Пуці́нка ’сорт яблыні, якая дае зялёныя кісла-салодкія яблыкі, і яе плады’ (ТСБМ; жлоб., б.-каш., нараўл., лоеў., Мат. Гом.), пуці́нька ’тое, што і пепін’ (Мат. Гом.), путі́мка ’сорт яблыкаў’ (Сіг.), укр. пути́вка ’сорт невялікіх круглых яблыкаў’, рус. пути́вка ’сорт паўночнарускіх яблыкаў’; магчыма, сюды ж польск. puciepka ’сорт дзікіх сліў’. Няясна; магчыма, ад месца вывядзення сорту, параўн. назву горада Путивль ад гідроніма Путивка (першапачаткова *Путивъ, гл. Фасмер, 3, 412), тыпалагічна анто́наўка ад назвы горада Антонава (там жа, 1, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяга́рка (пега́рка), мн. л. пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.), пыга́рка ’трохі падсмажаная ці падпечаная корка густой стравы або плеўка ў вадкай страве’ (драг., З нар. сл.), параўн. рус. калуж. пяга́рка з няясным значэннем. Відаць, ад пяга́ць ’пячы’: цэлы дзень пякотка пяга́е (жлоб., Мат. Гом.), дзе выступае варыянт кораня пяк‑ (гл. пекці, пячы) з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы; менш верагодна сувязь з пе́га ’пляма, рабацінне’, гл. пе́гаркі, пе́гі, або як вынік “спешчанага” (дзіцячага) вымаўлення прыстаўкі пры‑, параўн. піга́рка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ннік ’чыстацел’ (ТС), ’расліна паўночнік, Knautia arvensis L.’ (Кіс., Мат. Гом.), ’трыпутнік, Plantago lanceolata L.’ (Сл. ПЗБ), ра́нік ’расліна лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (лун., ЛА, 1). Розныя расліны з лекавымі ўласцівасцямі, ад рана1 (гл.), параўн. адносна апошняй: лісця таўком і заліваям сокам раны (жлоб., ЛА, 1). Параўн. таксама рус. ранник ’расліна Salvia aethiopis’, што Даль (4, 59) адносіць да ўтварэння ад рана2 (гл.). Магчыма пераасэнсаванне першаснай назвы пад уплывам другаснай матывацыі, параўн. ралнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мядоўка1 ’пакрывец лекавы, Anchusa officinalis L.’ (гродз., Кіс.). Да мёд (гл.). Матывацыя: гэта меданосная расліна. Параўн. укр. медуниця польова, польск. miodanka.

Мядоўка2, медоўка ’сіняк звычайны, Succisella Reck.’ (мазыр., Жыв. сл.). Відаць, да мёд (гл.), хаця сувязь (матывацыя) застаецца няяснай.

Мядоўка3 б.-каш. ’пернік з мёдам’, чачэр. ’напітак з мёду’, жлоб. ’салодкая груша’ (Мат. Гом.). З польск. miodówka ’пернік’, ’салодкая груша, яблык’. Параўн. таксама і рус. свярдл. медовка ’брага, настаяная на мёдзе’. Да мёд (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Надаража́цца ’здзекавацца’ (Бяльк.), ’рабіць наперакор, на злосць; дражніцца, кпіць’ (жлоб., Жыв. сл.), надражиццаганьбаваць, здзекавацца, рабіць прыкрасць’ (Нас.), надара́жывацца ’дражніцца з кім-н., злаваць каго-н.’ (міёр., Нар. сл.), надаражы́цца ’зрабіць што-небудзь назло’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рус. надорижа́ваться ’фанабэрыцца, выхваляцца чым-небудзь’, надражня́ться ’насміхацца’. Калі прыняць за зыходную форму са слоўніка Насовіча, найбольш верагодна да дражніць (гл.), якое можа выступаць у рускіх гаворках у форме дражить, драживать (СРНГ), тады іншыя формы ўзніклі шляхам устаўкі галоснага перад р (другаснае поўнагалоссе?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прапяка́нка ’від самаробнай стрэльбы’ (ТСБМ), прапе́ка ’тс’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.). Паводле Кошчанкі, гэтай стрэльба уяўляла сабой металічную трубку, якая сплюшчвалася з аднаго боку. Там, дзе сплюшчана, прасвідроўвалася маленькая дзірачка; потым трубка прымацоўвалася да драўлянага бруска. У адтуліну з другога боку запіхвалі серу з запалак і пыж з моху або пянькі. Калі трэба было стрэліць, да дзірачкі падносіўся агонь і пыж ляцеў на пэўную адлегласць. Як відаць з апісання рэаліі — ад дзеяслова прапякаць (дзірку) (гл. пячы), хутчэй за ўсё, першапачаткова ў драўлянай дэталі стрэльбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыклі́ка ’прэтэнзія, прычына да незадаволенасці; прымета, від; напасць; праклён’ (Нас.), пры́кліка ’прычына, падстава’ (Кос., Растарг.); сюды ж прыклю́к ’прычына, прычэпка’ (пін., Нар. лекс.) з дыялектным чаргаваннем націскнога галоснага і пры́кляўка ’зачэпка, падстава’ (жлоб., Мат. Гом.) з суфіксальным фармантам на месцы ўсечанай часткі кораня. Да клі́каць ’голасна зваць’ (гл.), параўн. прыкляка́ць ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Мат. Гом.) < прасл. *klikati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 41) з далейшым семантычным развіццём. Усходнеславянскае арэальнае ўтварэнне, параўн. рус. смал., зах.-бранск. при́клика, пры́клика ’прычына, падстава, нагода’, бранск. ’абгавор, паклёп’, смал. при́клик ’нагода, падстава’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лашта́й ’гультай’ (жлоб., Нар. словатв.). Укр. харк., дненрапятр. лаштабей ’тс’ (лаянка на дзяцей). Генетычна роднаснае да серб.-харв. lästan ’той, хто не хоча працаваць’, ластовати ’гультаяваць, жыць прывольна’. Да last ’гультай, лядашчы’. Паводле RHSJ (5, 908), ‑а‑ ў гэтым слове стаіць замест старога ‑ь‑. У такім выпадку цяжка растлумачыць вакалізм усх.-слав. лексем. Прыняўшы ж версію пра запазычанне ва ўкраінскую мову (а адтуль — у бел. гаворкі) з серб.-харв. last (?), можна меркаваць аб самастойным словаўтварэнні пры дапамозе суф. ‑ай (як гультай, рус. слюнтяй, завсегдатай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),

бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.​Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.​Ліс і А.​Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.​Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маге́ра1 ’кікімара’ (мсцісл., З нар. сл.) з’яўляецца, відаць, кантамінацыяй з традыцыйнай назвы жаночай істоты дамавіка — ма́ра́ (гл.) і меге́ра (гл.).

Маге́ра2 ’неахайны, някемлівы чалавек’ (Янк. 2). Няясна. Магчыма, звязана з чэш. валаш. mega, megal, megaňa ’непаваротлівы, няўклюдны’, славац. mego ’тоўсты, як бочка, грубіян’, якія таксама няясныя (Махэк₂, 358). Янкоўскі (2, 101) выводзіць ад маге́рка ’лямцавая ці суконная шапка’.

Маге́ра3 ’гарэлка’ (жлоб., Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, звязана з ням. mager ’худы, бедны, посны’ ці ад прозвішча прадпрымальніка, які гнаў гарэлку. Не выключана сувязь з магера1 (як вынік піцця — белая гарачка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)