красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.

2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.

3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзвыча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Экстранны, спецыяльна прызначаны, прыняты, скліканы і г. д. Надзвычайны з’евд. Надзвычайныя меры. // Выкліканы выключнымі абставінамі. Надзвычайнае становішча. Надзвычайнае заканадаўства. // Надзелены асобымі паўнамоцтвамі. Надзвычайны камісар. Надзвычайны і паўнамоцны пасол.

2. Вельмі вялікі, моцны па сваёй сіле, праяўленню. Поспех «Валад і рамансаў» Міцкевіча ў чытача быў надзвычайны. Лойка. Маладзілі мяне і давалі надзвычайнае натхненне мае гарачыя маладыя думкі. Нікановіч.

3. Тое, што і незвычайны (у 2 знач.). Надзвычайны быў гэты сход: сяляне пастанавілі выдаць савецкай уладзе ўсіх самагоншчыкаў свайго сельсавета. Бядуля.

4. Які мае вялікае значэнне. Мастацкія пераклады набылі ў апошнія гады надзвычайную актуальнасць. Палітыка.

5. у знач. наз. надзвыча́йнае, ‑ага, н. Нешта выключнае, не такое, як усё. [Прыборны] быў вялікі аматар усяго надзвычайнага, прыгодніцкага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены вялікім розумам; вельмі разумны, празорлівы, з добрым веданнем жыцця. Мудры правадыр. □ І школе роднай пакланюся я За ўсё, чым для мяне яна была, За ўсё, што на жыццё з сабой дала, За ўсё, што, праслаўляючы свой век, Мне даў настаўнік — мудры чалавек. Кірэенка. // У якім выражаецца мудрасць; разумны. Мудрыя запавет. Мудрае правіла. Мудрая парада. □ Бясконцыя балоты вучылі .. [палешукоў-сялян] мудраму разважанню, мора лясоў выхоўвала ў іх засцярогу. Колас.

2. Заснаваны на глыбокім разуменні, вопыце, веданні чаго‑н. Спрактыкаваны слых гаспадыні, яе нейкае мудрае старэчае чуццё ўжо штосьці ўлавілі. Ракітны.

3. Разм. Складаны; мудрагелісты (у 1 знач.). Гарасім зноў расказвае пра тое, як цяжка зразумець жыццё. Мудрае яно стала. Скрыган. [Хведар] вучыў студэнтаў нейкай мудрай навуцы, назву якой бацьку ніяк не ўдавалася запомніць. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),

спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВК БССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНК БССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУ СССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУ СССР.

Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр. Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВК БССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

А.​А.​Тозік.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.

2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.

3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,

адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл. Кумулятыўныя казкі).

Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш.надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.

Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.​У.​Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.​Ф.​Карскі, чэш. фалькларыст І.​Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.​Р.​Раманава, П.​В.​Шэйна, М.​Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;

Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

гл. таксама да арт. Казка.

К.​П.​Кабашнікаў.

т. 7, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Святы́надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай’, ‘нябесны заступнік веруючых’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), сьвяты́й ‘тс’ (Бяльк.), у розных спалучэннях: святы́ Еры ‘свята Юр’я’, святы́ ве́чар ‘вечары ад Каляд да Новага года’ (Скарбы), святы́ дух ‘Тройца’ (Сл. ПЗБ), свята́я зямля́ ‘зямля-маці’ (там жа) і пад., ст.-бел. свѧтыи (Альтбаўэр); свентый ‘святы, свяшчэнны’ (Ст.-бел. лексікон) — з польскай. Укр. святи́й, рус. свято́й, ст.-рус. святъ, польск. święty, в.-луж. swjaty, н.-луж. swěty, чэш. svatý, славац. svätý, серб.-харв. све̑т, славен. svȇt, балг. свет, све́ти, макед. свет, ст.-слав. свѧтъ, свѧтыи, ‘тс’. Прасл. *svętъ ‘святы’. Бліжэйшыя адпаведнікі: літ. šveñtas ‘святы’, ст.-прус. swenta‑ у мясцовых назвах, ст.-інд. śvantas ‘працвітаючы’; гл. Траўтман, 311; Покарны, 630; Фасмер, 3, 585. Лат. svèts ‘святы, свяшчэнны’ запазычана, паводле Мюленбаха і Эндзеліна (3, 1156), з славянскіх моў. Паводле Брукнера (537), Махэка₂ (594), сакральны сэнс славянскае слова набыло толькі пасля прыняцця хрысціянства. Як сведчаць язычніцкія імёны Святаполк, Святавіт, паралельныя імёнам Яраполк, Яравіт, слав. *svęt‑ значыла ‘моцны’; Святаполк — ‘моцны сваімі палкамі, маючы моцныя палкі’. Адносна польск. święty выказваецца меркаванне пра першапачатковае значэнне ‘моцны ў стасунку да магіі’, якое пры хрысціянізацыі пад чэшскім уплывам было заменена значэннем ‘кананізаваны за маральную чысціню і дабрадзейнасць’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 386). Глухак (597–598), Сной₁ (623), Борысь (623) прасл. *svętъ узводзяць далей да і.-е. *kʼu̯en‑to‑ ‘святкаваць, урачыста прыходзіць’. Агляд семантыкі індаеўрапейскіх і славянскага слова гл. Тапароў, Этимология–1986–1987, 3 і наст.; Шустар-Шэўц, 1390; БЕР, 6, 541–542; Астроўскі, Этимология–2003–2005, 162–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АГРА́РНЫЯ РЭФО́РМЫ,

пераўтварэнні сістэм землеўладання і землекарыстання. Абумоўлены патрэбамі эканам. і сац. развіцця грамадства, сял. рухам за зямлю. Пераважна маюць антыфеад. характар, паколькі ў асноўным накіраваны на ліквідацыю феад. перажыткаў у агр. сектары.

Аграрныя рэформы, праведзеныя ў шэрагу краін Зах. Еўропы ў перыяд бурж. рэвалюцый 17—19 ст., нанеслі сур’ёзны ўдар па феад. адносінах і расчысцілі шлях капіталіст. развіццю ў сельскай гаспадарцы (Вялікабрытанія, Францыя). Шырокі размах аграрныя рэформы набылі пасля 2-й сусв. вайны ў краінах Азіі і Лац. Амерыкі; іх мэта — ліквідацыя феад., патрыярхальна-радавых адносін і каланіяльнай зямельнай уласнасці. У краінах сацыяліст. арыентацыі аграрныя рэформы ажыццяўляліся рознымі метадамі, але прадугледжвалі ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і пэўныя абмежаванні прыватнага землекарыстання. У развітых капіталіст. краінах аграрныя рэформы былі накіраваны на стварэнне буйной с.-г. вытв-сці на базе дасягненняў навукова-тэхн. прагрэсу.

На Беларусі адна з першых аграрных рэформаў — валочная памера, праведзеная ў сярэдзіне 16 — 1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ у сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі, вызначыла прынцыпы землекарыстання ўсяго бел. сялянства. Паводле Тызенгаўза рэформы 1765 дзярж. сяляне каралеўскіх эканомій пераведзены з аброчнай павіннасці на паншчынную пры адначасовым рэгуляванні іх зямельных надзелаў. У 1830 — 50-я г. царскі ўрад ажыццявіў дзяржаўнай вёскі рэформу, у выніку якой у дзярж. маёнтках зах. губерняў ліквідаваны фальваркі, зямля раздадзена сялянам, а паншчына заменена аброкам. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў вызначыла памер сял. зямельнага фонду ў прыватнаўласніцкіх маёнтках. Паводле сялянскай рэформы 1861 сяляне вызвалены ад прыгону і надзелены зямлёй. Гэта буйнейшая аграрная рэформа азначала пераход Расіі, у т. л. Беларусі, ад феадалізму да капіталізму, хоць і пасля гэтага феад. перажыткі яшчэ доўга захоўваліся. На дзярж. землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны праведзена дзяржаўных сялян рэформа 1867, паводле якой сяляне пераводзіліся на выкуп і далучаліся да разраду сялян-уласнікаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі і ў Літве царскі ўрад праводзіў землеўпарадкаванне вольных людзей, якія павінны былі выкупіць арандаваныя землі або адмовіцца ад карыстання імі. Аналагічны характар мела чыншавая рэформа 1886, паводле якой арандатарам-чыншавікам Беларусі, Правабярэжнай Украіны і Літвы неабходна было пацвердзіць свае правы на карыстанне зямлёй і выкупіць яе, інакш з гэтай зямлі іх зганялі. З мэтай стымулявання агр. капіталізму ў ліст. 1906 — чэрв. 1917 ажыццяўлялася сталыпінская аграрная рэформа. У Зах. Беларусі зямельная рэформа 1925 прадугледжвала выкуп за поўны кошт часткі дзярж. і памешчыцкіх зямель, садзейнічала паскарэнню хутарызацыі, насаджэнню на «крэсах усходніх» польскіх вайск. і цывільных каланістаў — асаднікаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля ў Расіі, у т. л. на Беларусі, была нацыяналізавана і перададзена бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. Але ў час калектывізацыі яе ў сялян адабралі і перадалі ў калектыўнае карыстанне калгасам і саўгасам. Пасля распаду СССР у постсацыяліст. краінах з пач. 1990-х г. ажыццяўляюцца новыя аграрныя рэформы. Сутнасць іх у краінах Балтыі і Усх. Еўропы — ва ўмацаванні прыватнага землеўладання, у Расіі, Беларусі і інш. б. сав. рэспубліках — у стварэнні шматукладнай эканомікі ў агр. сектары (арэнда зямлі, рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў у акц. т-вы, аграфірмы, кааператывы, стварэнне фермерскіх гаспадарак і інш.).

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)