Калу́пашак ’плецены кош на воз’ (Сцяшк.), колупушок ’кош для перавозкі бульбы’ (Мат. Гом.), ’плецены кораб на сані або воз’ (ТС). Рэгіянальная інавацыя, зах.-бел. форма, магчыма, і незалежная. Утворана метатэзай з палукашак, які, відаць, да *палукош, дзе кош‑ назва вялікага кораба на воз. Менш верагодна думаць пра сувязь палукашак з вядомым у рус. мове лукошко і лукно. Таксама нельга лічыць зыходнай разглядаемую лексему, якая магла быць аддзеяслоўным утварэннем ад калупаць ’плесці’, параўн. смал. колупаць ’плесці лапці’. Апошняе — лакальная інавацыя, параўн. бел. калупаць ’вязаць’ (карункі), утворанае на базе калупаць ’марудна вазіцца’. Адносна ўкр. бойк. параўн. колупінок і колупіток < полукіпок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)