СЛУ́ЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у Слуцку ў 1689—1773. У 1689—1704 місія, у 1704—15 рэзідэнцыя, у 1715—73 калегіум. У 1692 віцебскі падчашы Ян Слонскі і яго жонка Кацярына адпісалі езуітам двор у Слуцку і 2 вёскі. Першыя драўляныя будынкі місіі і рэзідэнцыі месціліся ў гар. раёне Падвалле. У 1715 у раёне Зарэчча пабудаваны драўляныя корпус калегіума і касцёл св. Тройцы — 8-гранны ў плане храм з купалам у цэнтры і 4 вежамі па вуглах; стары корпус рэзідэнцыі ў Падваллі перароблены ў канвікт (інтэрнат). У 1698 тут адкрыта школа граматыкі, у 1702 — паэтыкі, у 1704 — рыторыкі. Пры калегіуме існавалі муз. бурса (з 1713) і аптэка (з 1762). У б-цы меліся каштоўныя старадрукі і рукапісы, пасля скасавання калегіума з яго б-кі 2200 тамоў перададзены ў б-ку Віленскага ун-та. У 1773 калегіум скасаваны. У 1804 касцёл і ўсе пабудовы калегіума знішчаны пажарам.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РАСТА СЕ́ЛЬСКІ,

ніжэйшая службовая асоба сял. грамадскага кіравання ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У адпаведнасці з рэформай дзярж. вёскі 1830—50-х г. пасада С.с. ўведзена ў паселішчах казённага сялянства еўрап. часткі краіны, а ў выніку сялянскай рэформы 1861 — і ў паселішчах б. панскіх сялян. Выбіраўся сельскім сходам на 3 гады. Выступаў адначасова як кіраўнік сельскай грамады і як ніжэйшая службовая асоба дзярж. кіравання. Ён склікаў па меры патрэбы сельскі сход і выконваў яго пастановы, назіраў за спраўнасцю дарог і мастоў, за захаваннем збожжа ў хлебазапасных магазінах і інш. На яго ўскладаліся таксама фіскальныя абавязкі і адм. паліцэйскія функцыі, меў права караць сялян. Непасрэдна падпарадкоўваўся валасному старшыні, выконваў распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і «ўсіх прызначаных улад па прадметах іх ведамства». Старасты меліся ў дзярж. маёнтках і да 19 ст., а ў панскіх уладаннях і да 1861, але назначаліся адпаведна ўладамі і памешчыкамі, поўнасцю падпарадкоўваліся ім.

В.​П.​Панюціч.

т. 15, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬЦО́Ў Барыс Васілевіч (н. 1.3.1926, в. Хутар Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. публіцыст, пісьменнік. Канд. гіст. н. (1968), д-р філал. н. (1978), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у газ. «Чырвоная змена» і «Звязда» (1953—69). З 1969 заг. кафедры тэорыі і практыкі сав. журналістыкі, з 1999 праф. кафедры сацыялогіі журналістыкі БДУ, адначасова нам. рэдактара час. «Веснік БДУ» (1969—98). Даследуе жанры сучаснай публіцыстыкі. Аўтар манаграфій «Публіцыстычнасць інфармацыйных жанраў» (1973), «Аналітычныя жанры» (1974), «Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства» (1977), «Дзесятая пяцігодка ў беларускім нарысе» (1980), «Асновы літаратурна-мастацкай творчасці» (ч. 1—2, 1999), «Асноўныя творчыя метады ў журналістыцы» (2000) і інш. Асн. тэматыка маст. твораў — жыццё вёскі, клопаты моладзі і інтэлігенцыі (зб-кі апавяданняў «Наследнік», 1963, «Сыходзяцца бальшакі і прасёлкі», 1969; аповесці «Вячэрняя планета», 1975, «Метраном памяці», 1985; раман «Між крутых берагоў», 1980; зб. абразкоў і апавяданняў «Чарадзейны туман», 2000).

Тв.:

Маральны клімат вытворчага калектыву і друк. Мн., 1979;

Фельетон: Теория и практика жанра. Мн., 1983;

Основы публицистики: Жанры. Мн., 1990.

Б.В.Стральцоў.

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНДА́ЦЫЯ (ад лац. fundatio заснаванне),

у ВКЛ ахвяраванне манастырам, храмам і інш. установам зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей і інш. Ахвяраванні (фундушы) звычайна рабілі феадалы або дзяржава для заснавання пераважна духоўных устаноў і іх матэрыяльнага забеспячэння. У ВКЛ у 15—пач. 16 ст. вядомы Ф. каталіцкім рэліг. установам. Паводле пастановы 1481 вял. князя літ. Казіміра буд-ва правасл. храмаў на тэр. ВКЛ было забаронена і толькі ў 1507 датавана першая пасля амаль 30-гадовага перапынку грамата аб Ф. на правасл. царкву. Асн. формай Ф. дзяржавы і насельніцтва на цэрквы і касцёлы ў 1-й пал. 16 ст. была дзесяціна — натуральны падатак збожжам. У выніку правядзення валочнай памеры дзесяціна ў дзярж. уладаннях адмянялася, а цэрквы і касцёлы надзяляліся зямлёй (1—2 валокі). Ахвяраванні і завяшчанні асобных феадалаў на карысць царквы былі разнастайныя: зямля з сялянамі, пустаўшчыны, сенажаці, лясы, гар. юрыдыкі, вёскі, маёнткі, грошы, каштоўнасці, рухомая маёмасць і інш.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУКА́НАЎ Сяргей Максімавіч (н. 29.2.1936, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1967—91 (з перапынкамі) працаваў на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1969—75 дырэктар Мінскага маст. вучылішча імя А.​К.​Глебава. Працуе ў станковым жывапісе. Значнае месца ў творчасці займаюць сюжэтна-тэматычныя карціны ў стылі сац. рэалізму з дасканалай кампазіцыйнай пабудовай і адметным колеравым вырашэннем. Сярод твораў: «Смерць сельскага актывіста», «І.​С.​Лебедзеў, год 1924» (абодва 1967), «Паўстанне сялян вёскі Плутаўка Гомельскага павета ў 1904 годзе», «Першая маёўка ў Беларусі» (абодва 1968), «Харчатрад» (1971), «1941-ы год. Магілёўскі батальён міліцыі» (1975), «Даяркі саўгаса Халоч» (1976), «Першая вясна» (1980), «Выступленне А.​Чарвякова на 4-м з’ездзе Саветаў Беларусі 4 снежня» (1983); пейзажы (у т. л. серыя «Вясна», 1995—2003); серыя нацюрмортаў «Грыбы» (1995—2003). Адзін з аўтараў афармлення дыярамы «Партызанскі лагер» (1968) у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску.

І.​Л.​Чэбан.

С.Цуканаў. Харчатрад. 1971.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАСО́ПІС»

(«Czasopis»),

інфармацыйна-культурны часопіс Усх. Беласточчыны; орган Аб’яднання бел. журналістаў у Польшчы. Выдаецца з крас. 1990 штомесячна ў Беластоку на польскай мове, частка матэрыялаў — на беларускай. Гал. рэдактар Ю.​Хмялеўскі. Аналізуе паліт. падзеі ў Польшчы, Беларусі, Расіі, Літве і зах.-еўрап. краінах; асвятляе царк. жыццё ў Польшчы і на Беласточчыне, гісторыю правасл. прыходаў у краі, праблемы грамадска-паліт. і культ. жыцця беларусаў у Польшчы, нац. жыццё, сац.-эканам. і паліт. становішча бел. нац. супольнасці ў Польскай дзяржаве, праблемы эканам. сучаснай Беласточчыны; змяшчае агляды польскага і беларускамоўнага перыяд. друку ў Польшчы і Беларусі, артыкулы па рэліг. тэматыцы і гісторыі хрысціянства, календары рэліг. свят. Друкуе ўспаміны ўдзельнікаў гіст. падзей у Польшчы і на Беларусі, артыкулы пра дзеячаў бел. культуры, нататкі пра гміны, вёскі, правасл. прыходы, цэрквы на Беласточчыне, літ. і публіцыст. творы бел. пісьменнікаў Беласточчыны, дыскусійныя матэрыялы, лісты чытачоў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі дзярж. улад і вышэйшага рэліг. правасл. кіраўніцтва. Выданне ілюстраванае.

Л.​У.​Языковіч.

т. 17, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́РКАВІЧЫ, Чырковічы,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., на р. Чырка, каля р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 9 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 119 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 998 ж., 398 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнЗ ад вёскі помнік маракам Дняпроўскай ваен. флатыліі.

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1560 як сяло дзярж. маёмасці ў Бабруйскім старостве ВКЛ. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У 1886 сяло і маёнтак у Парыцкім пав. Мінскай губ., 611 ж., 92 двары, школа, 2 царквы. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Парыцкага р-на Бабруйскай акругі, з 20.2.1938 у Палескай вобл. У Вял. Айч. вайну фашысты часткова спалілі вёску. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл., з 29.7.1961 у Светлагорскім р-не.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма

(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),

бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел. нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.​Пруса і Э.​Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.

Літ.:

Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;

Яго ж. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шпа́чча Месца, лес, гаёк каля вёскі, дзе многа вядзецца шпакоў Sturmus vulgaris L. (Ветк., Краснап.).

□ в. Шпа́чча Краснап., ф-к Шпакі Ваўк. пав. (АВАК, т. XI, 377).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

дабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. дабег, ‑ла; заг. дабяжы; зак.

Бягом дасягнуць якога‑н. месца; прыбегчы. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Колас. Кравец дабег да суседняй вёскі і там астаўся начаваць. Чорны. // перан. Хутка рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., данесціся (пра хвалі, гукі і пад.). [Вада] шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нізкіх лагчынах, як бы хоча хутчэй дабегчы ў нейкі далёкі-далёкі край. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)