ЦЮ́ДАРЫ (Tudor),

каралеўская дынастыя ў Англіі [1485—1603]. Змяніла на троне дынастыю Йоркаў. Заснавальнік — Генрых VII Ц., кароль [1485—1509], паходзіў па бацьку з уэльскіх феадалаў, па маці — родзіч Ланкастэраў. Інш. прадстаўнікі: Генрых VIII [1509—47], Эдуард VI [1547—53], Марыя Цюдар [1553—58] і Лізавета I [1558—1603]. Занялі трон у выніку Пунсовай і Белай ружы вайны. Ц. паклалі пачатак англ. абсалютызму, які дасягнуў росквіту пры Генрыху VIII. Пры Ц. праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу; адбываўся эканам. ўздым краіны, хутка раслі мануфактуры; узніклі буйныя гандл. кампаніі, у т. л. Ост-Індская; вялася паспяховая вайна супраць Іспаніі за кантроль над гандл. шляхамі ў Атлантычным акіяне. Пасля разгрому ісп. «Непераможнай армады» ў 1588 Англія стала найбуйнейшай марской дзяржавай. Усталяваны гандл. сувязі з Рас. дзяржавай (1553). Пасля смерці Лізаветы I (1603) трон перайшоў да Сцюартаў.

Літ.:

Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.

т. 17, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)