ЦУКА́НАЎ Сяргей Максімавіч (н. 29.2.1936, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1967—91 (з перапынкамі) працаваў на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. У 1969—75 дырэктар Мінскага маст. вучылішча імя А.​К.​Глебава. Працуе ў станковым жывапісе. Значнае месца ў творчасці займаюць сюжэтна-тэматычныя карціны ў стылі сац. рэалізму з дасканалай кампазіцыйнай пабудовай і адметным колеравым вырашэннем. Сярод твораў: «Смерць сельскага актывіста», «І.​С.​Лебедзеў, год 1924» (абодва 1967), «Паўстанне сялян вёскі Плутаўка Гомельскага павета ў 1904 годзе», «Першая маёўка ў Беларусі» (абодва 1968), «Харчатрад» (1971), «1941-ы год. Магілёўскі батальён міліцыі» (1975), «Даяркі саўгаса Халоч» (1976), «Першая вясна» (1980), «Выступленне А.​Чарвякова на 4-м з’ездзе Саветаў Беларусі 4 снежня» (1983); пейзажы (у т. л. серыя «Вясна», 1995—2003); серыя нацюрмортаў «Грыбы» (1995—2003). Адзін з аўтараў афармлення дыярамы «Партызанскі лагер» (1968) у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску.

І.​Л.​Чэбан.

С.Цуканаў. Харчатрад. 1971.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)