ШУТЦ, Шуц (Schütz) Генрых (лацінізаванае Henricus Sagittarius; 14.10.1585, Кёстрыц, Германія — 6.11.1672), нямецкі кампазітар эпохі барока, капельмайстар, арганіст, педагог; заснавальнік ням. нац. кампазітарскай школы. Вучыўся ў Дж.Габрыэлі (1609—13; Венецыя). Быў прыдворным капельмайстрам у Каселі, Дрэздэне, Капенгагене і інш. У 1657 атрымаў ганаровае званне прыдворнага капельмайстра. У сваёй творчасці выкарыстаў дасягненні італьян. харавой (шматхорнага канцэртавання «венецыянскіх» майстроў), інстр. і сцэн. музыкі, абапіраўся на традыцыі ням. духоўнай і нар. музыкі. Аўтар першых ням. оперы «Дафна» (паст. 1627) і балета «Арфей і Эўрыдыка» (паст. 1638, не захаваліся). Пісаў мадрыгалы, духоўную музыку, у т. л. «страсці», псалмы, матэты. Стваральнік кантатна-аратарыяльнага жанру ў Германіі, які паўплываў на І.С.Баха і Г.Ф.Гендэля. Сярод яго вучняў аўтар трактата па кампазіцыі К.Бернгарт.
Літ.:
Захарова О. Риторика и западноевропейская музыка XVII — первой половины XVIII вв. М., 1983;
Штейнгард В. Генрих Шютц: Очерк жизни и творчества. М., 1980;
Генрих Шютц: Сб. ст. М., 1985.
Н.В.Сазановіч.
т. 17, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)