ЧЫ́РКАВІЧЫ, Чырковічы,
вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., на р. Чырка, каля р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 9 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 119 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 998 ж., 398 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнЗ ад вёскі помнік маракам Дняпроўскай ваен. флатыліі.
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1560 як сяло дзярж. маёмасці ў Бабруйскім старостве ВКЛ. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяводства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі. У 1886 сяло і маёнтак у Парыцкім пав. Мінскай губ., 611 ж., 92 двары, школа, 2 царквы. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Парыцкага р-на Бабруйскай акругі, з 20.2.1938 у Палескай вобл. У Вял. Айч. вайну фашысты часткова спалілі вёску. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл., з 29.7.1961 у Светлагорскім р-не.
т. 17, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)