступень чаргавання ў ве́зці, вязу (гл.). Роднасныя: літ. ùžvažas, ст.-ісл. wagn ’павозка’, грэч. Ϝὄχος ’тс’, ст.-інд. vahanam ’язда; судна’, vahas ’той, хто едзе’; звязана чаргаваннем з гоц. wigs ’дарога’ (Гл. Траўтман, 357; Праабражэнскі, 1, 70; Фасмер, 1, 333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́сці ’прылада для палявання на рыб’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., КЭС, Янк. Мат.), восць ’тс’ (З жыцця); ’асцюкі’ (БРС, КТС), вось ’тс’ (Шатал.). Рус. ость ’тс’, польск. ość, чэш., славац. osť, н.-луж. wósć ’вастрыё, калючка, косць рыбы’, славен. ȏst ’тс’. Параўн. літ. akštís, akstìs ’драўляны ражон; палачка, на якую насаджваюць рыбу пры вэнджанні’, усх.-літ. akstyns ’калючка’, лат. aksts, грэч. ἀκοστή ’ячмень’, гоц. ahs ’колас’, лац. acus ’асцюкі, мякіна’ (Траўтман, 5; Буга, РФВ, 65, 305; Фасмер, 3, 167). Для параўнання гл. яшчэ асцюк.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абдры́паны ’абарваны’ (КТС, БРС), абдрыпаць, абдрыпацца, укр. обдрипаний ’тс’, чэш. dřipati ’рваць’, dřip ’лахман’, в.-луж. dripać ’разрываць’, балг. дрипи ’лахманы’, дрипав ’абарваны’, макед. дрипа, дрипав ’тс’, серб.-харв. дри̏паты ’рваць’, славен. dripati ’тс’. Арэал распаўсюджання сведчыць аб праславянскім характары гэтага слова. Параўн. літ. apdrìbti ’ападаць, абвісаць (аб плацці)’, drìbti ’падаць камякамі, жмутамі’, гоц. dreiban ’гнаць, біць’ і інш. Супастаўленне балтыйскіх і германскіх форм гл. у Шпэхта KZ, 68, 41. Гл. таксама Махэк₂, 131, у якога няма беларускіх і ўкраінскіх паралеляў; ён лічыць паходжанне гэтых слоў няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Е́хаць (ТСБМ). Рус. ехать, укр. їхати, балг. яхам, серб.-харв. ја̏хати, славен. jȃhati, чэш. jeti, польск. jechać, в.-луж. jěć, н.-луж. jěś. Як аб гэтым сведчаць чэш. jeti, в.-луж. jěć, н.-луж. jěś, першаснай формай для прасл. з’яўляецца jěti/jati, якая дакладна адпавядае літ. jóti, лат. jât ’ехаць вярхом’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-інд. yāti ’ісці, ехаць’, ст.-іран. уāitі, хец. ііа ’ісці’. Слав. формы з x‑пашырэннем (jěxati/jaxati) адпавядаюць ітэратыўным утварэнням (Махэк₂, 221; Ваян, III, 332; Трубачоў, 6, 169–171).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалязня́к1 ’парода, што змяшчае жалезную руду’ (ТСБМ). Рус. железня́к, укр. залізня́к, славац. železniak, славен. železnjak ’тс’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння тыпу жалезны камень. Час утварэння няпэўны, хаця наяўнасць слова ў мовах усіх трох груп, а таксама семантыка і словаўтварэнне (гл. SP, 1, 89) не выключаюць вельмі даўняга яго паходжання.

Жалязня́к2 ’рыдлёўка’ (абл., ТСБМ, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. калуж. железня́к, смал. желе́зник ’лапата’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння жалезная лапата пры дапамозе суфікса ‑як, відаць, даволі позна (XIX–XX стст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́мрыць ’хрупаць (есці)’ (КСТ), кобр. жо́мраты ’павольна есці, жаваць’ (Жыв. сл., 100). Рус. перм., свярдл. жумрить ’жаваць’, укр. жу́мрити, жу́мрати ’есці’ (Грынч.), н.-луж. žumliś ’цяжка жаваць, мямліць’, в.-луж. žumlić ’гаварыць у нос, мямліць’, уст. ’намагацца перажаваць’ (Пфуль). Параўн. серб.-харв. жумо́рити, жубо̀рити і жу̏борити ’рабіць невялікі шум, ціха і няясна гаварыць’, шумо̀рити, шу̀морити ’шамацець’, славен. šumoréti, šumréti ’тс’. Элемент жу‑ суадносіцца, верагодна, з жав‑ у жаваць (гл.) < *žev‑ < і.-е. *g(i̯)eu‑. Далейшыя часткі кораня (м, р) няясныя. Параўн. жупарыць, жабанець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)