ШАПАВА́ЛЬСТВА, шапавальнае рамяство,

выраб з воўны (валенне, качанне) галаўных убораў, валёнак, лямцу. На Беларусі развіта з сярэдневякоўя. У 16—17 ст. у гарадах існавалі рамесныя прафесіі магерачніка, шапавала. Валеныя магеркі і брылі былі пашыраным галаўным уборам бел. сялян. У 19 ст. шапавалы пачалі валяць і зімовы абутак — валёнкі, а таксама лямец для конскай вупражы. Асабліва пашырылася Ш. на У Беларусі. На Магілёўшчыне ў 1880-я г. гэтым саматужным промыслам займаліся сяляне Чавускага, Мсціслаўскага, Рагачоўскага, Магілёўскага, а таксама Рэчыцкага (в. Кабылеў) і інш. паветаў. Найб. развіццё промысел атрымаў у Дрыбінскай вол. Чавускага пав. (мястэчка Дрыбін і 12 навакольных вёсак). Пераважала Ш. ў форме адыходнага промыслу. Майстры працавалі ў дамах заказчыкаў, пераходзячы з вёскі ў вёску са сваімі прыладамі працы (брында для рыхлення воўны, драўляныя і жал. качалкі для раскочвання лямцу, правідлы для надання вырабу патрэбнай формы, жал. шчоткі для расчэсвання ворсу). Дрыбінскія шапавалы ў час адыходніцтва карысталіся ўмоўнай мовай — т.зв. катрушніцкі лемезень. У пач. 20 ст. лямцавыя магеркі і брылі выйшлі з ужытку, таму змяніліся маштабы шапавальнага рамяства і тыпалогія валеных вырабаў. Пашырыўся выраб валёнак, асабліва дзіцячых; бытуе і ў наш час. Мясц. майстры вырабляюць валёнкі на свае патрэбы і на заказ, выкарыстоўваюць традыц. тэхналогію і прылады працы.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 17, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)