Перако́п ’роў з валам упоперак чаго-небудзь’ (Растарг.), піряко́п ’роў, канава’ (Бяльк.); рус. перекоп ’глыбокая канава з валам’, польск. przekop, przekopa, przykop(a) ’роў, канал; абарончы роў’, н.-луж. pśekop ’траншэя; роў’, в.-луж. překop ’тс’, чэш. příkop ’роў, канава, кювет’; славац. prekop ’тс’, славен. prekòp ’канал; роў’, серб.-харв. пре́коп ’папярочны роў, канава’ — больш позняе аддзеяслоўнае ўтварэнне з прасл. *per‑kopati ’перакапаць’, якое набыло розныя канкрэтныя значэнні ў паасобных мовах. Параўн. перэкопа́ць ’перакапаць, перарэзаць канавай’ (ТС). У балг. (изкоп) і макед. (ископ) — з іншай прэфіксацыяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)