БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),

бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.​Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.​Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.​Пушкіна, А.​Фета, Ф.​Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ, А.​Ф.​Арвера, П.​Верлена, Э.​Верхарна, Ю.​Святагора, А.​Пушкіна, А.​Майкава, А.​Крымскага, М.​Розенгейма, А.​Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.​Купалы, Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, В.​Стафаніка, У.​Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.​Ламаносава, Пушкіна, М.​Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.​Бачылы кампазітар Ю.​Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;

Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;

Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.

Літ.:

Замоцін І. М.​А.​Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;

Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;

Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;

Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;

Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;

Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;

Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;

Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.​Багдановіча. Мн., 1986;

Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;

Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.​Багдановіча. Мн., 1975;

Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.

А.​А.​Лойка.

М.А.Багдановіч.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),

сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).

Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.

Новая бел. прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.​Сыракомля, П.​Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.​Марцінкевіч, А.​Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.​Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.​Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.​Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.​Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.

У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.​Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.​Аляхновіча, «Антось Лата» Я.​Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.​Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.​Гартны, М.​Грамыка, М.​Чарот, В.​Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр. рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.​Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.​Рамановіча, «Гута» Р.​Кобеца, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна.

У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.​Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.​Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.​Крапівы («Партызаны»), П.​Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.​Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.​Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.​Крапіва, Рамановіч, А.​Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.​Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Марат Казей» В.​Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.​Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.​Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.​Глебкі, Маўзона, П.​Васілеўскага, І.​Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.​Козела «Папараць-кветка».

1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.​Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.​Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.​Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.​Дзялендзік, А.​Асташонак, У.​Бутрамееў, Г.​Марчук, В.​Ткачоў, А.​Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.​Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.​Кавалёў, З.​Дудзюк, І.​Сідарук, А.​Дыбча, У.​Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.

З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-р бел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;

Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;

Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;

Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;

Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;

Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;

Васючэнка П.В. Драматургія і час. Мн., 1991;

Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр. Мн., 1967.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), Л.​І.​Родзевіч (Антось), А.​Р.​Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел. паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦК КПЗБ, які складаўся з Бюро ЦК КПЗБ і Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ. «Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт. час. ЦК КПЗБ «Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ. «Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр. час. «Асва».

На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл. Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл. Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦК КПЗБ бел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.​Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыі бел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел. нац. паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел. дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦК КПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦК КПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.

Літ.:

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг. Мн., 1962;

Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;

Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;

Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;

Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;

Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;

Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;

Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.

У.​Ф.​Ладысеў.

Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.

т. 7, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),

сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.​Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.

У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. як самаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. як царк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.​Абеляра. У творах У.​Шэрвуда, Дунса Скота, Пятра Іспанскага, У.​Окама, Ж.​Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт). І.​Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц. Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.​Гегель на ідэаліст., а К.​Маркс і Ф.​Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.

На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг па Л., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.​Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.

З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.​Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.​Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл. Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.​Буль, У.​Джэванс, Ф.​Морган, Ч.​Пірс, Э.​Шродэр, П.​С.​Парэцкі, Дж.​Пеана, Б.​Расел, А.​Уайтхед). Г.​Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.​Лукасевіч, Э.​Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.​Льюіс, В.​Гліванг, А.​Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.​Акерман, К.​Гёдэль, Ж.​Эрбран, Д.​Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.​Тарскі, Л.​Лёвенгайм, Т.​Сколен, Гёдэль, А.​І.​Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.​Кліні, А.​Чорч, А.​А.​Маркаў, А.​М.​Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, як логіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш. Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.

Літ.:

Маковельский А.О. История логики. М., 1967;

Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;

Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;

Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч. М., 1978. Т. 2;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить...: Пер. с фр. М., 1991;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995;

Leibniz G.W. Fragmente zur Logik. Berlin, 1960.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),

польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.​Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.​Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс. дэмакр. газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел. гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял. нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.​Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, А.​Вярыгі-Дарэўскага, В.​Каратынскага, Я.​Лучыны, Ф.​Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.​Купалы, Я.​Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.​Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.​Ельскім, А.​Гурыновічам, Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Танкам, А.​Куляшовым, П.​Панчанкам, І.​Багдановіч, У.​Мархелем, К.​Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.​Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.​Купала, В.​Сёмуха, паэму «Гражына» — С.​Дзяргай, П.​Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.​Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.​Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.​Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.​Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.​Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.​Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар. навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.

Тв.:

Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;

«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;

У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;

Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;

Да Нёмна. Мн., 1998;

Санеты=Sonety. Мн., 1998;

Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;

Рус. пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.

Літ.:

Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;

Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;

Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;

Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел. літ. Мн., 1998;

Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.

І.​Э.​Багдановіч.

А.Міцкевіч.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17—19 ст.,

войны паміж Расіяй і Турцыяй за панаванне на Чорным м. і ў раёнах, што прылягаюць да яго; працяг барацьбы Расіі супраць Асманскай імперыі і яе васала — Крымскага ханства. Вайна 1676—81 выклікана агрэсіўнымі дзеяннямі Турцыі ў 2-й пал. 17 ст. У выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1672—76 (гл. Польска-турэцкія войны 17 ст.) Турцыя захапіла Падолію і планавала падпарадкаваць Правабярэжную Украіну. Баявыя дзеянні праходзілі з пераменным поспехам і завяршыліся Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Вайна 1686—1700 пачалася ў выніку далучэння Расіі ў 1686 да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Рэч Паспалітая, Венецыя). У 1687 і 1689 рас. армія ажыццявіла Крымскія, у 1695—96 Азоўскія паходы. У сувязі з падрыхтоўкай Расіі да вайны супраць Швецыі і заключэннем інш. дзяржавамі на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 міру з Турцыяй рас. ўрад таксама заключыў з ёю Канстанцінопальскі мірны дагавор 1700, паводле якога ч. ўзбярэжжа Азоўскага м. і г. Азоў адышлі да Расіі. Вайна 1710—13 адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21. Турцыя запатрабавала вярнуць Азоў. Пруцкі паход 1711 скончыўся няўдачай для Расіі (страчаны Азоў з прылеглымі раёнамі). Вайна 1735—39 з’явілася вынікам рас.-тур. супярэчнасцей, якія абвастрыліся ў сувязі з рус.-польск. вайной 1733—35 (гл. Польская спадчына). Зачэпкай да ваен. дзеянняў паслужылі набегі крымскіх татар на ўкр. землі і паход крымскага хана на Каўказ. Рас. армія двойчы (май—чэрв. 1736 і май 1737) уваходзіла ў Крым, але адступала з-за эпідэмій і недахопу харчавання. У 1737 на баку Расіі выступіла Аўстрыя, аднак яе войскі пацярпелі шэраг паражэнняў і ў вер. 1739 Аўстрыя заключыла сепаратны мір. Рас. войскі занялі Хацін і Ясы, але пагроза нападу Швецыі прымусіла заключыць з Турцыяй Бялградскі мірны дагавор 1739, паводле якога Расія зноў вярнула сабе Азоў. Вайна 1768—74 была працягам барацьбы Расіі за выхад да Чорнага м. Асманская імперыя імкнулася пашырыць свае ўладанні на Каўказе і Прычарнамор’і і захапіць Астрахань; яна выступала таксама супраць узмацнення рас. ўплыву ў Польшчы, дзе ў 1764 каралеўскі пасад заняў стаўленік Расіі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зачэпкай да вайны паслужыла адхіленне Расіяй тур. ультыматуму аб вывадзе рас. войск з Польшчы, дзе яны з 1768 вялі ваен. дзеянні супраць Барскай канфедэрацыі. У гэтай вайне больш удала дзейнічалі рас. армія і флот, поспехі якіх прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774, паводле якога Расія атрымала Кінбурн, Керч, Енікале — выхад да Чорнага м. Вайна 1787—91 абвешчана Турцыяй у адказ на далучэнне да Расіі Крыма і пераход пад яе апеку Грузіі (гл. Георгіеўскі трактат 1783). З 1788 на баку Расіі ваявала Аўстрыя.

Летам 1789 саюзнікі нанеслі тур. войскам шэраг паражэнняў. У снеж. 1790 рас. войскі занялі Ізмаіл, у 1791 — Анапу, у 1791 перамогу пад Каліякрыяй атрымаў рас. флот. Яскі мірны дагавор 1791 пацвердзіў далучэнне да Расіі Крыма, устанавіў рас.-тур. мяжу па Днястры. Вайну 1806—12 ініцыіравала Турцыя, якая пры падтрымцы Напалеона I імкнулася аднавіць панаванне на Чорным м. У ліст. 1806 рас. войскі занялі Бесарабію, Малдову, Валахію. У снеж. 1806 Турцыя абвясціла вайну Расіі. Перамір’е паміж Турцыяй і Расіяй, заключанае ў жн. 1807, доўжылася да сак. 1809, пасля якога рас. войскі атрымалі шэраг буйных перамог. Гэта прымусіла Турцыю заключыць Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, які пацвердзіў далучэнне да Расіі Бесарабіі і Зах. Грузіі. Вайна 1828—29 адбылася ў выніку абвастрэння барацьбы еўрап. дзяржаў за падзел уладанняў Асманскай імперыі, яна актывізавалася ў сувязі з грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыяй 1821—29. Саюзны флот Расіі, Англіі і Францыі ў Наварынскай бітве 1827 разграміў тур. флот. Турцыя абвясціла «свяшчэнную вайну» супраць Расіі. У 1828 рас. войскі занялі Валахію і Малдову, крэпасці на Каўказе Ахалцых, Поці, Баязет; у 1829 перайшлі Балканы, занялі Адрыянопаль і выйшлі на подступы да Стамбула. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 да Расіі адышло каўказскае ўзбярэжжа Чорнага м. (да Батумі) і раён Ахалцыха; Грэцыя атрымала незалежнасць, а Сербія, Малдова і Валахія — аўтаномію. Вайна 1853—56, гл. Крымская вайна 1853—56. Вайна 1877—78 выклікана ўздымам нац.-вызв. руху на Балканах і абвастрэннем міжнар. адносін на Б. Усходзе (гл. Герцагавінска-Баснійскае паўстанне 1875—78, Красавіцкае паўстанне 1876). Імкнучыся аднавіць страчанае ў Крымскай вайне 1853—56 пануючае становішча на Балканах, Расія пад лозунгам «абароны братоў-славян» выступіла супраць Турцыі. На баку Расіі змагаліся рум. войскі і балг. апалчэнцы, Сербія і Чарнагорыя. Летам 1877 рас. армія фарсіравала Дунай, атрад І.​У.​Гуркі (гл. ў арт. Гуркі) перайшоў Балканы. Пасля гераічнай абароны Шыпкі ў жн. 1877 рас. войскі да студз. 1878 занялі Плеўну, Сафію, узялі ў палон тур. армію (30 тыс. чал.) у раёне Шыпка—Шэйнава і падышлі да Стамбула. На Каўказе рас. армія заняла Карс і выйшла да Эрзурума. У гэтай вайне актыўна ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. 54-ы пях. Мінскі полк адзін з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў г. Свіштоў, вызначыўся пад Шыпкай і Шыпкай—Шэйнава. З шэрагу гарадоў Беларусі накіроўваліся добраахвотнікі. Нац.-вызв. рух слав. народаў падтрымалі і бел. рэвалюцыянеры-эмігранты, у т. л. М.К.Судзілоўскі. На карысць балгар і на падтрымку рас. арміі збіралі грошы. Паводле Сан-Стэфанскага міру 1878 (абмежаваны Берлінскім кангрэсам 1878) да Расіі далучаны паўд. Бесарабія, Карс і Батум з акругамі; Румынія, Сербія, Чарнагорыя атрымалі незалежнасць; Балгарыя абвешчана аўтаномным княствам; Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію ў межах Турэцкай імперыі. У гонар перамогі на вайск. могілках у Мінску пабудаваны храм-помнік — Мінская царква Аляксандра Неўскага. Ген. М.​Дз.Скобелеў выбраны ганаровым грамадзянінам Мінска.

У час Р.-т.в. 17—19 ст. вызначыліся рас. палкаводцы і флатаводцы: Б.К.Мініх, П.А.Румянцаў, Р.А.Пацёмкін, А.В.Сувораў, М.І.Кутузаў, П.І.Баграціён, Ф.Ф.Ушакоў, П.С.Нахімаў і інш.

Літ.:

Смирнов Н.А. Россия и Турция в XVI—XVII вв. Т. 1. М. 1946;

Петров А.Н. Война России с Турцией и польскими конфедератами, 1769—1874. Т. 1—5. СПб., 1866—74;

Яго ж. Вторая турецкая война в царствование императрицы Екатерины II, 1787—1791 Т. 1—2. СПб., 1880;

Яго ж. Война России с Турцией, 1806—1812. Т. 1—3. СПб., 1885—87;

Мегрелидзе Ш.В. Закавказье в русско-турецкой войне 1877—1878 гг. Тбилиси, 1972;

100-летие освобождения Болгарии от османского ига, 1878—1978. М., 1978;

Морской атлас. Т. 3, ч. 1. [М.]. 1958;

Мельцер Д.Б. Из истории белорусско-болгарских связей // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;

Широкорад А.Б. Русско-турецкие войны, 1676—1918 гг. Мн.;

М. 2000.

т. 13, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ве́хаць 1 ’пучок, скрутак саломы, травы, рагожы, ануч, якім мыюць посуд, шаруюць брудныя рэчы’; ’мачалка’; ’жмут, жменя саломы, сена і пад’. (КТС, БРС, Нас., Бір. Дзярж., Шат., Грыг., Др.-Падб., Сцяшк. МГ, КЭС, Касп., Растарг., Бяльк.; маладз., Мат. АС; Бес., Мат. Гом.; бых., Янк. Мат.), навагр. вехець (Кліх), сюды ж вехцік ’тс’ (КТС, Нас., Сцяшк., Мат. Гом.), вехцевы ’які належыць да вехаць’ (Нас.). Укр. ві́хоть ’вехаць; пучок саломы; жмут саломы, які адлятае ад страхі ў час пажару’, рус. вехоть ’вехаць’; ’пучок саломы, сена’, ст.-рус. вѣхъть ’жмут саломы, мачалка, вехаць’ (з XI ст.), польск. wiecheć ’жменя саломы ці сена’; ’саламяная мятла’, н.-луж. wjekś, в.-луж. wěchć ’жмут саломы’, чэш. věchet ’пучок саломы, сена’, věchýtek ’вехцік’, славац. vecheť ’вехаць, мачалка’, славен. vẹ́het ’пучок сена’, ст.-слав. вѣхъть. Прасл. věxъtь утворана ад věxъ (параўн. бел. вёх, укр. віх, рус. вех ’цыкута ядавітая’) і суф. ‑ъtь, якому ў балтыйскіх мовах адпавядае суф. ‑ùtis, параўн. ст.-прус. nagutis — слав. nogъtь ’пазногаць’, а таксама лексемы з другасным пеяратыўным значэннем: літ. vaikùtis ад vaĩkas ’дзіця’, žmogùtis ад žmogùs ’чалавек’ і інш. і, магчыма, прасл. lapъtь ’лапаць’, серб.-харв. ла́пат ’латка’ (Мартынаў, Дерив., 43–44). Гэта яшчэ балта-славянская інавацыя. Гл. Слаўскі, 5, 157–158; Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 263. Крукоўскі (Уплыў, 12) мяркуе, што лексема вехаць — запазычанне.

Ве́хаць 2 ’стары венік, дзяркач’ (Бяльк.) узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі вехаць 1 ’пучок, скрутак саломы, травы, якім мыюць посуд, мэблю’ → ’сцёрты дзяркач, якім шаруюць лавы, падлогу’; параўн. яшчэ польск. wiecheć ’мятла з саломы’.

Ве́хаць 3 ’падмазка, кавалачак сала падмазваць скавараду’ (Бяльк.) утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства: ве́хаць ’скрутак, жмут анучак, наматаны на палачку, якім мэкаюць у тлушч і размазваюць па патэльні’ → ’падмазка, кавалачак сала’. Сюды можна аднесці і ве́хаць ’шматок, невялікая колькасць’, якое ўзнікла ў выніку абагульнення значэння ’скрутак, пучок саломы’; параўн. польск. wiecheć ’кавалак (напр., мяса)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но 1 ’так, але’ (саліг., Нар. словатв.), ’але, ну’: Но, дарма, — дзед кажэ, — быле хлеб (рэч., Бел. каз. эпас, 111), ’ды’ (ТС), параўн. укр. но ’тс’, рус. но ’так, але, ну’, польск. no ’тс’, чэш. no ’тс’, славац. no ’тс’, в.-луж. no ’тс’, н.-луж. no ’тс’, славен. no ’тс’, серб.-харв. но ’тс’. Мяркуецца, што гэта самастойны наватвор на той самай фармальнай базе, што і прасл. *nъ (параўн. рус. но ’але’) і *nǫ/no (гл. ну) (ESSJ SG, 2, 500–502), гл. таксама наст. слова.

Но 2 ’а ну ж, ж, жа’: Ідзі но воды прынесі! (ТС), ‑но ’жа, = рус. ‑ка’ (палес., Сцепанец, Крест. свадьба, 163), укр. ‑но ’тс’, рус. ‑но ’жа’, польск. no ’тс’, славен. no ’тс’. Постпазіцыйная ўзмацняльная часціца таго ж паходжання, што і но 1 (гл.); сюды ж, відаць, і серб.-харв. ‑но, што адзначаў яшчэ Равінскі (Черног., 529), у выразах како‑но, које‑но, који‑но і пад., што суадносіцца з другой часткай у ажно́ (гл.) і пад. (ESSJ SG, 2, 501; 1, 322–323; Махэк₂, 400).

Но 3 ’толькі, адно’: Хай но пачнуць косіць, то дождж будзе (ТС), ’быццам, як’ (ТС). Магчыма, з одно́, онно́ ’толькі’ (ТС), гл. адзін, аднак не выключана сувязь з узмацняльным но 2.

Но 4 — выклічнік, якім падганяюць каня: Ён на коня: но! но! (рэч., Бел. каз. эпас, 95), ’пагрозны або панукаючы крык на каня’ (Дразд., ТС), но́‑о! ’тс’ (мсцісл., З нар. сл.), но́‑но́ ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), сюды таксама ні ’пануканне’ (Касп.), ну ’тс’ (Янк. 3.), нё ’тс’ (ТС), укр. но, ньо, ’тс’, рус. но ’тс’, польск. no ’тс’, чэш. дыял. no, ně ’тс’, славац. дыял. no, ne ’тс’. Таго ж паходжання, што і но 1 (ESSJ SG, 2, 502); параўн. таксама мсцісл. нок ’пра пануканне каня’ (Нар. лекс.), што, відаць, паходзіць ад дзеяслова но́каць ’падганяць каня крыкам «но!»’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каліта́ ’сумка для грошай, вялікі кашалёк’ (БРС, ТСБМ), ’грошы, багацце’ ’паходная торба, сумка’ (ТСБМ). У гаворках: ’мяшок, сумка’ (Нас., Булг.), ’мяшочак на грошы’, (Бяльк.), ’сумка’ (Грыг.), ’скураны мяшок на грошы’ (Касп.), скураны мяшэчак’ (касцюк., КЭС; Нік., Оч.), ’партманет’ (тураў., КЭС), ’мяшок’ (лун., Мат. дыял. канф.), ’кішэня ў скураным поясе (мяшочак)’ (Маш.), ’невялікая сумка на грошы’, ’скураная сумка, якая носіцца беларусамі пры скураным поясе, у якой захоўваецца крэмень, сталёвыя пласцінкі і трут’ (Мядзв.), у Сержпутоўскага слуц. і мазыр. значэнне не вельмі яснае: «расперазаўся ён, зняў каліту й лёг на пол спачынаць» (Сержп., 7), ’самаробны скураны мяшок на грошы’ (Чуд., Шн., Яруш.). Таксама шырока прадстаўленні ў беларускай мове памяншальная форма калітка. Укр. палес. калитка ’кашалёк; мяшочак для табакі, красала’, укр. калита ’мяшок з грашыма’, калитка ’скураны кашалёк’, рус. калита ’кашэль, сумка, мяшок, карман’, ст.-рус. калита (з XIV ст.), у гаворках адзначана на тэрыторыі, суседняй да беларускай: смал., арл., ярасл. ’разнавіднасць кашалька, скураны мяшочак на грошы і рознага роду дробязей (красала і інш.), які звычайна чапляецца да пояса’, валаг. ’кашалёк, сумка’, ’кішэня’. Польск. kaleta (з XV ст.) ’мяшочак для грошай’, а ў гаворках kalita, kalota, kalalka ’скураная кішэня: скураная сумачка’, літ. kolytà, лат. kalīte, с.-н.-ням. kalite ’каліта’. Лічыцца запазычаным з тур. даўнейшага kalita, chalita ’кашалёк, мяшочак на грошы’ (у тат., казах., алт. kalta ’кашалёк, кішэня, скураны мяшок’), якое як быццам бы з араб. charǐta ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 29, дзе і спасылка на літаратуру). Неабходна адзначыць, што дакладная цюрк. крыніца невядомая; Бернекер (1, 474) пісаў пра мяркуемае паўн.-тур. *qalita. Цікава адзначыць рус. урал. калита ’каліта’, якое можна разумець як сепаратнае запазычанне, непасрэдна звязанае з прыведзенай рус. лексікай. Лінгвагеаграфія слова, як відаць, выключае магчымасць запазычання кантактным шляхам. Магчыма, што гэта культурнае запазычанне ўжо пасля часоў Кіеўскай Русі, аднак даволі старое (параўн. ст.-рус. фіксацыю); з усх.-слав. моў (з беларускай) слова трапіла ў польск. і інш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мала́нка 1, маля́нка ’разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры ў выглядзе яркай звілістай лініі, бліскавіца’ (ТСБМ, Мал., Маш., Федар., Сцяшк., Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; ДАБМ, к. 311); мала́ння, мала́нья, маланя́, мылыня́ (віц., ДАБМ, к. 311; Касп., Сл. ПЗБ, Растарг.), мсцісл. мылыньня́ (Нар. сл.), чачэр. мала́йня, карм. мала́ння ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. молоння́, рус. молонья́, мо́лонье, молоньё, мола́нья, пск. мола́нка, ст.-рус. мълния, млънии, мълънии, молния, молиня, палаб. mā́uńa, каш. måłńå, чэш. mlna, mlno, mluno, славен. mółnja, серб.-харв. му́ња, макед., балг. молна, молня, мълния, ст.-слав. млънии. Прасл. mъlni ’маланка’ мае і.-е. адпаведнікі ў ст.-прус. mealde ’тс’, літ. mulna, лат. milna ’молат Пяркуна’, літ. milinỹs ’жорны’, ст.-ісл. muln ’агонь’, Mjǫllnir ’маланка, молат Тора’, уэльск. mellt ’маланка’, хецк. malatt ’від зброі’. Лексема мае міфалагічны характар. Параўн. бел. казкі, дзе Малання, Маладня — імя царыцы-маланкі, а маланка ў бел. вераваннях (як і ў ведыйскіх) — гэта зброя Перуна, подобная да двух камянёў жорнаў, у выніку трэння якіх узнікае гром-маланка (Іванаў, Тапароў, Бел. лекс., 59). Гл. маладня́.

Мала́нка 2 ’вясёлка’ (петрык., Талстой, АЛА–1974, 58) у выразе: маланка воду бярэ. У выніку семантычнага пераносу.

Мала́нка 3 ’мыльнік, Saponaria officinalis L.’ (Сцяшк. Сл.), мыльня́нка ’тс’ пад уплывам маланка 1 (перанос значэння паводле падабенства: мыльнік цвіце чырвонымі кветкамі). Гл. мыльнік 1.

Маланка́ ’пусты чорны арэх’ (Маш.), маланчу́к, маланкавы арэх ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), палес., беласт. маланчу́к ’спарыння, Claviceps purpurea L.’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 21). Да мала́нка 1 (гл.). Назвы ўзніклі ў сувязі з вераваннем, згодна з якім маланка спальвала арэхі, зерне ў коласе. Аналагічна каш. måłńå апрача ’маланка’, ’туман’ яшчэ і ’зараза’, г. зн. ’шкоднікі-вусеніцы на дрэвах’, ’чорныя плямы на бульбе’, з’яўленне якіх звязваецца са шкодным уплывам маланкі на ўраджаі (Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 103).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)