1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.
2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАНО́ВІЧ (Іосіф Іосіфавіч) (н. 9.5.1920, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).
А.С.Наркевіч.
І.Белановіч. Сустрэча з мінулым (Поле памяці). 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫСЕ́Й, Уліс,
у грэч. міфалогіі цар вострава Ітака, гал. герой паэмы «Адысея». Праславіўся як удзельнік Траянскай вайны. Вызначаўся адвагай, хітрасцю, розумам. Існуюць 2 версіі смерці Адысея: паводле адной яго смяротна параніў сын Тэлегон, па другой Адысей памёр у Этоліі ці Эпіры, дзе шанаваўся як герой, надзелены дарам прароцтва. Прыгоды Адысея адлюстраваны ў л-ры (Гамер, Сафокл, Эўрыпід і інш.) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі і інш.).
Галава Адысея. фрагмент скульптурнай групы э грота ў Сперлонгу. Канец 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНСКІ ЗБО́РНІК»,
рукапісны літаратурны зборнік 1-й трэці 18 ст. Складзены ў Ковенскім езуіцкім калегіуме. Апісаны А.Брукнерам і Я.Карскім (рукапіс загінуў у 1944 у Варшаве). Зборнік уключаў «аргумент» (пераказ гіст. падзей, пакладзеных у аснову твора), масленічную драму пра жыццё і смерць рым. імператара Нерона (паст. 1731), бел. інтэрмедыі «Селянін, вучань», «Селянін і вучань-уцякач», «Літаратар, селянін, Самахвальскі», «Гульня Фартуны» і інш. Інтэрмедыі адметныя завершанасцю жанравай формы, іх гал. герой — бел. селянін, кемлівы, вынаходлівы, здольны ашукаць (перахітрыць) паноў, шляхціцаў, «мудрых» вучоных, студэнтаў і нават чорта. Герой надзелены жывой, набліжанай да гутарковай, мовай.
Літ.:
Мальдзіс А На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 192—199.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ КРАС (Марк) (Marcus Licinius Crassus; каля 115—6.5.53 да н. э.),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Стараж. Рыма. Падтрымаў Сулу ў грамадз. вайне з Марыем. У час праскрыпцый Сулы (на карах, канфіскацыях і спекуляцыях) нажыў велізарныя багацці. У 72 да н. э. надзелены сенатам надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб задушыць Спартака паўстанне, якое ліквідаваў разам з Пампеем у 71 да н. э. Консул у 70 і 55 да н. э. (разам з Пампеем). У 65 да н. э. цэнзар. У 60 (або 59) — 53 да н. э. разам з Цэзарам і Пампеем увайшоў у т. зв. 1-ы трыумвірат. У 54 да н. э. кіраваў прав. Сірыя. Загінуў з б.ч.рым. войска ў Месапатаміі ў час вайны з Парфянскім царствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
від працоўнай дзейнасці. якая ажыццяўляецца грамадзянамі на прафес. аснове ў дзяржаўным апараце. У Рэспубліцы Беларусь праходжанне Дз.с. рэгламентуецца Канстытуцыяй, Законам «Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце» ад 23.11.1993, інш. нарматыўнымі актамі. Права на Дз.с. маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, паліт. поглядаў. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць прыцягвацца для работы ў дзярж. апараце як кансультанты ці эксперты. Да дзяржслужачых адносяцца асобы, якія займаюць у прадугледжаным заканадаўствам парадку пасады ў дзярж. апараце, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі і атрымліваюць за сваю працу заработную плату. Асн. правы і абавязкі дзярж. служачых, правілы іх паводзін, парадак праходжання і спынення Дз.с. рэгулююцца заканадаўствам. Пры пэўных абставінах дзярж. служачыя маюць права на адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЫЛІЯ́Н (Марк Фабій) (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),
старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял.пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш.Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),
галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр.зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал.інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).
Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр.зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),
спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВКБССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНКБССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУСССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, з 1923 — АДПУСССР.
Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр.Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВКБССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУСБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫЯ РЭФО́РМЫ,
пераўтварэнні сістэм землеўладання і землекарыстання. Абумоўлены патрэбамі эканам. і сац. развіцця грамадства, сял. рухам за зямлю. Пераважна маюць антыфеад. характар, паколькі ў асноўным накіраваны на ліквідацыю феад. перажыткаў у агр. сектары.
Аграрныя рэформы, праведзеныя ў шэрагу краін Зах. Еўропы ў перыяд бурж. рэвалюцый 17—19 ст., нанеслі сур’ёзны ўдар па феад. адносінах і расчысцілі шлях капіталіст. развіццю ў сельскай гаспадарцы (Вялікабрытанія, Францыя). Шырокі размах аграрныя рэформы набылі пасля 2-й сусв. вайны ў краінах Азіі і Лац. Амерыкі; іх мэта — ліквідацыя феад., патрыярхальна-радавых адносін і каланіяльнай зямельнай уласнасці. У краінах сацыяліст. арыентацыі аграрныя рэформы ажыццяўляліся рознымі метадамі, але прадугледжвалі ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і пэўныя абмежаванні прыватнага землекарыстання. У развітых капіталіст. краінах аграрныя рэформы былі накіраваны на стварэнне буйной с.-г. вытв-сці на базе дасягненняў навукова-тэхн. прагрэсу.
На Беларусі адна з першых аграрных рэформаў — валочная памера, праведзеная ў сярэдзіне 16 — 1-й пал. 17 ст. ў ВКЛ у сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі, вызначыла прынцыпы землекарыстання ўсяго бел. сялянства. Паводле Тызенгаўза рэформы 1765дзярж. сяляне каралеўскіх эканомій пераведзены з аброчнай павіннасці на паншчынную пры адначасовым рэгуляванні іх зямельных надзелаў. У 1830 — 50-я г. царскі ўрад ажыццявіў дзяржаўнай вёскі рэформу, у выніку якой у дзярж. маёнтках зах. губерняў ліквідаваны фальваркі, зямля раздадзена сялянам, а паншчына заменена аброкам. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў вызначыла памер сял. зямельнага фонду ў прыватнаўласніцкіх маёнтках. Паводле сялянскай рэформы 1861 сяляне вызвалены ад прыгону і надзелены зямлёй. Гэта буйнейшая аграрная рэформа азначала пераход Расіі, у т. л. Беларусі, ад феадалізму да капіталізму, хоць і пасля гэтага феад. перажыткі яшчэ доўга захоўваліся. На дзярж. землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны праведзена дзяржаўных сялян рэформа 1867, паводле якой сяляне пераводзіліся на выкуп і далучаліся да разраду сялян-уласнікаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі і ў Літве царскі ўрад праводзіў землеўпарадкаванне вольных людзей, якія павінны былі выкупіць арандаваныя землі або адмовіцца ад карыстання імі. Аналагічны характар мела чыншавая рэформа 1886, паводле якой арандатарам-чыншавікам Беларусі, Правабярэжнай Украіны і Літвы неабходна было пацвердзіць свае правы на карыстанне зямлёй і выкупіць яе, інакш з гэтай зямлі іх зганялі. З мэтай стымулявання агр. капіталізму ў ліст. 1906 — чэрв. 1917 ажыццяўлялася сталыпінская аграрная рэформа. У Зах. Беларусі зямельная рэформа 1925 прадугледжвала выкуп за поўны кошт часткі дзярж. і памешчыцкіх зямель, садзейнічала паскарэнню хутарызацыі, насаджэнню на «крэсах усходніх» польскіх вайск. і цывільных каланістаў — асаднікаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля ў Расіі, у т. л. на Беларусі, была нацыяналізавана і перададзена бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. Але ў час калектывізацыі яе ў сялян адабралі і перадалі ў калектыўнае карыстанне калгасам і саўгасам. Пасля распаду СССР у постсацыяліст. краінах з пач. 1990-х г. ажыццяўляюцца новыя аграрныя рэформы. Сутнасць іх у краінах Балтыі і Усх. Еўропы — ва ўмацаванні прыватнага землеўладання, у Расіі, Беларусі і інш.б.сав. рэспубліках — у стварэнні шматукладнай эканомікі ў агр. сектары (арэнда зямлі, рэарганізацыя калгасаў і саўгасаў у акц. т-вы, аграфірмы, кааператывы, стварэнне фермерскіх гаспадарак і інш.).