Прапяка́нка ’від самаробнай стрэльбы’ (ТСБМ), прапе́ка ’тс’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.). Паводле Кошчанкі, гэтай стрэльба уяўляла сабой металічную трубку, якая сплюшчвалася з аднаго боку. Там, дзе сплюшчана, прасвідроўвалася маленькая дзірачка; потым трубка прымацоўвалася да драўлянага бруска. У адтуліну з другога боку запіхвалі серу з запалак і пыж з моху або пянькі. Калі трэба было стрэліць, да дзірачкі падносіўся агонь і пыж ляцеў на пэўную адлегласць. Як відаць з апісання рэаліі — ад дзеяслова прапякаць (дзірку) (гл. пячы), хутчэй за ўсё, першапачаткова ў драўлянай дэталі стрэльбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)