«ЧАСО́ПІС»

(«Czasopis»),

інфармацыйна-культурны часопіс Усх. Беласточчыны; орган Аб’яднання бел. журналістаў у Польшчы. Выдаецца з крас. 1990 штомесячна ў Беластоку на польскай мове, частка матэрыялаў — на беларускай. Гал. рэдактар Ю.​Хмялеўскі. Аналізуе паліт. падзеі ў Польшчы, Беларусі, Расіі, Літве і зах.-еўрап. краінах; асвятляе царк. жыццё ў Польшчы і на Беласточчыне, гісторыю правасл. прыходаў у краі, праблемы грамадска-паліт. і культ. жыцця беларусаў у Польшчы, нац. жыццё, сац.-эканам. і паліт. становішча бел. нац. супольнасці ў Польскай дзяржаве, праблемы эканам. сучаснай Беласточчыны; змяшчае агляды польскага і беларускамоўнага перыяд. друку ў Польшчы і Беларусі, артыкулы па рэліг. тэматыцы і гісторыі хрысціянства, календары рэліг. свят. Друкуе ўспаміны ўдзельнікаў гіст. падзей у Польшчы і на Беларусі, артыкулы пра дзеячаў бел. культуры, нататкі пра гміны, вёскі, правасл. прыходы, цэрквы на Беласточчыне, літ. і публіцыст. творы бел. пісьменнікаў Беласточчыны, дыскусійныя матэрыялы, лісты чытачоў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі дзярж. улад і вышэйшага рэліг. правасл. кіраўніцтва. Выданне ілюстраванае.

Л.​У.​Языковіч.

т. 17, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)