Калакалу́ша ’чаромха, Prunus padus (= Padus racemosa)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Дэмб., Касп.; віц., гродз., маг., мін., смал., Кіс.; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк. 1, Яўс.; слаўг., Яшк.), калакалуха (Бяльк., Мат. Маг., Мядзв.), калакушка (Бяльк.), какалуша (гом., Кіс.). Укр.калакалуша і колоколуша, акаючыя формы, відавочна, сведчаць аб распаўсюджанні слова з паўн.-усх. гаворак, усх.-палес.какалуша, рус.зах.-бран.калакалуша, смал.колоколуша, росл., смал., кур., тульск.колоколуха ’чаромха’ і ’ягады чаромхі’, ’асобы від калючай травы’, адзначаюцца таксама іншыя формы. Звяртае на сябе ўвагу і арл.колокуша ’расліна Rosa tomentosa’, аднак, відаць, сюды гэта лексема не адносіцца (утворана ад асновы колк‑, дэрываты ад якой азначаюць ’розныя калючыя расліны’). У іншых слав. мовах адпаведнікі да бел. слова як быццам не адзначаюцца. Слова не вельмі яснага паходжання. Па сутнасці, нельга з упэўненасцю высветліць першапачатковую фанетыку кала‑ або колокуша. Укр. даныя з’яўляюцца, па сутнасці, двухсэнсоўнымі. У слоўніку Макавецкага шэраг крыніц дубліруюць адна другую, іншыя (перакладныя слоўнікі) нельга прымаць пад увагу з прычыны падазронасці статуса зах.-укр. слова, а што датычыць паўн.-укр. запісаў, параўн. у Бялецкага–Насенкі: «Калакалуша: слово задесенское (белорусское)». Даль падае гэта слова з паметай «зах.» і змяшчае яго ў гняздо «колокол». Больш новыя даныя па рус. нар. гаворках удакладнілі тэрыторыю распаўсюджання слова. Так, сталі вядомымі запісы яго ў кур. і тульск. абласцях, аднак, паколькі іншых матэрыялаў няма, а іншыя запісы паслядоўна ўказваюць на пагранічныя беларускім гаворкі рускай мовы, можна думаць, што гэта або вынік пранікнення слова як тэрміна, або факт, які сведчыць аб міграцыі насельніцтва ў розныя зоны на ўсход. Ствараецца ўражанне, што размова можа ісці толькі аб беларускай інавацыі (іначай гл. Цыхун. Бел.-укр. ізал., 82–83). Калі дапускаць, што зыходнай была форма колоколуша, а падставы для гэтага ёсць, нельга не ўбачыць магчымай сувязі з рус.дыял.колока ’чаромхавы гай’, колок ’невялікі лясок; малады бярозавы гай; вільготнае балоцістае месца ў нізіне, якое зарасло хмызняком’, паўн.-зах.колокол ’малады бярозавы лясок’. Параўн. (СРНГ, 14, 162) «Низменное место вроде чашенки, черемуха там, смородина, березняк. Смородина, а между ней кислица, черемуха, калина в том колке». Параўн. яшчэ бел.гродз.калокавіна ’чаромха’. Калакалуха пры такой версіі вынік рэдуплікацыі формы, адпаведнай да рус.дыял.колка, колки ’зараснікі чаромхі, глогу на полі, у лагчынах’, колк ’невялікае балота, якое зарасло лесам’. Фармальна такую версію можна пацвердзіць прыкладамі дэрыватаў ад асновы колк‑ (рус.дыял.колки — голкі, калючкі і да т. п.): наўг.колкуха ’расліна Xanthium, або, магчыма, Arctium’, колкуша ’расліна Arctium’. Параўн. яшчэ рус.арл.колокуша ’расліна Rosa tomentosa’ і бел.маг.калатуша (Грыг.). У якасці спрэчнай гіпотэзы можна яшчэ прапанаваць этымалогію, паводле якой слова тлумачыцца па бел. глебе. Бел. слаўг. гаворкі ведаюць утварэннекалалужжа ’абшар каля лугу’. Па семантыцы ўтварэнне калакалуша на базе мяркуемай намі формы цалкам магчымае (чаромха — расліна вільготных мясцін). З фармальнага боку яго можна разумець як адваротную дэрывацыю (калакалуга < калакалужжа) з наступнай заменам суфікса. Параўн. крыч.калакалушша ’зараснік калакалушы’, тое ж слаўг. (Яшк.). Аднак недахопы такога тлумачэння (у тым ліку і па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю), нягледзячы на тое што для батанічнага тэрміна можна дапусціць больш-менш шырокую наступную экспансію, відавочныя, і прыняць яго нельга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус.каждый, польск.każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін.kö̀u̯ždï, кашуб.každi і koeždi, палаб.kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж.každy, чэш.každý, славац.každý, серб.-харв.кніжн.každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав.къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав.утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав.когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е.*ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав.žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац.quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав.lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац.quisque, quidque (і quaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав.‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав.kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[kъ]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав.‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав.кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел.жа, рус.же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав.къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав.kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац.quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск.każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казадро́ст ’расліна Anemone nemorosa (казадрост белы)’, казарост ’расліна Anemone ranunculoides’ і ’Anemone nemorosa’, ’расліна Veronica beccabunga’ (Кіс., фіксацыі Аненкава, Верас і Кісялеўскага з захаду і поўначы Беларусі’). Укр.раст, раст білий, расць, раст зазулин ’Anemone nemorosa’ (Верхратскі, Жэляхоўскі–Нядзільскі і інш.). Можна меркаваць, што тэрыторыя, дзе сустракаецца назва, зах.-укр.раст, растик, расть, раст ’Scilla autumnalis’, раст, расть ’Primula officinalis’, ласт, раст, рост, росторопша ’Aristolochia clematis’, раст, рапа білий, бычий, расть, ряст ’Corydalis cava’, ряс жовтий ’Corydalis marschalliana’, ряс, ряска, раст, ряст ’Corydalis solida’, рус.дыял.раст ’Primula veris; Primula officinalis; Aristolochia rotunda’, рост ’Tulipa Gessnericma, ростика ’Scilla cernua’, магчыма, арханг.дрозд ’Ranunculus anricomus’, чэш.kozi dříst ’расліна Anemone nemorosa’ (сілез., паводле Котта). Даль прыводзіць таксама козий‑ростъ, козья‑ростъ, козья‑морда ’расліна Veronica beccabunga’, паводле даных СРНГ, 14, 64, яны зафіксаваны акадэмічным слоўнікам 1847 г. Сувязі з каза1 бясспрэчныя. На ўсходзе толькі адна форма (рус.дыял.козий рост), якую можна ўпэўнена суаднесці з бел. словамі. На жаль, тэрыторыя рус. слова не адзначана і цяжка меркаваць аб характары сувязей бел. і рус. лексем. Рус. форма тэарэтычна можа з’яўляцца поўнай і першапачатковай, а можа ўяўляць сабой спробу «праэтымалагізаваць» незразумелае казадрост. Калі прыняць версію, што казарост складанае слова (каза + рост), цяжка вытлумачыць, як магло ўтварыцца такое слова: па беларускіх крыніцах слова рост, раст у назвах раслін не адзначаецца. Можна меркаваць, што гэтыя словы маглі трапіць у гаворкі з перасяленцамі. У такім выпадку верагодна, што слова не вытрымала канкурэнцыі з мясцовымі казелец, кураслеп, курыная слепата і іншымі назвамі гэтых раслін, аднак па мадэлі кураслеп у гэты час было ўтворана і казарост. Казадрост, такім чынам, неабходна разглядаць або як з нерэгулярным устаўным ‑д‑, або як уплыў іншага слова (гл. вышэй). Той факт, што назва казарост і рост адносіцца да розных раслін, можа тлумачыцца іх роднаснасцю паводле народнай наменклатуры (знешняе падабенства, функцыянальная адэкватнасць) або пераносам (розныя адзнакі: вясеннія расліны, аднолькавы колер кветак і інш.). Іншая назва расліны казялец (гл.) вядомая на поўначы славянскага свету і ў сувязі з казёл сумнявацца не прыходзіцца. Лексемы рост, раст, ряст і інш. па геаграфіі гэта ўсх.-слав. (укр. і, відавочна, рус., пра бел. матэрыял нельга пакуль што нічога сказаць) утварэнне, магчыма, да рости (гл. рост). Вяртаючыся да этымалогіі слова казадрост, можна адзначыць, што на магчымасць яшчэ адной версіі ўказвае зафіксаванае ў цэнтральным Палессі конодрок ’Anemone nemorosa’. Статус слова няясны; не выключныя, што яно ўтварае самастойны арэал (працяг або рэшткі зах.-бел. арэала, дзе ведалі слова). Аднак сама фіксацыя вельмі каштоўная, паколькі пацвярджае законнасць злучэння ‑др‑ у іншых формах і вымушае шукаць сувязі з раслінамі, якія носяць назву дрок, дрост, хоць, магчыма, і не з’яўляюцца блізкімі да Anemone, як вышэй разгледжаныя расліны. Лексему дрост можна суаднесці з в.-луж.drěst ’расліна Potamogeton’, dróst ’Bigens tripartitus’, drósinika ’Potamogeton’, н.-луж.drest, drost, што пацвярджае як архаічнасць гэтай формы, так і значэнне ’расліна Polygonum і падобныя да яе’. Этымалогія гэтых слоў няпэўная: Мяркулава (Очерки, 42) прапануе: *derstъ, *dersьnъ, *drestъ, *dresьnъ, якія да прасл.dristati, параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 3, 168–169; Махэк, Jména rostl., 86–87, 262. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110) пад прасл.*drestъ прыводзіць побач з чэш., славац., в.-луж., н.-луж., польск.рус. і інш. адпаведнікі бел.дрост ’расліна Poligonum nodosum’. Там жа звяртаецца ўвага на тое, што, нягледзячы на шматлікія пераўтварэнні формы, найбольш верагодным неабходна лічыць тлумачэнне Мяркулавай. Такім чынам, можна вытлумачыць форму бел.казадрост, рус.козий рост, чэш.kozídříst, аднак цяжка высветліць паралельную назву казарост. Не выключана, што трэба разумець гэту форму як другасную ў выніку зацямнення ўнутранай формы, аднак, магчыма, што менавіта разуменне ўнутранай формы прыводзіла да «эўфемістычнай» карэкцыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калбу́н ’пячкур. Gobio’ (Жд. 2). Укр.дыял.колб ’пячкур’, кобл і інш., рус.дыял.колб, колба ’тс’ (паўдн., паводле розных крыніц), колбень ’тс’, польск.дыял.koubʼeń, koubla (паўдн.-усх.) і інш., падрабязней агляд лексікі ў Герда, Лекс. балтызмы, 10, дзе ён лічыць формы тыпу kolb трансфармацыяй, запазычанай з літар. мовы лексемы (якой адпавядае бел.келб, гл. падрабязней гэтае слова). Такое меркаванне лагічнае, аднак не выключае іншай версіі. Рус. лексему разглядаў яшчэ Міклашыч, 154, які параўнаў яе з алб.kulp‑bi ’прэснаводная рыба’; супраць Бернекер, 1, 659, Фасмер, 2, 286, які адзначыў, што алб. слова магло быць запазычана з слав. моў. Гэта неверагодна з пункту гледжання лінгвагеаграфіі, паколькі ў паўднёвых славян лексема не зафіксавана, аднак па гэтай жа прычыне албанская паралель не здаецца надзейнай. Брукнер (227) адзначаў, што апрача польск. і ўсх.-слав. моў іншыя слав. мовы гэтага слова не ведаюць, аднак лексема з’яўляецца старой, што даказваецца быццам бы яе роднасцю да kielbasa. Не вельмі зразумела, якую семантыку меў на ўвазе Брукнер (фармальнае падабенства тут сапраўды ёсць), апрача таго. слова каўбаса вельмі няяснае, таму версія Брукнера не была прынята як малапераканаўчая. Паводде Безлая, SR, 5–7, 1954, 136, пячкур суадносіцца з слав.*kъlb ’глыбокае месца ў рацэ’ (польск.kołban з’яўляецца ўкраінізмам, гл. Слаўскі, 2, 365, дзе спасылкі на літ-py), версія недастаткова абгрунтаваная, але цікавая і каштоўная, галоўным чынам, таму, што ўкр.ковбирь, якое прыводзіць Безлай, магчымы дэрыват ад усх.-слав.колб‑, вытворныя ад якога азначаюць розныя булавападобныя і шарападобныя прадметы. Семантыцы апошніх цалкам адпавядае і матывацыя назвы калбун, калі яны сапраўды адносяцца да вытворных ад колб‑. Трубачоў (Дополнения, 2, 286) лічыць, што рус.колбь, польск.kiełb, прасл.*kъlbь маглі быць запазычаны з гоц.*kalba‑ ’цяля’ і падмацоўвае такую версію сінонімам бычок для Gobio’. Тут ёсць недакладнасці, на галоўныя з якіх звярнуў увагу Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95. Мартынаў (там жа) адзначае складанасць адносін паміж гэтымі слав. назвамі, што выцякае з арэала іх пашырэння, і лічыць, што версія Герда датычыцца толькі некаторых вытворных, сапраўды балтыйскага паходжання (гл. падрабязней пад келб), а слав.*kъlbъ узыходзіць да гоц.*kulbo. Гоцкая лексема на засведчана. Аднак мяркуецца, што яна суадносіцца з ням.Kolbe — назвай некаторых булавападобных рыб, якая хутчэй за ўсё адпавядае Kolbe ’булава, паліца’ — дакладная семантычная паралель усх.-слав.колб‑, дэрываты ад якога азначаюць ’шарападобнае патаўшчэнне; абрубак дрэва і да т. п.’ Калі такая матывацыя натуральная для ням. назвы рыб, няма прычыны лічыць яе немагчымай для слав.колб; пры гэтым утварэнне слова на слав. глебе больш верагоднае ў параўнанні з версіяй аб запазычанні лексемы з неадзначанай гоцкай крыніцы. Семантыка слав. дэрыватаў ад колб‑ ’драўляная цурка’, ’патаўшчэнне на канцы падоўжаных прадметаў’, ’мясісты, тоўсты кончык носа’, ’абрубак дрэва’ і да т. п. як быццам пацвярджае наша меркаванне, аб геаграфіі гэтых дэрыватаў і паходжанні гл. пад каўбух. Аднак арэал пашырэння назваў пячкура ў слав. мовах не выключае магчымасці запазычання слова з германскай крыніцы, на што ўскосна ўказвае лінгвагеаграфія польск. слова, параўн. геаграфію ў Герда, там жа. Слаўскага, 2, 143, пашырэнне слоў на іншай тэрыторыі (поўдзень еўрапейскай часткі РСФСР), магчыма, што толькі ўкр. (у бел. формы з ‑е‑ запазычаныя, а статус разглядаемага слова не вельмі ясны па прычыне адзінай фіксацыі) гэтага не выключае. Менавіта гэта падазроная геаграфія (паўдн.-усх. польскія формы, аб якіх пісаў Герд, відавочна, украінскія; паўн. і паўн.-усх. польская лексіка, і кашубская ў тым ліку, магла б разумецца як балтыйская, аднак, паводле Фрэнкеля, 236, літ. слова з’яўляецца паланізмам) ставіць пад сумненне таксама думку Слаўскага, 2, 143, аб дыялектным прасл.паўн.-слав.*kl̥bjь, старажытнасць якога даводзіцца ўсё тым жа алб.kulp‑bi. Параўн. з літаратуры яшчэ Махэк, ZslPh. 19, 58–59 (дзе балтыйская і слав. сінаніміка і меркаванні аб роднаснасці слав. назваў і літ.kilbùkas ’пячкур’).
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэннеБССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,
навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл.Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл.Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш.сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл.Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш.Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш.Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш.Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш.Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.
М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э.т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э.грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс.н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.Ю.Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.Арно і К.Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст.ням. філосаф Г.Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.В.Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст.навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.Боп, А.Х.Вастокаў, Я.Грым, І.Добраўскі, Р.К.Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л.бел. (Вастокаў, Н.Уэбстэр, браты Я. і В.Грым, У.І.Даль, С.Б.Ліндэ, І.І.Насовіч і інш), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.Бругман, Ф.Міклашыч, А.Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.А.Патабня, Г.Штайнталь і інш), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.Мерынгер, Г.Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.Венкер, Ж.Жыльерон і інш), младаграматызм (Бругман, Б.Дэльбрук, А.Лескін, Г.Остгаф, Г.Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.Балі, Ж.Вандрыес, Я.Дз.Паліванаў, А.Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.Ф.Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.Ельмслеў, В.Матэзіус, Э.Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.С.Трубяцкой, Р.В.Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.Д.Алрэсян, В.У.Мартынаў, І.А.Мяльчук, Р.Г.Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.Барт, К.Леві-Строс, Ч.Морыс, дэ Сасюр, Ю.С.Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.Боас, Л.Блумфілд, З.Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.У.Іванаў, В.М.Сонцаў, У.М.Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.
У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.К.Кіркора, Я.Чачота, П.М.Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.Ф.Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.А.Бяссонаў, У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі, Я.Карловіч, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, А.К.Сержпутоўскі, М.Федароўскі, П.В.Шэйн, М.А.Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.С.Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.Ю.Апель, Ф.І.Буслаеў, М.М.Дурнаво, М.А.Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.І.Сабалеўскі, І.І.Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.Скарыны — П.У.Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.Брукнерам, інтэрмедый — У.М.Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.А.Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.Ф.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССРбеларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.Я.Байкова і С.М.Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.І.Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.В.Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.А.Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял.Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.К.Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.А.Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.В.Воўк-Левановіч, М.І.Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.П.Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.В.Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.П.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.Крапівы, М.Г.Булахава, П.П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.Я.Баханькоў, А.М.Булыка, А.І.Жураўскі, І.І.Крамко, Л.М.Шакун, Ф.М.Янкоўскі, А.Л.Яновіч, А.А.Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.А.Антанюк, М.А.Аўласевіч, Булахаў, Л.І.Бурак, М.С.Васілеўскі, А.П.Груца, М.І.Гурскі, М.А.Жыдовіч, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Я.Міхневіч, А.І.Наркевіч, Л.П.Падгайскі, П.У.Сцяцко, Шуба, П.Я.Юргелевіч, М.С.Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.Т.Вайтовіч, Л.Ц.Выгонная, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны, Э.Смулкова, В.М.Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.А.Каўрус, Г.М.Малажай, Лепешаў, Т.І.Тамашэвіч, М.Я.Цікоцкі, А.К.Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.Д.Блінава, Я.М.Камароўскі, Ф.Д.Клімчук, Е.С.Мяцельская, А.А.Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.Б.Варановіч, В.У.Протчанка, В.І.Рагаўцоў, М.Г.Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.Я.Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.Ф.Гуліцкі, В.П.Красней, У.М.Лазоўскі, Лемцюгова, А.А.Лукашанец, Г.М.Мезенка, М.А.Паўленка, М.Р.Прыгодзіч, А.Ф.Рогалеў, В.Д.Старычонак, М.Р.Суднік, Сцяцко, Шакун, В.К.Шчэрбін, Г.Ф.Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.С.Аксамітаў, М.А.Даніловіч, У.І.Коваль, І.Я.Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.М.Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.П.Пазнякова (1988), Н.В.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.С.Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).
З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш.слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.М.Валынец, А.А.Гіруцкі, Гурскі, М.І.Канюшкевіч, І.І.Козыраў, А.Ф.Манаенкава, В.А.Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.М.Нікіцевіч, С.М.Прохарава, І.С.Роўда, Л.М.Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.М.Казлова, А.А.Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.А.Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.Л.Вярэніч, У.А.Карпаў, В.Ф.Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.Ю.Норман, Б.А.Плотнікаў, Супрун, Г.У.Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.М.Гайдучык, Т.С.Глушак, П.І.Копанеў, Г.Я.Панкрац, Ю.У.Папоў, А.М.Шаранда і інш.) і англійская (Дз.Г.Багушэвіч, Ю.Б.Барысаў, Я.М.Воўшын, Г.П.Кліменка, Л.М.Ляшчова, Я.А.Маслыка, В.А.Няхай, Ю.Г.Панкрац, Т.В.Паплаўская, Т.М.Суша, І.Ф.Ухванава, Л.У.Хвядчэня, З.А.Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.Ф.Кістанава, З.Н.Лявіт, М.І.Лешчанка, У.В.Макараў, Л.М.Скрэліна, А.М.Сцяпанава, С.А.Шашкова і інш). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.А.Ганчарова, А.В.Гарнік, Г.І.Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.М.Гардзей, М.У.Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.І.Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.А.Вейзэ, Міхневіч, Л.А.Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.К.Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.Б.Карнеўская, Г.А.Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.П.Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.М.Лесохін, К.Ф.Лук’яненкаў, В.В.Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.В.Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.В.Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.
Літ.:
Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;
Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАЕ,
афіцыйная назва Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае [у бел. гістарыяграфіі Беларуска-Літоўская дзяржава (гаспадарства), у расійскай 19 — пач. 20 ст.Літоўска-Руская дзяржава, у літ. — Літоўска-Беларуская дзяржава], феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая займала тэр. Беларусі і Літвы (у 13—18 ст.), Жамойціі (з 1422), частку ўкр. зямель (Кіеўская, Чарнігаўская, Валынская землі ў 14 ст. — 1569), частку вялікарасійскіх зямель (у 14 — пач. 16 ст.). Ядром дзяржавы пры яе ўтварэнні былі бел. землі верхняга і сярэдняга Панямоння, т.зв. Чорная Русь, ці гістарычная Літва, і землі па верхнім цячэнні р. Віліі. Першая сталіца дзяржавы — г. Навагрудак (Новагародак). ВКЛ узнікла ва ўмовах няспыннай барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і пад пагрозай мангола-татарскага нашэсця. Уключэнне бел. зямель у склад навастворанай у сярэдзіне 13 ст. дзяржавы мела добраахвотны характар, яно ажыццяўлялася праз пагадненні вял. князёў літ. з феадаламі бел., а потым і ўкр. зямель пры захаванні льгот, прывілеяў і пэўнага самакіравання.
Гістарычны нарысда Люблінскай уніі 1569. УтварэннеВКЛ з цэнтрам у Новагародку адносіцца да 1240-х г., калі тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У 1251 Міндоўг быў ахрышчаны паводле каталіцкага абраду, у 1253 ён каранаваны ў Новагародку каралеўскай каронай, прысланай ад імя папы Інакенція IV (Міндоўг — адзіны кароль ВКЛ). Пасля забойства Міндоўга ў выніку змовы ў 1263 велікакняжацкі пасад заняў Транята, але ён быў забіты слугамі Міндоўга. Вял. князем стаў сын Міндоўга Войшалк [1264—67], які значна пашырыў тэр. дзяржавы. Барацьбу за ўмацаванне ВКЛ вялі яго наступнікі Шварн [1267—70] і Трайдзень [1270—82]. Узмацненне велікакняжацкай улады адносіцца да перыяду панавання Віценя [каля 1295—1316], у час княжання якога да ВКЛ далучана Полацкае княства (1307). Значна пашырылася тэр.ВКЛ пры вял. князю Гедзіміне [1316—41], у склад дзяржавы ўвайшлі Віцебская, Берасцейская, Тураўская землі, Менскае (Мінскае) княства. У 1323 Гедзімін перанёс сталіцу ў Вільню. Яшчэ пры жыцці Гедзіміна ён перадаў сынам удзельныя княжанні. Яго малодшы сын Яўнут стаў вял. князем [1341—45], але ў выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута быў пазбаўлены трона. Вял. князем стаў Альгерд [1345—77]. У час яго панавання ў ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская, Падольская і Валынская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. Барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд праводзіў актыўную палітыку на Усходзе, намагаючыся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі былой Кіеўскай Русі. У 1368, 1370 і 1372 ён зрабіў тры паходы на Маскву, але захапіць яе не змог. За час княжання Альгерда тэр.ВКЛ павялічылася ўдвая. Пасля яго смерці вял. князем літоўскім стаў Ягайла Альгердавіч (1377—92). Барацьбу з Ягайлам пры дапамозе крыжакоў вёў князь Вітаўт Кейстутавіч. Урэшце паміж дваюраднымі братамі было заключана пагадненне, і Вітаўт атрымаў у княжанне Гародню (Гродна) і Бярэсце (Брэст), а потым і Трокі. З мэтай супрацьдзеяння крыжацкай агрэсіі і ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў Крэўскую унію 1385, паводле якой перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём. Ён абяцаў правесці хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт на чале групоўкі літоўскіх і бел. феадалаў. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем літ. [1392—1430], ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай. Умацаваўшы сваю ўладу, Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Кіеве і інш.). У войнах з Тэўтонскім ордэнам Вітаўт страціў б.ч. Жамойціі (1398). Пасля бітвы на Ворскле 1399, дзе войска ВКЛ было разгромлена ардынскім войскам, Вітаўт вымушаны быў заключыць Віленска-Радамскую унію 1401, паводле якой ВКЛ прызнавалася пажыццёвым уладаннем Вітаўта, а Ягайла захоўваў тытул вярхоўнага князя. У 1404 ВКЛ канчаткова падпарадкавала Смаленскае княства, потым Вярхоўскія княствы (бас. верхняй Акі). У час Грунвальдскай бітвы 1410 войска Тэўтонскага ордэна было разбіта саюзнымі войскамі, Жамойція пераходзіла ў пажыццёвае ўладанне Вітаўта (канчаткова далучана да ВКЛ у 1422).
Нямецкая агрэсія на У была спынена. Гарадзельская унія 1413 замацавала паліт. саюз Польшчы і ВКЛ. У 1416 Вітаўт дамогся выбрання і зацвярджэння асобнага мітрапаліта правасл. царквы ў ВКЛ Грыгорыя Цамблака, падпарадкаванага канстанцінопальскаму патрыярху. Пасля смерці Вітаўта вял. князем быў выбраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты ў вер. 1432 з велікакняжацкага пасада і ўцёк у Полацк. Вял. князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40]. Пачалася феад.грамадз. вайна 1432—39. 15.10.1432 Жыгімонт аднавіў унію з Польшчай. Пасля выдання Жыгімонтам прывілея аб ураўнаванні асабістых і маёмасных правоў баяр-католікаў і праваслаўных (6.5.1434) Свідрыгайла страціў падтрымку большасці бел. феадалаў. 1.9.1435 у бітве пад Вількамірам войска Свідрыгайлы было разбіта. 20.3.1440 Жыгімонт у выніку змовы быў забіты і вял. князем выбраны малодшы брат польск. караля Уладзіслава III Казімір IV Ягелончык [1440—92]. У 1447 Казімір выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. Казімір выдаў судзебнік 1468, у якім былі змешчаны юрыд. нормы, пераважна крымінальнага права. Пасля смерці Казіміра вял. князем стаў яго сын Аляксандр [1492—1506]. У час яго панавання велікакняжацкая ўлада аслабела. Паны-рада (вышэйшы кіруючы орган) дамагліся выдання Аляксандравага прывілея 1492, паводле якога ўсе найважнейшыя дзярж. справы вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай. У гэты час адбылася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам, якое паступова пашырала сваю тэр. на захад. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары пачалі напады на Украіну і Беларусь, асабліва моцныя набегі былі ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506. Перамога войска ВКЛ у Аршанскай бітве 1514 у час вайны з Маскоўскай дзяржавай 1512—22 дазволіла стабілізаваць усх. граніцу. У час панавання вял. князя Жыгімонта I Старога [1506—48] прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529. Пры сыне Жыгімонта Старога вял. князю Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 утвораны паветы і павятовыя сеймікі, якія вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) на агульнадзярж. сейм, і павятовыя суды — гродскія, земскія і падкаморскія. У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай. У Лівонскую вайну 1558—83рас. цар Іван IV Грозны намагаўся захапіць Лівонію. У лютым 1563 яго войска захапіла Полацк. У Ульскай бітве 1564 і Аршанскай бітве 1564рас. войскі пацярпелі паражэнне. Далейшы ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы. На палявым сейме каля Віцебска 13.9.1562 шляхта прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую, больш цесную дзярж. унію з Польшчай. Супраць выступіла асн. частка магнатаў на чале з М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт.пазіцыі ў кіраванні дзяржавай і грамадскія прывілеі. Жыгімонт Аўгуст, які не меў нашчадкаў, намагаўся аб’яднаць абедзве дзяржавы і падтрымліваў унітарную ідэю. Ён абапіраўся на шляхту ВКЛ. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў грамадска-паліт. змены, што адбыліся ў ВКЛ у 1530—60-я г. 1.7.1569 асобна дэпутатамі польскага сейма і сейма ВКЛ пад прысягаю быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якой абедзве дзяржавы на аснове роўнасці аб’ядноўваліся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Былыя прывілеі шляхты захоўваліся ў кожнай дзяржаве, абедзве краіны захоўвалі суверэнітэт, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, кіраванне, адм. і судовы апарат, свае законы і сваю мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча лацінскую, ВКЛ беларускую. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стварылася больш моцная дзяржава. Яна ўмацавала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, уплыў зах.-еўрап. культуры на бел. землі.
Пасля Люблінскай уніі (з 1569 да канца 18 ст.). Пасля смерці Жыгімонта II Аўгуста каралём стаў Генрык Валезы [1573—74], потым Стафан Баторый [1576—86]. Працягваючы Лівонскую вайну, ён у 1579 адваяваў Полацк і нанёс некалькі паражэнняў войскам цара. Вайна скончылася падпісаннем Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582, паводле якога Расія адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала заваяваныя крэпасці на рас. тэрыторыі. Наступным польск. каралём і вял. князем літ. быў выбраны Жыгімонт III Ваза (1587—1632), які імкнуўся мець падтрымку бел.-літ. шляхты. Ён зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліваў самастойнасць ВКЛ і забараняў польск. шляхце атрымліваць у ВКЛдзярж. землі і пасады. Была пацверджана самастойнасць дзярж. устаноў ВКЛ, адасобленасць фінансаў і заканадаўства. Жыгімонт падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але і далучыўся да пастаноў сеймаў 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Кароль захапіўся планам далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць з Расіяй саюз з каралевічам польскім у якасці цара. З гэтай мэтай былі падтрыманы Лжэдзмітрый I (гл.Ілжэдзмітрый I) і Лжэдзмітрый II (гл.Ілжэдзмітрый II), а потым пачата вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, якая скончылася падпісаннем Дэулінскага перамір’я 1618. Да ВКЛ адышла Смаленшчына. Пасля смерці Жыгімонта Вазы польск. каралём і вял. князем літ. выбраны яго сын Уладзіслаў IV [1632—48]. Выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Маскоўская армія была акружана войскам Рэчы Паспалітай на чале з каралём і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я аб пераходзе Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Адным з самых буйных антыфеад. казацка-сял. выступленняў было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы з Украіны, паўстанцы адышлі на бел. Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, пасля адышлі на Валынь. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян II Казімір [1648—68]. У 1648 на Украіне пачалася нац.-вызв. вайна, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі. На Беларусі яна выклікала антыфеадальную вайну 1648—51. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У час кампаніі 1654 была занята рас. войскамі ўся паўн. і ўсх. Беларусь, у час кампаніі 1655 — астатняя частка Беларусі (акрамя Брэсцкага пав. і Навагрудскага ваяв.), Вільня, Коўна. У час ваен. дзеянняў былі разрабаваны і спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі, шмат людзей загінула або трапіла ў палон, дзесяткі тысяч сялян і тысячы гараджан вывезены ў Расію. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Гарады Беларусі атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. Сяляне, якіх раздавалі шляхце, абкладаліся дадатковымі павіннасцямі на карысць войска. У 1660 рас. войскі сталі цярпець паражэнні. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Дзісна, Себеж, Гомель і інш.) адбыліся паўстанні мяшчан супраць рас. гарнізонаў. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Расчараваны няўдачамі ў войнах і ва ўнутр. палітыцы, кароль Ян Казімір у 1668 адрокся ад трона. Новым каралём польск. і вял. князем ВКЛ быў выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сейма 1673, кожны трэці сейм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
Супраць караля выступілі Сапегі, якія мелі намер узначаліць самастойнае ВКЛ. Супраць іх у 1696 пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты на чале з Р.Агінскім. Шляхце ВКЛ удалося правесці на канфедэрацыйным сейме 29.8.1696 канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты. Гэтай жа пастановай замест афіцыйнай бел. мовы ў дзярж. установах ВКЛ уводзілася польская мова. Новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст II Моцны [1697—1706, 1709—33], падтрыманы Расіяй і Аўстрыяй. У гэты час канфлікт паміж Сапегамі і б.ч. шляхты набыў характар грамадз. вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (каля Вільні) атрады шляхты разбілі войска Сапегаў. Аўгуст II уступіў у Паўночную вайну 1700—21 як саюзнік Пятра I і як курфюрст Саксоніі. Рэч Паспалітая спачатку ў вайне не ўдзельнічала. У пач. 1702 шведскія войскі прайшлі праз Гродна ў Польшчу, дзе ваен. дзеянні ішлі некалькі гадоў. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Шведскі кароль Карл XII арганізаваў у Польшчы канфедэрацыю, якая дэтранізавала Аўгуста II і выбрала каралём польск. і вял. князем літ.Станіслава Ляшчынскага [1704—09, 1733]. У 1706 Аўгуст II, пацярпеўшы паражэнне, заключыў Альтранштацкі дагавор, паводле якога адмовіўся ад кароны на карысць Ляшчынскага. Наступныя ваен. дзеянні адбываліся на тэр. Беларусі. У бітве пад Лясной 1708 армія Пятра I разграміла шведскі корпус А.Левенгаўпта. Пасля перамогі рас. войск пад Палтавай 8.7.1709 Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Вайна прычыніла вял. страты Беларусі, колькасць насельніцтва зменшылася з 2,2 млн.чал. да 1,5 млн.чал. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў Расіі на частку магнатаў і шляхты ВКЛ узмацніўся. Пасля смерці Аўгуста II 12.9.1733 шляхта зноў выбрала каралём польск. і вял.кн.літ. Станіслава Ляшчынскага, але гэта не адпавядала інтарэсам Расіі. На тэр. Рэчы Паспалітай былі ўведзены рас. войскі, арганізаваны новыя выбары і 5.10.1733 новым каралём польск. і вял. князем літ. быў выбраны Аўгуст III [1733—63]. У час яго панавання адбылося далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове рас. імператрыцы Кацярыны II быў выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літ.Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформаў дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць Расіі і Прусіі. Пры падтрымцы рас. пасла кн. М.В.Рапніна ў 1767 былі створаны пратэстанцкая шляхецкая канфедэрацыя ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўная Слуцкая канфедэрацыя 1767, якія імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. На дапамогу канфедэратам Кацярына II накіравала 40-тысячную армію. Сейм 1768 ураўнаваў правы некаталіцкай шляхты з каталіцкай і пад націскам Кацярыны II замацаваў анархічны лад дзяржавы. Патрыятычна настроеная шляхта выступіла супраць чужаземнага ўмяшання ва ўнутр. справы дзяржавы і арганізавала Барскую канфедэрацыю. Пасля яе разгрому ў Пецярбургу быў падрыхтаваны першы падзел Рэчы Паспалітай 1772, паводле якога Расія, Прусія і Аўстрыя далучылі часткі тэр. Рэчы Паспалітай. Расіі адышлі тэрыторыі на Пн ад Зах. Дзвіны, на У ад Друці і Дняпра. У 1770—80-я г. ў Рэчы Паспалітай былі праведзены некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і развіццё прам-сці. Больш грунтоўныя рэформы праводзіў Чатырохгадовы сейм 1788—92. Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя прагрэс. зменамі, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе. У Пецярбургу пад наглядам імператрыцы 27.4.1792 складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. Пасля пераходу граніцы ва ўкр.мяст. Таргавіца быў абвешчаны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з баямі занялі тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны, разам з прускімі войскамі акупіравалі Польшчу. Канстытуцыя 3 мая і рэформы Чатырохгадовага сейма былі адменены. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай 1793. Канвенцыя аб гэтым падпісана ў Пецярбургу паміж Расіяй і Прусіяй 23.1.1793. Расія ўзяла сабе цэнтр. частку Беларусі, а таксама Правабярэжную Украіну. Гродзенскі сейм 1793 зацвердзіў падзел Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах рас. і прускай акупацыі было падрыхтавана нац.-вызв. паўстанне 1794 на чале з Т.Касцюшкам. Паўстанне было задушана рас. войскамі пад камандаваннем ген. А.В.Суворава. Рэч Паспалітая была поўнасцю акупіравана рас., прускімі, потым і аўстр. войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай 1795. Расія далучыла землі Зах. Беларусі, б.ч. Літвы і Курляндыю. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад трона на карысць Кацярыны II. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Дзяржаўны і палітычны лад. ВКЛ была феад. манархіяй. У першыя стагоддзі свайго існавання гэта дзяржава з моцнай уладай вял. князя (гаспадара) у цэнтр. раёнах і аўтаномнымі княствамі і землямі са сваім паліт. жыццём, якія падпарадкоўваліся вял. князю. У канцы 14 ст. Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. княствы захоўваліся да 1520-х г. З канца 14 ст. збіраўся пастаянны кансультатыўны орган пры вял. князю — паны-рада (гл.Рада Вялікага княства Літоўскага). З 1492 рада мела заканадаўчыя і распарадчыя функцыі (асабліва ў час адсутнасці вял. князя ў дзяржаве). У 15 ст. сфарміраваўся сейм — прадстаўнічы орган шляхецкага саслоўя. У пач. 16 ст. ён набыў значэнне заканадаўчага і кантрольнага органа. На пасады цэнтр. кіравання назначэнне рабіў вял. князь. Найважнейшымі былі пасады маршалка земскага (потым — вялікага), канцлера, падскарбія, гетмана найвышэйшага (потым — вялікага) і інш. Асобнымі землямі кіравалі намеснікі, старосты, а з 15 ст. і ваяводы, якія мелі шырокія паўнамоцтвы. Акругамі кіравалі дзяржаўцы, а ніжэйшае звяно дзярж. кіравання да 16 ст. складалі прадстаўнікі мясц. насельніцтва — валасныя старцы, соцкія, дзесяцкія. У 1413 былі ўтвораны вял. па тэрыторыі Віленскае і Трокскае ваяв., куды ўваходзілі ўсх.-літ. землі і землі Зах. і Цэнтр. Беларусі. Ваяводы віленскі і трокскі і іх намеснікі — кашталяны — таксама належалі да найвышэйшых саноўнікаў дзяржавы. Паводле адм. рэформы ў 1565—66 у ВКЛ было ўтворана 13 ваяводстваў, якія падзяляліся на паветы. Павет стаў асн.адм.-тэр. адзінкай са сваім прадстаўнічым органам — шляхецкім сеймікам і павятовымі шляхецкімі судамі (гл.Земскі суд, Гродскі суд, Падкаморскі суд). У 1581 быў арганізаваны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, вышэйшы апеляцыйны суд. Члены судоў і дэпутаты Трыбунала выбіраліся шляхтай. Да 17—18 ст. у некаторых мясцовасцях захоўваўся нар. традыцыйны копны суд, які дзейнічаў пад кантролем дзярж. або панскай адміністрацыі. Прывілеем 1447 вял. князь Казімір Ягелончык перадаў права суда над насельніцтвам феадалам — панам і баярам, на чыёй зямлі жылі залежныя ад іх сяляне і гараджане. З 15 ст. мяшчане гарадоў, што атрымалі самакіраванне паводле магдэбургскага права, вызваляліся ад феад. павіннасцей, суда і ўлады ваявод і старостаў, мелі свае войтаўска-лаўніцкія суды. У 16 ст. былі распрацаваны сістэматызаваныя зборы законаў, выдадзеныя на бел. мове, — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Яны аб’ядноўвалі юрыд. нормы міжнар., дзярж., саслоўнага, маёмаснага, сямейнага і інш. права.
Рэлігійныя адносіны. Большасць насельніцтва ВКЛ у 13 ст. належала да правасл. царквы, літоўцы і жэмайты былі яшчэ язычнікамі. У 1387 Ягайла правёў хрышчэнне літоўцаў паводле каталіцкага абраду. Хрышчэнне жэмайтаў расцягнулася яшчэ на стагоддзе. Паступова каталіцкая царква пры дапамозе вял. князёў пашырала свае пазіцыі. З 1458 правасл. царква ў ВКЛ мела сваю самаст. мітраполію. У сярэдзіне 16 ст. на Беларусі вял. ўплыў мела Рэфармацыя ў яе розных плынях. 9.10.1596 абвешчана Брэсцкая унія, акт аб арганізацыйным аб’яднанні на тэр. Беларусі і Украіны правасл. царквы з каталіцкай. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва.
Сельская гаспадарка і становішча сялян. У 13—14 ст. вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вял. князь. Прыватнаўласніцкія маёнткі падзяляліся на 2 групы: вотчыны, якія належалі спадчынна княжацкім і буйным феад. (панскім) сем’ям, і двары (маёнткі), якія раздаваліся баярам на ўмоўным праве, за службу (у асн. вайсковую). Пачынаючы з прывілея 1447, права спадчыннай уласнасці на зямлю было пашырана на ўсё саслоўе баяр (шляхты). Гэта права як манаполія саслоўя феадалаў было заканадаўча замацавана Статутамі ВКЛ. У 14—16 ст. сялянства юрыдычна падзялялася на групы: чэлядзь нявольная, людзі пахожыя, людзі непахожыя, сяляне-слугі. Вышэйшай групай сялян-слуг былі вайсковыя сяляне, што выходзілі ў паход разам з панам, — панцырныя, путныя і конныя баяры. Частка іх увайшла ў 15—16 ст. у ніжэйшую групу шляхецкага саслоўя або замацавалася ў нешматлікай групе вольных людзей — зямян, выбранцаў, баяр, якія былі васаламі вял. князя, магнатаў, буйной шляхты. У час вайны яны служылі ў войску, у мірны час плацілі грашовы чынш. Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 юрыдычна замацавалі прыгоннае права. Розныя групы сялян у 1-й пал. 17 ст. канчаткова ператварыліся ў асабіста залежных ад феадала людзей. У 14—15 ст.асн. павіннасцю быў натуральны аброк. З канца 15 ст. ў сувязі з павелічэннем попыту на с.-г. прадукцыю ў Зах. Еўропе феадалы ВКЛ пашыралі ворныя землі ў маёнтках, стваралі фальваркі, шырока ўводзілі паншчыну. З сярэдзіны 16 ст. ў велікакняжацкіх (дзяржаўных) маёнтках пачала актыўна праводзіцца зямельная рэформа (гл.Валочная памера, «Устава на валокі» 1557). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. рэформа праведзена ва ўладаннях феадалаў Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі, да сярэдзіны 17 ст. — усх. і паўд. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем часткі вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў (1 валока — 21,36 га). Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Паводле павіннасцей сяляне падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглыя сяляне і асадныя сяляне. Сяляне з невял. ўчасткамі зямлі (агароднікі, халупнікі, каморнікі) да сярэдзіны 17 ст. зліліся з цяглымі сялянамі, надзелы якіх зменшыліся да паўвалочных. У час ваен. дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка ВКЛ была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17 — 1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асн. захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст. сялянская гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы. У 2-й пал. 18 ст. пачаўся перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталіст. адносін. Пашырыўся ўнутр. рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформы К.Тызенгаўза).
Культура і асвета. Бел. мова з часу ўтварэння ВКЛ была афіцыйнай дзяржаўнай і мовай міжэтнічных зносін. На ёй вялося справаводства і судаводства, выдаваліся велікакняжацкія прывілеі і дыпламат. дакументы, сеймавыя пастановы, статуты, пісаліся летапісы, хронікі, маст. і царк.-рэліг. творы. З 15 ст. на бел. мове ствараецца свецкая арыгінальная і перакладная літаратура. На бел. мове Ф.Скарына надрукаваў першыя ва ўсх. славян 22 кнігі Бібліі, заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. На лацінскай мове ў 1523 выйшла паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра». Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармац. рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі С.Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, Л.Зізаній, браты Мамонічы, М.Сматрыцкі, браты Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. У Літве і Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773—75 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Паспяхова развівалася муз. мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі спектаклі тэатраў, балі, рэлігійныя службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўласніцкіх гарадах існавалі прыдворныя т-ры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя т-ры. Значнага развіцця ў 14—16 ст. дасягнула буд-ва абарончых збудаванняў (замкі ў Новагародку, Гродне, Крэве, Лідзе, Вільні, Нясвіжы, Міры, Троках) і цэркваў-крэпасцей (у Сынковічах, Супраслі, Мураванцы). Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ў 17—18 ст. ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве спачатку пераважаў іканапіс, з 16 ст. пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, урэцкае шкло і інш.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
История Литовской ССР. (С древнейших времен до нашнх дней). Вильнюс, 1978;
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории. Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Яго ж. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд.Мн., 1994;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Lowmiański H. Studia nad dziejami Wielikogo Ksiestwa Litewskiego. Poznań, 1983.
А.П.Грыцкевіч.
Герб Вялікага княства Літоўскага «Пагоня». Малюнак 1575.«Трыбунал Вялікага княства Літоўскага». Тытульны ліст. Вільня. 1586.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Рэзідэнцыя вялікіх князёў ВКЛ і Верхні замак у Вільні. Малюнак Ю.Камараўскаса.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Люблінская унія. Карціна Я.Матэйкі.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Від Гродна. Гравюра канца 16 ст.Першая старонка Статута Вялікага княства Літоўскага. 1529.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Інтэр’ер Нясвіжскага касцёла. 16—18 ст.Да арт.Вялікае княства Літоўскае. Абраз «Пакланенне вешчуноў» з в. Дрысвяты Браслаўскага раёна. 1-я пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казёл1 ’жывёла, самец казы’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; КЭС, лаг.; Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Юрч., Янк. Мат., Янк. 3.). Укр.козел, рус.козёл, польск.kozioł, в.-луж.kozoł, н.-луж.kózoł, чэш.kozel, славац.kozol, славен.kózel, серб.-харв.kozao (чак. і інш.), kozel (кайк.), балг.козел, ст.-слав.козьлъ, козелъ. Прасл.kozьlъ < koza, аб структуры ўтварэння гл. Шульцэ, Зб. Ягічу, 343–347. Прасл. інавацыя; БЕР (2, 525) спрабуе прапанаваць і.-е. рэканструкцыю: *(s)kəĝ‑ilo‑s літаральна ’скакун’.
Казёл2 ’козлы для распілоўкі дроў’ (Бяльк., Выг. дыс., Касп., лаг.КЭС; Мат. Гом., Юрч.). Рус. (пск., калін., цвяр. і інш.) козёл ’тс’, н.-луж.kózol ’тс’. Статус слова няясны; яно можа быць самастойным утварэннем тыпу рус.козёл і інш. у значэнні розных падпорак, асабліва рагатых, а можа, улічваючы натуральнасць формы мн. ліку для назвы гэтай рэаліі, быць другасным. Ва ўсякім разе меркаваць, што бел., рус. і н.-луж. назвы захоўваюць або першасную, або старую паралельную назву для гэтай рэаліі, няма падстаў. Можна думаць, што тут не абышлося без уплыву іншых тэрмінаў у адз. ліку, як аманімічных да разглядаемага слова, так і семантычна падобных (кабылка і інш.). Гл. козлы, дзе этымалогія і паралелі.
Казёл3 ’умацаванне саламянай страхі’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да казёл1, перанос назвы паводле падабенства рэаліі да рагоў жывёлы, такая ж матывацыя ў шматлікіх іншых назвах розных рогападобных прыстасаванняў, дэталей і інш., параўн. наступныя словы і семантыку дэрыватаў ад каза.
Казёл4 ’умацаваныя на бэльцы козлы, на якія абапіраецца верхняя частка даху’ (Юрч.). Як не зусім дакладныя адпаведнікі, можна прывесці польск.kozieł ’кроква, частка канструкцыі даху’ (ст.-польск. з XV ст. и дыял.паўн.-зах.), н.-луж.kózol ’тс’. Матывацыя, як і ў папярэднім выпадку, паводле падабенства.
Казёл5 ’гімнастычны снарад’ (ТСБМ). Да казёл), матывацыя зразумелая (перанос па знешняму падабенству: канструкцыя на ножках параўноўваецца з формай жывёлы); паралелі ў іншых мовах і статус слова як тэрміна прымушаюць меркаваць аб запазычанні з рус.козел ’тс’.
Казёл6 ’частка збудавання пры студні: разгалістае бервяно, на якім прымацоўваецца вочап’ (Янк. 3.). Да казёл1, перанос назвы па зааморфнай прыкмеце рэаліі (наяўнасць расохі), якая параўноўваецца з рагамі жывёлы. Не выключае, што тут субстытуцыя каза3 (гл.).
Казёл7 ’сажань, прылада для вымярэння плошчы’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Да казёл1, гэта слова паралельнае каза8 або замяшчэнне назвы, як больш прымальнае або ўтворанае ў канкрэтным выпадку (у сістэме тэрміналогіі гаворкі).
Казёл8 ’мера даўжыні (2,5 м)’ (Мат. Гом.). Можна разглядаць як утварэнне на базе папярэдняга слова (прыстасаванне для вымярэння — мера); што ж датычыцца канкрэтнай лічбы, тут або адлюстраванне старых варыянтаў мер даўжыні (параўн. у Семянтоўскага, О мерах и весах, употребляемых в Витебской губернии. Витебск, 1874, стар. 12), або мясцовыя традыцыі. Магчыма, гэта некалькі павялічаны касы сажань.
Казёл9 ’мера дроў (2,5 м³)’ (Мат. Гом.). Відавочна, да папярэдняга слова: укладка на кубічнага «казла» → «казёл» як новая мера. Не выключана, што суадносіны гэтых лексем больш складаныя. Калі прыняць, што назва казачок, казёл утвараецца ад назвы спецыфічнай укладкі дроў пэўнага аб’ёму, можна думаць, што яе рэальная даўжыня магла лічыцца і асобнай мерай. Такім чынам, з’яўленне слова казёл ’мера даўжыні’ абавязана тэрміналагізацыі назвы спецыяльнай укладкі дроў як меры аб’ёму. Калі ж лічыць, што гэта малаверагодны (паводле складанасці пераносаў) варыянт тлумачэння, вельмі цяжка высветліць суадносіны слоў казачок і казёл. Магчыма, гэта незалежныя ўтварэнні і, прымаючы для слова казёл першы варыянт этымалогіі, можна экстрапаліраваць і на слова казачок. Тут неабходна дапусціць існаванне значэння ’прылада для вымярэння даўжыні’. Паколькі казачок у іншых значэннях як метафара ад казак < каза зафіксавана ў бел. і ў інш. слав. мовах, а рэалія носіць назвы-дэрываты ад каза1, казёл1, такое дапушчэнне цалкам верагоднае. Назва меры даўжыні таксама натуральная з’ява, як і магчымае наступнае ўтварэнне паняцця кубічнай меры. Прымаючы казачок ’лінейная мера, кубічная мера’ адэкватным сажню (параўн. каза ’сажань’), атрымліваем казачок ’мера дроў, якая раўняецца сажню’. Гатовыя для ўжывання дровы маглі вымярацца кубічнай і лінейнай мерай, а таксама адным, двума і г. д. радамі паленняў. Звычайным можна лічыць варыянт сажань дроў ’сажань з адным радам дроў’ і адпаведна казак дроў. Прымаючы пад увагу рус.пятерик дров ’пяціпаленны сажань’ і прыведзеныя Далем даныя па даўжыні палена — 10–12 вяршкоў, можна меркаваць, што пяціпаленны сажань — гэта кубічны сажань пры мінімальнай даўжыні палена, а пры іншым падліку (сажань — 3 аршыны, аршын — чатыры чвэрці па чатыры вяршкі, усяго 48 вяршкоў), пры даўжыні палена 12 вяршкоў, атрымліваем 1/4 сажня. Гэта можна прыняць, аднак рэальна ў нас казачок не 1/4, а 1/8 сажня. Можна прапанаваць наступную версію тлумачэння, каб суаднесці гэтыя лічбы. Казачок ’мера дроў’ звычайна яшчэ і ’столькі дроў, колькі змяшчаецца на невялікім возе’. Казачок ’1/4 сажня дроў’ і казачок ’два вазы дроў, адзначанае ў слоўніку мінска-маладзечанскіх гаворак, суадносяцца як роўныя велічыні. Гэта дазваляе меркаваць, што казачок ’адзін воз дроў’ і адпаведна ’1/8 сажня’ — другасныя ўтварэнні, вынік натуральнага развіцця значэння і ўзнікнення зручнай дробнай меры аб’ёму з наступнай спецыялізацыяй значэння ’аб’ём невялікага воза’. Аднак рус.болх., арл.казак значыць не 1/8, а 1/16 кубічнага сажня дроў, што матэматычна добра ўзгадняецца з папярэдняй лічбай як яшчэ больш дробная велічыня (1:2), але дрэнна тлумачыцца лінгвістычна, нават калі прымаць гэта слова як пранікненне з бел. гаворак (з формы казак) у якасці тэрміна. Апрача гэтага, пярэчыць нашым меркаванням і рус.дыял. (арханг.) козлец ’маленькі воз сена’, якое паказвае, што гэта праблема не толькі бел. мовы: тлумачэнне павінна ўлічваць і такі факт, прапаноўваючы або тыпалагічна верагодную мадэль утварэння, або такі варыянт, які ўключае рус. лексему як роднасную. Па такіх крытэрыях прапануемая этымалогія не вельмі надзейная і перавага за ранейшымі версіямі. Гл. казачок.
Казёл10 ’род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’бабка ячменных снапоў без шапкі’ (полац., Нар. лекс.). Гэтыя фіксацыі нельга аддзяліць ад рус. слаўк., пск.козёл ’укладка снапоў’ (пра лён), калін. ’вялікая ўкладка аўса’, валд., наўг. ’асаблівая ўкладка жытніх снапоў у дажджлівы час’. Безумоўна, да казёл1, аднак матывацыя не зводзіцца да адзінай, што, магчыма, указвае на розныя па ўтварэнню словы. Так, можна разглядаць асобна казёл ’укладка лёну’ — гэта ўтварэнне па тыпу казёл, козлы ў дачыненні да прадметаў, пастаўленых у піраміду (козлы) вертыкальна з нахілам. Казёл ’спецыяльная ўкладка снапоў’ суадносіцца хутчэй за ўсё з тэрмінамі казёл, козлы, ставіць казлом, якія абазначаюць або Т‑падобныя канструкцыі, або спецыяльную ўкладку торфу, цэглы для больш хуткай прасушкі; такія словы суадносяцца з лексемай казёл1 непасрэдна або — гэта вынік ужывання як уласнага тэрміна з адпаведным значэннем. Звяртае на сябе ўвагу дублетнасць ужывання бабка і казёл, гл. вышэй у дэфініцыях, параўн. таксама рус.дыял. (1965) козлуха ’укладка снапоў ільну; сноп ільну’ і прыклад: «Козлуха — снопы составляешь бабочкой, а что бабочка, что козлуха — все одно, так называют снопик льна» (СРНГ, 14, 69). Цяжка меркаваць, ці магла тут мець месца субстытуцыя тэрмінаў бабка і казёл, як у іншых выпадках, разгледжаных вышэй, ці гэта паралельнае ўжыванне тыпалагічна эквівалентных канструкцый (у змешаных гаворках). Тое ж і для разглядаемага слова: такі варыянт магчымы, але неабавязковы, як і ў выпадку баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза, казёл ’тс’.
Казёл11 ’упарты чалавек’ (Янк. 3.). Пераноснае ўжыванне казёл1. Метафара празрыстая; тое ж відаць, як тыпалагічная універсалій, у іншых мовах: рус.козел, польск.kozioł ’тс’, літ.oži statyti ’ўпарціцца, капрызіць’ і да т. п.
Казёл12 ’конік, Locusta viridissima і інш.’ (Грыг., Касп., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), ’травяны конік як нажыўка’ (полац., З нар. сл.). Відавочна, паўн. і паўн.-зах. рэгіянальнае ўтварэнне. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма, аднак падобныя ўтварэнні ад каза, казёл і іх дэрыватаў вядомы дастаткова шырока, таму няма падставы меркаваць аб іншамоўным уплыве, параўноўваючы з літ.ožiùkas ’конік’, ožỹs ’жужаль’. Матывацыя пераносу: параўнанне характэрных асаблівасцей насякомых і жывёлы (перамяшчэнне скокамі), магчыма, на ўзроўні складанага вобраза, калі ўплываюць і іншыя зааморфныя прыкметы. Нельга не ўлічваць уплыву моцнага «тэрміналагічнага» фону дэрыватаў ад каза, казёл, конь, кабыла і да т. п., дзе магчымыя як субстытуцыі, так і генералізацыя асобінах форм і значэнняў, не выключаны калькі, аказіянальныя ўжыванні розных тэрмінаў і многія інш. працэсы.
Казёл13 ’паласа, участак, адмераны драўляным брыгадзірскім цыркулем або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Відаць, перанос ад казёл ’сажань, прылада для вымярэння даўжыні, плошчы’; параўн. сінонімы ў той жа гаворцы: казулька, казюлька, палка ’паласа, участак’. Натуральнасць пераносу не дазваляе меркаваць аб сувязі з каза ’паласа і інш.’, хоць фармальна і семантычна гэта і магчыма.
Казёл14 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (рас., Шатал.). Хутчэй за ўсё непасрэдна да казёл1: устаноўленая з наклонам дошчачка на падстаўцы нагадвае або сабаку (і гэты вобраз рэалізуецца ў рус.собачка), або казу, казла, паколькі ёсць два выступы, утвораныя выемкай. Метафара знаходзіць аналогію ў шматлікіх утварэннях; аднак для канкрэтнага выпадку не выключана, што вобраз мог быць складаным: тут праглядваюцца тыповыя для іншых утварэнняў ад казёл, сабака магчымыя значэнні ’ўпірацца; трымаць’ і наогул уплыў самой сістэмы тэрмінаў, утвораных ад заонімаў. Параўн. каза11 (гл.).
Казёл15 ’тоўстая галіна на дрэве — лапа, сук’ (Янк. 3.). Сувязь з казёл1 фармальна бясспрэчная, матывацыя, аднак, не зусім ясная. Магчыма, вельмі простае ўтварэнне — разгалінаваны сук — сук; для расохі, рагулі назва казёл натуральная. Іншы варыянт тлумачэння — казёл як назва розных прыстасаванняў для сушкі гароху і інш., звычайна невялікае дрэўца з сукамі або кол, жэрдка з перакладзінамі. Зразумела, што галоўная адзнака прыстасавання — сукі, таму перанос назвы на адзін сук мог быць натуральным. Гэтыя варыянты не тлумачаць значэння ’тоўстая галіна — лапа’ і можна думаць, што справа не толькі ў знешнім падабенстве. Таксама не выключана, што тут выпадак субстытуцыі назвай казёл іншага тэрміна; такая з’ява была адзначана намі для каза і баба, бабка каза, казёл і кабылка, конь і інш., што дазваляе меркаваць аб магчымым кабыла, конь або інш. у значэнні ’тоўстая галіна’, для якіх такое значэнне з’яўляецца натуральным; характарызуецца вялікі, часта звышнатуральны памер прадмета. Калі гаварыць аб канкрэтнай рэаліі, можна прывесці славен.bìk, kònj ’неабрэзаная галіна вінаграднай лазы, галіна вінаграднай лазы’, аднак прымаць гэты прыклад неабходна вельмі асцярожна, разглядаючы рэвам з іншымі назвамі (напр. locenj), якія сведчаць і аб іншай семантыцы. Тое ж датычыцца і чэш. (мар.) kȯň ’вялікая галіна лісцевага дрэва’, не выключана, што тут ад’ідэацыя да ku̇ň, якое суадносіцца з чэш.дыял.konár ’моцная ветка’, славац.konár, польск.konar, укр. (зах.?) конар, гл. Махэк₂, 272, дзе іншыя вытворныя формы і спроба этымалогіі.
Казёл16 ’палавіна веніка’ (Бяльк.), ’вязка лісцяў’ (Мат. Гом.). Да магчымасці супастаўлення дэфініцый параўн. прыклад: «Насабірай лісцяў падарожнікаў і сдзелай с іх казла і падвесь у сенцах» (Мат. Гом., 4, 193). Усх. утварэнні нельга аддзяліць ад рус.пск., асташ., цвяр.козел і казёл ’пара венікаў, звязаных разам’. Сувязь з казёл1 (фармальная) відавочная, матывацыю вытлумачыць не проста. Па сутнасці, нявызначанасць дэфініцыі для рус. слоў дазваляе меркаваць, што венікі маглі быць злучаны крыж-накрыж; суаднесенасць назвы казёл для гэтай рэаліі і казёл1 цалкам празрыстая. Аднак казёл ’пара венікаў’ — утварэнне другаснае, а сама рэалія суадносіцца з бел., параўн. у Бялькевіча, 217: «Адзін ужо ё казёл на венік, а другей нада зьдзелыць». Пара венікаў, такім чынам, два «казлы». Матывацыя назвы казёл ’вязка’ незразумелая, калі толькі не шукаць магчымых зааморфных прыкмет гэтай або папярэдняй рэаліі; ва ўсякім разе дзве злучаныя палавіны веніка можна ўявіць як варыянт расохі, рагулі, раздваення. У такім выпадку казёл ’вязка’ неабходна разумець як другасную назву (ад казёл ’венік’, якое казёл ’венік з дзвюх палавін’).
Казёл17 ’подсціл (на чарэнь пры выпяканні хлеба)’: «Каб ад залы не быў чорны хлеб, кладзём казёл з дубовых лістоў» (Мат. Гом., 193). Няясна; фармальная сувязь з казёл1 відавочная, матывацыя зацямнёная. Магчыма, ад казёл15 ’вязка лісіцяй’ — ’лісце як подсціл’. Менш верагодна меркаваць аб метафарычным ужыванні слова казёл ’падпора, падстаўка і пад.’.
Казёл18 ’засохлая слізь, якая тарчыць з ноздры, і ўсякі бруд у носе’ (Нас.). Дакладных адпаведнікаў быццам бы няма, аднак вытворныя, галоўным чынам, ад дэрыватаў асновы коз‑: рус.пецярб.козява, асташ., цвяр.козура, рус.козявка ’тс’. Бел. слова можна разглядаць як вытворнае на базе рус. падобных слоў, першапачатковае значэнне ’ўсякія камары, машкара’, ’усякая брыдота’ з канкрэтызацыяй значэння ’засохлыя соплі’; усё ж аднаўленне формы казёл, каза не зусім зразумелае. Да семантыкі параўн. яшчэ рус.дыял.козявка ’вусень’, вышневал., наўг.козура ’засохлая скурка невялікай жывёлы’, варонеж. ’пра неахайную жанчыну’. Параўн. таксама прыведзенае Далем без геаграфіі козулька ’нешта змятае ў пальцах у выглядзе чарвяка’. Магчыма, аднак, казёл, казёл18, казёл1; у аснове пераносу магло ляжаць уяўленне аб выдзяленнях з носа як дрэннай, магчыма, шкоднай з’яве, калі ўсё непажаданае, шкоднае чалавеку суадносіцца з жывёльным светам. Такая матывацыя праглядваецца ў розных дэрыватах ад каза, бык, асабліва воўк і інш.
Казёл19 ’грыб масляк’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Дэмб., Жд. 3, Жыв. сл., Нар. словатв., Нас.; в.-дзвін., Шатал.; Юрч.; бялын., Янк. Мат.), ’перцавы грыб’ (Нар. словатв.), ’пеўнік стракаты’ (мазыр., Жыв. сл.). У Дэмбавецкага значэнні: ’Boletus luteus’, ’B. flavus’, ’B. annulatus’. Магчымы варыянт — паралельнае ўжыванне тэрмінаў, утвораных розным спосабам, па розных метафарах, хоць, магчыма, і не без узаемаўплыву. З такога пункту гледжання можна разгледзець літоўскі прыклад. Слова ўтворана на базе зааморфнай прыкметы грыба, але потым матывацыя не ўспрымаецца, семантыка абумоўліваецца іншымі прыкметамі грыба.
Казёл20 ’расліна казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.). Да казёл1, калі гэта самастойнае ўтварэнне, або адваротнае ад казелец, больш частага і звычайнага ў назвах раслін. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Аб матывацыі гл. казелец.
Казёл21 ’легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус.козел ’тс’, якое або да казёл1, або, магчыма, калькуе невядомую нам назву. Ва ўсякім разе, калі прыняць першую версію, цяжка з пэўнасцю вытлумачыць метафару.
Казёл22 ’род гульні ў карты, даміно’ (ТСБМ). Выклікае сумненне правільнасць дэфініцыі; прыклад ілюструе толькі другую яе частку (гульню ў даміно). Відавочна таксама, што слова хутчэй за ўсё сустракаецца толькі ў выразе стукаць казла, што, відаць, калькуе рус.забивать козла. Апошняе можа ўзыходзіць да назвы гульні казёл, якое ў сваю чаргу да казёл ’той, хто праіграў, апошні’. Не выключана, што гульня ў даміно нейкім чынам (у тэрміналогіі) атрымлівае ў спадчыну традыцыйныя паняцці народных гульняў: рус. гаворкі ведаюць такія, напрыклад, лексемы, як козел ’костка пры гульні ў бабкі; бабка — свінчатка’, козёл‑мозёл ’ямка, дзе стаіць гулец у клюшкі’. Лексема ў гульнях козёл у такім выпадку магла суадносіцца з назвай хатняй жывёлы паводле розных матывацый. Рус. мова і гаворкі ведалі і козла ’гульню ў карты’, цяжка, аднак, меркаваць, як гістарычна адносіцца назва гульні ў карты і ў даміно казёл: у рус. мове лінгвістычная інфармацыя аб гульні ў карты была вядома ў XVI ст., даміно — у канцы XVIII, калі з’явілася назва казёл у гэтых гульнях, нам невядома.
Казёл23 ’метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.’ (ТСБМ). Запазычанне са спец. рус. тэрміналогіі: параўн. у Даля з паметай горн. посадить козла ’астудзіць недаглядам вагранку, недаплавіўшы чыгуну; тады ламаюць печ’. Параўн. таксама н.-тагіл., свярдл.козлик ’кусок металу, які не расплавіўся ў мартэнаўскай печы’. Матывацыя рус. слова (калі гэта не калька з вядомага нам еўрапейскага тэрміна ў параўнальна позні час) у адносінах да казёл ’назва жывёлы’ не зусім зразумелая. Тут можна меркаваць і аб метафары на базе вядомага, хоць і не вельмі пашыранага ўяўлення аб пажаданым чалавечым і непажаданым, шкодным — жывёльным; дэрываты ад каза, казёл у славянскім свеце значна ўступаюць у частотнасці вытворным ад воўк, сабака і да т. п. Можна меркаваць і аб літ. упарты, як казёл, і, нарэшце, аб магчымасці суаднесці козлик ’кусок металу’ і рус.наўг.козёл ’у ганчароў — куча нарыхтаванай гліны’. Апошняе можа быць і па знешняму падабенству, незалежна або і ў межах семантыкі ўтвораных ад заонімаў тэрмінаў, якія называюць розныя правільнай формы ўкладкі, кучы і т. п. Калі ж разглядаць казёл, козел, козлик як магчымую метафару па форме, можна думаць, што гэта цалкам магчыма: рэалія магла характарызавацца такімі назвамі на прычыне наяўнасці вострых выступаў, наплываў (рагоў, рожай). Што ж датычыцца значэння ’метал, шлак, які прыкарэў да сценак печы, каўша’, то гэта вельмі нагадвае магчымы вобраз пры ўтварэнні назвы казёл ’засохлая слізь у носе і да т. п.’
Казёл24, у казла. Назва гульні дзяўчынак у «галанцы» (гродз., Нар. словатв.). Апісанне гульні наступнае: «Выбіраюць пяць гладкіх аднолькавых каменьчыкаў, кладуць іх на зямлю або на разасланую вопратку. Пачынае гуляць адна дзяўчынка: бярэ каменьчык (галанец), падкідае яго ўгору і ў гэты момант бярэ з зямлі наступны, стараючыся злавіць падкінуты. Пасля падкідае адзін каменьчык і бярэ з зямлі два, затым бярэ па тры і чатыры. Калі не зловіць, гуляць пачынае наступная дзяўчынка» (стар. 266). Аўтары слоўніка змяшчаюць слова ў рубрыку «Назвы гульняў з няяснай матывацыяй». Фармальная сувязь з казёл1 празрыстая, што ж датычыцца матывацыі, можна пагадзіцца з тым, што яна няясная. Здаецца, бел. слова нельга лічыць матываваным, калі толькі не меркаваць, што каменьчык у гульні мог насіць назву казёл. Лінгвістычна (гуляць у казала, а не ў казлоў) гэта не выглядае надзейна. Больш верагоднай здаецца версія, па якой бел. гульня суадносіцца з такімі гульнямі, дзе назва казёл належыць пэўнаму ўдзельніку гульні, напрыклад, бел.тураў.казёл ’той, хто падкідае мячык пры гульні ў лапту’, рус.дыял. (бран., арл.) козёл ’гулец у лапту’ і, магчыма, козёл ’той, хто застаецца «казлом» у азартных гульнях’. Першае, што менш верагодна, можна разглядаць як утворанае ад казёл1 (адпаведна козел) па «функцыянальнаму» падабенству: ’які скача як казёл’, параўн. рус.дыял.козёл ’пра бойкага жывога чалавека’, козлом прыгать, в козлы (козлом) играть (взыграть) ’хутка пабегчы’, або як адэкватнае маркіраванаму казёл у азартных гульнях, матывацыя апошняга няясная, магчыма, вынік адмоўнай дыфузнай семантыкі ўтваральнага слова, магчыма, рэлікт — спадчына тых гульняў, дзе казёл, па сутнасці, быў тэрмінам-заонімам. У такім выпадку казёл — галоўны ўдзельнік гульні зааморфнага характару, у наступным — галоўны ўдзельнік гульні наогул; адмоўнаясемантыка магла завіцца значна пазней (казёл — той, хто прайграе). Бел. слова можна тлумачыць па апошняму меркаванню (казёл ’галоўны ўдзельнік’ або казёл ’хто не злавіў каменьчык’). Звяртае на сябе ўвагу, што гульня ў раскладзеныя на зямлі каменьчыкі магла патрабаваць або спецыяльнай позы гульца, або яго рэзкіх рухаў. Параўн. рус.пск.козлиться ’нагінацца, каб падняць што-н.’ і таксама пск.козлом (стаяць) ’на карачках’. Параўн. да гэтага бел.тураў.козёл *дзіцячая гульня’: адзін стаіць, сагнуўшыся, а на яго ўскокваюць па чарзе ўдзельнікі і стараюцца ўтрымацца’ — тут сувязь з казёл1 і, апрача таго, зразумела, як з’яўляецца семантыка адмоўнасці (быць казлом, казёл — той, якому больш за іншых дастаецца). Меркаваць аб храналогіі ўтварэння цяжка, паколькі мы не маем дакладных адпаведнікаў да бел. слова, аднак аб яго магчымым старым паходжанні можа сведчыць серб.-харв.дыял.kozàrati se — так гавораць дакорліва дзецям, якія ўвесь час кідаюць і падкідваюць каменьчыкі; аўтары RJA (5, 416) мяркуюць, што гэта, магчыма, ад kòzar ’пастух коз’ і азначае ’гуляць як kozari’. Да апошняга параўн. бел.гродз.гуляць у каменьчыкі — тое, што і ў казла: «Як пасвілі каровы, то ў каменьчыкі гулялі» (Нар. словатв., 261). Што бел. слова можна разглядаць як старую бел. інавацыю, сведчыць рус.пск., асташ., цвяр.козули ’гульня ў каменьчыкі, пры якой іх кладуць у жалабок паміж самкнутымі пальцамі рук і, падкідваючы, ловяць’. Гэта паралель між іншым падтрымлівае версію, па якой назва казёл магла адносіцца да каменьчыкаў.
Казёл25 ’захворванне бульбы’ (Юрч.). Паколькі дакладна інфармацыі аб рэаліі ў слоўніку няма, па прыкладу («Сёліта ўся бульба ў кызлах», 106) відаць нейкае пашкоджанне скуры бульбы. Дакладныя адпаведнікі (у форме мн. ліку) бел.шчуч.казлы ’пашкоджаныя вочкі бульбы’ (Сл. паўн.-зах.), відаць, другаснае ’вочкі на бульбіне’ (Жд. 1); з іншых паралеляў параўн. тураў.козаты ’паточаны, шашалеваты’: козатые картоплі, магчыма, рус.горыц., калін.козлястый ’няроўны, з паглыбленнямі (пра бульбу)’. Рус. лексема хутчэй за ўсё толькі няпэўная семантычная паралель. Усх.-палес.козляк ’парастак на бульбе’ можна інтэрпрэтаваць як аналагічнае каза або як паралельнае да разглядаемага слова. Фармальная сувязь з казёл1 бясспрэчная; матывацыя па тыпу чалавечы — нечалавечы, жывёльны; станоўчы, карысны — адмоўны, шкодны; аднак неабходна адзначыць, што ў слав. мовах звычайна па такой матывацыі ўтвораны розныя дэрываты ад воўк, сабака і да т. п. Што датычыць прыкладаў, можна прывесці серб.-харв.kȍze ’воспіны’, kòzice, kozjače, kozȉci ’тс’, kozica ’воспіна, рабацінка’. Улічваючы звычайнасць дублетаў каза/казёл у тэрміналогіі і натуральны характар субстытуцыі такіх утварэнняў з наступнай генералізацыяй таго або іншага дэрывата, можна меркаваць, што вялікай розніцы паміж бел. і серб.-харв. утварэннямі няма, аб чым сведчыць і тураў. форма козаваты. На жаль, позні характар рэаліі (бульбы) не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім характары бел. назвы. Безумоўна, можна дапусціць, што тут выпадак позняй спецыялізацыі старой назвы, аднак, нават і пры такім дапушчэнні рэгулярны характар утварэння наогул не дае магчымасці сцвярджаць архаічнасць лексемы. Натуральнасць такой назвы (як дэрыват ад каза1, казёл1) можна пацвердзіць і наяўнасцю назвы для ’воспіна, рабацінка’, утворанай ад асновы bab‑; параўн. рус.наўг., пск.бабушка ў такім значэнні. Як было паказана намі, у радзе выпадкаў дэрываты ад baba і koza выступаюць як субстытуты.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр.коза, рус.коза, польск.koza, палаб.tʼözɜ, н.-луж.kóza, в.-луж.koza, чэш.koza, славац.koza, славен.kóza, серб.-харв.ко̀за, макед.коза, балг.коза. Засведчана ў ст.-слав.коза ’тс’. Праслав.koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл.koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд.аjā ’каза’ (і.-е.*ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс.azak, н.-перс.azg ’каза’, літ.ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт.*ažia‑), патрабуе тлумачэння слав.k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб.keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ.hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц.hakuls ’тс’, ст.-ісл.hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням.hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб.kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е.*ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд.chā́gaḥ ’казёл’ і слав.koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ.ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав.azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав.ꙗзьно ’скура’ < прасл.azьno, магчыма, славен.aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав.koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ.ožkà ’каза’, так і для слав.koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк.äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк.käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав.koza, ст.-інд.ajā́ і інш. K у слав.koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав.kostь, якое разам з лац.costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд.ásthi, ст.-іран.ast‑, asti‑, ст.-грэч.ὀστέον, лац.ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет.hastai, арм.oskr, якія да і.-е.*est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд.chagaḥ ’казёл’, chā́gā ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е.*skego‑s ’скакун’, а z у слав.koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е.*(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е.*(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.
*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш.koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус.пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск.koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац.koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.
Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр.коза ’тс’, чэш.дыял.koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.
Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.
Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск.koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.
Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг.дыял.козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг.дыял.козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.
Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр.коза ’турма’, польск.koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш.дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.
Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш.koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен.koza ’козлы’, параўн. укр.козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус.арх.козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг.козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел.казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр.козинець, рус.козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.
Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв.kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус.смал.козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.
Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск.koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус.смал.коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.
Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус.смал.козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.
Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.
Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал.коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус.дыял.коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.
Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус.тагільск., свярдл.козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.
Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.
Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус.свярдл.коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.
Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм.каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).
Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус.арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел.карм.каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.
Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.
Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус.пячор., арханг.кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц.кобылка ’козлы’, кадн., валаг.кобыла ’тс’, бел.каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус.уладз., малаж., ярасл.кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус.трубч., арл.кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг.козел ’тс’.
Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.
Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес.баба, маг.лісіца, рус.дыял.собака, бел.літар.сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел.сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.
Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск.варм.-маз.koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).
Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран.козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес.утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў.бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр.усх.-палес.козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.
Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус.коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр.харк.коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус.вяц.коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск.дыял.koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял.koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш.мар.дыял.zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв.коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус.іркуц.посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес.кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў.барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр.козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг.останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).
Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус.с.-урал.козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.
Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел.блюзна, блізна, рус.близна, балг.близна, серб.-харв.бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел.каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял.козлы ’сварка, нелады’.
Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр.усх.-палес.бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел.бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес.укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.
*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск.koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск.koza — калька з лац.Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск.koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ІТА́ЛІЯ (Italia),
Італьянская Рэспубліка (Repubblica Italiana), дзяржава на Пд Еўропы, у цэнтр.ч. Міжземнамор’я. Займае паўд. схілы Альпаў, Паданскую раўніну, Апенінскі п-аў, а-вы Сіцылія, Сардзінія і шэраг дробных астравоў. Мяжуе на З з Францыяй, на Пн з Швейцарыяй, Аўстрыяй, на У са Славеніяй. Абмываецца Лігурыйскім, Тырэнскім, Іанічным і Адрыятычным морамі. Пл. 301,2 тыс.км². Нас, 57534,1 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Рым. У межах І. 2 дзяржавы — Ватыкан і Сан-Марына. Падзяляецца на 20 адм. абласцей: П’емонт, Вале-д’Аоста, Ламбардыя, Трэнціна-Альта-Адыджэ, Венецыя, Фрыулі-Венецыя-Джулія, Лігурыя, Эмілія-Раманья, Таскана, Умбрыя, Марке, Лацыо, Абруцы, Малізе, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, а-вы Сіцылія і Сардзінія. Вобласці аб’ядноўваюць 94 правінцыі. Дзярж. мова — італьянская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (першая нядзеля чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1947. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сумесным пасяджэнні палат парламента з удзелам дэлегатаў ад усіх абласцей. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны парламент, складаецца з палаты дэпутатаў (630 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і сената (315 сенатараў, з якіх 310 выбірае насельніцтва, а 5 назначае прэзідэнт); агульны тэрмін іх паўнамоцтваў 6 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду — Савету міністраў, які назначаецца прэзідэнтам і нясе адказнасць перад парламентам. 5 абласцей маюць спец.аўт. статус; інш. вобласці, правінцыі і камуны маюць выбарныя органы мясц. самакіравання (правінцыяльныя і камунальныя саветы), апрача таго, цэнтр. ўлада назначае ў вобласці камісараў, а ў правінцыі — прэфектаў. Канстытуцыйны нагляд ажыццяўляе Канстытуцыйны суд.
Прырода. Горы і ўзвышшы займаюць каля 80% тэр. краіны. На Пн — Альпы з высакагорным расчлянёным рэльефам; найб.выш. да 4807 м (г. Манблан). На ПнУ горы складзены з вапнякоў, развіты карст. Большую ч. Апенінскага п-ва займаюць горы Апеніны (выш. да 2914 м, г. Корна). На Пд — дзеючыя (Этна, Везувій, Стромбалі) і патухлыя вулканы, лававыя плато. Характэрна высокая сейсмічнасць. Нізіны пашыраны ўздоўж марскіх узбярэжжаў і па далінах рэк. Найб. — Паданская раўніна, складзеная з алювіяльных наносаў, месцамі забалочаная. Горны рэльеф пераважае і на астравах. Карысныя выкапні: буры і каменны вугаль (Сардзінія, Таскана), нафта і прыродны газ (Паданская раўніна, в-аў Сіцылія, шэльф Адрыятычнага м.), жал. (Аоста, в-аў Эльба), поліметал. (в-аў Сардзінія, Усх. Альпы), марганцавыя (Лігурыя), сурмяныя (Сардзінія) руды, пірыты (Таскана), баксіты (Апулія), сера, каменная і калійная солі (Сіцылія). Па запасах ртутнай руды І. займае адно з першых месцаў у свеце (Таскана). Буд. матэрыялы (мармур, граніт, туф). Клімат на б.ч. тэрыторыі субтрапічны міжземнаморскі, на Паданскай раўніне пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Лета гарачае і сухое. Сярэдняя т-рачэрв. ад 20 да 28 °C, пры гарачым паветры з Афрыкі (сірока) павышаецца да 35—40 °C. Зіма мяккая, сярэдняя т-растудз. на Паданскай раўніне каля 0 °C, на Апенінскім п-ве і астравах да 12 °C, у Альпах да -15—20 °C. Ападкаў на наветраных схілах гор больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах і на ўсх. схілах 600—1000 мм, на Пд каля 500 мм за год. Вяршыні гор укрыты ледавікамі і снежнікамі. Рачная сетка густая толькі ў Альпах і на Паданскай раўніне. Рэкі Паўн. І. (По, Адыджэ, П’яве) багаты гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння. На Апенінскім п-ве рэкі невял. і малаводныя. У Альпах шмат азёр, пераважна ледавіковага паходжання (Гарда, Лага-Маджорэ, Кома). Глебы ў Альпах горна-лугавыя і горна-лясныя, на Паданскай раўніне бурыя лясныя і алювіяльныя, на плато перадгор’яў Апенінаў і в-ве Сардзінія перагнойна-карбанатныя, у прыморскай зоне Апенінскага п-ва і в-ва Сіцылія карычневыя. У раслінным покрыве пераважаюць культ. ландшафты. Пад лесам і хмызняком каля 25% тэрыторыі, пераважна ў гарах. У складзе жывёльнага свету мядзведзь, воўк, ліс, казуля. Мноства птушак, паўзуноў. Нац. паркі: Стэльвіо, Гран-Парадыза, Абруца, Калабрыя, Чырчэа і інш., шмат рэзерватаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Па колькасці жыхароў І. займае 5-е месца ў Еўропе. 94% італьянцаў, жывуць фрыулы, цірольцы, французы, албанцы, славенцы, грэкі і інш. У І. каля 920 тыс.чал. замежных працоўных з краін Усх. Еўропы, Афрыкі, Філіпін. Большасць вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты, іудзеі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 191 чал. на 1 км, у высокаурбанізаваных абласцях на Пн (Ламбардыя, Лігурыя) і прамысл. зонах Неапаля, Рыма да 400 чал. на 1 км, у горных і с.-г. раёнах і на в-ве Сардзінія каля 40—70 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 67%. Найб. гарады (тыс.чал.): Мілан — 4251, Неапаль — 3012, Рым — 2688, Турын — 1294 (1997), Палерма — 695, Генуя — 660, Балоння — 395, Фларэнцыя — 393, Бары — 339, Катанія — 327, Венецыя — 306 (1993). У прам-сці заняты 32%, у сельскай гаспадарцы — 10% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Тэр. І. заселена ў эпоху палеаліту. Найб.стараж. з вядомых тут плямён былі лігурны, сіканы, этрускі. У 2—1-м тыс. да н.э. на б.ч. Апенінскага п-ва рассяліліся плямёны італікаў, сярод якіх найб. развітымі былі лаціны. У 753 да н.э. (паводле традыцыі) лаціны і сабіны заснавалі г.Рым, які заваяваў увесь паўвостраў, і да 5 ст.н.э. І. ўваходзіла ў склад рабаўладальніцкай Рымскай імперыі (гл.Рым Старажытны). У 4—5 ст. пачалося нашэсце ў І. германскіх і інш. варварскіх плямён (гл.Вялікае перасяленне народаў). У 410 Рым захапілі вестготы, у 455 яго разграмілі вандалы. У 476 перастала існаваць Зах.Рым. імперыя і засн. варварскае каралеўства на чале з Адаакрам (476—493).
У 493—554 існавала і каралеўства остготаў на чале з Тэадорыхам. 3535 пачалася экспансія Візантыі, войскі якой у 554 заваявалі большую частку І. У 568 Пд І. захапілі лангабарды. За частку І., што заставалася пад уладай Візантыі, змагаліся лангабарды і франкі. У 756 землі ў Сярэдняй І. захапіў франкскі кароль Піпін Кароткі, які перадаў уладу над імі папу Стэфану II; у выніку ўзнікла тэакратычная дзяржава пап (гл.Папская вобласць). У 774 каралеўства лангабардаў заваяваў Карл Вялікі, у 781 узнікла італьян. каралеўства на чале з яго сынам Піпінам. У выніку заваёўніцкіх паходаў герм. караля Агона I тэр. І. ўключана ў заснаваную ім у 962 «Свяшчэнную Рымскую імперыю». З 9 ст. пачалося запрыгоньванне італьян. сялян, адначасова адбывалася станаўленне гарадоў, многія з якіх у 11—12 ст. сталі самакіравальнымі камунамі. У 12—13 ст. пры падтрымцы гарадоў узніклі і сельскія камуны. Росквіту прыморскіх гарадоў як гал.гандл. пасрэднікаў паміж Еўропай і Усходам спрыялі крыжовыя паходы. У 14—16 ст. зарадзіліся раннекапіталіст. адносіны (амаль не закранулі сельскую гаспадарку), якія сталі вытокам культуры Адраджэння. Перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнага м. ў Атлантычны ак. і інш. прычыны выклікалі ў 16 ст.эканам. заняпад разрозненых італьян. дзяржаў. За панаванне ў аслабленай І. вялі барацьбу Францыя і Іспанія (гл.Італьянскія войны). Паўд. 1., Сіцыліяй, Сардзініяй, Міланскім герцагствам авалодала Іспанія. У залежнасць ад яе трапілі і астатнія італьян. дзяржавы (акрамя Венецыі, Савойскага герцагства з П’емонтам і Папскай вобл.).
У 1-й пал. 18 ст. на тэр. І. ваявалі паміж сабой Францыя, Аўстрыя і Іспанія, у выніку чаго Паўн. і Сярэдняя І. апынулася пад уладай Аўстрыі, Паўд. І. засталася ў залежнасці ад Іспаніі. У 2-й пал. 18 ст. дзякуючы рэформам у духу асветнага абсалютызму палепшылася эканам. становішча ў шэрагу італьян. дзяржаў, асабліва на Пн краіны. У канцы 18 ст. пачалася эпоха Рысарджымента (працягвалася да 1870), узнікла сетка тайных антыаўстр., антыманархічных і інш. арг-цый і клубаў. Ва ўмовах заваявання І. французамі (гл.Італьянскі паход Банапарта 1796—97) і іх панавання тут (да 1814) актывізаваўся нац.-вызв. рух (карбанарыі, паўстанне 1813—14 на Пн краіны і ў Мілане). У выніку Італьянскага паходу Суворава 1799 і Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 ад французаў фактычна вызвалена Паўн. І. Пасля падзення імперыі Напалеона I Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў паліт. раздробленасць і аўстр. панаванне амаль на ўсёй тэр. І. Пасля паражэння рэвалюцый 1820—21 і 1831 рух карбанарыяў пайшоў на спад, узнікла падп.арг-цыя «Маладая Італія» (засн. Дж.Мадзіні). У 1840-я г. ў Паўн. І. пачаўся прамысл. пераварот (завяршыўся ў апошняй трэці 19 ст.). Аб’яднанню краіны пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Італіі садзейнічалі аўстра-італа-французская вайна 1859, рэвалюцыя 1859—60 у Італіі, дзейнасць Дж.Гарыбальдзі і К.Б.Кавура. У 1861 Сардзінскае каралеўства (П’емонт), вакол якога ішло аб’яднанне зямель І., канстытуіравалася ў адзінае Італьян. каралеўства на чале з каралём Віктарам Эмануілам II. У выніку аўстра-італьян. вайны 1866 да каралеўства далучана Венецыя, у 1870 — Папская вобл. і Рым. У аб’яднанай І. ўстанавілася канстытуцыйная манархія, захавалася эканам. адсталасць пераважна агр. Поўдня. І. заключыла Траісты саюз 1882 з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. З канца 19 ст. яна стала на шлях калан. захопаў (акупацыя Самалі ў 1889 і Эрытрэі ў 1890, спроба заняволіць Эфіопію ў час італа-эфіопскай вайны 1895—96, захоп Лівіі ў час італа-турэцкай вайны 1911—12).
У 1900—14 паскорылася эканам. развіццё краіны. У пач. 1-й сусв. вайны яна захоўвала нейтралітэт, але пасля падпісання пагаднення з краінамі Антанты 23.5.1915 абвясціла вайну Аўстра-Венгрыі, а 27.8.1916 — і Германіі. За час вайны забіта каля 700 тыс. італьянцаў, страчана 60% гандл. суднаў, значна заняпала гаспадарка (асабліва ў спустошанай у выніку баявых дзеянняў паўн.-ўсх.ч. краіны). У гэтых умовах актывізаваўся прафс., сял. і рэв. рух. Сац.-паліт. крызіс і ўсплёск шавінізму ў краіне пасля адмовы краін Антанты поўнасцю задаволіць яе тэр. прэтэнзіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 спрыялі прыходу да ўлады фашыстаў на чале з Б.Мусаліні (гл.Паход на Рым 1922). Да 1928 у краіне ўсталявалася адзінаўладная дыктатура фаш. партыі пры захаванні манархіі (кароль Віктар Эмануіл III). Латэранскія дагаворы 1929 урэгулявалі працяглы канфлікт (з 1870) за ўладу паміж рым. папамі і італьян. каралеўскімі ўрадамі, забяспечылі фашыстам падтрымку Ватыкана. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 падштурхнуў італьян. фашыстаў да стварэння ў краіне сістэмы карпарацый (гл.Патэрналізм), што паспрыяла больш устойліваму яе сац.-эканам. развіццю і прывяло да ўзмацнення татальнага кантролю над італьян. грамадствам з боку фаш. дзяржавы (у 1939 ліквідавана і выбарнасць парламента). Агрэсіўная знешняя палітыка ўрада Мусаліні (1922—43), у т. л. захоп Эфіопіі (гл.Італа-эфіопская вайна 1935—36), утварэнне«восі Берлін—Рым» (1936), выхад краіны з Лігі Нацый і далучэнне яе да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» (1937), дапамога франкістам у час грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, акупацыя Албаніі (крас. 1939), абумовіла ўступленне І. 10.6.1940 у 2-ю сусв. вайну на баку дзяржаў гітлераўскай кааліцыі. Італьян. войскі ўдзельнічалі ў італа-грэчаскай вайне 1940—41, балканскай кампаніі 1941, баях на сав.-герм. фронце (1941—43) і ў Паўн. Афрыцы (выцеснены і разгромлены да мая 1943). У выніку ўсеагульнай антыфаш. забастоўкі ў Паўн. І. (сак. 1943) і высадкі англа-амер. войск у Сіцыліі (чэрв. 1943) Мусаліні пазбаўлены ўлады і арыштаваны. Урад на чале з маршалам П.Бадольё 3.9.1943 тайна капітуляваў перад англа-амер. камандаваннем. У адказ ням.фаш. войскі акупіравалі значную частку яе тэрыторыі і стварылі на Пн І. марыянетачную «рэспубліку Сало» на чале з выкрадзеным Мусаліні. У выніку актывізацыі італьян. Руху Супраціўлення (гарыбальдзійскія брыгады, антыфаш. паўстанне ў Паўн. І. ў крас. 1945) і дзеянняў англа-амер. войск у ходзе італьянскай кампаніі 1943—45 краіна вызвалена ад ням.-фаш. войск (капітулявалі 29.4.1945). У выніку рэферэндуму 2.6.1946 ліквідавана манархія, І. абвешчана рэспублікай (яе канстытуцыя прынята 22.12.1947). 10.2.1947 падпісаны мірны дагавор з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). У 1946—81 і 1984—93 на чале ўлады знаходзілася пераважна Хрысціянска-дэмакратычная партыя (адзін з лідэраў Дж.Андрэоці), якая ў 1948—53 мела абсалютную большасць месцаў у парламенце. Пасляваеннаму аднаўленню эканомікі (завяршылася ў 1950-я г.) садзейнічала дапамога паводле Маршала плана (з 1948). З канца 1960-х г. у І. ўзмацніліся эканам. цяжкасці (структурны крызіс), у 1970-я г. актывізавалася тэрарыст. дзейнасць «чырвоных брыгад» (забойства А.Мора і інш.). У выніку парламенцкіх выбараў у сак. 1994 да ўлады прыйшлі прадстаўнікі правакансерватыўных сіл (Ліга Поўначы, неафашысты) на чале з лідэрам руху «Уперад, Італія» С.Берлусконі, што стала пачаткам устанаўлення ў І. Другой Рэспублікі. На парламенцкіх выбарах у крас. 1996 перамог левацэнтрысцкі блок «Аліўкавае дрэва» (гал. роля ў ім належыць Дэмакр. партыі левых сіл, засн. ў 1991), які ўтварыў урад на чале з Р.Продзі. Прэзідэнт краіны — О.Скальфара (з 1992). І. — чл.НАТО і Савета Еўропы (з 1949), ААН і Зах.-Еўрап. саюза (з 1955), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Еўрап. Саюза (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дэмакр. партыя левых сіл, Італьян.нар. партыя (пераемніца Хрысц.-дэмакр. партыі), Аб’яднаныя хрысц. дэмакраты, рух «Уперад, Італія», Ліга Поўначы — Федэратыўная Італія, Італьян. федэралісцкая Ліга, нац. альянс і інш.Найб.прафс. аб’яднанні — Усеагульная італьян. канфедэрацыя працы, Італьян. канфедэрацыя прафсаюзаў працоўных, Італьян. саюз працы.
Гаспадарка. І. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па долі ў сусв.нац. прадукце (3,9%) і сусв. экспарце (6,3%) займае 6-е месца ў свеце (1995). Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва складае 18,7 тыс.дол. ЗША (1995). Доля прам-сці ў ВУП — 35,6%, сельскай гаспадаркі — 3,9%, сферы паслуг — 60,5%. На сусв. рынку вядома як пастаўшчык прадукцыі машынабудавання, хім., нафтаперапр., тэкст., абутковай, харч., паліграф., шкляна-фаянсавай прам-сці і як буйны раён турызму. Большая ч. прамысловасці сканцэнтравана на поўначы. Уласныя паліўна-энергет. рэсурсы забяспечваюць толькі 17% патрэб гаспадаркі. Здабыча нафты каля 5 млн.т, прыроднага газу 20 млрд.м³ (1996). Штогод І. імпартуе каля 80 млн.т нафты і каля 40 млрд.м³ газу з Саудаўскай Аравіі, Алжыра, Лівіі, Расіі, 15,9 млн.т вугалю з ЗША Здабываюць буры вугаль, ртуць, свінцова-цынкавыя і медныя руды, баксіты, серу і калійныя солі, мармур, граніт, асфальт. Вытв-сць электраэнергіі 225,2 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ЦЭЦ (буйнейшая ў г. Спецыя). Чорная металургія працуе ў асноўным на імпартнай сыравіне. Выплаўка (млн.т, 1994) сталі — 27,8, чыгуну — 11,7. Буйнейшыя прадпрыемствы поўнага цыкла ў Таранта (самы вял. ў І.), Генуі, Неапалі. Перапрацоўчыя і пракатныя з-ды ў цэнтрах машынабудавання (Мілан, Турын, Трыест, Тэрні і інш.), электраметалургія ў гарадах Бальцана, Бергама, Тэрні, Брэшыя. У каляровай металургіі вытв-сць алюмінію (каля альпійскіх ГЭС), свінцу (Сардзінія), магнію (Бальцана). Па выплаўцы ртуці (800 т, 1995) І. займае адно з першых месцаў у свеце (Грасета, Сіена). У машынабудаванні (32% прадукцыі прам-сці) вылучаюцца аўтамабіле-, трактара- і суднабудаванне, электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць, станкабудаванне, вытв-сць пішучых і вылічальных машын, ваен. тэхнікі, абсталявання для розных галін прам-сці. Выпуск аўтамабіляў у 1995 склаў 1,6 млн.шт., у т. л. 1,4 млн. шт.
легкавых (адзін з буйнейшых вытворцаў у Еўропе — канцэрн ФІАТ, штаб-кватэра ў Турыне); з-ды ў Мілане, Бальцана, каля Неапаля. Прадпрыемствы ФІАТ выпускаюць таксама трактары, лакаматывы, вагоны, суднавыя і авіяц. рухавікі, металургічнае абсталяванне. Машынабудаванне І. спецыялізуецца таксама на вытв-сці матацыклаў, матаролераў, мапедаў, веласіпедаў, спарт. аўтамабіляў (Мадэна). Гал. цэнтры суднабудавання: Неапаль, Генуя, Трыест, Спецыя, Палерма, Венецыя, Таранта. Авіяц. з-ды ў прыгарадах Турына, Неапаля, Брындызі. Электратэхн. і радыёэлектронная прам-сць прадстаўлена з-дамі ў Турыне, Рыме, Неапалі, Венецыі, Мілане, Палерма і інш.Вытв-сць халадзільнікаў (4,8 млн.шт., 4-е месца ў свеце), пральных машын (6,2 млн.шт., 3-е месца ў свеце, 1994). Развіты прыладабудаванне, дакладная механіка і оптыка. І. займае адно з вядучых месцаў у свеце па вытв-сці пішучых і выліч. машын, касавых апаратаў, канторскага абсталявання (фірма «Алівеці», г. Іўрэа), 4—5-е месца па вытв-сці і экспарце станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання. С.-г. машынабудаванне прадстаўлена ў Рэджа-нель-Эміліі, Мадэне, Турыне, Балонні, Палерма, Фоджы, Вічэнцы. І. буйны вытворца на сусв. рынку машын і абсталявання для перапрацоўкі пластмасы, гумавай, тэкст., абутковай, харч., паліграф. прам-сці. На ім партнай (нафта, прыродны газ, фасфарыты) і часткова мясц. (прыродны газ, пірыты, калійная соль) сыравіне працуе нафтаперапр., нафтахім. і хім.прам-сць. Нафтаперапр. з-ды размешчаны ў буйных партах (Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест) і на в-ве Сіцылія (Аўгуста, Сіракузы, Джэла). У хім. і нафтахім. прам-сці важнае месца займае вытв-сцьсінт. каўчуку (305 тыс.т), хім. валокнаў (630 тыс.т), пластмасы, мінер. угнаенняў (1 млн.т, 1995), лакаў, фарбаў, азотнай і сернай к-т, соды, ядахімікатаў. Развіта фармацэўтычная вытв-сць. Гал. канцэрны ў хім. і нафтахім. прам-сці: «Мантэдысан», «ЭНІ», «Пірэлі». І. — адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў адзення і абутку. З галін лёгкай прам-сці развіты тэкст., шарсцяная, баваўняная, шаўковая, швейная, трыкат. і абутковая вытв-сць. Асн. галіны харч. прам-сці: мукамольная, макаронная, алейная, вінаробная, сыраварная, кандытарская. кансервавая. цукр., рысаачышчальная, тытунёвая. Штогод у краіне вырабляецца каля 430 тыс.т аліўкавага алею (2-е месца ў свеце пасля Іспаніі) і каля 6 млн.т вінаматэрыялаў (1 е месца ў свеце). 1 традыцыйны вытворца эсенцый і эфірнага алею з кветак і садавіны. Развіта паліграф.прам-сць (Мілан — буйнейшы выдавецкі цэнтр). Вытв-сць буд матэрыялаў, вырабаў са шкла, муз. інструментаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства (58% таварнай с.-г. прадукцыі). Пад ворнымі землямі 32% тэр. краіны, 12% займаюць сады і вінаграднікі, каля 20% — паша і сенажаці. Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1996): пшаніца — 8,2 (Эмілія-Раманья, Апулія, Сіцылія), кукуруза — 8,7 (Ламбардыя, Венецыя), рыс — 1,4 (1-е месца ў Еўропе, на арашальных землях Паданскай раўніны). Пасевы ячменю. аўса, з тэхн. культур — цукр. буракоў (збор 18 млн.т, 1995), тытуню (118 тыс.т). Вырошчваюць агародніну — да 15 млн.т, у т. л. 5 млн.т памідораў, б.ч. якіх кансервуецца і ідзе на экспарт. І. займае 1-е месца ў свеце па зборы вінаграду (8,4 млн.т. 1995), з іх каля 90% перапрацоўваецца на віно. Збор (млн.т, 1995) цытрусавых — 3,3, садавіны (яблык, груш, персікаў) — 5, аліўкаў — 3,1 (адно з першых месцаў у свеце). Пасадкі грэцкіх арэхаў. Кветкаводства. Жывёлагадоўля малочнага і малочна-мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 10,5, свіней — 8, буйн. раг. жывёлу — 7, коз — 1,5. Вытв-сць (млн т, 1995): мяса — 3,97, сыру — 0,88 (4-е месца ў свеце). Улоў рыбы ў 1995—609,8 тыс.т. Промысел малюскаў, ракападобных. Гадоўля вустрыц. Аўтамабільны транспарт забяспечвае больш за 90% пасажырскіх і каля 80% грузавых унутр. перавозак. Даўж. аўтадарог 478 тыс.км, у т. л. аўтастрад 6,3 тыс.км (2-е месца ў Еўропе пасля Германіі). Аўтапарк 32,9 млн. машын, у т. л. 30,1 млн. легкавых (1994). Даўж. чыгункі 19 тыс.км, найб. густая ў Паўн. І. Больш за 50% чыгункі электрыфікавана. Гал.чыг. вузел — Мілан (22 чыг. лініі). Марскі транспарт перавозіць 90% імпартных і каля 70% экспартных грузаў Гандл. флот налічвае 704 судны (1995), агульны танаж 6,3 млн. брута-рэг. т. Буйныя парты (грузаабарот, млн.т): Генуя — 42,8, Трыест — 38,3. 31 аэрапорт, з іх 6 міжнародных. Развіты трубаправодны транспарт. Даўж. нафтаправодаў 1703 км, прадуктаправодаў 2148 км, газаправодаў 19 400 км. Штогод краіну наведвае каля 50 млн.чал. Абслугоўванне турыстаў забяспечвае працай больш за 1 млн.чал. і дае даход 23,9 млрд.дол. ЗША (1994). Экспарт (190,8 млрд.дол. ЗША, 1994): аўтамашыны, станкі, халадзільнікі, тэкстыль і швейныя вырабы, абутак, харч. прадукты і інш. Імпарт (168,7 млрд.дол. ЗША); нафта, газ, вугаль, жал. руда, каляровыя металы, бавоўна, воўна, каўчук, машыны і абсталяванне, пшаніца і інш. Асноўныя гандл. партнёры: краіны ЕС (больш за 50% тавараабароту), ЗША, Расія і інш.Гандл. абарот І. з Рэспублікай Беларусь у 1996 склаў 168,4 млн.дол. ЗША. І. набывае ў Беларусі трыкат. і швейныя вырабы, скуру буйн. раг. жывёлы, жал. і стальны дрот, трактары, сінт. ніткі; пастаўляе машыны і абсталяванне, тканіны, адзенне, абутак, халадзільнікі, харч. прадукты і інш. Грашовая адзінка — італьян. ліра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 325,2 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў 255,7 тыс. (у т. л. войскі карабінераў 113,2 тыс., МУС 79 тыс.), рэзерву 484 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектуюцца паводле прызыву. У сухап. войсках 188,3 тыс.чал., на ўзбраенні 1325 танкаў, больш за 1 тыс. бронетранспарцёраў, каля 2 тыс. гармат палявой артылерыі (у т. л. 286 самаходных), каля 2 тыс. мінамётаў, 336 верталётаў і інш. У ВПС 63,6 тыс.чал. асабовага складу, 286 баявых самалётаў. У ВМС 44 тыс.чал., 8 падводных лодак, 47 баявых караблёў (у т. л. 1 авіяносец і 1 крэйсер), 44 катэры (з іх 33 дэсантныя), 18 баявых самалётаў і 74 баявыя верталёты марской авіяцыі.
Ахова здароўя. З 1980 існуе дзярж. сістэма службы здароўя, якая гарантуе бясплатнае мед. абслугоўванне ўсім катэгорыям насельніцтва. Бярэцца мінімальная плата за лякарствы, аналітычнае абследаванне і знаходжанне ў шпіталі. Усім працуючым выплачваецца уніфікаваная мед. страхоўка. Паралельна існуе развітая сістэма прыватнага мед. абслугоўвання. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75, жанчын 81,6 года. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 147 чал., урачамі — 1 на 193 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—6 гадоў), пач., няпоўную і поўную сярэднюю школы, прафес. і прафес.-тэхн. школы, ВНУ. Існуюць навуч. ўстановы дзярж., прыватныя і канфесійныя. Дзярж. школы падпарадкаваны Мін-ву адукацыі, якое кантралюе і прыватныя. Навуч. планы і праграмы школ носяць рэкамендацыйны характар. Пач. школа 5-гадовая, бясплатная, мае 2 цыклы — ніжэйшы (1—2-і кл.) і вышэйшы (3—5-ы кл.). На базе пач. школы працуе 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа для дзяцей 11—14 гадоў. Поўная сярэдняя школа — гэта 5-гадовыя класічныя і рэальныя (прыродазнаўча-навук.) ліцэі. Прафес. адукацыю даюць 2-гадовыя тэхн. вучылішчы і галіновыя ін-ты (тэрмін навучання 2—5 гадоў), сярэднюю тэхнічную — 5-гадовыя галіновыя тэхн. ін-ты. У сістэме вышэйшай адукацыі асн. тып ВНУ — ун-т (дзярж. і прыватныя, тэрмін навучання 4—6 гадоў). Існуюць таксама ін-ты, вышэйшыя маст. школы, акадэміі і кансерваторыі. У 1996/97 навуч.г. ў І. 58 ун-таў, 4 ін-ты; больш за 1 млн. студэнтаў. Буйнейшыя дзярж. ун-ты: Рымскі універсітэт (з 1303), Балонскі універсітэт (з 11 ст.), Падуанскі універсітэт (з 1222). Неапалітанскі (з 1224), у Мілане (з 1863), Бары (з 1924), Фларэнцыі (з 1321), Генуі (з 1471), Палерма (з 1779), Турыне (з 1404) і інш.Найб.дзярж.ВНУ: політэхн. ін-ты ў Турыне і Мілане, Ін-т усходазнаўства ў Неапалі, пед.ін-т (універсітэцкага тыпу) у Пізе, кансерваторыя «Санта-Чэчылія» ў Рыме. Буйнейшыя б-кі: Нац.цэнтр. ў Фларэнцыі; Нац.цэнтр. (з 1876), б-кі ун-та (з 1661) і Нац. акадэміі дэі Лінчэі (з 1730) у Рыме; Нац. (з 1804) і б-ка ун-та ў Неапалі; Нац. (з 1720) у Турыне; Нац. (з 1763) і б-ка Амбразіяна (з 1609) у Мілане; Нац. і б-кі ун-таў у Балонні, Бары, Мадэне, Палерма, Пізе і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. і Музей Вілы Джулія (з 1889), галерэя Баргезе (з 1616), Нац. галерэя ант. мастацтва (з 1895), Нац. галерэя сучаснага мастацтва (з 1883) — усе ў Рыме; нац.археал. музеі ў Неапалі, Палерма, нац. музеі і карцінныя галерэі ў Фларэнцыі, Месіне, Неапалі, Палерма, Равене, Таранта, галерэя Уфіцы ў Фларэнцыі і інш.Асн.дзярж. ўстанова, якая арганізуе і кіруе н.-д. работамі ва ўсіх галінах прыродазнаўчых і тэхн. навук (акрамя праблем атамнай энергіі) — Нац. Савет даследаванняў (з 1923; падпарадкоўвае каля 200 цэнтраў, ін-таў і лабараторый, кантралюе і міжнар.навук. сувязі). Навук. даследаванні каардынуе і Нац. акадэмія дэі Лінчэі. Даследаванні па атамнай энергіі ўзначальвае Нац.к-т па атамнай энергіі (з 1960); у яго веданні Цэнтр ядзерных даследаванняў у Касача і Нац. лабараторыі ў Фраскаці (з 1953). Буйнейшы цэнтр фундаментальных даследаванняў — Нац.ін-т ядзернай фізікі, які аб’ядноўвае работу ўсіх н.-д. устаноў І. ў гэтай галіне. Фундаментальныя даследаванні вядуцца таксама ў н.-д. ін-тах пры ун-тах. Даследаванні праводзяць ін-ты і ўстановы галіновых мін-ваў. Значныя работы, пераважна прыкладнога характару, вядуцца ў н.-д. ўстановах пры фірмах і кампаніях, у т. л. «ФІАТ». У І. дзейнічаюць некаторыя міжнар даследчыя цэнтры, у т. л. Цэнтр ядзерных даследаванняў у Іспры, Ін-т генетыкі і біяфізікі ў Неапалі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Сярод найб. уплывовых газ. «La Repubblica» («Рэспубліка», з 1976), «Stampa» («Друк», з 1866), «Comere della Sera» («Вячэрні веснік», з 1876), «Messaggero» («Веснік», з 1878), «Linita» («Адзінства», з 1924), вячэрняя газ. «Paese Sera» («Краіна вячэрняя», з 1949) і інш.Інфарм. агенцтвы: Аджэнцыя Нацыянале Стампа Асачата (з 1945), Аджэнцыя Джарналістыка Італія (з 1950), Інтэр-Прэс Сервіс (з 1964). Радыёперадачы трансліруюцца па 3 праграмах, Радыё Рома вядзе перадачы на замежжа на 27 мовах. Тэлебачанне з 1954. Дзейнічаюць 3 агульнанац. каналы (РАІ 1, РАІ 2, РАІ 3). Ёсць 7 агульнанац. камерцыйных сетак, 5 лакальных камерцыйных станцый (буйнейшыя — Канал 5 і Італія 1). Радыёвяшчанне і тэлебачанне падпарадкаваны італьян. акцыянернай радыё- і тэлевізійнай службе РАІ-ТБ. Кантралююцца дзяржавай.
Літаратура. Першыя помнікі на італьянскай мове адносяцца да 10 ст. Аднак да 16 ст.літ. творы пісаліся і на лац. мове. У І. пазней, чым у інш. раманскіх краінах, нац. мова стала літаратурнай. Феноменам італьян. л-ры 13 ст. былі сіцылійская паэт. школа і паэзія «новага салодкага стылю», якая ўзвышана апявала каханне і раскрывала псіхалогію закаханага (Г.Гвініцэлі і Г.Кавальканці). Стваральнікам адзінай італьян.літ. мовы стаў Дантэ. Яго «Боская камедыя» выйшла за межы свайго часу, увабраўшы ў сябе асн. рысы светапогляду эпохі, і стала рэліг., філас., гіст. і міфалагічнай энцыклапедыяй сярэдневякоўя. Рост цікавасці да ант. мастацтва і культуры, стварэнне новых гуманіст. вобразаў — асн. рысы л-ры Адраджэння (14—16 ст.). Паварот да чалавека, яго пачуццяў і зямнога (а не замагільнага) жыцця асабліва яскрава выявіўся ў творчасці Ф.Петраркі (зб. «Канцаньерэ») і Дж.Бакачыо («Дэкамерон»), а пазней Я.Пасаванці, Дж.Вілані, Ф.Сакеці і інш. Адраджэнне ідэалаў антычнасці і цікавасць да ўнутр. свету чалавека ўвасоблены ў творах Дж.Пантана, А.Паліцыяна (драма «Сказанне пра Арфея»), удзельнікаў платонаўскай акадэміі ў Фларэнцыі (Л.Пульчы, Дж.Піка дэла Мірандала. М.Фічына). У Венецыі на родным дыялекце пісаў вершы Л.Джустыніяні, у Ферары — М.Баярда (паэма «Закаханы Раланд»), у Неапалі да нар. творчасці звяртаўся Я.Санадзара. У 1-й пал. 16 ст., калі адзінай літ. мовай стала італьянская, развіваўся рэнесансавы класіцызм, які платонаўскаму ідэалізму проціпастаўляў рэаліст. адносіны да рэчаіснасці (П.Бемба, Мікеланджэла, Дж.Страпарола, Б.Чэліні). Найб. вядомыя прадстаўнікі позняга Адраджэння — Л.Арыёста, у творах якога (эпічная паэма «Неўтаймаваны Раланд») адлюстраваўся крызіс рэнесансавага светапогляду, і Т.Таса (паэма «Заваяваны Іерусалім»); развіваўся і тэатр (П.Арэціна, Н.Макіявелі, Б.Гварыні). У сярэдзіне 16 ст. ў л-ры І. паявіліся рысы барока. Дасягнула росквіту метафарычная паэзія Дж.Марына, развівалася проза (Дж.Бруна, Т.Кампанела, Г.Галілей), трагедыя (Ф. дэла Вале, К. дэ Даторы). Рэакцыяй на складаную барочную канцэпцыю стала стварэнне літ. акадэміі Аркадыя (засн. ў Рыме ў 1690), асн. мэтай якой была спроба спрасціць мову, зрабіць літ. твор больш зразумелым чытачу. У 18 ст. значнага развіцця дасягнулі тэатр (К.Гоцы, К.Гальдоні, П.Метастазіо) і паэзія (Дж.Парыні). На мяжы 18 і 19 ст. у італьян. л-ры паявіліся рысы рамантызму (творчасць У.Фоскала), што пазней адлюстраваліся ў прозе А.Мандзоні (гіст. раман «Заручоныя») і паэзіі Дж.Леапардзі.
У 2-й пал. 19 ст., калі адбылося аб’яднанне І. (1870), вызначальным стаў рэаліст. кірунак у л-ры — верызм, які апіраўся на паэтыку «чалавечага дакумента»: Дж.Верга (раман «Сям’я Малаволья»), раманіст Л.Капуана, навеліст і паэт Р.Фучыні, аўтар псіхал. раманаў Г.Дэледа. Пад уплывам франц. і інш.еўрап. л-р развіваліся сімвалізм і імпрэсіянізм (Г.Д’Анунцыо, Дж.Паскалі, «паэты змяркання» Г.Гацана і С.Карацыні). У пач. 20 ст. Ф.Т.Марынеці абвясціў пра нараджэнне футурызму, які паўплываў на многія еўрап. л-ры. Ад спроб стварэння «чыстых», ідэальных форм (Дз.Кампана, К.Збарбара, У.Саба, К.Рэбара) паэзія перайшла да «герметызму», стала больш складанай і абстрактнай (С.Квазімада, М.Луцы, А.Гата). У рэчышчы «плыні свядомасці» развівалася псіхааналіт. проза І.Свева (раман «Самапазнанне Дзена»), У 1920—40-я г. адной з вядучых літ. форм стаў раман («Сёстры Метэрасі» А.Палацэскі, «Людзі ў часе» і «Вада» М.Бантэмпелі, «Людзі і нелюдзі», «Жанчыны з Месіны» Э.Вітарыні, «Дон Жуан на Сіцыліі», «Прыгожы Антоній» В.Бранкаці, «Усведамленне болю» К.Э.Гады, аповесці Ч.Павезе), жанравая накіраванасць якога вельмі разнастайная: ад каталіцкага гуманізму, антыфашызму да экзістэнцыялізму і рамана-гратэску. Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ру прыйшло новае пакаленне празаікаў, якое пераасэнсоўвала падзеі нядаўняй вайны (аповесць «Хрыстос прыпыніўся ў Эбалі» К.Леві, раманы «Гісторыя» Э.Марантэ, «Фауста і Ганна» К.Касолы), цікавілася мінулым і сучаснасцю (раманы «Леапард» Т. ды Лампедуза, «Чачара» А.Маравіі, «Жорсткае жыццё» П.Пазаліні), успрымала свет праз прызму фантастычнага і сюррэальнага (трылогія «Нашы продкі» І.Кальвіна, навелы Дз.Буцаці). Міжнар. прызнанне атрымала італьян. паэзія (творчасць Дж.Унгарэці, Э.Мантале). Л-ра канца 20 ст. ахоплівае шырокі спектр жанраў і тэм: ад рэаліст. рамана («Блакітная планета» і «Грэчаскі агонь» Л.Малербы, «Рыцар і смерць» Л.Шашы, «Сцвярджае Перэйра» А.Габукі) да постмадэрнісцкага рамана-лабірынта («Імя ружы», «Востраў папярэдняга дня» У.Эка) і сатыр. «антыспажывецкіх» апавяданняў С.Бені, ад філас. асэнсавання лёсу чалавека (паэзія С.Пены, А.Дзандзота, Д.Белеца) да парадоксаў яго зямнога існавання (драматургія Д.Фо).
На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі: «Запіскі цырульніка» Дж.Джэрманета (1932), «Спартак» Р.Джаваньёлі (1938), «Неапаль без сонца» (1955) і «Прыгоды Чыпаліна» (1957) Дж.Радары, «Праўдзівая гісторыя» Л.Стурані (1957), «Вожыкава дрэва» А.Грамшы (1958), «Прыгоды К’ядзіна» М.Арджылі і Г.Парка (1959), «Юнацтва становіцца ў строй» В.Берціні (1960), «Лішнія» Д.Арфелі (1965), зб.апавяд. «Золата Фарчэлы» (1968), «Казкі нашых дзён» Арджылі (1971), зб. паэзіі «Ад вежаў Ферары» (1974), «На арбіце зямлі» А.Северыні (1980), «Санеты» Ф.Петраркі (1996), «Боская камедыя» Дантэ (1997). Асобныя творы Мантале, Пазаліні, Арфелі, Дантэ, Дж.Кардучы, Квазімада, Маравія, А.Негры, Павезе, Петраркі, Радары, Северыні і інш. на бел. мову пераклалі М.Аўрамчык, Ю.Гаўрук, У.Караткевіч, А.Мінкін, Т.Рунец, Я.Семяжон, У.Скарынкін, А.Шаўня, А.Якімовіч, Р.Барадулін, М.Танк і інш.
Архітэктура І. моцна паўплывала на фарміраванне еўрап. архітэктуры, на тыпы збудаванняў (цэрквы базілікальныя і цэнтрычнай кампазіцыі, палацы і грамадскія будынкі), на выразныя сродкі (ордэры), на горадабудаўніцтва (прамавугольная, трохпрамянёвая планіроўка) і паркі (партэры, фантаны, каскады). У эпоху бронзы на в-ве Сардзінія склаўся своеасаблівы тып мегалітычных збудаванняў, т.зв. нураге — круглыя каменныя вежы з псеўдакупальным пакрыццём. Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж.Рыма, якое развівалася на тэр. І. з 5 ст. да н.э. да 5 ст.н.э. Пасля падзення Рыма (476) і сцвярджэння хрысціянства на аснове познагатычных традыцый Візантыі і культур варварскіх народаў (готаў, лангабардаў, франкаў і інш.) фарміруецца сярэдневяковае мастацтва І. У 4—6 ст. узводзілі велічныя базілікі (Сан-Джавані ін Латэрана і Сан-Паала фуоры ле Мура ў Рыме), цэнтрычныя культавыя будынкі (царква Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. вядучай была архітэктура Ламбардыі (паўд. вежа царквы Сант-Амброджа ў Мілане). У 11—13 ст.раманскі стыль набыў у І. разнастайныя мясц. рысы. У Таскане ўзводзілі пабудовы т.зв. інкрустацыйнага стылю з паліхромнай мармуровай абліцоўкай вонкавых сцен і інтэр’ераў (царква Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі). Вытанчанасцю і багаццем дэкору вылучаецца комплекс у Пізе (баптыстэрый, сабор і вежа-кампаніла). У раманскіх пабудовах Сіцыліі спалучаліся формы візант., араб. і нармандскага дойлідства (саборы ў Чэфалу, пачаты ў 1131, і Манрэалі). Своеасаблівы варыянт візант. крыжова-купальнага храма — 5-купальны сабор св. Марка ў Венецыі з шыкоўна аздобленым інтэр’ерам. Аблічча большасці гарадоў І. склалася ў 11—13 ст., у перыяд іх інтэнсіўнага развіцця. У гэты час будавалі падпарадкаваныя рэльефу мясцовасці гар. ўмацаванні, падобныя на крэпасці каменныя дамы-вежы (Балоння, Сан-Джыміньяна), будынкі ратуш і сабораў з кампаніламі (Бергама, Брэшыя). Скучаная забудова сярэдневяковых гарадоў мела рэгулярную (Фларэнцыя, Верона) або нерэгулярную планіроўку і групавалася вакол цэнтр. плошчы. Гатычны стыль, часткова ўспрыняты італьян. архітэктурай, быў пашыраны ў канцы 13—14 ст. Асобныя дэкар. матывы готыкі надаюць раманскім па духу пабудовам дынамічнасць і вастрыню: сабор Санта-Марыя дэль Фёрэ (пачаты ў 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо), царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі (каля 1278 — каля 1360), сабор у Арвіета (1290—1569), Палацца Публіка ў Сіене (1297—1310), Венецыянскі Палац дожаў. У архітэктуры Ранняга Адраджэння (15 ст.) у аснове рытмічнай і структурнай арганізацыі будынкаў пераасэнсаваная ант. ордэрная сістэма: капэла Пацы ў Фларэнцыі (1429—43, арх. Ф.Брунелескі), царква Сант-Андрэа ў Мантуі (1472—94, арх. Л.Б.Альберці). Першыя спробы рэнесансавага горадабудаўніцтва — ансамбль у г. Піенца (паводле планаў арх. Б.Раселіна з 1459). Для архітэктуры Высокага Адраджэння (канец 15—1-я пал. 16 ст.) характэрны велічнасць прапорцый, пошукі дасканалай кампазіцыі цэнтрычнай пабудовы, разнастайнасць прасторавых вырашэнняў, пластычнасць арх. дэталей: сабор св. Пятра ў Рыме (1506—1614; задуманы і пачаты Д.Брамантэ; праект неаднаразова перапрацоўваўся; працягвалі работы Дж.Віньёла, П.Лігорыо, К.Мадэрна і інш.; у інтэр’еры творы Л.Берніні, Мікеланджэла), пабудовы Рафаэля, А. да Сангала Старэйшага, Я.Сансавіна. У перыяд Позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) класічныя схемы ўвасабляў А.Паладыо (віла «Ратонда» ў Вічэнцы); маньерыстычныя тэндэнцыі выяўляюцца ў работах Джуліо Рамана, Дж.Вазары, Віньёлы, Г.Алесі. Цікавасць гэтых архітэктараў да прасторавага развіцця кампазіцыі, дынамічнай сувязі будынкаў з гар. і ландшафтным асяроддзем атрымала развіццё ў архітэктуры барока (16—2-я трэць 17 ст.). Пабудовам Берніні, Дж. дэла Порты, Мадэрны, П’етра да Картоны, Б.Лангены ў Рыме, Венецыі, Турыне ўласцівы грандыёзная маштабнасць, дынамізм форм і прастораў, складаныя планы, фасады, канструкцыі купалоў (плошча св. Пятра, 1657—63, арх. Берніні). Барочныя прынцыпы істотна паўплывалі на горадабудаўнічыя ансамблі 17—18 ст. У пач. 19 ст. развіваецца класіцызм (Л.Ванвітэлі, А.Галілеі). Многія гарады канструяваліся ў класіцыстычным духу. З развіццём прам-сці ў архітэктуры ўзніклі тэндэнцыі эклектызму. У пач. 20 ст. склаўся стыль сецэсія (мадэрн) з уласцівымі яму мудрагелістымі кампазіцыямі і вычварным дэкорам (арх. Э.Базіле, Р.Д’Аронка), пашырылася утапічная, але не пазбаўленая рацыянальных горадабудаўнічых ідэй, «футурыстычная архітэктура» (1910-я г., арх. А.Сант-Элія). У 1920—40-я г. панаваў неакласіцызм з характэрнымі для яго рысамі стылізатарства і халоднай параднасці (М.П’ячэнціні). У змаганні з афіц. кірункам аформілася плынь рацыяналізму (пабудовы Дж.Мікелучы, Дж.Тэраньі). Архітэктары 1950—90-х г. (Дж.Понці, П.Л.Нерві, Э.Мантуоры, Э.Віторыо, У.Лучыкенці) ствараюць арыгінальныя канструкцыі, выкарыстоўваючы сучасныя буд. матэрыялы і сцвярджаючы эстэт. прынцыпы функцыян. архітэктуры. У творах групы БПР (назва ад першых літар прозвішчаў яе членаў) сучасныя арх. формы спалучаюцца з нац. традыцыямі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпох палеаліту і энеаліту (наскальныя размалёўкі, каменныя статуэткі, керамічныя пасудзіны з прадрапаным ці прамаляваным геам. узорам). У эпоху бронзы адчувальны ўплывы крыта-мікенскай культуры (гл.Эгейскае мастацтва), на Пн развівалася культура тэрамар. Да 9—5 ст. да н.э. адносяцца помнікі культуры Вілановы (усх.ч. цэнтральнай І.), да 8—2 ст. да н.э. — культуры этрускаў. Захаваліся рэшткі скульптуры, вырабаў маст. рамёстваў з грэч.гандл. паселішчаў, што існавалі ва ўзбярэжных раёнах І. ў 8—6 ст. да н.э.Стараж.-грэч., этрускія і мясц.маст. традыцыі леглі ў аснову мастацтва Стараж. Рыма. З 4 ст.н.э. ў І. пачало фарміравацца сярэдневяковае мастацтва, заснаванае на познаант. традыцыях (скульпт. разьба капітэлей калон, алтарных перагародак, мазаікі ў храмах), а таксама пад уздзеяннем Візантыі і варварскіх народаў, што захапілі І. У 6 ст. святлоценявая мадэліроўка і маляўнічасць ранніх мазаік змянілася плоскай лінеарнай трактоўкай форм, адасобленасцю колеравых спалучэнняў (мазаікі ў царкве Сан-Вітале ў Равене). У 8—10 ст. пашырыліся плоскарэльефная арнаментальная разьба, ювелірнае мастацтва, маст. інкрустацыя. У 11—13 ст. развіваўся раманскі стыль з рэгіянальнымі асаблівасцямі. Творы вылучаліся пэўнай плоскаснасцю трактоўкі, падпарадкаваннем выявы геам. кампазіцыйнай схеме (рэльефы сабораў у Мадэне, каля 1106, майстар Віліджэльма; Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне, 12 ст.). У фрэсках і мазаіках візант. прататыпы спалучаліся з жыццёвасцю матываў (фрэскі ніжняй царквы Сан-Клементэ ў Рыме, каля 1100; мазаікі сабораў у Чэфалу, 2-я пал. 12 ст.). Іканапіс набыў больш рэаліст. рысы ў алтарных абразах Чымабуэ. У сярэдзіне 13 ст. ў Таскане пачало складвацца мастацтва Протарэнесансу, якому ўласцівы імкненне да мадэліроўкі форм, жыццёвы драматызм вобразаў (творчасць скульпт. Нікало і Джавані Пізана, Арнольфа ды Камбіо, жывапісцаў П.Каваліні і Джота ды Бандоне). У алтарным і манум. жывапісе Сіены 13—14 ст. протарэнесансавыя рысы спалучаліся з рысамі італа-візант. мастацтва і франц. гатычнай мініяцюры (Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, П. і А. Ларэнцэці, Джавані ды Паала, Андрэа ды Бартала), у балонскіх майстроў гатычная характарнасць вобразаў — з канкрэтнымі жыццёвымі дэталямі (фрэскі Кампасанта ў Пізе, творы Альтык’ера і Аванца ў Падуі). Мастацтва італьян. Адраджэння вызначыла пераломны момант у развіцці еўрап. культуры. Мастакі авалодалі прыёмамі аб’ёмна-прасторавай мадэліроўкі форм, перспектыўнай пабудовы рэльефнай кампазіцыі, заканамернасцямі структуры і пластыкі цела чалавека, імкнуліся да ўвасаблення рэнесансавага ідэалу дасканалай, гарманічна развітой асобы. Скульптура Ранняга Адраджэння развівалася ў творчасці Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверчы, А. дэль Верок’ё і інш., жывапіс — у рамках мясц.маст. школ (гл.Венецыянская школа жывапісу, Умбрыйская школа жывапісу, Фларэнційская школа жывапісу і інш.), графіка — у А. дэль Палаёла і інш. Страчаныя дасягненні жывапісу Джота ды Бандоне развіваліся ў творчасці Мазачыо. Манум. вобразы з дасканалай мадэліроўкай формы і лінейнай перспектывы стваралі А. дэль Кастаньё, А.Мантэнья, Антанела да Месіна, П’етра дэла Франчэска, В.Карпача. Творы П.Учэла, Б.Гацолі вылучаліся каларыстычнасцю і яркай дэкаратыўнасцю, Анджэліка, Ф.Ліпі, С.Батычэлі — паэтычнасцю і вытанчанай лірычнай сузіральнасцю. Пашырыліся гравюра, медальернае тэатр.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва (у т. л.венецыянскае шкло). Мастацтва Высокага Адраджэння вызначалася сцвярджэннем гуманіст. ідэалаў, узвышана-дасканалымі вобразамі чалавека як цэнтра светабудовы, яркімі творчымі індывідуальнасцямі (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, Джарджоне, Тыцыяна). З 2-й пал. 16 ст. паралельна з мастацтвам Позняга Адраджэння (творчасць Мікеланджэла, Тыцыяна, Я.Тынтарэта, П.Веранезе, Я.Басана) развівалася мастацтва маньерызму, адметнае драм. кантрастнасцю, суб’ектыўнай вытанчанасцю форм (жывапісцы Я.Панторма, Ф.Парміджаніна, А.Бранзіна, скульпт. Б.Чэліні, Джамбалонья). Мастацтва італьян. барока (17—18 ст.) складалася з разнастайных тэндэнцый: мастакі балонскай школы (браты Карачы, Г.Рэні) сфармулявалі прынцыпы акадэмізму, якому супрацьстаяла творчасць Караваджа, што папярэднічала станаўленню рэалізму ў еўрап. мастацтве 17 ст. (гл. таксама Караваджызм). Росквіт скульптуры барока звязаны з творчасцю Л.Берніні, манум. жывапісу — П’етра да Картоны, А.Поца і інш. Развіваліся быт. жывапіс (Д.Феці, Б.Строцы, Дж.М.Крэспі), драм. паводле трактоўкі станковая карціна (С.Роза, А.Маньяска), пейзаж (А.Каналета, Б.Белота, Ф.Гвардзі), графіка (Дж.Піранезі). У пач. 19 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы класіцызму, але без уласцівага яму грамадзянскага пафасу, з часам набыло акад. характар (скульпт. А.Канова). З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся рамантызм (Ф.Аес, браты Індуна), рэаліст. тэндэнцыі (Т.Сіньярыні, Дж.Фаторы, С.Лега), уплывы імпрэсіянізму (жывапісец Дж. Дэ Нітыс і скульпт. М.Роса), верызм (скульпт. В.Вела), пуантылізм (Дж.Сеганціні). З пач. 20 ст. развівалася творчасць жывапісцаў т.зв. парыжскай школы (А.Мадыльяні і інш.), прадстаўнікоў футурызму (У.Бачоні, К.Кара, Дж.Северыні), метафізічнага жывапісу (Дж.Марандзі, Ф.Казараці, Дж. Дэ Кірыка). У сярэдзіне — 2-й пал. 20 ст. мастацтва І. развівалася ў рэчышчы рэалізму (Р.Гутуза, А.Піцыната, Э.Грэка, Дж.Манцу, Ф.Месіна), абстракцыянізму (Р.Біролі, Э.Марлоці, М.Рэджані, А.Буры, А.Салдаці).
Музыка. Вытокі італьян. музыкі ў муз. культуры Стараж. Рыма. З 4 ст. ў Рыме развіваліся літургічныя спевы, склалася практыка антыфоннага спявання гімнаў. У канцы 6 ст. аформілася хрысц.літургія, у 8—9 ст. склаўся грыгарыянскі харал, апісаны ў працах Гвіда д’Арэца (11 ст.). Да канца 13 ст. музыка І. была манадыйнай (гл.Манодыя); яна ўключала культавую музыку, а таксама лауду, балату і інш. свецкія жанры, якія распаўсюджвалі ў І. франц. труверы. У канцы 13 — пач. 14 ст. з пераходам да шматгалосся пачаўся ўздым італьян. музыкі (эпоха Арс нова) з цэнтрамі ў Фларэнцыі, Венецыі, Падуі. Гал. жанры шматгалосся — мадрыгал, кача, балата. Сярод кампазітараў таго часу — Джавані да Фірэнцэ, Якопа да Балонья (першы ўвёў трохгалоссе), Ф.Ландзіна, тэарэтык Маркета Падуанскі. Сярод муз. інструментаў — лютня, арфа, фідэль, флейта, габой, труба, арганы. У 15 ст. шматгалоссе зацвердзілася ў рым.-каталіцкім богаслужэнні, чаму вельмі садзейнічалі прадстаўнікі нідэрландскай школы, што служылі ў папскай капэле (у Сіксцінскай капэле і хар. капэле сабора св. Пятра ў Рыме працавалі лепшыя майстры царк. спеваў розных краін). У 16 ст. музыка І. стала вядучай у Еўропе. У ёй вылучыліся венецыянская школа і рымская. Кампазітары рым. школы стварылі высокаразвітое поліфанічнае мастацтва, вяршыняй якога стала творчасць Дж.Палестрыны Заснавальнік венецыянскай школы — А.Віларт, які 35 гадоў узначальваў капэлу сабора Сан-Марка (з 1527). Росквіт школы звязаны з творчасцю А. і Дж.Габрыэлі. Узніклі новыя формы інстр. музыкі, узбагаціўся склад інструментаў, пабольшала роля смычковых, сфарміраваўся класічны тып віёлы; прафес. інструментам стала скрыпка. Характэрныя жанры інструм. музыкі — рычэркар, фантазія, канцона, капрыча. Прынцып кантраставання розных інстр. груп, характэрны для музыкі барока, атры.маў паслядоўнае ўвасабленне ў жанры канцэрта. Найб. яркае выяўленне ідэй рэнесансу — мадрыгал (творчасць Л.Марэнцыо, Х.Мантэвердзі, К.Джэзуальда ды Венозы). Сярод тагачасных тэарэтыкаў — Дж.Царліна, Н.Вічэнціна. Багаты пласт музыкі І. — нар. песні і танцы (сальтарэла, фарлана, тарантэла, сіцыліяна і інш.). Агульныя кірункі развіцця познарэнесансавага муз. мастацтва яскрава ўвасоблены ў музыцы італьян. барока, з якім звязана ўзнікненне жанру оперы. Пачатак яму паклалі прадстаўнікі т.зв. фларэнційскай камераты кампазітар Я.Перы і паэт А.Рынучыні, стваральнікі першых опер «Дафна» (1598) і «Эўрыдыка» (1600), а таксама Дж.Качыні, Мантэвердзі. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публічны оперны т-р «Сан-Касіяна». Своеасаблівую афарбоўку набыла опера ў Рыме, дзе побач з ант. міфалагічнымі сюжэтамі выкарыстоўвалася рэліг. тэматыка. У Рыме паявіліся і першыя ўзоры камічнай оперы. З канца 17 ст. вядучая роля ў развіцці оперы перайшла да прадстаўнікоў неапалітанскай опернай школы (Ф.Правенцале і асабліва А.Скарлаці). У цеснай сувязі з операй развіваліся новыя жанры нелітургічнага рэліг. мастацтва — араторыя (Дж.Карысімі, А.Страдэла) і камерная кантата (Карысімі, Л.Росі). Сярод аўтараў царк. музыкі — Г.Алегры, П.Агастыні, А.Беневолі, духоўных канцэртаў — А.Банк’еры, Л.Віядана, Мантэвердзі, Ф.Кавалі, Дж.Легрэнцы. У галіне інстр. музыкі развіваліся жанры фугі (Дж.Фрэскабальдзі), трыо-санаты ў творчасці прадстаўнікоў балонскай школы (М.Кацаці, Дж.Віталі, Дж.Басані) і асабліва А.Карэлі, concerto grosso (Дж.Тарэлі, Карэлі, П.Лакатэлі, Ф.Джэмініяні, Дж.Соміс). Як педагог вылучыўся кампазітар і тэарэтык Дж.Б.Марціні. Значную ролю ў развіцці скрыпічнай музыкі адыгралі дынастыі майстроў — сем’і Амаці, Страдывары, Гварнеры. Папулярнасці італьян. оперы спрыяў высокі ўзровень вак.-выканальніцкай культуры. Сярод майстроў мастацтва бельканта 18 ст. спевакі-кастраты А.Бернакі, Кафарэлі, Ф.Бернардзі, Фарынелі, спявачкі Ф.Бардоні, Ф.Куцоні Сандоні, К.Габрыэлі, В.Тэзі. Гал. оперныя цэнтры таго часу — Неапаль і Венецыя. Вял. ўклад у фарміраванне оперы-серыя зрабілі паэты-лібрэтысты А.Дзена і П.Метастазіо. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла тэндэнцыя да цеснай сувязі музыкі з драм. дзеяннем (Н.Іамелі, Т.Траэта, Дж.Сарці, А.Сакіні і А.Сальеры). Новы дэмакр. жанр оперы-буфа сфарміраваўся ў творчасці Л.Вінчы і Л.Леа. Першы яе класічны ўзор — «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі. На развіццё оперы-буфа паўплываў аўтар оперных лібрэта К.Гальдоні (на многія яго лібрэта пісаў музыку Б.Галупі). Найвышэйшы этап яе развіцця — творчасць Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымарозы. У галіне інстр. музыкі 18 ст. вылучыліся кампазітары Дж.Тарціні (санаты, канцэрты), А.Вівальдзі (concerto grosso), Дж.Б.Самарціні (сімфоніі, concerto grosso, трыо-санаты), Л.Бакерыні (квартэты), Д.Скарлаці (клавірныя творы). У скрыпічным мастацтве новую эпоху адкрыў Н.Паганіні. Уздым муз. культуры І. ў 19 ст. звязаны з творчасцю Дж.Расіні, які абнавіў нац. тып оперы-буфа («Севільскі цырульнік», 1816), у героіка-драм. операх пераадольваў штампы оперы-серыя, асаблівае значэнне надаваў хар. сцэнам («Вільгельм Тэль», 1829). Рамантычныя тэндэнцыі ярка выявіліся ў операх В.Беліні і Т.Даніцэці. Найвялікшы ўклад у італьян. і сусв.муз.т-р зрабіў Дж.Вердзі, які стварыў оперы вял.псіхал. глыбіні і вострых драм. канфліктаў («Рыгалета», 1851; «Трубадур» і «Травіята», 1853), адметныя адзінствам дзеяння, большай роляй аркестра, індывідуалізацыяй муз. характарыстык («Дон Карлас», 1867; «Аіда», 1870), поўным зліццём музыкі з драм. дзеяннем («Атэла», 1886). У канцы 19 ст. ўзніклі оперы, прасякнутыя ідэямі верызму; «Сельскі гонар» П.Масканьі (1890), «Паяцы» Р.Леанкавала (1892), творы У.Джардана, Ф.Чылеа. Буйнейшы оперны кампазітар пасля Вердзі — Дж.Пучыні, аўтар опер у традыцыях італьян. бельканта («Багема», 1895; «Тоска», 1899; «Мадам Батэрфляй», 1903; «Турандот», 1924, і інш.). Дасягненні опернага мастацтва І. ў 19 — пач. 20 ст. звязаны з росквітам выканальніцкай культуры. Сярод вядомых спевакоў таго часу А.Каталані, сёстры Грызі, Дж.Паста, А.Бозіо, Б. і К.Маркізіо, А.Паці, Дж.Марыо, Дж.Б.Рубіні, М.Батыстыні, А.Мазіні, Дж.Ансельмі, Ф.Таманьё, Э.Тамберлік, у пач. 20 ст. — спявачкі А.Барбі, Дж.Белінчоні, А.Галі-Курчы, Т.Даль Монтэ, Э.Каруза, Ц.Скіпа, Ціта Руфа і інш. З канца 19 ст. развіваецца пераважна інстр. музыка. Вял. ўклад у яе зрабіў Ф.Бузоні. У стылі неакласіцызму працавалі кампазітары І.Піцэці, Дж.Ф.Маліп’ера, А.Казела, А.Рэспігі. На мяжы 1940—50-х г. у італьян. музыцы ўзмацнілася ўздзеянне новай венскай школы. Творчасць Л.Далапікала, Л.Берыо, С.Бусоці, Ф.Маліп’ера, Л.Нона звязана з выкарыстаннем серыялізму, санорыкі, алеаторыкі. У жанры оперы поспеху дасягнуў Дж.К.Меноці. Сярод прадстаўнікоў муз. мастацтва І. 2-й пал. 20 ст.: спявачкі Дж.Сіміяната, Р.Скота, А.Стэла, Р.Тэбальдзі, М.Фрэні, спевакі Дж.Бекі, Ц.Гобі, М.Дэль Монака, Ф.Карэлі, Л.Павароці, Дж.Ды Стафана; дырыжоры А.Тасканіні, К.Абада, П.Арджэнта, В. Дэ Сабата, Г.Кангэлі, Т.Серафін, Р.Фазана, В.Ферэра, К.Цэкі; піяністы А.Бенедэці Мікеладжэлі, М.Паліні; скрыпачка Дж. Дэ Віта; віяланчэліст Э.Майнардзі; музыказнаўцы Г.Барблан, А.Банавентура, К.Гаці, А. Дэла Кортэ, Л.Торкі, Ф.Тарэфранка і інш. У І. працуюць: т-ры «Сан-Карла» ў Неапалі (з 1737), «Ла Скала» ў Мілане (з 1778), «Фенічэ» ў Венецыі (з 1792), Рымскі оперны т-р (з 1880), аркестры т-раў «Ла Скала» (з 1982 і Філарманічны аркестр «Ла Скала»), «Фенічэ», Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія», Італьян. радыё і тэлебачання і інш.; кансерваторыі: «Санта Чэчылія» ў Рыме, у Балонні, Венецыі, Мілане, Фларэнцыі. Праводзяцца шматлікія муз. фестывалі і конкурсы.
Тэатр. Тэатр. мастацтва І. паходзіць ад нар. абрадаў і гульняў, масленічных карнавалаў, паказаў мімаў. У сярэдневякоўі ўзніклі літургічная драма і містэрыя, у якіх прасочваліся камед.-сатыр. матывы. Элементы тэатр. мастацтва ўключалі науды (плошчавыя відовішчы) 13 ст., венецыянскія карнавалы 13—16 ст. У эпоху Адраджэння пачалося развіццё новай тэатр. культуры: распрацоўваліся тэорыя гуманіст. драмы, прынцыпы дэкарацыйнага афармлення, з’явіліся новыя жанры, будаваліся спец.тэатр. памяшканні. У сярэдзіне 16 ст. на аснове нар. творчасці ўзнікла імправізацыйная камедыя дэль артэ. Літ. драма развівалася пераважна аматарскімі трупамі (творчасць Л.Арыёста, П.Арэціна, Дж.Бруна і інш.). У 17—18 ст.т-р І. страціў самабытнасць, камедыя дэль арта ператварылася ў забаўляльнае відовішча. У 18 ст. пад уплывам ідэй Асветніцтва драматург К.Гальдоні ажыццявіў рэформу нац.т-ра, у якой апіраўся на дэмакр. традыцыі гуманіст. і імправізацыйнай камедыі, адмовіўся ад традыц. тыпаў камедыі дэль артэ і замяніў іх рэаліст. вобразамі. Супраць рэформы Гальдоні ў 1760—70-я г. выступіў драматург К.Гоцы, які на аснове традыцый камедыі дэль артэ стварыў новы тэатр. жанр ф’яба (жанр казкі). У канцы 18 ст. пашырыўся жанр гераічнай трагедыі. У пач. 19 ст. сфарміравалася драматургія італьян. рамантызму. Развівалася новая рэаліст. школа акцёрскага мастацтва трагікаў Г.Модэны і яго паслядоўнікаў (А.Рысторы, Э.Росі, Т.Сальвіні), якія сцвярджалі ідэі грамадз. мастацтва. Пасля 1870 у рэпертуары т-раў пераважалі меладрама і быт. камедыя. Рэаліст. рысы засталіся ў драматургіі і т-рах, што выкарыстоўвалі нар. дыялекты (п’есы Дж.Галіны, акцёры Э.Навелі, Дж.Гоцы, Дж.Граса). Гэта прывяло да росквіту т.зв. дыялектнага т-ра, садзейнічала сцвярджэнню эстэтыкі верызму. У пач. 20 ст. развіваліся мадэрнісцкія тэндэнцыі, на т-р гратэску паўплываў футурызм (творчасць Л.Пірандэла, акцёры Э.Дузе, Э.Законі, Э. і І.Граматыка, Р.Ругеры і інш.). У 1920—30-я г. ствараліся эксперыментальныя т-ры (т-р «Незалежных», «Канвена» і інш.). У 1935 створана Акадэмія драм. мастацтва. У час фаш. дыктатуры т-р заняпаў, дзейнічалі пераважна вандроўныя трупы. У пасляваенны час пачаў сцвярджацца прагрэс. кірунак у тэатр. мастацтве: т-р «Сан-Фердынанда» ў Неапалі, «Пікала-тэатр» у Мілане, трупы Р.Марэлі і П.Стопы, рэж. Л.Вісконці, А.Коста, рэж. і драматург Л.Скуарцына, акцёр В.Гасман; узніклі стацыянарныя т-ры «стабіле», якія з 1960-х г. знаходзяцца на дзярж. субсідыі. Сярод вядомых тэатр. дзеячаў: Л.Ранконі, Дж.Стрэлер, Скуарцына і інш. Тэндэнцыі авангарду ўласцівы творчасці драматургаў Д.Фо, М.Рычы, Ф.Мале, М.Перліні і інш.
Кіно. Нацыянальная кінавытворчасць зарадзілася ў 1904—05. Найб. дасягненне нямога кіно 1910-х г. — касцюмна-гіст. фільмы («Куды ідзеш?» Э.Гуацоні, 1912; «Апошнія дні Пампеі» М.Казерыні, 1913; «Кабірыя» Дж.Пастроне, 1914), салонныя драмы 1 камедыі. На развіццё кіно І. паўплывалі творчасць і непасрэдны ўдзел у стварэнні фільмаў пісьменніка Г.Д’Анунцыо. Уплывы верызму ўласцівы творам Н.Маргольё («Згубленыя ў цемры», 1914; «Тэрэза Ракэн», 1915) і інш. Сфарміраваўся т.зв. «дывізм» — сістэма «зорак» кіно (Ф.Берціні, Л.Барэлі, Л.Кавальеры і інш.). У гады 1-й сусв. вайны пачаўся крызіс італьян. кіно, які паглыбіўся з прыходам да ўлады фашыстаў. Адкрыта фаш. фільмаў ставілася няшмат (напр., «Сцыпіён Афрыканскі» К.Галоне, 1937), дамінавалі салонныя меладрамы (т.зв. кінематограф «белых тэлефонаў»), са з’яўленнем гукавога кіно здымаліся і муз. фільмы (кінаоперы і інш.). У 1930-я г. пад Рымам пабудаваны кінагарадок «Чыначэта», у Рыме адкрыты Эксперым. кінацэнтр, які падрыхтаваў шэраг майстроў і кіназнаўцаў, што пазней набылі сусв. вядомасць (Д.Вісконці, Дж.Дэ Сантыс, М.Антаніёні, Г.Арыстарка і інш.). Прадстаўнікі кірунку «каліграфізм» у асноўным экранізавалі творы сусв. класікі («Стрэл» Р.Кастэлані паводле А.Пушкіна, 1941, і інш.). У фільмах А.Блазеці «Прагулка ў аблоках» (1942), В.Дэ Сікі «Дзеці глядзяць на нас» (1943), Вісконці «Апантанасць» (1943) зроблена спроба адысці ад канонаў афіцыёзнага кіно. Пасля 2-й сусв. вайны ва ўмовах дэмакр. ўздыму ўзнік неарэалізм, творы якога вызначаліся эпічнай шырынёй адлюстравання нар. жыцця, культам паўсядзённасці, лаканізмам выяўл. вырашэння, чорна-белай выявай; сярод гал. тэм: супраціўленне фашызму («Рым — адкрыты горад», 1945, і «Пайза», 1946, Р.Раселіні), сац. несправядлівасць («У імя закону» П.Джэрмі, 1945, «Горкі рыс», 1949, і «Няма міру пад алівамі», 1950, Дэ Сантыса; «Умберта Д.» Дэ Сікі, 1951), трагедыя беспрацоўя («Выкрадальнікі веласіпедаў» Дэ Сікі, 1948; «Зямля дрыжыць» Вісконці, 1948; «Рым, 11 гадзін» Дэ Сантыса, 1952). З сац. стабілізацыяй у грамадстве ў сярэдзіне 1950-х г. неарэалізм заняпаў, а пашырыўся т.зв. «ружовы» (фальклорна-эратычны) неарэалізм («Два грошы надзеі» Кастэлані, 1952; «Хлеб, каханне і фантазія» Л.Каменчыні, 1953, і інш.). Сярод вядомых акцёраў таго часу Л.Базе, Р.Валоне, М.Джыроці, Дж.Лалабрыджыда, Г.Маньяні, Тато, А.Фабрыцы, Э.Дэ Філіпа і інш. Канец 1950 — пач. 1960-х г. — росквіт творчасці вял. майстроў «аўтарскага кіно»: Вісконці («Рока і яго браты», 1960; «Леапард», 1962; «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы», 1965; «Пагібель багоў», 1969), Ф.Феліні («Дарога», 1954, «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959; «81/2», 1963; «Сатырыкон», 1969), Антаніёні («Прыгода», 1959; «Ноч», 1960; «Зацьменне», 1961; «Чырвоная пустыня», 1964; «Фотапавелічэнне», 1967), П.Пазаліні («Акатоне», 1961; «Маці Рома», 1962; «Евангелле ад Матфея», 1964; «Цар Эдып», 1967). З’явілася другая хваля антыфаш. фільмаў («Генерал Дэла Раверэ» Раселіні, 1959; «Чатыры дні Неапаля» Н.Лоя, 1963; «Чачара», 1960, і «Сад Фінці-Канціні», 1970, Дэ Сікі). Сац.-паліт. праблемы адлюстроўваліся ў фільмах «Сальваторэ Джуліяна» Ф.Розі (1961), «Дзень славы» Д.Даміяні (1967) і інш. У гэты час сфарміраваўся жанр «камедыі па-італьянску» («Учора, сёння, заўтра», 1963, і «Шлюб па-італьянску», 1964, Дэ Сікі; «Развод па-італьянску», 1961, «Спакушаная і пакінутая», 1964, «Серафіна», 1968, Джэрмі). У 2-й пал. 1960-х г. на хвалі ўздыму маладзёжнага руху ўзнікла «кіно кантэстацыі», маніфестам якога стаў фільм М.Белокіо «Кулакі ў кішэні» (1965). У рэчышчы гэтай плыні зроблены некат. фільмы Пазаліні, братоў Тавіяні, М.Ферэры. Гал. жанры камерцыйнага кіно — псеўдагіст. стужкі на ант. тэмы, меладрамы, эратычныя камедыі, вестэрны па-італьянску («спагеці-вестэрны»). У апошнім жанры працаваў С.Леоне («Добры, дрэнны, злы», 1966; «Аднойчы на Далёкім Захадзе», 1968), які пазней працаваў у Галівудзе («Аднойчы ў Амерыцы», 1984). Сярод вядомых акцёраў гэтага часу: Дж.М.Валантэ, М.Віці, В.Гасман, Х.Кардынале, С.Ларэн, Дж.Мазіна, Н.Манфрэдзі, М.Мастраяні, С.Сандрэлі, А.Сордзі, У.Таньяцы і інш.
Гал. кірункам кіно І. 1970-х г. стала паліт. («новае») кіно. Асн. яго тэмы — выкрыццё фашызму ў мінулым і сучаснасці («Яснавяльможныя трупы» Розі, 1976; «Я баюся» Даміяні, 1977, і інш.), праблемы моладзі («Плошча Сан-Бабіла, 20 гадзін: бессэнсоўнае забойства» К.Лідзані, 1976; «Дарагі тата» Дз.Рызі, 1979) і інш. З канца 1970-х г. у кіно І. пачаліся спад вытворчасці і маст. крызіс у сувязі з экспансіяй Галівуда ў еўрап. пракат, канкурэнцыяй тэлебачання, развіццём відэапракату і інш. Шмат фільмаў ставіцца ў каапрадукцыі, пераважна з Францыяй. Найб. значныя творы апошніх дзесяцігоддзяў: «Амаркорд» (1973), «Казанова» (1976), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «І карабель плыве» (1983), «Інтэрв’ю» (1987) Феліні; «Дэкамерон» (1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (1972), «Кветка 1001-й ночы» (1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) Пазаліні; «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974) Вісконці; «Прафесія — рэпарцёр» (1975), «Ідэнтыфікацыя жанчыны» (1981), «Там, за аблокамі» (1995) Антаніёні; «Канфарміст» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972), «XX стагоддзе» (1976), «Апошні імператар» (1987), «Маленькі Буда» (1993) Б.Берталучы. Набылі вядомасць рэжысёры Э.Скола («Тэраса», 1979; «Баль», 1983; «Сям’я», 1986), браты Тавіяні («Ноч святога Ларэнца», «Добрай раніцы, Вавілон», 1986), Ферэра («Прашу прыстанішча», 1979; «Дом усмешак», 1991), Н.Марэці («Залатыя мары», 1981; «Меса закончана», 1986; «Дарагі дзённік», 1994), Дж.Тарнаторэ («Новы кінатэатр «Парадыза», 1989; «Чыстая фармальнасць», 1994) і інш. Сярод акцёраў 1970—90-х г.: В.Галіна, Дж.Джаніні, Д.Джардана, Дж.Джэма, А.Муці, Ф.Нера, М.Плачыда, А.Чэлентана і інш.
Беларусы ў Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў І. апынулася шмат беларусаў, пераважна жыхароў Зах. Беларусі, якія ў складзе Андэрса арміі ўдзельнічалі ў Італьянскай кампаніі 1943—45 (у 1944 у бітве пад Монтэ-Касіна загінула некалькі соцень беларусаў). Тут знайшлі прытулак і беларусы, вывезеныя на прымусовую працу, эмігранты, якіх не прыняла пад сваю апеку Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў, каталіцкія святары, якія вучыліся ў Папскім ін-це ўсх. навук, студэнты з Беларусі, што вучыліся мастацтву і спевам. Жылі беларусы пераважна ў Рыме і яго прыгарадах. Арганізатарам і кіраўніком бел. калоніі быў П.Татарыновіч. У 1949 тут засн.Бел.хрысц. аб’яднанне, у 1953 — Бел.акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» і аддзел Цэнтралі бел. студэнцкіх арг-цый на чужыне. Беларусы мелі прадстаўніцтвы ў Высокай радзе для эміграцыі, якая дзейнічала пры Кансісторскай Кангрэгацыі ў Рыме. Яны вялі культ.-асв. работу: святкавалі нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і дзеячаў культуры, удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыі арг-цыі «Інтэрнацыянал свабоды» (1953), Кангрэсе эмігрантаў (1962, Рым). Ініцыятарамі асн. мерапрыемстваў бел. эміграцыі былі Татарыновіч, Л.Гарошка, П.Конюх, Я.Садоўскі. У 1949 Татарыновіч заснаваў і вёў бел. секцыю на радыё Ватыкана, удзельнічаў у выданні і рэдагаваў час. «Зьніч» (1950—75, выйшла 120 нумароў).
Літ.:
История Италии. Т. 1—3. М., 1970—71;
Рутенбург В.И. Истоки Рисорджименто: Италия в XVII—XVIII вв. Л., 1980;
Кин Ц.И. Италия конца XIX в.: судьбы людей и теорий. М., 1978;
Любин В.П. Италия накануне вступления в первую мировую войну: (На пути к краху либерального государства). М., 1982;
Лопухов Б.Р. История фашистского режима в Италии. М., 1977;
Яго ж. Эволюция буржуазной власти в Италии, первая половина XX в. М., 1986;
Сафронов В.Г. Итальянские войска на советско-германском фронте, 1941—1943. М., 1990;
Комолова Н.П. Движение Сопротивления и политическая борьба в Италии, 1943—1947 гг.М., 1972;
Лисовский Ю.П. Италия от фашизма к демократии: Трудные пути послевоенной перестройки. М., 1990;
Маджистер С. Политика Ватикана и Италия, 1943—1978: Пер. с итал. М., 1982;
Холодковский К.Г. Италия: массы и политика Эволюция соц.-полит. сознания трудящихся в 1945—1985 гг.М., 1989;
Культура и общество Италии накануне нового времени. М., 1993;
Спессо Р. Итальянская экономика с послевоенных лет до наших дней: Пер. с итал. М., 1984;
Буркхардт Я. Культура Италии в эпоху Возрождения. Опыт: Пер. с нем. М., 1996;
Муратов П.П. Образы Италии. Т. 1—3. М., 1993—94;
Де Санктис Ф. История итальянской литературы: Пер. с итал. Т. 1—2. М., 1963—64;
Кацнельсон Р.А. Современная архитектура Италии. 2 изд. М., 1983;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1—3. М., 1956—79;
Melani V. Italian contemporery art. Pistoia, 1973;
Крунтяева Т.С. Итальянская комическая опера XVIII в. Л, 1981;
Левашева О.Е. Пуччини и его современники. М., 1980;
Богоявленский С.Н. Итальянская музыка первой половины XX в.: Очерки. Л., 1986;
Колодяжная В. Кино Италии (1940—1960). М., 1961;
Лидзани К. Итальянское кино: Пер. с итал. М., 1956;
Молодые кинорежиссеры Италии. М., 1996.
Ф.С.Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), В.С.Логіш (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Л.М.Зайцава (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Італіі).
Герб і сцяг Італіі.Да арт.Італія. Даліна ў Альпах.Да арт.Італія. Краявід на схілах Апенінскіх гор.Да арт.Італія. Порт Неапаль.Да арт.Італія. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў сярэдняй частцы краіны.Да арт.Італія. Уступленне ў Неапаль Дж.Гарыбальдзі 7.9.1860. Тагачасны малюнак.Да арт.Італія. Жыхары Мілана вітаюць войскі ЗША. Красавік 1945.Да арт.Італія. Панарама Фларэнцыі.Да арт.Італія. Сабор святога Пятра ў Рыме. 1506—1614.Да арт.Італія. Сабор у Арвіета. 1290—1569.Да арт.Італія. Царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі. Каля 1278—1360.Да арт.Італія. Іспанская лесвіца на П’яцца ды Спанья ў Рыме.Да арт.Італія. Андрэа ды Бартала. Іаакім пакідае горад. Дрэва, тэмпера.Да арт.Італія. С.Марціні. Благавешчанне. 1333.Да арт.Італія. «Палажэнне ў труну». Вітраж па кардоне А. дэль Кастаньё. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ. 1443—14.Да арт.Італія. Антоніо дэль Палаёла. Бітва дзесяцярых аголеных. Разцовая гравюра. 1740.Да арт.Італія. Мікеланджэла. Грабніца Ларэнца Медычы. Каля 1524—31.Да арт.Італія. А.Салдаці. Аналогіі. 1950.Да арт.Італія. Р.Гутуза. Акно ў Рыяна Фламініо. 1951.Да арт.Італія. Дж.Марандзі. Нацюрморт. 1962.Да арт.Італія. Ф.Месіна. Вялікая танцоўшчыца. 1979.Да арт.Італія. Дж.Манцу. Смерць гвалтоўная. Эскіз рэльефу для «Брамы смерці» сабора св. Пятра ў Рыме. 1949—64.Да арт.Італія. Джавані ды Паала. Выгнанне з раю. Каля 1440.Да арт.Італія. Рафаэль. Заручыны Марыі. 1504.Да арт.Італія. Венецыянскі майстар. Кубак са сцэнай пакланення вешчуноў. Шкло. 1465.Да арт.Італія. Глядзельная зала тэатра «Ла Скала». Пач. 19 ст.