ФОРМАЎТВАРЭ́ННЕ ў мовазнаўстве,
1) утварэнне розных грамат. форм аднаго і таго ж слова. Напр., утварэнне ў бел. мове форм асобы, ліку, часу дзеясловаў, склонавых форм назоўнікаў і інш. У гэтым выпадку паняцце Ф. супадае са словазмяненнем і проціпастаўляецца словаўтварэнню.
2) Утварэнне суадносных грамат. форм розных слоў, якія выражаюць несінтакс. грамат. значэнні (не абумоўленыя грамат. значэннямі інш. слоў у тэксце). Напр., утварэнне ў бел. мове трывальных пар дзеясловаў. Такая трактоўка Ф. пашырае яго межы, уключае выпадкі пераходныя паміж Ф. і словаўтварэннем.
Літ.:
Зализняк А.А. Русское именное словоизменение. М., 1967;
Жирмунский В.М. О границах слова // Жирмунский В.М. Общее и германское языкознание. Л., 1976;
Бондарко А.В. Теория морфологических категорий. Л., 1976.
У.Б.Журавель.
т. 16, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)