ЯЛЕ́НСКАЯ (Дмахоўская) Эма

(29.2.1864, в. Камаровічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. —24.1.1919),

бел. фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца. Пад уплывам Я.Карловіча зацікавілася побытам і духоўнай культурай бел. народа. Запісала 11 сшыткаў нар. песень, склала 2 рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім і Навагрудскім пав. (62 творы, выд. 1976 пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч». У этнагр. працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891) апісала жыццёвы ўклад, прац. дзейнасць і эстэт. погляды палескіх сялян. У час. «La Tradition» («Традыцыя») у 1894—95 надрукавана яе даследаванне «Палескі фальклор» і 8 бел. нар. песень у перакладзе на франц. мову. Як пісьменніца працягвала традыцыі Б.​Пруса і Э.​Ажэшкі: раманы і аповесці «Двор у Галінішках», «Ад кахання», «Паненка», «Маці», зб. навел «Буслы», п’есы «Сын», «Крыўда», «Хвіля». Вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, адкрывала перасовачныя бібліятэкі, школы.

Літ.:

Васілевіч У.А. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. №2;

Яго ж. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 18, кн. 1, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)