Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня 2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня 3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́нец 1 ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’ (ТСБМ; полац., КЭС; Сержп. Грам.), ’падагра’ (БРС; полац., Суднік, вусн. паведамл.) ’хвароба, калі калені не згінаюцца’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), ’дрыжанне ног (хвароба)’ (Байк. і Некр.), ’сутарга’ (Федар. Рук.), казініц ’хвароба ног, калі яны слабеюць’ (КЭС, лаг.). Укр. мірт. козинець ’хвароба калень пярэдніх ног каня’, рус. скап., раз., калуж., кемер. козинец ’крывізна, скрыўленне пярэдніх ног у коней, калі нага нагадвае казіную’ зафіксавана і Далем, але без геаграфіі. Усх.-слав. інавацыя. Матывацыя празрыстая (гл. дэфініцыі). Па словаўтварэнню гэта семантычны кандэнсат або адпрыметнікавы (ад асновы казін‑) дэрыват з суфіксам ‑ец, аб тыпах утварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 100–102, дзе і літ-ра.

Казі́нец 2 ’казялец, Ranunculus acris’ (Мат. Гом.). Дакладных адпаведнікаў няма. Статус слова няясны, магчыма, рэгіянальны наватвор, а магчыма, і старое ўтварэнне, паралельнае да казелец (гл.), параўн. серб.-харв. kozinac ’Astragalus onobrychis’; нягледзячы на тое што бел. і серб.-харв. словы называюць розныя расліны, матывацыя, відаць, аднолькавая. Параўн. бел. гарох воўчы, гарох авечы, віхрава трава (для віду Astragalus glycyphyllus), укр. горох гадючий, горох кошачий (для віду A. onobrychis), горох вовчий, горох заячий, вовча ступа і інш. для віду А. glycyphyllus. Словаўтварэнне, як у выпадку з казінец 1; з прыведзеных намі сінонімаў можна бачыць тут семантычны кандэнсат. Аб матывацыі (сувязь з назвай жывёлы) гл. казелец.

Казі́нец 3 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэліц., Жыв. сл.), казіняц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. каза ’Nardus stricta’ (ТСБМ). Аб словаўтварэнні гл. казінец 1.

Казі́нец 4 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’ (Прышч. дыс.). Відаць, да папярэдняга слова.

*Казі́нец 5, козінец ’грыб пеўнік стракаты’ (лельч., Жыв. сл.). Матывацыя зразумелая з ілюстрацыі: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (Жыв. сл., 211). Аб словаўтв. параўн. казінец 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паса́д 1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д 2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыпу́тнік 1 ‘травяністая расліна Plantago major L.’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Бейл., Гарэц., Мядзв.; віц., маг., мін., смал., Кіс., Брасл. сл., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), тріпу́тнік ‘тс’ (Бяльк.), тры́пуцень ‘тс’ (Мат. Маг.), тръпу́тнік ‘тс’, тръпу́тніна ‘адно сцябло (ліст) трыпутнік’ (мёрск., Нар. словатв.; дзісн., Жыв. сл.), тры́патнік ‘трыпутнік’ (карэліц., ЛА, 1), трэ́патнік ‘тс’ (капыл., Сл. ПЗБ), трыпу́тняк ‘тс’ (арш., ЛА, 1). Укр. три́путень, три́пу́тник, серб. тропутац, харв. кайк. trpūtȁc, tȑput, trpútac, trìputac, славен. trpótec. Традыцыйна выводзяць з прыпу́тнік ‘тс’ (гл.), параўн. у дзіцячым фальклоры: Прыпутнічку, прыпутнічку, / Сядзіш ты пры дарозе (палес., БНТ, Гульні, 193), параўн. рус. припу́тник, укр. припутень ‘тс’, славен. tr(i)pótek (pri > tre) ‘тс’ з далейшым збліжэннем пачатку слова з тры (гл.), пераходны этап дэманструюць запісы Меера: трепутень, или попутчикъ, по дорогомъ и во всѣхъ мѣстахъ (Меер Крыч.). Паводле Ваняковай (Prasl. dialektizacija, 313, 320), тут мела месца калькаванне, паколькі шмат якія назвы расліны не мелі народнага характару, параўн. падарожнік (гл.), дарожнік, польск. podróżnik, рус. дыял. путник, славац. cestní zelina, ням. Wederich і інш. Аднак параўн. ст.-слав. трьпꙋтица ‘нейкая расліна, шандра, трыпутнік?’, што дазваляе выводзіць першапачатковую форму з *tri (рэдукаваная форма ад *trije, (гл. тры) і дэрывата ад *pǫtь (гл. пуць) са значэннем ‘расліна, якая расце каля трох дарог, на раздарожжы’ (ESJSt, 17, 995). Падобным чынам Скок (3, 500) звязвае гэту назву расліны з лікам 3 (тры): ‘расліна, якая расце на раздарожжы, дзе ёсць тры дарогі’. Аналагічна Сной₂ (788), які выводзіць праславянскую форму *trьpǫtьcь з *trь ‘тры’ і *pǫtь ‘дарога’, дзе акрамя магіі лічбы 3 прысутнічае і міфалагема ‘раздарожжа’.

Трыпу́тнік 2 ‘спарыш, Polygonum avuculare L.’ (хоц., ЛА, 1), параўн. укр. подоро́жник, чэш. мар. ucestka (< u + cesta ‘дарога’), ням. Weggras (< Weg ‘дарога’ + Gras ‘трава’). Матывацыя: расліна расце ля дарогі альбо на дарогах (Махэк, Jména, 87), на межах і палях як пустазелле, на гаспадарчых дварах і паміж пліткамі тратуараў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БА́ЗЕЛЬ (Basel),

горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн. т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч. прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.

Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.

Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.​Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).

Да арт. Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.​Мозер.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІ за мяжой.

Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.​Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.​Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.​Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.​Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.​Германовіч, Надсон, Р.​Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел. рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.

Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.

У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.​М.​Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.​К.​Каргер, у 1970-я г. П.​А.​Рапапорт, у 1990 А.​А.​Трусаў.

Літ.:

Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.​Трутнева. 1866.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАРСТВА,

рамяство, выраб драўлянага посуду з клёпак (гл. Бандарныя вырабы). Вядома са старажытнасці, у т. л. і на Беларусі. Клёпкі (падоўжаныя трапецападобныя ці круглаватыя планкі) апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка; для надання ім увагнутага профілю выкарыстоўвалі скоблі і шархебель (від гэбліка). Бакавы авал круглаватай бандарнай клёпкі размячалі цыркулем (размер) і прымяралі ў спец. шаблоне (модла). Абручы рабілі на варштаце з дапамогай струга і нажа, гнулі на спец. калодзе — гбале, ці бабе. Днішча размячалі цыркулем, уторны паз для мацавання днішча выпілоўвалі заторам. Найб. стараж. спосаб — сцягванне бочак абручамі рознай велічыні з дапамогай нацягуша і чакухі; пазней выкарыстоўвалі таксама вяроўкі ці ланцугі, якія намотваліся на кола (па тыпу лябёдкі), кліны і лісічкі (драўляныя запіскі). Важным у бандарнай справе было выкарыстанне той ці інш. драўніны (дуб, сасна, елка, асіна, вольха). Абручы для посуду рабілі звычайна з ляшчыны і дубу; пры вырабе вёдзер, біклаг, барылак нярэдка карысталіся жал. абручамі, якія выкоўвалі мясц. кавалі. Параўнанне з археал. матэрыялам з раскопак стараж. гарадоў Беларусі (Бярэсця, Полацка, Мінска і Гродна) не выяўляе істотных адрозненняў у тэхналогіі бондарства і сведчыць аб трываласці і пераймальнасці вытв. традыцый. У 19 — пач. 20 ст. вылучаліся асобныя раёны, дзе бондарства было вельмі пашырана і як саматужны промысел з’яўлялася важнай падмогай у сялянскай гаспадарцы (Барысаўскі, Горацкі, Клімавіцкі, Сенненскі, Слуцкі пав.). Сваю прадукцыю бондары збывалі на месцы або везлі на кірмашы. Бандарную клёпку на Нёмане, Бугу і Зах. Дзвіне вывозілі за мяжу, адной з лепшых лічылася т.зв. «мемельская» дубовая клёпка, якую куплялі прамыслоўцы Германіі, Францыі і інш. З 1920-х г. у вытв-сці бандарнага посуду істотную ролю набылі саматужна-прамысл. арцелі. У наш час патрэбы ў бандарных вырабах задавальняе бандарная вытв-сць.

В.​С.​Цітоў.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДЭНБУРГ (Brandenburg),

зямля (адм. адзінка) на ПнУ ФРГ. Пл. 29,05 тыс. км². Нас. 2,67 млн. чал. (1995). Адм. ц. — г. Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн. прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім. прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.

Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл. Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ (грэч. Akadēmia),

назва навук., навуч., асветных, маст. устаноў і т-ваў. Слова «акадэмія» паходзіць ад імя стараж.-грэч. міфічнага героя Акадэма, у гонар якога былі названы свяшчэнныя сады, дзе Платон каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу (гл. Акадэмія платонаўская). У сярэднявеччы ў Еўропе і ў араб. краінах узніклі акадэміі як навук. і навуч. ўстановы. У 15—16 ст. гэта назва замацавалася ў Італіі за рознымі т-вамі, якія вывучалі мову і л-ру; пазней узніклі падобныя т-вы прыродазнаўства, эксперым. метадаў даследавання. З 2-й пал. 17 ст. ствараюцца акадэміі як навук. цэнтры (Акадэміі навук): Парыжская АН (1666), АН у Берліне (1700), Пецярбургская АН (1724), Рас. Акадэмія (Пецярбург, 1783). Важнае значэнне як навук. цэнтры маюць Нац. АН ЗША, Аўстрыйская, Шведская і інш. У Вялікабрытаніі ролю АН выконвае Лонданскае каралеўскае т-ва (1662). Цэнтр. навук. ўстанова Францыі — Ін-т Францыі (аб’ядноўвае 5 нац., у т. л. Парыжскую АН).

Старэйшая на тэр. Беларусі і Літвы — Віленская акадэмія, заснаваная ў 1579 (гл. Віленскі універсітэт). У 1775—81 існавала Гродзенская мед. акадэмія, на чале якой быў франц. хірург і анатам Ж.Э.Жылібер. На базе Полацкага езуіцкага калегіума была створана Полацкая акадэмія (1812—20). У 1840 у маёнтку Горы-Горкі заснавана першая на Беларусі вышэйшая с.-г. навуч. ўстанова — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1957—61 у Мінску існавала Акадэмія с.-г. навук БССР. Вышэйшай навук. установай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Акадэмія навук Беларусі (засн. ў 1929). У 1991 засн. Акадэмія кіравання, якая займаецца навук. і навуч. дзейнасцю, у 1992 — Акадэмія аграрных навук. У 1993 створана недзярж. вышэйшая навуч. ўстанова Акадэмія парламентарызму і прадпрымальніцтва. Статус акадэміі атрымалі некаторыя спец. ВНУ (гл. Беларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія, Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Акадэмія міліцыі, Акадэмія фізічнага выхавання і спорту).

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)