ФУНДА́ЦЫЯ (ад лац. fundatio заснаванне),
у ВКЛ ахвяраванне манастырам, храмам і інш. установам зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей і інш. Ахвяраванні (фундушы) звычайна рабілі феадалы або дзяржава для заснавання пераважна духоўных устаноў і іх матэрыяльнага забеспячэння. У ВКЛ у 15—пач. 16 ст. вядомы Ф. каталіцкім рэліг. установам. Паводле пастановы 1481 вял. князя літ. Казіміра буд-ва правасл. храмаў на тэр. ВКЛ было забаронена і толькі ў 1507 датавана першая пасля амаль 30-гадовага перапынку грамата аб Ф. на правасл. царкву. Асн. формай Ф. дзяржавы і насельніцтва на цэрквы і касцёлы ў 1-й пал. 16 ст. была дзесяціна — натуральны падатак збожжам. У выніку правядзення валочнай памеры дзесяціна ў дзярж. уладаннях адмянялася, а цэрквы і касцёлы надзяляліся зямлёй (1—2 валокі). Ахвяраванні і завяшчанні асобных феадалаў на карысць царквы былі разнастайныя: зямля з сялянамі, пустаўшчыны, сенажаці, лясы, гар. юрыдыкі, вёскі, маёнткі, грошы, каштоўнасці, рухомая маёмасць і інш.
В.Ф.Голубеў.
т. 16, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)