ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч., plastikos прыдатны для лепкі, падатлівы) матэрыялаў, уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) пад уздзеяннем мех. нагрузак зменьваць без разбурэння сваю форму і захоўваць частку атрыманай дэфармацыі пасля спынення ўздзеяння. Залежыць ад структуры цела і ўмоў яго дэфармавання (скорасці нагружэння, т-ры, ціску і інш.). Малое значэнне або адсутнасць П. азначае процілеглую ўласцівасць — крохкасць матэрыялаў. Улік П. дазваляе вызначаць запасы трываласці, дэфармавальнасці і ўстойлівасці канструкцый, магчымасці апрацоўкі матэрыялаў ціскам (валачэння, коўкі, пракаткі, штампоўкі). Вывучаюць П. пластычнасці тэорыя, супраціўленне матэрыялаў і інш.

Пластычная дэфармацыя звязана з разрывам некат. міжатамных сувязей і ўтварэннем новых. П. аморфных цел вызначаецца імавернасцю рэлаксацыйных перагруповак атамаў і малекул (гл. Рэлаксацыя), а цел з крышт. будовай — утварэннем, перамяшчэннем і ўзаемадзеяннем дэфектаў у крышталях. У залежнасці ад колькасці атамаў, што ўдзельнічаюць у элементарным акце пластычнай дэфармацыі, адрозніваюць П.: самадыфузійную і дыфузійную (перамяшчэнне атамных слаёў крышталя, на якія ўздзейнічаюць знешнія сілы, на ўчасткі, дзе дзейнічаюць расцягвальныя сілы), краўдыённую (спараджэнне і перамяшчэнне краўдыёнаў — згушчэнняў атамаў уздоўж шчыльна ўпакаваных шэрагаў атамаў), дыслакацыйную (слізганне па крышталеграфічных плоскасцях, гл. Дыслакацыі ў крышталях), звязаную з дэфармацыяй элементарнай ячэйкі крышталя (гл. Двайнікаванне), з працяканнем фазавага пераўтварэння (гл. Фазавыя пераходы).

Літ.:

Хоникомб Р. Пластическая деформация металлов: Пер. с англ. М., 1972;

Полухин П.И., Горелик С.С., Воронцов В.К. Физические основы пластической деформации. М. 1982;

Кайбышев О.А. Сверхпластичность промышленных сплавов. М., 1984;

Работнов Ю.Н. Механика деформируемого твердого тела. 2 изд. М., 1988.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯ́ТЭРЫ (Броэль-Плятэры),

шляхецкі род уласнага герба ў Рэчы Паспалітай. Паходзяць з Вестфаліі, адкуль у 15 ст. перасяліліся ў Інфлянты, дзе валодалі замкам Броэль. У 1829 род П. у Рас. імперыі прызнаны ў графскай годнасці. Найб. вядомыя: Генрык, у 1599 атрымаў ад Жыгімонта III Вазы маёнткі Асон і Плясон (Плясына, Існаўды) у Інфлянтах. Меў сыноў Готарда Яна (пачынальнік літ. лініі роду), Андрэя і Вільгельма (пачынальнік жамойцкай лініі). Готард Ян (?—1664), маёр, вызначыўся ў бітвах за Смаленск у 1633 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і ў 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Фердынанд Фабіян Вільгельм (каля 1678—22.7.1739), лоўчы ВКЛ у 1735—39, маршалак дворны ВКЛ у 1739. Канстанцін Людвік (1722—31.3.1778), вял. пісар ВКЛ у 1746—54, кашталян полацкі ў 1754—58, ваявода мсціслаўскі ў 1758—70, кашталян трокскі з 1770. Юзаф Вінцэнт (11.7.1745, г. Краслава, Латвія — паміж 1 і 6.1.1806), ген.-лейтэнант, пісар польны ВКЛ у 1771—83, кашталян трокскі з 1793; староста брэсцкі ў 1770—77, чл. Пастаяннай Рады ў 1793—94. Казімір Канстанцін (1749—4.8.1807), абозны ВКЛ у 1787, кашталян трокскі ў 1790—93, падканцлер ВКЛ з 1793; чл. Пастаяннай Рады ў 1776—88 і 1793—94. Адам Антоні Ануфры (1790—1862), краязнавец, археолаг, калекцыянер, гл. Плятэр А.А.А.Эмілія (1806—31), гл. Плятэр Э.Ф.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Дзейнічала ў 1787—1820 у г. Полацк Віцебскай вобл. Створана пры Полацкім езуіцкім калегіуме

(з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Кіраўнікі: Б.​Шыркевіч, А.​Лянкевіч, Я.​Заранек і інш. Шрыфты атрымлівала з Пецярбурга і Варшавы. Выпусціла больш за 500 выданняў пераважна на польск. і лац., часткова на рус., італьян., ням., франц. мовах. Пры друкарні была словалітня. Сярод кніг: падручнікі для вучняў па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма (1788),

па граматыцы лац. мовы (1790, 1794), рыторыцы (1790, 1799), слоўнікі і інш., творы пісьменнікаў І.​Беніслаўскага, М.​Карыцкага, Я.​Каханоўскага, І.​Красіцкага, Н.​Мусніцкага, А.​Нарушэвіча, філосафа В.​Бучынскага і інш., пісьменнікаў-палемістаў 16—17 ст. П.​Скаргі, І.​В.​Руцкага, рым. пісьменнікаў Вергілія, Гарацыя, Плінія і інш., літургічная л-ра. З канца 18 ст. выдавала «Каляндар полацкі», дзе змяшчаліся краязнаўчыя матэрыялы (у т. л. пра Полацк), звесткі па гуманітарных і фіз.-матэм. навуках, крытыка-бібліягр. агляды, пераклады, апісанні падарожжаў у Сібір і на Каўказ; з 1818 да лют. 1820 (з перапынкам у 1819) — час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Маст. афармленне выданняў сціплае, гравюр мала, для аздаблення выкарыстоўваўся наборны арнамент, ксілаграфічныя застаўкі.

Літ.:

Мальдзіс А. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Умецкая Е.С. «Месенчник Полоцкий» — первый журнал дореволюционной Белоруссии // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Мн., 1972. Вып. 2.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 12, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАРЭ́НКА (Пётр Пятровіч) (н. 19.9.1939, в. Межанец Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю і тэхн. дыягностыкі; стваральнік навуковай школы па метадах капілярнага кантролю. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1996). Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Гомелі (1961). З 1961 на Яраслаўскім лакаматыўным з-дзе (нач. цэха). З 1965 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1974 вучоны сакратар Аддз. фізікатэхн. навук АН Беларусі. З 1977 у Аддзеле навукі і вучэбных устаноў ЦК КПБ. З 1984 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (заг. лабараторыі, з 1993 дырэктар). Навук. працы па тэарэт. асновах капілярнай дэфектаскапіі. Пад яго кіраўніцтвам развіты метады павышэння адчувальнасці і прадукцыйнасці неразбуральнага кантролю з дапамогай фіз. палёў (ультрагукавога, магнітнага) і новых тэхнал. асяроддзяў (магн. вадкасцей), распрацаваны новы стандарт Беларусі па капілярнай дэфектаскапіі.

Тв.:

Ультразвуковой капиллярный эффект. Мн., 1981 (разам з М.​В.​Дзежкуновым, Г.​Я.​Канавалавым);

Физические основы и средства капиллярной дефектоскопии. Мн., 1983 (разам з А.​С.​Баравіковым, М.​В.​Дзежкуновым);

Гидродинамика и теплообмен градиентных течений микроструктурной жидкости. Мн., 1984 (разам з М.​П.​Мігуном);

Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988 (з ім жа);

Theoretical principles of liquid penetrant testing. Berlin, 1999 (разам з М.​П.​Мігуном, М.​Штатгаўзам).

І.​У.​Косціна.

П.П.Прахарэнка.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,

сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),

горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сць эл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-т Паўд. Афрыкі, Паўд.-Афр. акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.

Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пн ад р. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр. дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае хім. ператварэнні рэчываў пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.

Асн. задачы Р.х. — вывучэнне заканамернасцей утварэння, фіз.-хім. уласцівасцей і ператварэнняў высокарэакцыйных прамежкавых прадуктаў радыяцыйна-хім. працэсаў; вызначэнне ўстойлівасці розных рэчываў да ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і стварэнне радыяцыйна-ўстойлівых матэрыялаў; выяўленне аптымальных умоў ажыццяўлення радыяцыйна-хім. сінтэзу і мадыфікацыі матэрыялаў; распрацоўка апаратаў і метадаў правядзення радыяцыйна-хім. працэсаў. Станаўленне Р.х. звязана з адкрыццём рэнтгенаўскага выпрамянення (1895) і радыеактыўнасці (1896). Інтэнсіўнае яе развіццё пачалося ў 1940-я г. ў сувязі з работамі па комплексным выкарыстанні атамнай энергіі. Выключную ролю ў развіцці Р.х. адыграла стварэнне ў 1960-я г. і ўкараненне ў эксперым. практыку метаду імпульснага радыёлізу.

На Беларусі даследаванні па Р.х. праводзяцца з 1962 пасля пуску ў АН Беларусі доследнага ядз. рэактара. У 1968 у БДУ арганізавана кафедра Р.х. і радыяхіміі па падрыхтоўцы спецыялістаў. Даследаванні па Р.х. вядуцца ў БДУ, Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. У навукова-фармацэўтычным цэнтры адкрытага акц. т-ва «Белмедпрэпараты» распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць радыяцыйна-хім. тэхналогіі атрымання гемакарэктараў на аснове поліцукрыдаў. На Мазырскім кабельным з-дзе арганізавана вытв-сць радыяцыйна-мадыфікаваных кабельных вырабаў.

Літ.:

Своллоу А. Радиационная химия: Пер. с англ. М., 1976;

Пикаев А.К. Современная радиационная химия: Основные положения. Экспериментальная техника и методы. М., 1985.

А.​І.​Шадыра.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),

кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.

Літ.:

Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;

Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.

М.​Г.​Нікіцін.

С.Ц.Разін.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАБЕ́ЛЬСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.​Р.​Салавей (старшыня), Л.​Я.​Адзінцоў, М.​А.​Ляўкоў, М.​Ф.​Ус, Н.​Я.​Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.​Дз.​Малаковіча, Ц.​К.​Валадзько, А.​К.​Паланейчыка і інш.

У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.

Літ.:

Грахоўскі С.І. Рудабельская рэспубліка: Дак. аповесць. Мн., 1968.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адо́нак Месца, дзе стаяў стог сена (поўдзень БССР). Тое ж адонне (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)