ШАМІ́ЛЬ (каля 1799, аул Гімры, Дагестан — сак. 1871),
трэці імам Дагестана і Чэчні (1834—59), кіраўнік вызв. барацьбы каўказскіх горцаў супраць войск Рас. імперыі і мясц. феадалаў (гл.Каўказская вайна 1817—64), заснавальнік імамата. З сям’і аварскага селяніна. Выхоўваўся ў асяроддзі мусульм. духавенства. Умелы прамоўца, здольны арганізатар Ш. набыў папулярнасць у народзе, аб’яднаў горцаў, падпарадкаваў сабе дагестанскіх феадалаў. Як рэліг. правадыр быў падтрыманы знаццю і мусульм. духавенствам, абвясціў «газават» — свяшчэнную вайну супраць гяураў («няправільных»), г. зн. супраць расіян. Як таленавіты палкаводзец у 1840-я г. атрымаў шэраг перамог над рас. войскамі. У сваёй ваен.-тэакратычнай дзяржаве ўстанавіў дыктатарскі рэжым, захаваў панаванне мясц. феадалаў, што аслабіла супраціўленне горцаў. У 1859 Ш. з невял. атрадам асаджаны рас. войскамі ў ауле Гуніб і здаўся ў палон на пачэсных умовах. Паселены з сям’ёй у г. Калуга (у 1860-я г. некат. час жыў у Кіеве). У 1870 з дазволу рас. улад выехаў у Мекку, па дарозе памёр у г. Медына.