ТЭАЛО́ГІЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ,

адна з плыняў у каталіцкай тэалогіі. Узнікла ў 1960-я г. ў Лац. Амерыцы. Заснавальнік — перуанскі багаслоў Г.​Гуцьерэс, які выдаў у 1971 кн. «Тэалогія вызвалення. Перспектывы». Важкі ўклад у развіццё Т.в. зрабілі Л.​Боф, К.​Торэс, Э.​Камара, О.​Рамера і інш. Цэнтральныя ў Т.в. ідэі сац. справядлівасці, ганьбаванне сац. сістэм, гвалтоўных па сваёй сутнасці, якія выклікаюць голад і жабрацтва. асуджэнне паўфеад. структур Лац. Амерыкі і палітыкі неакаланіялізму. Афіц. каталіцкай тэалогіі з ідэяй сапраўднай веры Т.в. супрацьпаставіла ідэю сапраўднага дзеяння, якое вядзе да вызвалення чалавека; у некат. выпадках апраўдваецца нават узбр. барацьба. Прапаведнікі Т.в. заклікалі да скасавання несправядлівых сац. структур, эксплуатацыі бедных багатымі, няроўнага статуса жанчын, дыскрымінацыі, паліт. тыраніі і г.д. Т.в. зрабіла вял. ўплыў на інтэлектуальную думку і сац.-паліт. працэсы ў Лац. Амерыцы 1970—80-х г., нягледзячы на асуджэнне афіц. Ватыкана. З канца 1990-х г. адбываецца новы ўздым. Т.в., у якой, побач з уласна лац.-амер., дзейнічаюць афр., фемінісцкая, экатэалогія і інш. Т.в.

Дз.​Г.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Фрэдэрык Уінслаў (20.3.1856, г. Філадэльфія, штат Пенсільванія, ЗША — 21.3.1915),

амерыканскі інжынер-вынаходнік, эканаміст; стваральнік адной з першых сістэм навук. арганізацыі працы (гл. Тэйларызм); заснавальнік навук. менеджменту і менеджэрызму. Прац. дзейнасць Т. пачынаў рабочым у мех. майстэрні ў Філадэльфіі, потым працаваў малодшым служачым, інжынерам, гал. інжынерам металургічнага з-да; з 1890 гал. менеджэр Прамысл. інвестыцыйнай кампаніі, інжынер-кансультант па менеджменце шматлікіх фірм і кампаній. Т. — аўтар каля 100 вынаходніцтваў, якія знайшлі шырокае выкарыстанне ў металургічнай і маш.-буд. прам-сці ЗША. З 1906 прэзідэнт Амер. т-ва інжынераў-механікаў. У 1911 арганізаваў Т-ва навук. менеджменту, якое пасля яго смерці стала наз. «Таварыства Тэйлар». Аўтар прац: «Здзельная сістэма» (1895), «Кіраванне вытворчасцю» (1903), «Майстэрства рэзання металу» (1906), «Прынцыпы навуковай арганізацыі вытворчасці» (1911) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Принципы научного менеджмента. М., 1991.

Літ.:

Кравченко А.И. Классики социологии менеджмента: Ф.​Тейлор, А.​Гастев. СПб., 1999. Менеджмент. М., 1992.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАКРЫ́Т (Theokritos; канец 4—1-я пал. 3 ст. да н.э.),

старажытнагрэчаскі паэт. Нарадзіўся ў Сіракузах (Сіцылія) ці паблізу ад іх. Росквіт літ. дзейнасці супадае з яго знаходжаннем у Александрыі пры двары Пталамея II. Заснавальнік жанру ідыліі, напісанай пераважна ў форме дыялогу або маналога. Выкарыстоўваючы сіцылійскую фалькл. традыцыю пастухоўскіх спаборніцтваў у спевах, стварыў букалічныя творы з умоўнымі вобразамі пастухоў, якія пакутуюць ад кахання на ўлонні прыроды («Тырсіс»). У ідыліях пра гараджан працягваў традыцыю дарыйскіх мімаў Сафрона: пераважалі любоўныя пачуцці («Вядзьмаркі»), быт. характарыстыкі («Сіракузянкі, або Жанчыны на свяце Адоніса»). Некат. ідыліі напісаны на міфалагічныя сюжэты («Дыяскуры», «Гілас» і інш.). Стыль Ф. адметны спалучэннем вытанчанасці і натуралізму, іроніі і сур’ёзнасці, наіўнасці і выразнасці. Збераглося каля 30 яго ідылій (з іх не ўсе арыгінальныя) і больш за 20 эпіграм.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Феокрит. Мосх. Бион: Идиллии и эпиграммы. М., 1958.

Літ.:

Чистякова Н.А. Эллинистическая поэзия. Л., 1988.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́ДКІН Яфім Самойлавіч (30.11.1924, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 25.5.1999),

расійскі фізік-тэарэтык; заснавальнік навук. школы па тэарэт. фізіцы. Акад. Рас. АН (1990; чл.-кар. 1970). Скончыў Львоўскі ун-т (1948). З 1948 у Фіз. ін-це Рас. АН (з 1967 заг. сектара). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, квантавай статыстыцы, гідрадынаміцы, кінетыцы, фізіцы элементарных часціц. Выявіў унутр. супярэчнасць квантавай электрадынамікі (праблема «нуль-зараду», 1955; незалежна ад Л.Д.Ландау і І.Я.Памеранчука). Развіў дыяграмную тэхніку ў рэлятывісцкай квантавай статыстыцы. Даў эўклідаву фармулёўку квантавай тэорыі поля (1958; незалежна ад Ю.Швінгера). Пабудаваў мадэль пашыранай супергравітацыі, якая аб’ядноўвае гравітацыю і электрадынаміку (1978). Удзельнічаў у стварэнні тэрмаядз. зброі ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1953. Залаты медаль імя А.​Дз.​Сахарава Рас. АН (1996).

Тв.:

Квантовая электродинамика с нестабильным вакуумом. М., 1991 (разам з Дз.​М.​Гітманам, Ш.​М.​Шварцманам).

Літ.:

Памяти Е.​С.​Фрадкина // Успехи физ. наук. 1999. Т. 169, вып. 11.

М.​М.​Касцюковіч.

Я.С.Фрадкін.

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦЬКО́ Жазеф Паўлавіч (н. 19.6.1923, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. геафізік; адзін са стваральнікаў бел. школы па фундаментальнай геафізіцы, заснавальнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. Канд. геолага-мінералагічных навук (1952). Скончыў Свярдлоўскі горны ін-т (1947). З 1951 у Ін-це геал. навук (у 1959—63 заг. геафіз. лабараторыі) і з 1963 заг. сектара фізікі Зямлі Лабараторыі геахім. праблем АН Беларусі. Выкладаў у БДУ (1953—65). З 1971 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (у 1971—87 заг. лабараторыі). Навук. працы па геафізіцы, сейсмалогіі, праблемах геолага-геафіз. абгрунтавання пошукаў радовішчаў карысных выкапняў. Развіў новы для Беларусі навук. кірунак па фізіцы Зямлі (вывучэнне яе глыбіннай будовы, сейсмалогіі і зямнога электрамагнетызму). Прыняў удзел у выкананні шэрагу міжнар. праектаў і праграм. Адзначаны медалём «100 гадоў міжнароднай геафізіцы» (1983).

Тв.:

Глубинное строение территории Белоруссии и Прибалтики по данным геофизики. Мн., 1974;

Глубинное строение и динамика земных недр территории Белоруссии. Мн., 1991 (у сааўт.);

Геофизическая обсерватория Плещеницы (Минск). Мн., 1993 (разам з Ю.​М.​Кузняцовым).

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТО́ВІЧ Мікалай Аляксандравіч (26.5.1900, в. Міхнічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.4.1984),

расійскі вучоны ў галіне механікі грунтоў і інж. геалогіі; заснавальнік інж. мерзлатазнаўства (геакрыялогіі) і геамеханікі. Чл.-кар. АН СССР (1943). Герой Сац. Працы (1980). Засл. дз. нав. і тэхн. Расіі (1960). Скончыў Ленінградскі ін-т грамадз. інжынераў (1927), дзе і працаваў. З 1947 у Ін-це мерзлатазнаўства АН СССР у Маскве (нам. дырэктара). З 1952 у Маскоўскім інж.-буд. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па асновах буд-ва на шматгадовамёрзлых грунтах, асн. заканамернасцях агульнай механікі грунтоў, механікі мёрзлых грунтоў. Распрацаваў асновы прагрэс. метаду буд-ва ва ўмовах вечнай мерзлаты — з захаваннем мёрзлага стану грунтоў падножжа. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Основы механики грунтов. Л.;

М., 1934;

Механика мерзлых грунтов (общая и прикладная). М., 1973;

Инженерный метод прогноза осадок фундаментов. М., 1988.

Літ.:

Ухов С.Б., Цытович Г.Н. Н.​А.​Цытович — основоположник советской геомеханики. М., 1986;

Малышев М.В. Н.​А.​Цытович // Архитектура и стр-во Москвы. 2000. № 5.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́ДАРЫ (Tudor),

каралеўская дынастыя ў Англіі [1485—1603]. Змяніла на троне дынастыю Йоркаў. Заснавальнік — Генрых VII Ц., кароль [1485—1509], паходзіў па бацьку з уэльскіх феадалаў, па маці — родзіч Ланкастэраў. Інш. прадстаўнікі: Генрых VIII [1509—47], Эдуард VI [1547—53], Марыя Цюдар [1553—58] і Лізавета I [1558—1603]. Занялі трон у выніку Пунсовай і Белай ружы вайны. Ц. паклалі пачатак англ. абсалютызму, які дасягнуў росквіту пры Генрыху VIII. Пры Ц. праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу; адбываўся эканам. ўздым краіны, хутка раслі мануфактуры; узніклі буйныя гандл. кампаніі, у т. л. Ост-Індская; вялася паспяховая вайна супраць Іспаніі за кантроль над гандл. шляхамі ў Атлантычным акіяне. Пасля разгрому ісп. «Непераможнай армады» ў 1588 Англія стала найбуйнейшай марской дзяржавай. Усталяваны гандл. сувязі з Рас. дзяржавай (1553). Пасля смерці Лізаветы I (1603) трон перайшоў да Сцюартаў.

Літ.:

Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.

т. 17, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМІ́ЛЬ (каля 1799, аул Гімры, Дагестан — сак. 1871),

трэці імам Дагестана і Чэчні (1834—59), кіраўнік вызв. барацьбы каўказскіх горцаў супраць войск Рас. імперыі і мясц. феадалаў (гл. Каўказская вайна 1817—64), заснавальнік імамата. З сям’і аварскага селяніна. Выхоўваўся ў асяроддзі мусульм. духавенства. Умелы прамоўца, здольны арганізатар Ш. набыў папулярнасць у народзе, аб’яднаў горцаў, падпарадкаваў сабе дагестанскіх феадалаў. Як рэліг. правадыр быў падтрыманы знаццю і мусульм. духавенствам, абвясціў «газават» — свяшчэнную вайну супраць гяураў («няправільных»), г. зн. супраць расіян. Як таленавіты палкаводзец у 1840-я г. атрымаў шэраг перамог над рас. войскамі. У сваёй ваен.-тэакратычнай дзяржаве ўстанавіў дыктатарскі рэжым, захаваў панаванне мясц. феадалаў, што аслабіла супраціўленне горцаў. У 1859 Ш. з невял. атрадам асаджаны рас. войскамі ў ауле Гуніб і здаўся ў палон на пачэсных умовах. Паселены з сям’ёй у г. Калуга (у 1860-я г. некат. час жыў у Кіеве). У 1870 з дазволу рас. улад выехаў у Мекку, па дарозе памёр у г. Медына.

Шаміль.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАЙН (Stein) Генрых Фрыдрых Карл (26.10.1757, г. Насаў, — 29.6.1831),

нямецкі дзярж. дзеяч. Барон. З 1780 на дзярж. службе. З 1804 міністр дэпартамента акцыз, пошлін, фабрык і гандлю, з 1807 1-ы міністр прускага ўрада. Пасля паражэння прускай арміі ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 распачаў рэформы з мэтай мадэрнізацыі і ўзмацнення прускай дзяржавы (гл. Штайна — Гардэнберга рэформы). Вёў перагаворы з Францыяй па пытаннях павелічэння прускай арміі і змяншэння ваен. кантрыбуцыі (скончыліся падпісаннем Парыжскай канвенцыі 8.9.1808). Пад націскам Напалеона I звольнены ў адстаўку. З мая 1812 у Расіі, дарадчык імператара Аляксандра I. Узначальваў Ням. к-т, які адыграў значную ролю ў вызваленні Германіі ад франц. панавання. У 1813—14 на чале цэнтр. камісіі па кіраванні вызваленымі тэр. Германіі. Прыхільнік ідэі стварэння нац. ням. дзяржавы (з вер. 1812 планаваў заключэнне уніі паміж Прусіяй і Аўстрыяй і аб’яднанне пад іх кіраваннем інш. ням. дзяржаў). З 1827 чл. прускага Дзярж. савета. Заснавальнік ням. гіст. т-ва (1819).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТЦ, Шуц (Schütz) Генрых (лацінізаванае Henricus Sagittarius; 14.10.1585, Кёстрыц, Германія — 6.11.1672), нямецкі кампазітар эпохі барока, капельмайстар, арганіст, педагог; заснавальнік ням. нац. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Дж.​Габрыэлі (1609—13; Венецыя). Быў прыдворным капельмайстрам у Каселі, Дрэздэне, Капенгагене і інш. У 1657 атрымаў ганаровае званне прыдворнага капельмайстра. У сваёй творчасці выкарыстаў дасягненні італьян. харавой (шматхорнага канцэртавання «венецыянскіх» майстроў), інстр. і сцэн. музыкі, абапіраўся на традыцыі ням. духоўнай і нар. музыкі. Аўтар першых ням. оперы «Дафна» (паст. 1627) і балета «Арфей і Эўрыдыка» (паст. 1638, не захаваліся). Пісаў мадрыгалы, духоўную музыку, у т. л. «страсці», псалмы, матэты. Стваральнік кантатна-аратарыяльнага жанру ў Германіі, які паўплываў на І.​С.​Баха і Г.​Ф.​Гендэля. Сярод яго вучняў аўтар трактата па кампазіцыі К.​Бернгарт.

Літ.:

Захарова О. Риторика и западноевропейская музыка XVII — первой половины XVIII вв. М., 1983;

Штейнгард В. Генрих Шютц: Очерк жизни и творчества. М., 1980;

Генрих Шютц: Сб. ст. М., 1985.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)