аблі́чча, ‑а, н.

1. Твар; рысы, выраз твару. Пазнаць па абліччы. Суровае аблічча. □ З галавы ні на хвіліну не выходзіла аблічча маладой дзяўчыны. Колас. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў.. ўзад і ўперад, выглядаючы знаёмае аблічча. Якімовіч. // Вонкавы выгляд каго‑н. Вонкавае аблічча. Дзіўна, наколькі яго [зубра] аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі. Усё.. аблічча [дзяўчыны] выдавала яе ўсходняе паходжанне. Васілевіч.

2. Агульны вонкавы выгляд, сукупнасць адметных рыс, характэрных чаму‑н. Суровае ваеннае аблічча сталіцы. Пераўтварыць аблічча зямлі. □ Камуністы аблічча краіны змяняюць, Упрыгожваюць гарадамі, садамі, Небывалыя ў полі расцяць ураджаі, Азараюць зямлю залатымі агнямі. Танк. Сціраецца аблічча старой вёскі. Дуброўскі.

3. перан. Індывідуальнасць, унутраны змест каго‑, чаго‑н.; духоўны склад, характар. Маральнае аблічча савецкага чалавека. Творчае аблічча пісьменніка. Нацыянальнае аблічча літаратуры. □ Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бруд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Тое, чым што‑н. забруджана, запэцкана; гразь. А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду, Што дажджом палілася свінцовым. Чарот. Пад кажурынай лісцяў прэлых Зіма схавала бруд і твань. Колас. // Адкіды, смецце і пад. Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. Зусім нядаўна растаў снег. Узімку быў ён надта белым, а цяпер.. ляжыць змешаны з гразёю і розным брудам. Каваль. // Насякомыя, якія паразітуюць на целе чалавека і жывёлы. У бялізне за часы.. [Пракопавага] вандроўніцтва завялося нямала рознага бруду. Колас.

2. перан. Што‑н. нізкае, амаральнае, нядобрасумленнае; напластаванне адмоўных якасцей. [Стэфа:] — Нянавісць мая будзе жорсткая, бязлітасная. Нянавісць да бруду, падману, мяшчанскага дабрабыту ў сваім гняздзечку... Савіцкі. Па-ўдарнаму працу на плечы бяру, Мінуты не страціўшы марна: З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасля́, прысл. і прыназ.

1. прысл. Потым, пазней некаторага тэрміну. Спачатку гром грымеў у далях і хмарай хмарыўся заход, пасля вятры затанцавалі — то навальніца йшла ў паход. Машара. Ліпкая дрымота агарнула яго [Ракуцьку], а пасля ён і прыснуў трохі. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасля» выражае часавыя адносіны; ужываецца пры назвах адрэзкаў часу, падзей, з’яў, услед за якімі, пазней якіх што‑н. адбываецца. Мароз быў добры, пара была пасля новага года. Чорны. Дзве дачкі адразу ж пасля вызвалення паехалі ў горад канчаць вучобу. Шамякін. Яны вячэралі ўдзвёх, і пасля гэтага зрабілася яшчэ цяплей па сэрцы. Брыль. // Пазней, па ад’ездзе, адыходзе або сканчэнні тэрміну існавання чаго‑н. А пасля дзірваноў, Неўзабаве, па часе — Голад выслаў на вёскі Заклапочаны бог. Броўка. Уладысь пасля бальніцы ачуняў скора. Скрыган.

•••

Пасля таго, калі (у знач. падпарадкавальнага злучніка); пасля таго, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) гл. той.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляцёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Што‑н. сплеценае ўдоўж з двух, трох і больш пасмаў, кавалкаў і пад. У кожнае гаспадыні наплецена больш чым па дзесятку пляцёнак цыбулі. Палтаран. Пасярод вёскі чалавек спыніўся. Узмахнуў абапал грудзей пугавішчам — і змяёй узвілася ўгору пляцёнка, жаласна прысвіснула, рассякаючы паветра, і, зламаўшыся маланкай, пляснула аглушальным стрэлам. Хадановіч. — Чаго ты стаіш, як вартавы? — сказала.. [Міхаліна], закідаючы пляцёнку валасоў назад. — Чаму ты не танцуеш? Грамовіч.

2. Плеценая кашолка. Усе гэтыя рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў. І, урэшце, з гушчыні лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзіца з пляцёнкай за плячыма і прывязаным да хвартуха збанком. Пестрак.

3. Падоўжаная вітая белая булка. Апрача зусім непатрэбных бохана пытляванага хлеба і пляцёнкі .. [Міхал] купіў Лёдзі пірожнае. Карпаў.

4. Асобы выраб тканіны; ткацкі рысунак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.

1. Спыніцца, затрымацца на некаторы час, ненадоўга. Не даходзячы з паўкіламетра якога да вёскі, ён прыпыніўся і прыслухаўся, ці не чуваць чаго. Чорны. Хлопцы прыпыніліся нарадзіцца, як ісці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Гартны. Першая [падвода] прыпынілася і стала чакаць астатніх, пакуль падцягнуцца. Васілеўская. // Спыніць свой рух. Цягнік прыпыніўся на глухім паўстанку. Пянкрат.

2. Спыніцца (пра ход, развіццё і пад.). Раптам сівы дзед Змарыўся: Столькі год — не да пацех. Хоць і танец Прыпыніўся, Не сціхае У хаце смех. Дзеружынскі. І жыццё прыпынілася ў дрэве, Бо ўжо сонца рабіну не грэе. Журба.

3. Часова спыніцца дзе‑н., знайсці прыпынак дзе‑н. Таўлай з сям’ёю прыпыніўся ў тым самым сасняку, у адным з зялёных салдацкіх баракаў. Брыль. Як яна маецца, дзе прыпынілася, дзядзька Харытон не ведае. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустата́, ‑ы, ДМ ‑стаце; мн. пустоты, пустот, ж.

1. Якасць і ўласцівасць пустога (у 1–3 знач.); адсутнасць каго‑, чаго‑н. дзе‑н. Абсалютная пустата. □ На процілеглым канцы вёскі гучна разліваўся сабачы брэх у пустой цемрадзі задворкаў. Гэтая пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распадлівасці заложнаму гаўканню.. сабакі. Колас.

2. Пустая, нічым не запоўненая прастора. Круг хіснуўся, павярнуўся і вываліўся ў пячору. Віцева рука бесперашкодна прасунулася ў пустату. Шыцік.

3. перан. Стан душэўнай спустошанасці; адсутнасць усякіх імкненняў, інтарэсаў. Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі і ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Шамякін. Хоць сэрца білася моцна, у грудзях была халодная пустата. Самуйлёнак.

4. Спец. Пустое месца ў сярэдзіне суцэльнага матэрыялу, рэчыва.

•••

Тарычэлева пустата — а) беспаветраная прастора ў трубцы барометра над ртуццю (ад імя італьянскага фізіка 17 ст.); б) перан. (жарт.) поўная адсутнасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Вельмі ўважліва, напружана глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; углядацца. Карней Пятровіч прыстаўляе да вачэй руку і ўзіраецца ўдалеч. Даніленка. Час ад часу хлопчык адрываўся ад работы і пільна ўзіраўся ў бок вёскі: ці не ідзе хто чужы да іх. Курто. Усе бедавалі, войкалі, скрыжаваўшы рукі на грудзях, узіраліся ў дзіця. Марціновіч. Пятро Фёдаравіч задумаўся і доўга ўзіраўся на дарогу, выціраючы рукою запацелае шкло. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У будучнасць людзі ўзіраюцца смела. Купала. // Пазіраць за кім‑н., прыглядацца да каго‑н. [Шыковіч] пачаў узірацца ў твары людзей, ён здаўна любіў гэтую гульню: адгадваць прафесію чалавека і чым ён заклапочаны ў той момант. Шамякін.

2. Разглядаць сябе ў чым‑н., глядзецца ў што‑н. Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утапі́цца, утаплюся, утопішся, утопіцца; зак.

1. Загубіць сваё жыццё, кінуўшыся ў ваду. Некалі адна дзяўчына з нашай вёскі не вытрымала, што яе каханага ажанілі з другой, і ўтапілася. Карпюк.

2. Патануць у вадзе пад уздзеяннем сілы цяжару. Лодка ўтапілася. // Загінуць у вадзе. [Людзі:] — Кажуць, што ледзь сам [хлопчык] не ўтапіўся, бедны... Не ўмеў добра плаваць, а кінуўся на выручку. Кулакоўскі. // Праваліцца ў што‑н. мяккае, пушыстае, пухкае. І ўтапілася, укрылася глыбока ў валок Ганначка, сорамна неяк стала, што зманіла матцы. Нікановіч. Апошнія снапы Андрэй падкінуў пад ногі — стаяў пасярод воза; яны ўтапіліся, што ў яму, задраўшыся ўверх камлямі. Пташнікаў. / у перан. ужыв. У вочы [Алесі] глянеш — так і ўтопішся ў іх бездані. Васілевіч. // Разм. Стаць нябачным, схавацца ў якой‑н. вельмі прасторнай, шырокай адзежы. Максім, гледзячы на тое, як Толя ўтапіўся ў яго вялікай кашулі, засмяяўся, нібы набраўшы ў рот вады. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

край

1. Радзіма, наша дзяржава, Савецкая Айчына (БРС). Тое ж дзяржа́ва, родзіна, радзі́ма, радзі́на (Слаўг.).

2. Вобласць, раён (Меж., Рэч., Слаўг., Стаўбц.).

3. Вялікі абшар зямлі, лесу (Слаўг.).

4. Ускраіна лесу, поля, лугу (Жытк., Кузн. Касп., Паст., Палессе Талст., Слаўг., Смарг., Стаўбц., Стол.).

5. Канец вёскі (БРС).

6. Бераг, абрыў (БРС).

7. Ніз, падэшва гары, узгорка (Кап.).

8. Месца нараджэння і жыцця (Навагр., Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

адве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́; -вёў, -вяла́, -вяло́; адвядзі́; зак., каго.

1. Ведучы, суправаджаючы, даставіць у якое-н. месца.

Ён адвёў хлопца пад плот і пасадзіў на траве.

2. Перавесці (войскі і пад.) на іншую пазіцыю, перамясціць назад, у тыл.

А. атрад на поўнач ад вёскі.

3. Завесці на некаторую адлегласць ад каго-, чаго-н.

А. ўбок.

4. Адхіліць; змяніць напрамак руху чаго-н., накіраваць убок ад каго-, чаго-н.

А. рукі.

Думаюць, куды б а. ваду з поля.

5. Змяніць напрамак позірку, перастаўшы глядзець на што-н.

А. вочы.

6. перан. Даць іншы кірунак, перавесці (увагу, думку і пад.) на што-н. іншае.

7. перан. Папярэдзіць што-н. небяспечнае, непрыемнае.

А. небяспеку ад сваіх.

8. перан. Адхіліць што-н. неадпаведнае, непрыдатнае.

А. кандыдатуру.

9. Даць у чыё-н. распараджэнне; прызначыць, выдзеліць для якой-н. мэты.

Гасцінны гаспадар адвёў нам два пакойчыкі.

10. Надаць тое або іншае значэнне, вызначыць ролю, месца каму-, чаму-н.

11. Правесці, адчарціць.

А. палі ў сшытку.

Адвесці вочы — хітруючы, адцягнуць чыю-н. увагу ад чаго-н.

Адвесці душу — падзяліцца з кім-н. тым, што набалела; выказаць каму-н. свае патаемныя думкі; задаволіць якое-н. моцнае жаданне.

Вачэй не адвесці — аб чым-н. вельмі прыгожым, прывабным.

|| незак. адво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. адво́д, -у, М -дзе, м. і адвядзе́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)