ШТАЙН (Stein) Генрых Фрыдрых Карл (26.10.1757, г. Насаў, — 29.6.1831),

нямецкі дзярж. дзеяч. Барон. З 1780 на дзярж. службе. З 1804 міністр дэпартамента акцыз, пошлін, фабрык і гандлю, з 1807 1-ы міністр прускага ўрада. Пасля паражэння прускай арміі ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 распачаў рэформы з мэтай мадэрнізацыі і ўзмацнення прускай дзяржавы (гл. Штайна — Гардэнберга рэформы). Вёў перагаворы з Францыяй па пытаннях павелічэння прускай арміі і змяншэння ваен. кантрыбуцыі (скончыліся падпісаннем Парыжскай канвенцыі 8.9.1808). Пад націскам Напалеона I звольнены ў адстаўку. З мая 1812 у Расіі, дарадчык імператара Аляксандра I. Узначальваў Ням. к-т, які адыграў значную ролю ў вызваленні Германіі ад франц. панавання. У 1813—14 на чале цэнтр. камісіі па кіраванні вызваленымі тэр. Германіі. Прыхільнік ідэі стварэння нац. ням. дзяржавы (з вер. 1812 планаваў заключэнне уніі паміж Прусіяй і Аўстрыяй і аб’яднанне пад іх кіраваннем інш. ням. дзяржаў). З 1827 чл. прускага Дзярж. савета. Заснавальнік ням. гіст. т-ва (1819).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)