Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРПЛАЗІ́Я (ад гіпер... + грэч. plasis утварэнне),
павелічэнне колькасці структурных элементаў тканак з прычыны павышанай функцыі органа ці ў выніку паталагічнага новаўтварэння тканкі. Гіперплазія складае аснову гіпертрафіі. Часта мае кампенсатарны характар. Адрозніваюць гіперплазію залозістую, залозіста-ацынозную, адэнаматозную і інш.
У раслін — мясцовае разрастанне тканак у выніку мітатычнага ці амітатычнага дзялення клетак. Вынік гіперплазіі — утварэнне галаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета
(каля 588 — каля 525 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЛЬ ((Mohl) Гуга) (8.4.1805, г. Штутгарт, Германія — 1.4.1872),
нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў цыталогіі раслін. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1828). З 1832 праф. Бернскага, з 1835 — Цюбінгенскага ун-таў. Навук. працы па анатоміі і цыталогіі раслін. Апісаў утварэнне і будову вусцейка і эпідэрмісу, дзяленне клетак, будову многіх органаў раслін, назіраў утварэнне крухмалу ў хларафільных зернях. Даказаў клетачнае паходжанне сасудаў раслін. Прапанаваў класіфікацыю раслінных тканак. Увёў паняцце пратаплазмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛО́З (ад грэч. ankylos крывы, сагнуты),
поўная нерухомасць сустава пры паталагічных зменах яго тканак. Адрозніваюць анкілозы касцявыя (касцявое зрастанне сустаўных паверхняў паміж сабой), пазасустаўныя (утварэнне касцявой перамычкі за кошт акасцянення мяккіх тканак вакол сустава; сустаўная шчыліна пры гэтым захавана), фіброзныя (утварэнне рубцовых спаек паміж сустаўнымі паверхнямі). Пры касцявым і пазасустаўным анкілозе вобласць нерухомага сустава пры функцыян. нагрузцы (хадзе) бязбольная, пры фіброзным — узмоцненая нагрузка выклікае боль у суставе. Развіваецца ад раненняў, закрытых пераломаў касцей у суставе, ад запалення (туберкулёз, ганарэя і інш.), працяглай нерухомасці сустава. Лячэнне хірург. і фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРО́Н,
бялок, што ўтвараецца ў клетках арганізмаў млекакормячых і птушак пры вірусных інфекцыях; неспецыфічны фактар супрацьвіруснага імунітэту. Малекулярная маса 25000—110000. Асаблівасць І. — высокая відавая спецыфічнасць (напр., І. з клетак курэй актыўны толькі ў клетках курэй) і адсутнасць віруснай спецыфічнасці (адзін і той жа І. прыгнечвае размнажэнне розных вірусаў). Утварэнне І. кадзіруецца геномам клеткі, можа індуцыравацца бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння вірусных хвароб. Найб. эфект пры прафілакт. ужыванні (здольны індуцыраваць утварэнне ўласнага І. ў арганізме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАСО́МА (ад акра... + грэч. sōma цела),
апікальнае цельца, перфараторый, утварэнне на верхняй частцы галоўкі сперматазоіда. Пры апладненні ў момант сутыкнення сперматазоіда з яйцаклеткай ферменты акрасомы раствараюць абалонку яйцаклеткі і забяспечваюць яго пранікненне ўнутр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІКАРПІ́Я (ад амфі... + грэч. karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў двух тыпаў: надземных і падземных. Падземныя ўтвараюцца з завязі, якая закопваецца пасля апладнення ў глебу (геакарпія). Амфікарпія назіраецца ў кісліцы і некаторых інш. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГЕ́НЫ [ад анты... + ген(ы)],
складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэннеантыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 106 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.